18878.fb2
— I першай з гэтых новых карцін стаў "Начны дазор". Ні сучаснікі, ні мы не здолелі зразумець, што малюе на ёй мастак.
Проста на Андрэя рухаўся знаёмы з дзяцінства натоўп. I сярод гэтага натоўпу схілялася светлая фігура дзяўчынкі з пеўнем у руках.
— Гэта — трывожнае пачуццё чагосьці, што вось-вось можа адбыцца. I людзі ідуць змагацца з гэтым "чымсьці", у імгле і цемры. Яшчэ поўныя сілы, а праз гадзіну, магчыма, аддадзеныя невядомаму.
Андрэй разумеў усё, што яна кажа, нейкімі падсвядомымі глыбінямі, і ўсё гэта было блізка яму.
— Няўжо Рэмбрант з'явіўся адзін? Няўжо ніхто не шукаў разам з ім? Не… Не маглі ўзняцца да яго, але шукалі. Вось Вермеер з Дэльфта. Прасцей і натуральней нельга выявіць чалавека. Але яго цікавіў толькі гэты, толькі адзін чалавек, а Рэмбрант агульначалавечы, як кожны геній.
I боль Рэмбранта быў знаёмы многім. Але ў іх гэта быў проста безвыходны боль, а ў Рэмбранта — тута па еднасці чалавечай, туга па тым, як цяжка, мудра і нясцерпна жыць кожнаму на зямлі.
Глядзіце, вось — "Яўрэйскія клады" Рэйсдаля.
Яна сціхла на хвіліну. Андрэй бачыў, як ускінулася на светлы прамакутнік экрана яе тонкая рука. Адбіткі дыяпазітыва клаліся і на яе, і праз гэтую руку з плоці і крыві, тонкую белую руку, здавалася, бачна было тое, што на экране. Рука была празрыстай.
— У Бахчысараі, поруч з Чуфут-Кале, — казаў далей голас, — ёсць даліна смерці, могілкі, на якіх хаваюць караімаў з усяго свету. Нашы клады не прыгнятаюць, а гэтае будзе сніцца, як кашмар. Нагрувашчанне каменных грабніц, паміж якімі часта нельга праціснуцца. Усё гэта пераплецена гліцыніямі, якія чапляюць вас за ногі і адзенне. А на грабніцах адно імя, без прозвішча і года. Быццам чалавек не варты іншай памяці. Глядзіце, хіба не такія могілкі тут, перад вамі?.. Ніжэй апусціцца нельга. А Рэмбрант добра ведаў цану чалавека, нават у безвыходным адчаі. Ён ведаў: дрэнных няма. I адзінае, што можа ўзняць чалавека, які апусціўся, гэта мастацтва. Мастацтвам гуляць нельга. Гэта не заказ і не гульня ў бірулькі, гэта сумленне зямлі… Вось "Давід перад Савулам". Хлопчык, што сам здзівіўся дзіву, якое адбываецца пад яго пальцамі. I Савул, які забіваў і атручваў, азірнуўся на жыццё, і яму стала страшна і шкада сябе.
— Бог ты мой, — сказаў ціха Андрэй, — гэта тое самае, што я думаў.
— Значыць, ты не памыляўся, — шапнуў Яніс.
— Ён ведаў, яму будзе цяжка. Ён ведаў, яму не даруюць "Асура, Амана і Эсфіра". Ён ведаў, нельга бяскарна ўзрошчваць у сабе такое. Але праўда пачуццяў была вышэй золата… у яго няма вучняў, імёны яго і Хендрыке абліваюць брудам, ён непатрэбен сябрам. У яго адбіраюць усё, акрамя карцін — карціны нікому не патрэбны, нават крэдыторам. Паміраюць усе, каго ён любіць. I ўрэшце памірае ён сам, пакінуўшы няскончаным "Вяртанне блуднага сына"…
Голас гучаў такой глыбінёй, што Андрэй адчуў, як яму перахапіла подых…
— Ён пераможаны, але ён перамог. Таму што нават у апошняй сваёй карціне давёў, што мастацтва можа быць такім жа складаным, як жыццё… I нават нечым больш, чым яно. Блудны сын прайшоў усе стадыі прыніжэння, ён не можа нават прыпасці да рук бацькі, бо развучыўся любіць. I ў сыне, галаву якога з'ядае парша, мы часам угадваем саміх сябе, калі нам цяжка і патрэбна рука, што можа апусціцца на тваю галаву. Нам неабходна гэта.
