18878.fb2
Вераб'іная ноч за акном ужо ўступіла ў свае правы. Неяк вельмі хутка. Дождж сцябаў так, што, здавалася, паветра было менш, чым вады. Маланкі крэслілі неба. Так часта, што жоўты агеньчык свечкі стаў зусім непатрэбным. У сінім агні бліскавіц Гораў бачыў мярцвяны твар, пакрыты кропелькамі поту.
— I заўсёды на наш вялікі народ палка знойдзецца, часцей за ўсё чужая. Цар, псар — гэта нам усё адно, абы кумпякі магутныя былі, ды барада венікам, ды вусы пажахлівей. I ўжо тут мы ў вернападданасці сваёй усяго яго абліжам, аж да цяжкага гузна. Іх вялікасць у ложы сядзяць, гімн, створаны вялікім паэтам, яму спяваюць, а бараны ў лікаванні да яго ўсім натоўпам кідаюцца… А блакітныя мундзіры іх — па мордзе, па мордзе: "Сядзіце на нумарных месцах. Чорт вас ведае, а раптам у вас гармата ў каго ў кішэні…" А ў тых па мордах і юшка цячэ, і слёзы замілавання. I не разбярэш, чаго яны галосяць — ці ад болю, ці ад захаплення… А назаўтра — "За цара, за веру, з намі бог! Бязбожныя французішкі караля свайго да смерці забілі. Бі іх, пакуль смяротнай ікаўкай не загікаюць". Патрыятызм.
Юрыю і шкада было гэтага чалавека, і абурэнне разбірала. I ўсё ж згадзіцца з ім было нельга. Гэта азначала, што ўвесь ягоны свет: універсітэт, дзе прафесары чыталі пра мікракосм, Nadine, якая захапляецца Тургеневым, чынны, велічны, дзяржаўны спакой Неўскай набярэжнай, маці, якая просіць аб веры для сына і хрысціцца з любоўю на крыж Міколы на Курыных ножках, — усё мана, усё міраж.
Казаць Леановічу аб гэтых няўлоўных прыкметах, бадай што, і няварта было. Ён, просталінейны, мог і не зразумець. Таму Гораў даволі бездапаможна — ён і сам адчуў гэта і пачырванеў — сказаў яму:
— Вы дваранiн, капiтан Леановiч, вы павiнны паважаць традыцыi…
Леановіч ускіпеў:
— А адкуль маё дваранства ідзе, вы ведаеце? Чаму ў мяне да прозвішча прыдомак «Пора», ці, па-простаму, «Пара»?
— Не, не ведаю,
— Таму што ад бандзюкоў паходзiм, мiл-свет Юрый Аляксандравiч… У цараванне, здаецца, цара-цяляцi горад Магiлёў аддаўся ва ўладу баганоснага маскоўскага воiнства. Заўважце, сам. Ну, на знак удзячнасцi жыхароў уганорылi трымаць гарнiзон коштам самога ж вялiкага града. I сталi тут нашы лабiдуды думу думацi. "Гэта каб яшчэ батагамi, дык згода была б — усё жыццё з-пад батагоў не вылазiм. А грошыкi — тут ужо не. Дудкi".
Стук у дзверы прымусіў Леановіча змоўкнуць. I Гораў сказаў холадна:
— Заходзь.
Увайшоў Іван, той самы, з якім Гораў размаўляў на пароме. Грубы, чырвоны твар Івана, твар сапраўднага салдафона, быў мокры. З-пад салдацкай бесказыркі спадала пасма рэдкіх сівеючых валасоў. I нягледзячы на тое, што ён быў мокры, хоць выціскай, што з шыняля капала, — кожны пазнаў бы ў ім старога, бывалага салдата. Выраз твару казаў сам за сябе, выраз афіцыйнай адданасці і пачцівасці, праз які відавочна праглядала лёгкая пагарда і свая, незамаскаваная, думка аб усім.
— Чаго табе? — спытаў Леановіч.
— Ваша высакароддзе, вада прыбывае. Рака пайшла старыкам.
Гораў мог бы пабажыцца, што на твары Леановіча мільганула радасць.
— Брашы больш, — з недапушчальнай фамільярнасцю сказаў капітан. — Што ж, за гадзіну залівені магло так раку наліць?
— Пэўна, у вярхоўях некалькі гадзін ліло, ваша высакароддзе. Вадамерная рэйка пад вадой.
— Ну і добра. Дні два можам не чакаць мяцежнікаў… Ідзі да д'ябла.
I, пабачыўшы, што салдат усё яшчэ стаіць, спытаў:
— Ну, чаго табе яшчэ?
— Прахожыя могуць сунуцца ў ваду на звычайным пераездзе цераз старык… Дазвольце мне каравул паставіць… Могуць патопнуць.
— Твая якая справа? — спытаў капітан. — Няхай не соваюцца ў ваду, няхай вяртаюцца ў Збароў і там начуюць… Ніякіх каравулаў.
— Слухаюся — ніякіх каравулаў, - сказаў Іван і выйшаў.
Леановіч яшчэ хвіліну маўчаў, гледзячы за акно, дзе ў сінім святле маланак буйна скакалі па зямлі густыя вадзяныя бізуны. Потым казаў далей:
— I вырашылі рззаць кроўных братоў. Калі ваш продак сярод іх быў, дык я яму не пазайздрошчу. Таму што некалькі тысяч іх было, і ніхто не ўцёк… Пачалося з таго, што нехта са стральцоў на кірмашы пірог у бабы ўхапіў. I тут мой продак, як хрысціянін, не вытрымаў, выбег з ратушы з крыкам "Пара!..".
