18878.fb2 Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 54

Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 54

— Вельмі кахаю вас.

— Вы прыдумалі гэта, — яшчэ цішэй сказала яна.

— Не, — амаль бязгучна запярэчыў ён. — Ведаеце, усё адно вочы мае і мае вершы нікому не патрэбны, калі няма вас.

I гэта было сказана так упэўнена, што яна змоўкла. Потым сказала чамусьці:

— Ведаеце, чаго не хапае на гэтых сініх дрэвах?

— Ведаю. Снегіра. Чырвонай іскры.

— Так.

Ля аднаго з павільёнаў стаялі нейкія захутаныя паўднёвыя дрэвы. Захуталі іх добра — кожная галіна была, як падушка — ды яшчэ абшылі зверху бліскучай, падобнай на скуру, цёмнай цыратай. I абое адначасова падумалі, што гэтыя дрэвы падобныя на марсіянскія кактусы.

— Яны ловяць людзей, — страшным шэптам сказаў Андрэй.

— Не, — сказала яна, — яны да іх абыякавыя.

— Гэта страшней, — згадзіўся ён.

I яна зразумела яго. Павярнулася, жаласна спытала:

— Ну што б вы хацелі, што?

— Выходзьце за мяне замуж.

— Толькі?..

— Так.

— Андруша, — сказала яна пасля паўзы, — учора я чамусьці дала згоду на аперацыю. Мне раптам вельмі захацелася жыць. Не ведаю чаму. У студзені еду ў міжнародны шпіталь, у Вену. Калі не паеду — абяцаюць год жыцця. Таму не трэба пакуль пра гэта.

— Менавіта зараз і трэба, — сказаў ён. — Вы вернецеся адтуль здаровай, і мы будзем мець права адзін на аднаго. Таму — зараз.

— Ды нашто я вам, нашто я вам такая?

Андрэй з цяжкасцю разляпіў вусны:

— Ведаючы пра гэта, я яшчэ больш, яшчэ больш аддана буду кахаць вас. А жыць, не ведаючы вас, — канец.

— Жылі ж раней?

— Хiба гэта было жыццё?

Ён узяў яе за плечы:

— Ведаеце што? Гэты герой рамана, пра які вы сёння расказвалі, быў ідыёт. Яму варта было б, пры ўсёй нелюбові да лічбаў і разлікаў, сесці за стол і даведацца, колькі каштуе дом у прадмесці Парыжа або Нью-Йорка і машына, на якой гераіня магла б ездзіць у сваю клініку… А ён… загубіў вышэйшае на зямлі.

Яна глядзела на яго небывала сур'ёзна. Потым павяла вачыма ўбок і зноў унікла прамога адказу.

— Глядзіце, дзяцел.

Дзяцел бегаў па мядзянай сасне і стукаў.

— Чаго гэта ён?

— Дастае розную дрэнь з-пад кары. Абедае.

Уздыхнула здзіўлена:

— Божа, каб гэта нам так дзень пастукаць — потым вядро пірамідону спатрэбілася б.

А Андрэю было страшна за яе і шкада гэтага мілага, смешнага дзятла:

— Не трэба аб ім. Я ведаю, я, можа, горшы за іншых. Я, можа, нават сярод нашай браціі не з самых лёгкіх людзей. Але вас ніхто так не будзе кахаць.

— Жывіце для іншых. Хіба магу я строіць нейкія планы, псаваць вам жыццё.

— Мне абрыдла па кроплі праліваць на іншых суцяшэнне і пяшчоту. Я хачу аддаць вам усё. Кідайце гэты халодны дом, там як пройма па нагах цягне. Вам цяжка ў ім.

— Адкуль вам ведаць?

Сціснуўшы сківіцы, ён сказаў:

— Я настроіўся на вашу хвалю. Я заўсёды ведаю, калі вам бывае цяжка… Я нават ведаю, што ў дом гэты амаль не прыходзяць сябры мінулых год. I вам часта самотна. Так?

Яна глядзела амаль перапалохана.

— Так, — сказала яна.

— Ну вось. А хіба каханне гэта тое? Каханне — гэта як старое чэмбала. Яго на гару не выкінеш, як непатрэбшчыну. Яго любяць нават праўнукі за тое, што яно грэла дзядоў.

Абняўшы яе, ён спытаў:

— Дык як?

— Не ведаю.

— Забіце мяне, але я не магу без вас.

Прынiкла галавою да яго грудзей:

— Я… не збіраюся вас забіваць. Прыходзьце да мяне сёння. У шэсць.

— Чакаць мне вас? Працаваць мне для вас?

— Чакайце, — выдыхнула яна. — Працуйце.