18878.fb2 Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 53

Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 53

— Хопіць. Даспрачаецеся потым. Дык вось…

I потым ён ужо нічога не чуў, паглыбіўшыся ў свае думкі. Снег валіў за вокнамі. Потым перастаў. Кожная галінка на дрэвах была ўкрыта гурбачкай. Пэўна, калі расстрэльвалі партызан, кроў была вельмі чырвонай на такім снезе. Радзіма, чырвонае на белым, кроў на снезе.

Раптам вельмі захацелася туды. З асаблівай пяшчотай ён пачаў уяўляць лілаватыя зарасці зімніх хмызнякоў на круглых узгорках, пахучую ваду ў палонцы, ваўчыны след па загуменні.

…Ад успамінаў яго адарваў толькі зменены тон Ірыны. Пэўна, адказвала камусьці на нейкае пытанне "аб жыцці". Хлопцы любілі такое.

— Ну, гэта як для каго, — казала яна. — Вось я, напрыклад, чытала нядаўна раман. Ён — амерыканскі мастак. Яна — псіхіятр з Парыжа. Пакахалі. Так, як рэдка бывае. Што рабіць яму без скалістых гор, без узараных прэрый, без мамантавых дрэў? I што рабіць ёй без Парыжа, без клінікі, без справы свайго жыцця? І, як ні стараюцца, каханне гіне, бо кожны не можа дараваць другому нежадання ахвяраваць сабой.

Яна не глядзела на яго, алё Андрэй разумеў. Адзін з усіх. I сэрца яго ўпала.

— Як гэта? — неўразумела абурыўся Баранаўскас.

Ірына ўзняла на яго вочы:

— Так. Уявіце сабе, што… я пакахала. Упершыню. Магло ж здарыцца, што раней не давялося, Але ён далёка адсюль вядзе сваю працу. А я таксама не магу жыць без працы, і яна магчымая толькі тут. Тут саборы і фрэскі, пра якія я пішу. Тут мая работа выкладчыка. Тут мае бібліятэкі і музеі.

— А ён дзе? — не зразумеў Харунжы.

Андрэй, гледзячы на Ірыну, дапамог ёй:

— Скажам, на Чукотцы.

Жэстам падзякаваўшы яму, яна сказала:

— I я не магу ехаць з ім. I крах спасціг маё каханне. Каханне маленькага чалавека.

"Ага, яны зноў гаварылі пра тое ж, — падумаў Андрэй. — Так, пра тое ж і не пра тое ж… Недарэчныя разважанні!"

I менавіта таму ён дачакаўся, пакуль усе пойдуць. Менавіта таму ўпарта сядзеў і слухаў яе бясконцыя размовы з завучам. Менавіта таму падаў ёй зялёную літоўскую хустку і футрачку, а потым выйшаў з ёю на сляпуча белы снег, які яшчэ не паспелі запляміць сятчатымі слядамі галёш.

— А на мне гэтая хустка. Я не хацела сёння ісці з вамі.

— А што хустка?

— Ды я ў ёй на матрошку падобная.

— Вы ва ўсіх уборах добрая.

Чысты, бязмерна добры стаяў вакол снег. Сляпучы. Нявінны. I нават пахнуў ён вадкім водарам свежаразламанага сланечнікавага сцябла.

— Хачу кудысьці на снег, дзе дрэвы.

— У Сакольнiкi?

— Далёка.

— Ну, тады на выстаўку. Там ёсць цудоўныя далёкія алеі. Па іх зараз ніхто не ходзіць.

— Згода, — кіўнула яна.

Ён махнуў рукою зялёнаму вочку, што бегла вуліцай. У таксі яна маўчала. Потым сказала, маючы на ўвазе Харунжага:

— Як Рэмарк. Толькі сябе шкадуе.

— Так, — сказаў Андрэй. — Гэта не Дастаеўскі: "прыйдзіце, п'яненькія…"

Глянуўшы на яго пушыстымі вачыма, яна сказала:

— Я думала, вы мяккі і добры.

Бачыла яго цёмны профiль. Потым доўгiя вочы, што цяжка зiрнулi на яе. Потым рот, што вымавiў:

— Добрыя i бываюць заўсёды цвёрдымi.

Сам ён у гэты час думаў аб тым, што жыццё — радасць. Як раптоўнае азарэнне, як цёплае залатое святло, пралілася на яго гэта думка. Была яна, тая, што поруч, а паратунку не было, ды ён і не хацеў яго. Ад шчасця, хай нават пакутнага, не ратуецца ніхто.

I таму ён увесь час папраўляў ёй пад хусткаю валасы (ёй бы вельмі пасавала квяцістая, кілімовая хустка). А яна, сама схіляючы да яго галаву, усё патрабавала:

— Не глядзіце на мяне, такую.

Ды хіба ён мог?

На выстаўцы яны селі ў мікрааўтобус і паехалі пад заснежанымі дрэвамі ў зону адпачынку, зусім пустую цяпер. Там была спрадвечная ціша. Павільёны пад дрэвамі былі па вушы захутаны ў снег. Толькі аднойчы праехала маленькая снегаачышчальная машына. I зноў ні душы.

— Сёння раніцай я зусім была вырашыла не бачыць вас… І вось… не магу…

— Вам нельга ад мяне.

— Ну вось бачыце… Я ж з вамі…

У Андрэя ад гэтых слоў радасна падскочыла сэрца. I ён здзiвiўся, бо гэта было як у дзяцiнстве. I менавiта таму ён ведаў: гэта сапраўднае. I менавiта таму баяўся.

А дрэвы былі заснежаныя. I ён моцна патрос за сук клёна, пад якім яны ішлі. Іскрамётны, трохі нават звонкі снег сухім пылам пасыпаўся на іх з галін.

— Слухайце, — сказаў ён. — Спявае. Слухайце, давайце я вам сняжок за каўнер запхну… Або лепей вы мне…

Яна засмяялася і раптам зірнула на яго ногі.

— У туфлях. Ану марш з цаліку на сцежку.

— А вы?

— А я ў боціках. Я пайду тут.

Але ён так жаласна і камічна маліў яе не пакідаць яго, што яна згадзілася.

Крочылі сцежкай у заснежаным свеце. Алеі вялі кудысь. Ад марозцу пабялела пасмачка яе валасоў пад хусткай. Адчуваючы нават праз футру цеплыню і акругласць яе рукі, ён шэптам сказаў: