18878.fb2
Андрэй ішоў вельмі павольна, здзіўляючыся, як кожны раз, якімі маленькімі сталі дамы, якімі высокімі, у параўнанні з імі, сады.
Яшчэ здалёк, за чатыры хаты, пачуў усхваляваны, радасна-залівісты брэх куртатага Тобса, незаконнага нашчадка таго Джэка, што калісьці першым прывітаў ля гэтай хаты Алёнку Століч. I ўспамін, замест таго каб балюча крануць па сэрцы, проста сціснуў яго няжорсткай лапай і адразу адпусціў.
Пэўна, і сапраўды ўсё праходзіць.
Калі ён штурхнуў фортку і прайшоў алейкаю да ганка, у адным акне загарэлася святло: маці пачула брэх, адразу зразумела і ўстала. Ён не паспеў нават пазваніць, як дзверы адчыніліся.
Маці стаяла перад ім у пуховай хусціне, накінутай на плечы. I ён пераступіў парог, падхапіў яе на рукі і ўнёс у перадпакой. Паставіў на ногі, абняў, амаль з жахам адчуваючы, якая яна нізенькая (а была ж такой высокай!), якая высахлая (а была ж такой па-жаночы мажнай), якія ў яе сівыя валасы, якія цёмныя, спрацаваныя рукі.
"Усё вайна", — падумаў ён.
Але адразу ўспомніў, як рэдка ён ёй піша, як блізка яна прымае да сэрца ўсе ягоныя трывогі, і ў думках пераклаў палову правіны на свае плечы.
— Дзень добры, бацька, — сказаў Андрэй, уваходзячы ў спальню.
I ён таксама здаў. Сівыя валасы парадзелі. Сядзеў на ложку і неяк разгублена глядзеў на яго. Здавалася, вось-вось заплача: нервы пасля інфаркту зусім саслабелі.
— Я прыехаў, - сказаў Андрэй.
— Сынок… — толькi гэта i вымавiў бацька.
Андрэй успомніў, як гэты чалавек калісьці сам-насам паваліў у Сафіёўскіх лясах мядзведзя-бадзягу, і яму стала вельмі прыкра і балюча за жыццё, за яго жарты з людзьмі.
…Позна ўначы, засынаючы ў сваім пакоіку, ён доўга слухаў подыхі начнога ветру, сачыў, як святло вулічнага ліхтара цьмяна скача паміж яблынь, пахаваных у снезе.
Нягледзячы на ўсё, гэта была радзіма, роднае гняздо, тое, што нельга ўзяць ад чалавека, хіба толькі разам з жыццём.
Ён змежыў вочы. У зіхаценні вогненных плям паплылі перад ім абліччы. І яны таксама былі — радзімай: усе тыя, што адышлі, усе тыя, што яшчэ ідуць поруч, усе тыя, што будуць.
Твар бацькі… Маладога бацькі… Бацька трымаў на руках маці і нёс яе квітнеючым, ружова-белым яблыневым садам. Алёнка… Праплыла — да яснага неба, да палкага сонца, да чыстых зор вадзіць карагод; праплыў яшчэ чыйсьці ўсмешлівы твар.
Апошнім урыўкам думкі, якая знікала і ўхілялася кудысь, ён сказаў сабе:
"Што яшчэ? Што яшчэ трэба ўспомніць?.. Ага, абавязкова трэба спытаць маці, адкуль такое знаёмае мне адно прозвішча…"
Дадумаць ён не паспеў.
…Раніцою бацька выйшаў на гадзіну ў сад, пагуляць па расчышчанай Андрэем сцежцы. Маці і сын былі адны ў хаце.
За вокнамі стаяў іскрысты, блакітна-белы, з сінімі ценямі ад гурбаў дзень. Праменні сонца прабіваліся праз невялічкія вокны, пялёскаліся ў карафцы з вадою, рабізною скакалі па столі.
I гэтыя вясёлыя скокі праменняў зноў напомнілі Андрэю тое спакойнае ўзрушэнне, якое валодала ім апошнія дні перад ад'ездам.
— Ма, — спытаў ён, — ці ведаеш ты такое прозвішча: Горава?
