18878.fb2 Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 32

Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 32

— Мы не сварыліся.

Усе падумалі, што гэта гонар, але настойваць не сталі.

Андрэй агледзеў вачыма сяброў і пабачыў, што Марыі сярод іх не было.

Гэта было лепей. Ён не мог зараз бачыць яе.

Экскурсія ішла пад арку брамы, і Андрэй ішоў наперадзе, спіной адчуваючы позірк жанчыны. Ён ведаў, позірк гэты дапытлівы і пільны.

Галубінае пяро павольна, бы ў водавароце, падала перад Андрэем на высокую, густа-зялёную траву. Ён падставіў руку і злавіў яго, сціснуў у пальцах. I раптоўна яму здалося, што пяро гэтае нябачна, але моцна звязала яго з закінутай вёскай, з сумам і цішынёю белых палат.

У вузкім акне — ён зноў пачаў летуценнічаць наяву — мільгануў перад ім падазрона вялікі твар, чырвоны, наліты крывёю твар ягонага цёзкі, князя. I потым ужо ўсё, аб чым расказвала Горава, жывымі карцінамі ўставала ў яго вачах.

Ад базедавай хваробы ў Багалюбскага былі шалёныя і ярасныя вочы, ад уроджанай акасцянеласці шыйных пазванкоў — ганарлівая пасадка галавы. Ён не мог яе апусціць, а калі трэба было, — ён нахіляў яе разам з тулавам, як воўк.

Таму яго з дзяцінства лічылі ганарліўцам, і ён сам звык лічыць сябе такім, і жорсткасць ягоная стала пачэ меры цярпення чалавечага. Ад маці-палаўчанкі ягоныя дзікія вочы мелі косы разрэз, і ён сумаваў па стэпах, дзе імчаць шалёным намётам гарбаносыя дзікія коні. Але ён закілзаў сэрца, таму што быў уладаром. Толькі ханская жорсткасць прыжывалася паўсюль, і таму нават тут пачалі ламаць хрыбты. I ён не прыдбаў сабе сяброў вялікім і мудрым жыццём.

Яны ішлі пераходамі палаца, і Андрэй бачыў трапяткі агонь паходні і чалавека з барвяным тварам, з папярочнай, узбухлай жылай на лобе, які з нечалавечай сілай адбіваўся ад шасцёх змоўшчыкаў, узброеных дзідамі і мячамі, раскідваў іх і рыкаў, як паранены леў. А яны зноў і зноў кідаліся на яго, шматавалі, цягнуліся за ім па падлозе.

Вось вырваўся, бяжыць, кідаюцца па скляпеннях, размаляваных травамі, калматыя цені. Сплываючы крывёй, ён бяжыць, і ногі заносяць яго ў бакі, як п'янага. Наперадзе ўратаванне, але ён страціў сілы і розум, свісцячае дыханне вырываецца з яго вуснаў, ногі яго ведаюць толькі, што ўніз бегчы лягчэй, і ён збочвае, бяжыць па вінтавых каменных сходах. Праз вузкія вокны ў шырокіх нішах, чаргуючыся з пыльнай цемрай, слізгоча па яго твары святло зорак. З інстынктам зайца, які хоча схаваць галаву, чалавек шукае нары.

Ён забіваецца ў нішу акна.

Чуюцца крокі, якія… вось-вось, здаецца пайшлі далей. Не, бліжэй.

— Тут ён!

Страшэнны крык абудзіў Андрэя.

Спусціўшыся па сцёртых прыступках, ён убачыў у пыльнай нішы, дзе дабілі князя, два цёплыя, ружаватыя галубіныя яйкі.

Калі маладыя людзі зноў выйшлі на траву, Андрэй амаль хістаўся. Нервы, напружаныя цэлы дзень, не вытрымлівалі, здавалі. Ён адчуваў сябе няздольным успрымаць, аб чымсьці думаць, нешта любіць. Адбывалася нешта падобнае на тое, як бы ты пабачыў чалавека, зарэзанага машынай, тое, што медыкі-псіхолагі называюць заразай смерці.

Нешта шчымела і варочалася ў горле.

— Што з вамі? — спагадліва спытала Горава.

— Так, Успомніў, што Хронас жор уласных дзяцей, што на месцы Кіева пасля татар трыста год раслі дрэвы.

— А жыць трэба, Андруша, — сумна сказала яна. — Сапраўднаму чалавеку заўжды трэба жыць. Каб множыць дабро.

Яны ледзьве цягнулі ногі, цягнулі толькі таму, што трэба было яшчэ пабачыць царкву Пакрава на Нерлі. I ім зусім не хацелася гэтага, але ногі ішлі аўтаматычна. Трэба ж ім было кудысьці ісці.

Заржавелыя цыстэрны ля чыгуначнага палатна, бетонныя трубы, матляецца на ветры бялізна. Нерэалістычны пейзаж.

