18878.fb2 Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 48

Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 48

"Напэўна, дурніца, — груба падумаў Андрэй. — Такая прыгажосць не можа быць разумнай".

— Мастак, — сказала Ірына.

"I тут пэўна нічога не разумее, — быццам назнарок падумаў Андрэй. — Жыве каля мастацтва ўвесь век, як кот з Трацякоўкі".

А на вуснах гаспадыні — ах, як яны былі абрысаваны! — з'явілася нечакана ласкавая, пры такіх жорсткіх зрэнках, усмешка.

— Распранайцеся, Андруша… Дапамажыце Ірыне. Ах, як добра, што зайшлі, госцейкі вы мае.

— Я не магу, — сказала Горава, — я павiнна бегчы.

Так, поруч з гаспадыняй яна здавалася чымсьці накшталт Золушкі Але Андрэй усё адно зірнуў у яе адразу паспакайнелыя вочы з выразам чалавека, якога пакінулі ў палонцы.

"Завабілі, - сказаў яго позірк, — кінулі, падманулі".

"Ну і добра", — адказаў яе позірк.

I тады Грынкевіч з невыразным пачуццём крыўды пачаў скідадь паліто.

— Бывайце, — сказаў ён.

Ляснулі за Ірынаю дзверы. А шчокі Андрэя гарэлі, ці то з марозу, ці то ад сораму. I адначасова нараджаўся недзе гнеў.

— Які вы румяны, — сказала Ганна. — Проста як макаўка.

— Я правiнцыял. Мне належыць быць румяным i немудрашчым, як калатоўка. Або як граблi.

Зрэнкі яе пашырыліся:

— Прычэсвайцеся. Хадзем.

— Я правінцыял. Мне. належыць быць бахматым, як стог.

— Які вы правінцыял, — усміхнулася яна. — Вы проста акварэльны хлопец…

Яна разумела яго стан. Андрэй ведаў гэта, — але гэта яму не падабалася.

— Гэта звонку, — казаў ён дзёрзкасці далей, — а ў душы я лубачны… Такі сабе купідон з латкамі ніжэй спіны.

Ганна ўзяла яго пад руку:

— А ў душы вы разбойнік. I з'явіліся сюды з набегам. I таму вам нельга пайсці адсюль, не пашарпаўшы нашых душ, без здабычы. Вы ўшкуйнік і вараг, а таму вам належыць ваяваць з разумнымі мужчынамі, а не з паненкай, якая з першага ж погляду здалася вам дурной, аж круціцца.

Андрэй сумеўся.

— Ну пакіньце, — весела і лёгка сказала яна, — я ж ведаю, што вы гэта ў мэтах самаабароны."…вяршка не аддамо".

Андрэй сумеўся яшчэ больш:

— Ды я ўласна нікому нічога.

— Ну вось і добра.

Яна расчыніла дзверы ў вялікі пакой, і адтуль адразу лінуў шум, галасы, музыка вялікай спрэчкі. Акно на ўсю сцяну глядзела ў ноч, ледзь завешанае збітай шторай колеру асенніх лісцяў.

Усё здавалася трохі пабляклым: і штора, і кілім, і стары вельмі добры раяль ля акна. Усё, акрамя пагрозліва яркіх карцін і малюнкаў на сценах, акрамя груба засунутага ў кут мальберта і гранітнай няскончанай статуі чалавека, які імпэтна крочыў проста на Андрэя. Як жывыя, пераліваліся мускулы на нагах, а галава была толькі намечана, быццам сякерай, і гэта надавала чалавеку нейкую пагрозлівую магутную сілу.

— Бацька не скончыў, - сказала Ганна. — Ён памёр год таму. Была б зусім адна, каб не сябры. Лаюцца вось… Кожны вечар за кулакамі свету не бачыш.

На руцэ ў чалавека, як плашч Апалона Бельвядэрскага, вісела чыёсьці паліто. А ля самых ног статуі мірна спаў мармурова-бледны юнак. Спаў, паклаўшы галаву на пальцы гранітнага ступака.

— Бачыце, які Марфей, — усміхнулася гаспадыня. — Гэта Аленін, бадай, лепшы з маладых мастакоў. Горачка маё! Узяў ды падпіты прыцёгся. Няхай праспіцца, не выганяць жа на холад.

Андрэй быў здзіўлены. На стале з ножкамі ў выглядзе гермаў стаяла толькі некалькі бутэлек сухога віна, але застолле выглядала ці то на парах, ці як злёгку ашалелае.

Мужчына артадаксальнага выгляду грузна сядзеў у крэсле, паклаўшы на падлакотнікі страшэнныя рукі. У жорсткіх, як дзікова шчэць, валасах першым снегам легла сівізна.

— Сюррэалізм, ташызм, — басіў ён. — Сорак год падыходзіць ваша новае цеста. А калі ж вы пекчы будзеце? Вы пакуль што толькі і дбаеце пра тое, каб не перабухаць солі або цукру.

Некалькі чалавек, седзячы вакол, слухалі шчэцістага, а насупраць яго стаяў на падэсце — на крэсле натуршчыцы — худы юнак з прыгожым нервовым тварам і гарачыўся:

— Не прыпісвай мне ташызм!.. А што да цеста, дык гэта ты, гэта Юпіцеры ад мастацтва перашкаджаюць нам. На дзесяць год замарозілі цеста, а цяпер раз-пораз штурхаеце. А цеста не любіць штуршкоў.

— Гэта ўсё інтэлектуальны снабізм, — басіў грузлы.

— У нас снабізм. А маляваць бяздарныя фотапартрэты — гэта не снабізм? I яшчэ горшы, бо кан'юнктурны снабізм.

— У вас кар'ерызм і зайздрасць да «абоймы».

— Не скажы, — іранізаваў юнак. — Добрую мы кар'еру зрабілі. А зайздросціць няма чаго. Старцам не зайздросцяць.

А ўбаку сядзеў насупраць гожай, зусім маладзенькай дзяўчынкі хлопец у акулярах з сумным прасценькім абліччам і казаў:

— Самае лепшае там — лотас. Гэта трэба самой бачыць. Тоўстая сцябліна, і на ёй, адарваўшыся ад смаляной гразі, вырастае масляністая, ружова-белая раскоша.

Дзяўчынка глядзела на яго спуджанымі спачувальнымі вачыма, раз-пораз кранала яго руку і ўмаўляла:

— Не скручыньвайся ты так. Не вартая яна. Не трэба.

Ганна ўсміхнулася Андрэю.

— Не бойцеся цыганшчыны, — сказала яна. — Гэта ўсе добрыя хлопцы. Проста патроху развіваюць лёгкія… Знаёмцеся, хлопцы, гэта Андрэй Грынкевіч.

Упала цішыня. Потым грузлы падаў Андрэю руку.

— Чулі. Гэта не вам давалі гэткага здаравеннага выспятка ў пяцьдзесят шостым? — I адрэкамендаваўся: — Яхненка.

— Мне, — сказаў Андрэй. — Нічога, і спіна і іншае, усё на месцы.