— А чаму ты так думаеш, што я ведаю?
Маці цыравала панчохі ў крэсле і не ўздымала вачэй на сына.
— Нешта ж вельмі знаёмаё. Здаецца, мяльком чуў ад цябе нешта такое.
— Чаго гэта табе ў галаву ўлезла?
— У нас адна Горава лекцыі чытае…Ірына Горава.
Маці ўзняла на сына зацікаўленыя цёмныя вочы:
— Магчыма…
Адклала панчохі. Андрэй добра бачыў, што яна чымсьці заклапочана.
— Добра, — сказала яна, — бадай, і праўда, што досыць абыходзіцца намёкамі… Я раней проста пабойвалася распавядаць табе пра гэта падрабязна. Ты і без гэтага марыш пра паветраныя замкі, а гэта ў тваім узросце не пасуе… Хадзі сюды.
Прыўзнялася і пайшла ў кут, да старой скрыні, укрытай самаробнай клятчастай посцілкай.
— Усе гэтыя рэчы Марцэля зберагала. Аж дваццаць год.
Марцэляю звалася старая нянька Андрэя і яго старэйшага брата, які загінуў на вайне. З трыццаць сёмага года яна жыла ў вёсцы ў дзяцей, карыстаючыся невялічкай дапамогай бацькоў Андрэя і рэгулярна прыходзіла да іх на ўсе святы, і яшчэ на дзень нараджэння Андрэя, і дзень загібелі брата.
Магчыма, гэтыя прыходы былі і не без задняй думкі: Марцэлінай сям'і жылося цяжкавата. Маці некалькі разоў прапаноўвала ёй пераехаць да іх у горад, але тая заўжды адмаўлялася: шкада было ўнукаў.
Яна прыходзіла, сухая, цёмная, як ікона, з такімі добрымі, заўчасна стомленымі вачыма, прыносіла немудрашчыя вясковыя гасцінцы па сезону — гарэхі, крашанкі або пражаны гарох, глядзела на Андрэя, уздыхала, што ён такі хударлявы, плакала аб старэйшым выхаванцы і зноў знікала, нагружаная гасцінцамі.
А Андрэй усё ўспамінаў яе цёплыя рукі на галаве, яе блытаныя, бязладныя казкі над яго дзіцячым ложкам, сотні слоўцаў, пачынаючы ад "ёлупа хвашчоўскага" і канчаючы "цёмна, хоць мышэй лаві", і адчуваў, што без яе, пэўна, яго нясцерпнае, да болю, пачуццё радзімы зусім не было б такім поўным. Быў бы сабе звычайны гарадскі хлюпік, без мовы, без водару зямлі, які кожнай вясной хваляваў яго.
Марцэля зрабіла сваю справу. Коштам гэтых загрубелых у мазалях рук, коштам стомленых вачэй выпакутавала яго, Андрэя, такога, як ён ёсць, непрыкметна, сама не ведаючы гэтага, нарадзіла ў ім душу, — і вось цяпер носіць у клуначку пражаны гарох.
Каб ён мог, ён бы пабудаваў ёй крыштальны палац.
А пакуль ён проста, нічога не кажучы бацькам, дасылаў ёй частку грошай з кожнага ганарару. Ён не ведаў, што тое самае рабілі бацькі.
— Чаго гэта ты іх Марцэлі аддала? — спытаў у маці Андрэй.
Маці паблажліва ўсміхнулася:
— Бо трэба было. Памятаеш, як бацька "саслаў" у камору старыя партрэты i кнiгi з «яцем»?
Андрэй усміхнуўся.
— Памятаеш, ма, як я ўначы туды прабіраўся ў адной кашулі, забіраўся з нагамі ў старое крэсла і чытаў… А на падлозе яблыкі ляжалі. На аўсянай саломе. А партрэты глядзяць, глядзяць.
— I я цябе там аднойчы заспела на гарачым. I не выдала.
Яны зарагаталі.
— Ну вось, — сказала маці, - я тады найбольш каштоўнае па ўспамінах аддала Марцэлі. Мала, думаю, што.