…Увесь Мікалаеўскі спуск касцямі закідалі — адсюль і пайшла новая назва: Касцярня… Колькі стральчыхі па іх пагаласілі, колькі дзеці! Нічога не зробіш, любоў да брата… А з-за чаго? З-за пірага ўсё, родненькі, з-за пірага…
…З пірага і дваранства наша пачалося. Кароль польскі — бац, прывілей: даць Леановічам прыдомак «пара», а як на іхняй мове гэта дрэнна гучыць, то перарабіць яго на «пора». Весяліся, Марцэля! А потым у горад польскае войска, ды кожнага дваццатага — на слуп: няма чаго зламысныя змовы з Масквою заводзіць. Э-ех, павесяліліся.
— У вас ёсць народ, — ціха сказаў Гораў. — Ёсць павага да чалавека, любоў да яго. Хіба гэтага мала? Я ведаю, многа дрэннага рабілі і робяць улады, але ж людзі не вінны.
— Мы вельмі любім народ, — сказаў Леановіч, усміхаючыся кутком прыгожых губ. — Каб зручней залазіць яму ў кішэнь… Не-е, вы, Юрый Аляксандравіч, з вашай слінявай вераю ў чалавека ідзіце — ведаеце куды? Гэта быдла па галаве трэба біць. I ваша, і наша, і польскае, і ўсякае. Іншага яны не варты… Шкадаваць? Каго? За што? За тое, што яны мэкаюць і бобам сыплюць? За тое, што ў іх спіна прыстасавана для сядла? За тое, што іхнія зады самі пэндаляў просяць?.. Не-е, Юрый Аляксандравіч, будзем шчырымі… Ёсць мой мозг і мая рука, што кожнага здолее ўзяць за глотку. Я іду! Хіліся?.. I нікога не шкадуй для сваёй мэты… Пакуль у сілачку не ўваб'ешся, — маўчы, падпарадкоўвайся і паступова прывучай усіх баяцца цябе… А там — не шкадуй. Ні жанчын, ні дзяцей. Ідзі па трупах, і добра табе будзе. З людзьмі ўсякія сродкі добрыя. Здрада, атрута, данос, а пасля нож, бізун, турма… I не трэба саромецца. Я не саромлюся. На прыгожыя словы — пляваць. Я такіх брыдот нараблю, што ўсіх ванітаваць будзе. Вас будзе ванітаваць, а я тым часам на кожнага пятлю накіну. I зацягну…
Дзіўны чалавек сядзеў перад Горавым. Страшны, як шалёная рысь. I Гораў няшчыра пазяхнуў і спытаў:
— Вы французскай хваробай ніколі не хварэлі, капітан? Бо нешта мне здаецца, што такія словы сведчаць аб размякчэнні спіннога мозгу.
— Нават слоў маіх баіцёся, — жорстка засмяяўся Пора-Леановіч. — Не, капітан, я не хварэў французскай хваробай. Ніколі. I продкі мае не хварэлі. Зберагалі для мяне сваю сілу.
- Ішлі б вы лепей спаць, капітан.
— А вы што?
— Я не хачу вас слухаць. Я афіцэр. Што б я ні думаў, я звязаны прысягай і законам гонару.
— Псу пад хвост, — сказаў Леановiч.
Ён устаў і шырока пацягнуўся, распраўляючы мускулы. Засмяяўся:
— Прашчур — малайчына. Галоўнае — стаць на той бок, які выйграе.
Гораў адышоў ад стала, успёрся локцямі на падваконне і прыціснуў лоб да халоднага шкла.
Дождж ліў так, што ўся зямля ў сляпучым святле бліскавіц укрывалася сінімі ўспышкамі падаючых кропель. Быццам поле нізкіх, ля самай зямлі, кветак вырастала паўсюль і зноў згасала ў цемры. Білі грымоты.
Нехта люта сваволіў, ломячы ў хмарах тоўстыя дрэвы.
Праз шум дажджу пачуўся шолах колаў па хліпкай зямлі. Глухія галасы.
Гораў угледзеўся ў цемру:
— Нехта прыехаў.
Ён накінуў плашч і выйшаў.
Сярод двара стаяла парная прыпрэжка. Дымелі спіны замораных коней. А за імі ледзь вымалёўваўся цёмны сілуэт лёгкай брычкі з узнятым верхам. Фурман, сівавусы чалавек, падобны ў плашчы на натапыраную птушку, завіхаўся ля коней. Ад маланак цень яго, вялізны і нехлямяжы, кідаўся ва ўсе бакі.
Завеска брычкі адшморгнулася: з'явілася і ступіла на прыступку невялічкая нага. Жанчына, высокая і зграбная, у цёмным плашчы, стала проста ў ваду, якая плыла па ўсім двары, і азірнулася.
— Сюды, пані, - спяшаючыся з ганка ёй насустрач, голасна сказаў Гораў.
Ён адчыніў перад жанчынаю дзверы. Тая пераступіла парог і адкінула капюшон, мружачы вочы ад сляпучага — пасля цемры — агеньчыка свечкі.