18878.fb2 Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 51

Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 51

У рызніцы міліцыянер з рэвальверам хадзіў, ледзь не наступаючы ім на пяты, відавочна мяркуючы, што пісьменнікі — гэта мазурыкі і авантурысты. "Неча сумленным людзям кніжкі пісаць!"

А Андрэю ўсё гэта зіхаценне золата было смешным. Ён ведаў: памяць учэпіста зберажэ ўсё: ваздухі, аклады, цяжкія, як догма, кнігі. Але ўсё золата не варта было аднаго разьблення па слановай косці работы безыменнага мастака.

I ўсё гэта разам не варта было не толькі яе, але нават аднаго імгнення радасці, якая жыла ў ім, калі ён бачыў гэтую жанчыну.

Скандал усё ж выбухнуў. Здаецца, чаго было Стаўрову чапляцца да Андрэя? А ён прычапіўся. Калі яны абедалі ў рэстаране. Нехта заўважыў, што Грынкевіч "усё з дзяўчатамі". I тады Стаўроў з непрыхаванай з'едлівасцю сказаў:

— Нічога. Ім у яго таварыстве бяспечна.

Грынкевічу было ўсё адно, але Стаўроў увесь час прыдзіраўся да яго. Таму гнеў абудзіўся зноў.

Выпрастаўшыся, — за сталом запанавала раптоўная цішыня, — ён сказаў халодным голасам:

— Шкада, што тут няма тваёй жонкі. А то вельмі хутка твая галава, акрамя даволі рэдкай чупрыны, была б упрыгожана яшчэ тым-сім. Неяк ужо ўгаварыў бы сябе, перасіліў.

Стаўроў апусціў галаву, таму што ўсе маўкліва адобрылі адказ. Але Андрэю гэта было хоць бы што. Добрай была толькі іскра раптоўнай павагі ў вачах Ірыны.

Ён раззлаваўся. Пазбягаў яе вачэй, назнарок пайшоў ад усіх шукаць "таварыша іераманаха" (цьфу!), каб той адчыніў ім трапезную. Ён усё жыццё не любіў "хлебных ідэалаў" і таму — маючы на ўвазе хутчэй стаўровых, чым духам богу віннага іераманаха, — шэптам сказаў Ганне:

— Сволачы! Не вераць ні ў бога, ні ў д'ябла, не вераць нават у бессмяротную душу… Сытыя, налітыя крывёй, абыякавыя да зямлі…

У Горавай быў надзвычай тонкі слых. Вось і зараз яна, стоячы наўздалёк, прыўзняла спуджаныя вочы. Але ён не мог ужо ўстрымацца і кінуў:

— I для такіх гнід дойліды будавалі ўсю гэту казку. Падмяніць трапезнай ахвярнасць і адданасць?

Ён назнарок не ўспамінаў пра баявое мінулае лаўры, пра Асляблю і Перасвета, як не хацеў помніць і тое, што сярод стаўровых здараюцца аб'ектыўна сумленныя хаця і абмежаваныя тыпы. Упершыню ў жыцці яму хацелася быць несправядлівым.

…Аўтобус ляцеў, заносячыся на паваротках. А на душы была спакойная адчайная пустэча, як там за акном, дзе ўзыходзіў круглы халодны месяц.

Замёрзлыя ставы адлівалі пад яго святлом, ружовым, як вада.

I па іх лёдзе, паміж безжыццёва чорных вярбовых шкілетаў, ненатуральна імпэтна імчалі па крузе надламаныя цені канькабежцаў. Ганна сказала праўду, усё гэта было падобна на тую кругавую віхуру, што імчала сярод іншых Франчэску і Паоло.

Ад зямлі ўздымаўся туман. Ганна сказала, што гэта на цяпло, і ён згадзіўся, хоць добра ведаў, што гэта наадварот, на холад.

У маўчанні, у дрымотнай цеплыні ён адчуў раптам пільны позірк суседкі.

— Вы кахаеце яе?

Ён маўчаў, і тады Ганна дадала шэптам:

— Яна вартая… Але вам не трэба. Не прападайце вы за ёй, Андруша. Не рвіце абаім сэрца. Яна вельмі нешчаслівая. Але ўсё адно: вам не трэба. Надарвецеся.

