18878.fb2 Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 63

Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 63

Шчасце знікла, як сон.

Адзавіся! Што ты так вабіш мяне?

Добры прывід мой. Янаў агонь.

Пераходны мосцік.

Тамбур пусты.

У душы нарастае жах.

Першы вагон, і ў вагоне — ты.

Дзяўчынкай. I слёзы ў вачах:

Любы загінуў. Колаў звон.

Не тужы. Не тужы ў журбе.

Падумай, як бы пакутаваў ён,

Каб вайна забрала цябе?!

Як бы імкнуўся праз чорны дым,

Як клікаў бы смерці касу?!.

Мёртвым лягчэй, і нясцерпна жывым,

Што мёртвых у сэрцы нясуць.

Пераходны мосцік. З тупой вышыні

Нехта арфуе снег.

У другім вагоне згаслі агні,

I ніхто не пабачыў мяне.

А я пабачыў. Гарэла свяча

Над святлом жаданняў маіх.

Ты з другім. І боль такі у вачах,

Што лепей бы слёзы ў іх.

Я шукаю цябе. Я не магу

Загасіць свой равучы агонь,

Я з вагона пустога ў вагон бягу.

Трэці. Апошні вагон.

I ты. Як свечачка у снягах,

Як цёплы кахання сон.

Я сказаў, што знясу для цябе на спіне

Самы жахлівы цяжар,

I ты мне з усмешкай сказала: «Не».

I лепей бы мне — на ліхтар.

Ноч. Матляе вагон. Спакойны час.

Як разбіць мне сэрца турму?

Дзед, і ўнучка,

I ты, — за кожнага з вас,

За кожнага смерць прыму.

I не буду клясці свой першы ўздых,

Свой лёс, свой няпросты канец.

Што ж, адмучыцца сэрцам сваім за траіх

На долю выпала мне.

Не я дзяліў з табой сталь, і бой,

I шчасця светлага час.

I ўсё ж мы ў Вечнасць едзем з табой,

Хоць вагоны розныя ў нас.

I ўсё ж са мною, са мною ты,

У бязмежнай маёй цеплыні…

Масты ляскочуць. Ляскочуць масты.