18878.fb2
Седзячы на краі ложка, ён аднаўляў усё, што сніў, і перад ім уставала жудасная ў сваёй вар'яцкай лагічнасці карціна. Так, снег… так, віядук над чыгункай… так, вагон з гэтым страшным надпісам на шыльдачцы…
…Ён сам не памятаў, як з'явіўся на стале ліст паперы.
"Ідзі на вакзал, ідзі на вакзал…"
Гэта гучала ў яго вушах. Рука пачала ліхаманкава бегаць па паперы.
На вулiцах горада ў цёмны час
Не размова, а лёгкі канкан:
— Якая, дзяўчына, футра у вас?
— Французская. "Soukine sine".
Не хачу з iмi. Не прымушай.
У iхнiх вачах каламуць.
У тумане, змрочным, як iх душа,
Яны, як рыбы, плывуць,
Да д'ябла!!! Збочыў. Завулкi ў сне.
Снег згiнае дрэвы. Туман.
I горад простых чакае мяне,
I слядоў на снезе няма.
— Адкажыце, куды маё шчасце пайшло,
Вы, што йдзяцё ўначы,
Гаечны ключ, або дрот, або лом
На сагнутых плячах несучы?
I ў адказ галасоў бязладны харал,
Як спеў, што вецер даруе дратам:
— Iдзi на вакзал. Iдзi на вакзал.
Пра ўсё будзеш ведаць там.
Чаму на вакзал? Чаму? Чаму?
Нельга хіба без яго?
Хiба растопiць у сэрцы зiму
Зыркай топкі агонь?
— Iдзi на вакзал. — Ну што ж, пайду.
Ноч. Завулкi. Снег, як карцеч.
Пусты вакзал. Пусты вiядук.
Нi праводзiнаў. Нi сустрэч.
Ведайце! Без гудкоў, без агню,
Адтуль, дзе звычайна тупiк,
Адыходзiць, сёння ў гадзiну нуль-нуль
"Масква — Вечнасць" цягнік.
Без бiлета залез я ў цёмны вагон.
Маўчаў змярцвела цягнiк.
Нiхто не ведаў, што рушыць ён,
I мяне не сустрэў праваднiк
…Дзед i ўнучка ў пустым купэ,
Маўчанне, цемра i сон.
У дзеда слёзы, як веснi капеж,
У дзяўчынкi коскi, як лён.
Галоўкай дзеду лягла на плячо,
Ўсміхаецца ў сне чамусь.
— Куды вы вязеце такое дзяўчо?
— Сын памёр. Там сумна яму.
Так і я. Мой май адспяваў, адзвінеў.