18878.fb2
Ён расплюшчыў вочы. Пакой тануў у паўцемры. Абліччы глядзелі са сцен не такія, як вечарам, і ў сэрцы была заспакоенасць і пяшчота, як быццам пачыналася новае жыццё. Святло месяца перапаўзло ў кут ля акна. Іскры гарэлі толькі ў самым кутку верхняй шыбы.
— Стой, не цалуй маіх плячэй.
— А я не магу.
— Праўда, я добрая гаспадыня?
— Не магу. Потым…
Святло знікла. Яны выпілі віно і каву на краі ложка… У пярэдняй яна, разгладжваючы рукой паліто на яго грудзях, сказала:
— Ну вось. Як быццам ты муж і я цябе праводжу на работу.
— I так будзе заўсёды.
Яна схіліла твар.
— Так… заўсёды.
Андрэй глядзеў на яе. Такая кранаюча маленькая стаяла яна перад ім, такая каханая ў гэтым сваім халаціку, што ён тоўста абняў яе праз паліто, і ўся яна схавалася ў яго абдоймах.
Гэта было так, як ніколі, і таму ён стаў перад ёю на калені, прыціскаючы да сябе, і схаваў твар у цёплай тканіне. Яна ўзяла яго за скроні:
— Устань з каленяў, мілы. Прашу цябе, вельмі.
— Табе не падабаецца?
— Вельмі. Але не трэба… Не ляжы ў нагах. Табе нельга ляжаць ля ног.
Узняўшыся, ён зноў схаваў яе ў абдымках. Яна вызвалілася, амаль непрытомная.
- Ідзі, дарагі, ідзі. Бог з табой.
…На вуліцы неба сапраўды ставала бэзавым. Рыпеў пад нагамі снег. Першы тралейбус гулка прайшоў па вуліцы. Андрэй адчуваў сябе такім шчасліва-спустошаным і адначасова такім моцным, што скатаў сняжок і зашпурнуў яго да чацвёртага паверха.
— Эх, лёгкі. А то б і да неба…
Яму хацелася спяваць і здавалася, што гэта зусім не зіма, не снег, а белыя мятуліцы-эфемерыяды абляпілі ранішнюю халаднаватую зямлю. І на гэтай зямлі было ўсё: нават цёплая пара, што валіла з дзвярэй метро.
Сустрэліся перад самым ад'ездам. Яна сказала Андрэю, каб ён чакаў яе ў вестыбюлі гістарычнай бібліятэкі ў сем гадзін вечара. I ён з'явіўся і чакаў, вытрымліваючы цікаўныя позіркі дзяўчат і гардэробшчыц. Здзекуючыся, ён называў сябе ў думках Ленскім, Крэцьенам дэ Труа, Вертэрам, але падсвядома адчуваў, што так яно і ёсць, што тое, што блакітнае сяйва вакол, звязала яго з гэтай жанчынай нябачнымі повязямі, мацней якіх не было нічога.
Яна прыйшла не з бібліятэкі — яна і не была там, і ў вачах яе стаяла кранаючая блізкасць да яго і адначасова быццам засаромленасць нечым. Яны пайшлі завулачкамі старой Масквы. Стаяла адліга, вуліцы танулі ў асабліва сіняй цемры першых гадзін зімовай ночы.
Шляхі абаіх ужо з заўтрашняга дня, і на цэлых паўтара месяца, разыходзіліся. Яго чакалі снягі, сум і ўтрапёная праца, сапраўдны бой, у якім ён павінен будзе выйграць яе, ды яшчэ страшэнная трывога за тое, небяспечнае, што яе чакала. Ён верыў у лепшае, але задушыць гэтую трывогу не мог.
І ад гэтага, акрамя звычайнага болю разлукі, быў яшчэ нейкі вышэйшы боль, падобны на прадчуванне разлукі вечнай. Андрэй гнаў гэтую думку, але ўсё адно яму — і ёй таксама — здавалася, што з усім, на што яны глядзяць, яны развітваюцца назаўсёды: вось сёння ёсць, а заўтра не будзе.
Таму і горад ляжаў перад імі ледзь расталы, з агнямі на голым лёдзе, змрочны.
— Заўтра? — спытаў ён.
— Заўтра.
— Барані вас маё каханне.
— Калi штосьцi i ўтрымае мяне ў жыццi — дык гэта.
Ён пацалаваў яе скронь. Дзіўна, абое зноў перайшлі на «вы», і здавалася, так яно і трэба.
— Таму я і хацела быць з вамі, - сказала яна. — Вы — жыццё маё.
Маўчалі, спускаючыся завулкамі да плошчы Нагіна.
— Я ўвесь час думаю пра вас, Андрэй. Мне ўсё хочацца неяк дапамагчы вам, абараніць, нават на той выпадак, калі мяне з вамі не будзе. Ведаеце, як тая жанчына, што, паміраючы, наводзіць парадак у доме, каб муж хоць месяд не думаў…
— Навошта вы мучыце мяне?
— Маўчыце. Я доўга думала, як вам трэба пісаць "на потым". I вось знайшла адказ. Вы такі, што павінны пісаць аб тым, што вось-вось зашчымела і павярнула ў душы, не дбаючы аб стылі, а дбаючы аб тым, каб слова найбольш дакладна выражала тое, што адчуваеш. Хай нервова, няроўна, з фразамі, падслуханымі на вуліцы. Каб не лашчыла заспакоена, каб кожны паварот — як целам аб камяні, каб пасля чытання — бы на возе па лясной дарожцы праехаў: на ўсіх карэннях растрэсла.
— Магчыма, і так. Толькі я не магу зараз думаць пра гэта. Дайце надыхацца вамі.
— Вы не надыхаліся?
— I ніколі не змагу.
— Які вы… Усяго хочаце ад жыцця.
— Анягож не. Або ўсё, або нічога.
— Не кажыце мне больш аб гэтым. Мне добра, мне надзіва лёгка з вамі. I не трэба больш.
Андрэй змрочна крочыў поруч з ёю. Гэтага ад яго нельга было патрабаваць.
На вулках чамусьці амаль не было людзей. I таму ён раз-пораз схіляўся і цалаваў яе скронь. Раз нават спыніўся і доўгім пацалункам прынік да яе вуснаў.
Седзячы ў фортачцы, са здзіўленнем глядзеў на ўсё гэта вельмі пушысты кот.
— Не трэба, — шапнула яна, вызваляючыся.
Кот грэбліва падабраў лапы, але так і не выйшаў на вуліцу, пайшоў у цёплую кватэру — напэўна, дрыхнуць.
— Я памру там з трывогі за вас. Напішыце мне хаця некалькі слоў.
— Добра. Толькi вы не заставайцеся тут надоўга. Вы патрэбны мацi. Цяпер — асаблiва.
Ішлі па плошчы Нагіна.