18878.fb2 Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 33

Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 33

Яны зноў перайшлі парог і пабачылі бязмежныя залатыя лугі.

I Андрэй доўга яшчэ глядзеў на яе з лугоў.

I здарылася дзіва. Быццам нябачны горад явіў позіркам самы дасканалы свой твор, схаваўшы ўсё астатняе.

I заззялі вакол лугі, і вясёлка абаперлася пятой у ваду ля царквы, запрашаючы дзіва ўзысці на аблокі і явіць сябе ўсім людзям.

"Не, продкі не адышлі, - думаў Андрэй, яны тут і заўжды будуць тут: як песня, якую мы атрымалі ад іх, як іхнія радасць і боль. Яны расквітаюць усмешкай на нашых вуснах, і іхняя журба — гэта наша журба.

I калі мы плачам — мы плачам іхнімі слязьмі.

Бо ніхто не ўцячэ ад іх, як не ўцячэ ад сябе. I ніякая хмара не заб'е майго імкнення да неба ў слупах святла, таго святла, што залівае храм на Нерлі.

Продкі мае, любыя мае, мір вам.

Мір вам з вашай тутою, з думамі, якія зніклі, з клопатамі, якія не датычацца вас.

Прыйдзе дзень, i мяне не будзе. Але свет не застанецца без слоў.

I давеку будуць гучаць пацалункі пад старымі вязамі.

Прыйдзе дзень, і мяне не будзе. Але будзе вечнай зямная цеплыня.

I давеку ля кіёскаў, ззяючы вясёлкаю на сонцы, будзе асядаць са шклянак на шчокі дзяўчат пяшчотны вадзяны пылок.

А на цёплай зямлі ў буркатлівых галубоў лапкі ў вякі вякоў будуць каралавымі.

Дзякуй табе, белая".

Ён ішоў і ўсміхаўся сваім думкам,

"Калісьці я памру. I калі я памру, калі рот мой, які спяваў і цалаваў, калі рукі мае, што рабілі і песцілі, будуць тлом і прахам, — мой нябачны подых застанецца ў гэтых белых мурах, як уздыхі тысяч забытых продкаў.

I я буду ўдзячны табе за тое, што, як яны, я не схіліў каленяў у гэтых мурах, што я, быццам яны, проста пастаяў тут і выйшаў абноўлены і ўсёразумеючы, цвёрда абапіраючыся на меч".

Яны ішлі лугам, а за іхнімі спінамі згасала ў сяйве майскага дня вясёлка над белым дзівам.

— Як свечачка, — цiха сказала Горава.

Яна, Грынкевіч і Галіна Іванаўна ішлі наперадзе, далёка адарваўшыся ад усіх.

— Вось, — сказала Галіна Іванаўна, — а вы са сваімі сваркамі. Што вам зрабіў Вайвадс?

Андрэю не хацелася вяртацца на зямлю. Таму ён адказаў неахвотна:

— Я не на Вайвадса.

— На каго ж? Няўжо на Марыйку Крат?

— На яе.

— Ды што яна такое сказала?

— Яна можа казаць што хоча. Але крыўдзіць людзей я ёй не дам.

Горава ўважліва паглядзела на Андрэя. Грынкевіч падумаў, што яна ўсё зразумела і што ўсё гэта дрэнна.

…Аўтобус ляцеў праз ноч. Міргалі і хаваліся ў цемры рэдкія агні вёсак. Андрэй схаваў аўтаручку і заклаў галубіным пяром тую старонку ў запісной кніжцы, на якой з'явіліся зараз новыя радкі.

Ён адчуваў сябе добра спустошаным і шчаслівы амаль да слёз. Большасць сяброў спалі, стомленыя вялікім і цяжкім днём. Андрэй шчасна пацягнуўся і заўважыў строгі і ўважлівы позірк Ірыны Сяргееўны.

— Новыя вершы? — шэптам спытала яна.

— Так. Новыя вершы.

— Нерль?

— Нерль.

— Прачытайце.

Андрэй таксама амаль шэптам прачытаў.

— Добра, — ціха сказала яна, — вельмі дакладна па настрою і вельмі палка. Можа, гэта і ёсць пачатак вашага выйсця.

Вочы Андрэя вільготна блішчалі.

- Ірына Сяргееўна, — сказаў ён, — я сягоння шчаслівы. Я вельмі… вельмі шчаслівы. Быццам нанова нарадзіўся на свет. І ён такі прамыты, такі зіхатлівы. Дзякуй вам за гэта.

— Што вы, Андруша, мілы. За што мне? Дзякуйце таму, невядомаму.

— Не, — цвёрда сказаў Андрэй, — і яму і вам. Таму што вы адкрылі мне вочы на гэта.

Яна маўчала. Потым прыўзняла сур'ёзныя вочы.

— Андруша, — ціха сказала яна, — вы раззлаваліся на Марыю з-за мяне.

— Так, — неахвотна сказаў Андрэй.

— Не трэба. Не як выкладчык, як жанчына кажу вам: не трэба. Чым яна вінаватая?

— А чым вінаватая вы? Тым, што добрая?

— I ўсё ж не трэба… Дзеля мяне.

— Добра.

Яны моўчкі сядзелі ў аўтобусе, які ляцеў у ноч.