18878.fb2
— У цябе зараз месяц быў паўсюль? — спытала яна.
— Паўсюль.
— I пакой знік? I ўсё было срэбным?
— Усё было срэбным.
Яна ўздыхнула:
— Усё срэбнае-срэбнае. Я памірала тройчы.
— I я.
— Нашто ты так?
— Я баяўся хоць на хвіліну выпусціць цябе з рук. Баяўся, што знікнеш.
— Вось як гэта, — шапнула яна. — І падумаць толькі, што так позна…
Ён схіліўся над ёю і дакрануўся вуснамі да яе дрыготкіх вей. Веі былі мокрыя.
— Цябе павінны вельмі любіць, — сказала яна. — Я ніколі не чула, каб нехта пра кагось гаварыў з такой пяшчотай, як пра цябе… Некалькі чалавек… А твой Яніс так хваляваўся, што запаліў цыгарэту з фільтрам не з таго канца… Сказаў, што адзіны чалавек, з якім я буду вельмі шчаслівай, — гэта ты. Ён любіць цябе. Напэўна, як усе.
— Мяне многія не любяць.
— Жанчыны. Тыя, што не з табой. Гэта нічога. Усё адно знойдуцца для цябе лепшыя, чым я.
— Нашто ты мучыш мяне, — казаў ён, цалуючы яе. — Лепшых не будзе.
— З цябе збудзецца паэт. I я, калі дажыву да старасці, буду радавацца.
— Я ім буду… Калі ты будзеш са мной. Тады ў мяне на ўсё хопіць сілы…
— Ты стаў лепшы. Раней у вершах была гэткая венявіцінаўская незасмучанасць, а зараз мора пачуццяў. Яго баішся… Як і ў жыцці. Вось тут.
У забыцці ён вадзіў шчакою па яе абліччы і грудзях:
— Ты прыўкрасная. Каб ты толькі была са мной. Я быў бы табе вельмі верны, вельмі пяшчотны… да канца.
— Я ведаю. Жанчыны заўсёды ведаюць, што іх чакае з мужчынам. Толькі часам ашукваюць сябе… З табою — я ведаю…
— А мяне не ведаеш?
— Я ведаю. Вясной, калі растане снег, — першая песня жаўранка. Яшчэ непрыгожая, яшчэ нязвонкая, але яна — першая… Жаўранак ты мой.
Лепей за яе вочы нічога не было на свеце.
— Так лёгка мне, светла, — бы ў забыццi казала яна.
I раптам прыўзнялася.
— Абяцай мне, што ніколі не здымеш са сценкі майго падарунка.
— Абяцаю.
— Я табе падару, рэпрадукцыю «Венеры» Бацічэлі. Усе кажуць, што гэта я… Праўда ж, гэта можна?.. Што б ні здарылася потым — гэта ж толькі фрагмент карціны.
— Добра… А ты ведаеш, на каго падобны я?
— Не.
— Хлапчук з карціны Пінтурык'ё. У дзяцінстве зусім быў падобны. У нас да вайны вісела гравюра з гэтай карціны. Гэта быў мой асабісты вораг. Я яго бачыць не мог і чыніў яму розныя паскудствы. Маці ўсміхалася: "Дурнік. Вы ж падобныя…" А мне дзяліць увагу з нейкай пачварай — вышэй сіл было… I вось я, калі нікога не было, зняў гравюру са сценкі і ўчыніў над ёй літаральнае аўтадафе: спачатку чвартаваў, а потым спаліў.
— А што маці сказала?
— А маці ўбачыла вынік экзекуцыі і кажа: "Не дзіцёнак, а гун нейкі. Вандал дзікі". А мне было добра: нікога трэцяга між намі. Ды і яна… Пяшчота яе была пасля гэтага асабліва ласкавай. I вочы… здзіўлена-ўважныя.
— У яе якога колеру валасы?
— Як у мяне.
— Значыцца, цёмна-блакітныя… Няўжо ты раўнівы?
— Ды не. Пасля гэтага я ніколі нікога не раўнаваў так, як яе.
— Я люблю яе, — сказала яна.
— I я. Я люблю яе і цябе… Любі мяне хоць трошкі.
— Я нічога не ўмею рабіць напалову, — ціха сказала яна.
Запанавала маўчанне з яго бязгучнымі пацалункамі.
— Слухай, — нейкім дзіўным глухім голасам сказала яна, — калі я памру — ты будзеш памятаць мяне?
— Не смей, дурненькая мая, — сказаў ён.
— А я абавязкова. Нават там. I я згубіла два месяцы!
— Маўчы, не трэба, — маліў ён.
— Бачыш, я ўвесь час памятала пра цябе. Хацела, каб табе было добра. Не хацела, каб ты не помніў мяне вось так.
Каб не чуць гэтых слоў, не адчуваць боязі за яе, ён закрыў ёй рот сваімі вуснамі, прыціснуў да сябе, як нешта самае дарагое, што вось-вось страціш, і забыўся ў пацалунках і зіхоткіх іскрах месяца, якія былі вакол.
…Потым, праз сон, ён адчуў лёгкія пацалункі, якімі яна асыпала яго рукі і плечы.