Хто ж ты ёсць, чалавек?!

Цьмянае сонца выплывала з-за хмар. З моста над галавою падалі ржавыя кроплі. I калі людзі прайшлі яго, уздых, як у дзіцяці пасля слёз, пашырыў лёгкія Андрэя.

Бясконцыя-бясконцыя лугі з лесам на ўскраіне далягляду ляжалі перад ім. Гусцела іхняя трава, як у тыя часы, калі выязджалі сюды на паляванне з празрыстым гукам рагоў і сакаліным палётам.

Зялёная трава, кураслеп рассыпаў па ёй сваё тлустае золата, і маленькія браткі падміргваюць сінімі вачыма. Але гэта не галоўнае. Там, на краі лугоў, зліўшыся з гэтым, молада-зялёным і залатым, уросшы ў гэты просты пейзаж, відзён зграбны-зграбны белы прамакутнічак са сціплым зялёным купалам.

Яны мімаволі паскараюць крокі. Царква плыве да іх, адрываючыся ад зямлі, як кветка, раскрытая небу, як неапалімая купіна, палаючая белым агнём.

Там-сям купы ліп падступаюць да яе. I вось бліжэй, і вось бачна ўжо сухая бяроза, што схілілася над старыцай.

— Што гэта? — уражана спытаў Андрэй.

— А гэта і ёсць тое, дзеля чаго варта жыць. Дзіва чалавечага генія.

Яна ішла поруч з ім, невысокая, з мяккімі шэрымі вачыма, у якіх ззяў зараз добры і чысты агонь захаплення.

Царква набліжалася.

Пэўна, нехта заўважыў іх маленькімі мурашкамі ў лугах і проста, бы ў свой дом, адчыніў ім дзверы. Быццам сама яна даверліва адчынілася ім.

Два вузкія перашыйкі паміж Нерлю і старыцай вялі да яе, і ў яснай, як сляза, вадзе старыцы плавалі струхлелыя чаўны, якія нельга было адрозніць ад старажытных.

Простая, зграбная, дасканалая на дасканалай зямлі, яна чакала іх, і вакол не было ані душы, быццам яна сама вырасла з гэтых лугоў і, зажурыўшыся, стаяла над княжычам, што загінуў тут на паляванні восем стагоддзяў таму.

"Пяшчотная мая!" — падумаў Андрэй, і камяк падкаціў яму да горла.

Ён не мог не думаць цяпер. I думкі былі балюча добрымі і ўзвышанымі.

"Я чэрствы і грубы, — думаў ён, — я не верыў, што можна плакаць, гледзячы на каменні. Я веру ў гэта цяпер. Птушкай ускінуся перад табою. Сірынам заспяваю, прыжмурыўшы вочы сярод маладых дрэў, Феніксам згару і ўваскрэсну з попелу".

Яны зайшлі ў сярэдзіну царквы. Нічога не было там: чыстыя белыя сцены, цішыня, святло, што падала невядома адкуль, квадратны алтарны камень.

Ніякіх украс, толькі львы з чалавечымі лікамі глядзяць з верхавін чатырох квадратных калон, і на іхніх вуснах застыла таямніча-сумная, хітраватая і зажмураная, усёразумеючая ўсмешка.

— Божа, — сказаў Андрэй, — я шукаў яе паўсюль, а адшукаў тут.

Праз вокны глядзеў у царкву дзень, спявалі пад ветрам лугі, а тут, зусім поруч, стаяла тая, што паказала яму ўсё гэтае дзіва, добры-добры друг, чалавек з растрапанымі валасамі, скручанымі на патыліцы ў вялізны цяжкі вузел.

Аб чым вашыя летуценні? Га, недарэчныя ільвы?

Строгі халадок даходзіў да самага сэрца, снежнае святло выціскала вільгаць з вачэй.

I гэтыя шэрыя вочы побач.

"Вось стану на дыбачкі, - думаў Андрэй, — адарвуся ад зямлі, павольна палячу туды, пад купал, купаючыся ў слупах белага святла. I гэты добры-добры чалавек поруч".

"Куды знікла зараза смерці? — думаў Андрэй. — Не, чалавек не звер на зямлі, калі можа ствараць такое. Стократ варта паходзіць ад такіх продкаў. Усім жыццём імкнуцца стварыць вешта падобнае. Можа, і не атрымаецца, але імкніся".

А жанчына поруч узняла руку і паправіла пасмачку валасоў.

"Усё паўторнае на зямлі, і толькі ты адна непаўторная, — думаў Андрэй. — Тысячы разоў яшчэ будуць праліваць кроў і крыўдзіць, але хто, хто наважыцца пырснуць чалавечай крывёю на гэтыя белыя каменні, запэцкаць тваю белую нявіннасць і чысціню?"