Падумала: "А можа, і трэба. Не мне раіць. Я толькі вельмі яе люблю. Вельмі". I раптоўна ўстала, пайшла кудысь на задняе сядзенне.

Ён сядзеў, гледзячы ў акно. Напэўна, усіх вясковых хлопцаў месяц выцягнуў у гэту ноч на вуліцу, Зноў прамільгнула ружова-срэбнае, аблямаванае фантастычна скрыўленымі чорнымі вербамі, люстра става. А па ім беглі, беглі, беглі цені. Не трэба было расплывацца гэтым ценям, не трэба.

Нехта сеў поруч з ім на сядзенне. Андрэй павярнуў галаву і ўбачыў яе.

— Дайце цыгарэту, — сказала яна цiха.

Наступнае з болем вырвалася з яе грудзей:

— Не кройце вы маю душу. Не кройце…

Ён маўчаў. I тады, быццам здаючыся, яна прашаптала горка:

— Заходзьце да мяне… Заўтра… У адзінаццаць…

Р а з д з е л XIX

Халодная ракавіна. Гэта кватэра была проста цудоўнай халоднай ракавінай. Ён пачынаў ненавідзець гэтую кватэру. Асабліва таму, што тут і яна замыкалася сэрцам, быццам самыя сцены гэтага бастыёна маглі абараніць яе ад чагосьці. Яна сядзела супраць яго ля нізкага століка.

— Што ж вы, — сказала яна, — хіба можна быць такім? Нашто? Гэтая поўха Стаўрову, гэтыя словы! Адкуль вы такі?

Андрэй сказаў ціха:

— Мая бабка хварэла на сухоты. Лячыць іх тады не ўмелі. Не дапамаглі ёй аніякія Лазаны ды Ялты… Аднойчы яны з дзедам зайшлі далёка ад дому, і раптам пачала насоўвацца навальніца. Дзед ведаў: дождж смяротны для яе… Ён чатыры вярсты бег, несучы яе на руках. А вы думаеце, што я пакіну апошняе, што мне дадзена, для красуні? Няхай сабе і першай красуні Масквы. Дрэнна вы мяне ведаеце.

Шчырае, вельмі сумнае аблічча жанчыны. Пасмачка бязважкіх валасоў, што падала на лоб.

Яна ўстала, каб пагасіць цыгарэту, міжволі нахілілася над ім, і Андрэй лёгкім рухам адкінуў гэтую пасмачку з яе скроні. Калі яна стала ля яго, ён узяў яе руку і пачаў цалаваць далонь, кісць.

Амаль неўразумелая, зноў без сваёй ракавіны, свайго бастыёна, яна гладзіла яго валасы і гаварыла:

— Каб вы зналі… каб вы толькі зналі, які вы харошы.

Устаючы і абдымаючы яе (у яго круцілася галава, і зямля плыла з-пад ног), ён сказаў:

— Пацалуйце мяне… Што гэта са мною? Як абпаілі вы мяне чымсьці.

Ён не памятаў, што было далей, якія ён словы казаў. Ён толькі ведаў, што яго каханню няма мяжы.

I потым, у прыхожай, цалуючы яе вочы, ён сказаў ёй, каб яна не баялася яго.

— Я свойскi, ручны, — сказаў ён.

Ірына апусціла вочы.

— Такiя больш страшныя, — сказала яна.

Потым, неяк асабліва паспешліва і неахвотна, узялася за замок.

- Ідзіце, мой родны… Ідзіце, харошы.

Напэўна, адчувала, што ўсё супраць яе, што ён пяшчотны і ўпарты вышэйшай сілай кахання.

…Цягнуліся дні. Поўныя гэтым, нечаканым. Сам свет стаў незвычайным у вачах Грынкевіча.

Домік у Кудрынскім завулку. Такі домік, у дзверы якога можца было прайсці толькі вузкім прамежкам паміж сцяной і дрэвам, што непамерна разраслося. Самы лепшы домік, бо яна калісь, паглядзеўшы на яго, сказала з усмешкай:.