18878.fb2 Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 45

Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 45

— Дрэнны з цябе патрыёт. Во Баранаўскас патрыёт дык патрыёт. Надоечы напіўся і раптам успомніў, што ён літовец. Спрадвеку з ім такога дзіва не было. Пачаў да мяне тэрытарыяльныя прэтэнзіі прад'яўляць. Кажа: аддавайце нам Гродна, Ліду, Ашмяны і Навагрудак. Я кажу: родненькі, бяры, бяры, калі ласка. Мне што, мяне не абыходзіць. Бачыць: вайны не будзе. Дзе, крычыць, Вайвадс? Давайце яго сюды. Чаму забраў у нас Даўгаўпілс?.. Тут я з лёту эпіграму:

Хотел дойти до Даугавпилса,

Но вместо этого напился.

Мы паклалі яго на ложак, укрылі абрусам, і ён захроп.

— Салодкае жыццё, — сказаў Яніс.

— Сядай за стол, падонак, — сказаў Андрэй. — Сядай, лэйбус.

За акном ляжаў пахмура-шэры свет. Нiзкiя, пашкуматаныя кiмсьцi хмары беглi над дахамi дамоў.

Ледзь праглядваўся недзе далёка паміж дамамі шпіль высотнага будынка, напалову схаваны ці то ў хмарах, ці то ў дыме.

Выпілі.

— Як лекцыі? — спытаў Яніс. — Як Горава?

— На нашым курсе ў яе добра. На другім — справа дрэнь.

— У нас хлопцы надзіва памяркоўныя, сумленныя і цікавыя, — сказаў Яніс. — Акрамя Стаўрова з Ліпскім, дрэнных і не ведаю.

— А чым яны табе назалілі?

— У мяне нюх на людзей. Стаўроў — прэтэнцыёзны невук, а Ліпскі наогул дробная дрэнь… Чакай, яны яшчэ нам дадуцца ў знакі, каб іх долечка ліхая судасіла, каб іх…

— Я Ліпскага не разумею. Яму б год на дзесяць раней жыць.

— Ён і жыў… А што на другім курсе?

— А там проста Ліпскіх больш. Рагочуць з голых багоў. Адзін сказаў, што Афрадыта, якая ўстае з пены, наводзіць яго на думкі аб мацярынстве.

Яніс усміхнуўся:

— Таямніцы ўспрымання. У яго продка, відаць, гэтае ўспрыманне было яшчэ больш агрэсіўным. Нездарма Пётр, паставіўшы ў грамадскім садзе Венеру Таўрычаскую, поруч паставіў вартавога, "дабы оную не лапалі".

— I яшчэ адно. Нейкі псіхоз. Усе выказваюць ёй павышаную ўвагу.

— Гэта добры псіхоз.

— Чаму?

— Таму, што ты зачынальнік гэтага прагрэсіўнага руху.

— Свіння.

Андрэй раптам спахмурнеў. Ссунуліся доўгія цёмныя бровы.

— Што з табою, Андрэйка?

— Дрэнь у мяне справы, Янка.

— Бачу, — ціха сказаў Яніс. — За месяц, пэўна, і шчасця і гора набраў поўную торбу. Бачу, апавяданне будзе доўгае… Таму давай возьмем па адзінай… Кажы, браце.

— Ты ведаеш, што я сказаў ёй аб усім?

— Так. Бо я паехаў на другі дзень.

Яніс бачыў перад сабою змарнелы твар Андрэя. Нейкі зусім новы, амаль непазнавальны твар, а на ім выраз той мужнасці, якую можыа назваць хіба толькі мужнасцю адчаю.

— Я так і не дачакаўся цвёрдага адказу, — сказаў Андрэй. — Яна кажа, што я неразважлівы, размаўляе са мною пра ўсё, абы не ўспамінаць таго, што было.

Ён усміхнуўся сумнай з'едлівай усмешкай:

— Шырокі дыяпазон. Ад канкрэтнай музыкі да Фрэйда. Ад антыматэрыі да лётаючых талерак.

Яніс сказаў са звычайнай разважлівай самаўпэўненасцю селяніна:

— Канкрэтная музыка — лухта: няма элемента адбору з усіх гукаў свету. I Фрэйд — лухта: іначай Буало не быў бы паэтам. А вось наконт лётаючых талерак — не ведаю.

— Табе гэта ўсё лёгка. А як быць мне, калі я чую такія размовы?

Яніс глядзеў у кут:

— Яна баіцца цябе. Баіцца даць сабе волю.

— Чаму?

— Не ведаю. Магчыма, шкада ламаць уладкаванае жыццё?.

— Хіба гэта сумленна, калі кахаеш?

— А ты менш пытай аб сумленні.

За акном гусцеў прыцемак. Андрэй устаў і рэзка адчыніў акно.

Адразу туман, што грувасціўся на ўзроўні шостых паверхаў, пацёк у пакой. Гэта быў такі туман — падстаў крысо пінжака і пабачыш сотні мікраскапічных крапінак вады.

— Мне дзіўна жыць, — сказаў Андрэй. — Дагэтуль усё было проста. Просты свет. Простая мэта. Простыя жанчыны і вершы. I сам я просты. А тут… Я не ведаю, чытаў я аб гэтым або сасніў у адну з прамінулых начэй… Тут так дзіўна, як у гэтым сне, быццам у Егіпце, у пясках Старажытнага царства адшукалі часткі механізмаў, нават кола дыяметрам у адзінаццаць метраў з незямных элементаў. Значыцца, прыляталі, пабачылі, што няма нічога цікавага — і паляцелі… Вось так і з ёю. Быццам зусім іншая, быццам з іншых светаў… Уся блакітная. А я, як той карычневы егіпецкі дзікун…

— Я разумею, — ціха сказаў Яніс. — Так і патрэбна быць. Але да дабра гэта не давядзе.

— Сказаў ёй рэзкасць. Доўга думаў, на каго падобны партрэт зялёнай жанчыны, што вісіць у яе пакоі… Потым зразумеў — яна.

— Зялёная Ірына і фіялетавы Андрэй, — сказаў Яніс. — Ну і што?

— Яна сказала, што такой думкі аб ёй быў мастак.