Рука Янісава дакранулася да Андрэевага пляча.
Калі запалілі святло, Грынкевічу здалося, што з пачатку гэтай лекцыі прайшлі, пэўна, стагоддзі і што тая вясна, якая шуміць за акном, зусім іншая вясна, а сам ён глядзіць на яе другімі вачыма.
Ён устаў, адчуў са здзіўленнем, што злёгку хістаецца на нагах, і падышоў да яе стала.
Людзі паступова пакідалі аўдыторыю. Урэшце яны засталіся адны. Ён стаяў і глядзеў на яе бязважкую фігурку, на шэрыя вочы пад зламанымі бровамі, безабаронныя і насцярожаныя вочы.
— Дзякуй вам, Ірына Сяргееўна, — чамусьці ціха сказаў ён.
— Вам спадабалася? Я рада гэтаму. Вельмі.
— "Спадабалася" не тое слова. Разумееце, у кожнага бываюць свае сполахі. I часам прыходзіць хвіліна, калі здаецца, што ты нічога больш не можаш, што хоць пяро з'еш, атрымаецца лухта… I гэта, сапраўды, пасля вялікіх страт.
Ён бачыў яе апушчаныя павекі з цёмнымі веямі. Яна сказала:
— Не шкадуйце аб гэтым. Пакуль вы не давядзеце адваротнага, усе людзі будуць ведаць, што вы на пераломе, і будуць чакаць. Старое не вяртаецца. Пэўна, вы сапраўды на парозе чагосьці новага… I не пакутуйце: часам гэта цягнецца вельмі доўга і надта балюча. А ў сапраўдных паэтаў — праз вялікую тугу, праз абавязковую страту чагосьці вельмі дарагога.
Эпідыяскоп падзяляў іх: маленькая чорная гармата, накіраваная ў сцяну.
— Такое са мною было.
— Ведаю, — проста сказала яна, — я чытала вашу "Смерць на світанні". Але вы пакуль не знайшлі сябе. Значыцца, гэта ўсё яшчэ прыйдзе.
— Я адшукаю гэту дарогу, — сказаў Андрэй, — магчыма, дзякуючы вашаму Рэмбранту.
— Ну, гэта занадта, — сказала яна, — вы з тых, што знаходзяць дарогу самі.
Яна прыўзняла жоўтую сумачку і дадала:
— Толькі не бойцеся, калі на вас будуць шыпець. Ва ўсіх вас ёсць толькі адзін жорсткі суд — суд над сабою.
— Ну, яшчэ раз дзякуй, — сказаў Андрэй, — вы добры чалавек, вас радасна слухаць.
Ён выйшаў на калідор. Вясна глядзелася ў вокны празрыста-зялёнымі шатамі дрэў. Ля акна стаяў бялявы Яніс і глядзеў уніз, на кветнік.
— Ты чаго там затрымаўся, падонак? — спытаў ён. — Унь з Марыйкай Крат ледзь з-за цябе радзімчык не стаўся.
— А чаго ёй злавацца? — неўразумела спытаў Андрэй. — Што, я забіў кагосьці на яе вачах?.. Дзе яна?
— Там за рогам стаіць.
Грынкевiч пацiснуў плячыма i накiраваўся за рог. Марыя стаяла там, успёршыся на падваконне, i твар яе здаваўся зеленаватым i зменлiвым ад празрыстага ценю веснiх дрэў i зараз, пакуль яна не бачыла яго, нават добрым. Ва ўсiх астатнiх выпадках Андрэй ведаў толькi тры выразы на яе твары: раздражнення, насцярожанага чакання i яшчэ — млявай пяшчоты.
Ён падышоў да яе і стаў поруч.
— Вясна, родная. Добра жыць, праўда?
Яна не адказала. Твар адразу стаў напружаным, абцягнуліся скурай і пачырванелі скулы.
— Што з табой? — спытаў Андрэй. — Сарока пярсцёнак украла?
— Ты ведаеш, што са мной.
— Дальбог, не. Я ж не чараўнік. Зноў нейкае глупства.
— На гэты раз не глупства. Ты хутка пакінеш мяне.
— Вядома. Паеду на канікулы. Калі толькі ты не запросіш мяне да сябе.
— Не запрашу.
— Што ж, тваё права. Тады паедзем да мяне.
— Шлюха да цябе паедзе, вось хто. Iх запрашай.
Андрэй усміхнуўся. Яму ні на каго не хацелася злавацца:
— Ты, аднак, і лаяцца можаш. Гэта я ад цябе ўпершыню чую.