18878.fb2 Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 74

Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 74

Яму так было шкада яе, што дрыжалі рукі, якімі ён саграваў яе пальцы. А пад мостам змяіліся і беглі кудысь у чыстай вадзе тонка-зялёныя пасмы водарасцей. Была толькі адна хвіліна, калі яны адчулі нейкую насцярожанасць. Ён прызначыў спатканне ля Казанскага сабора, прыйшоў зарана. Сядзеў, гледзячы на тое, як дзеці малююць нешта на пяску. Малявалі ружу, і малявалі дрэнна, гэткія смешныя пульхныя дзеці, карапузы з ільнянымі валосікамі. Нельга было не дапамагчы ім. I таму, прыйшоўшы на месца спаткання, Ірына са спіны пабачыла Андрэя, які сядзеў на кукішках і дапамагаў дзецям.

— Лісцікі ў ружы не такія, лапа. Яны ледзь-ледзь вызубленыя. Вось такія… Вось… Вось…

А калі яны сустрэліся позіркамі, пайшлі адзін да аднаго і дзеці кінуліся за Андрэем, нават подбегам, Андрэй раптам пабачыў дзіўны выраз, з якім вочы Ірыны глядзелі на іх, і сказаў:

- Ідзіце, любыя. Ну чаго вы, сапраўды? Мы заўтра яшчэ тут будзем.

Супакоілася яна толькі ў кафейным доміку. Ён амаль ужо зачыняўся, і іх з хвіліну не хацелі пускаць. Андрэй з жартаўлівым адчаем умаўляў афіцыянтку, і тая, паглядзеўшы ў яго вочы і на Ірыну, сказала з уздыхам:

- Ідзіце ўжо.

Залацілася віно ў келіхах. Шэрыя вочы спагадліва і стомлена глядзелі на Андрэя. З Фантанкі, заснаванай маладой зелянінай дрэў, даляталі ўсплёскі вёслаў, мяккая вячэрняя песня.

…Дзесяць дзён здаваліся вечнасцю. Дзесяць дзён прайшлі. За два дні да тэрміну яна атрымала выклік з Масквы. Андрэй збялеў, пачуўшы аб гэтым. А яна расказала гэта вельмі вытрыманым, вельмі спакойным голасам, быццам адбыла нешта, што патрабаваў ад яе абавязак, і ніхто не можа патрабаваць ад яе звыш гэтага.

На вечар у іх былі білеты ў кіно. I яны пайшлі туды, у вялізны кінатэатр за Нявой, хоць заўтра яна павінна была ехаць. Увечары. Усе гэтыя дні з іх шчасцем, са святлом, што лілося з ракі ў шырокія вокны Эрмітажа, са штодзённымі залатымі дажджамі, якія наляталі аднекуль, а праз дзесяць хвілін заставаліся ўжо толькі вільгаццю на зеляніне і мармуры Летняга саду, з фасфарычна-блакітнымі вечарамі — усе яны скончыліся.

— Няўжо гэта ўсё? — спытаў ён, калі яны сядзелі ў скверы ля кіно.

— А ў каго зусім не было? Ані дня?

— Усё?

Цыгарэта трэслася ў яе пальцах.

— Ах, нічога, нічога я не ведаю.

Непаразуменне, адчай і пратэст супраць усяго гэтага былі такімі, што Андрэй, закалаціўшыся ўвесь, узяў яе за рукі, сціснуў вузкія пальцы.

— Бяжым адсюль, Ірына. Бяжым. Вам трэба бегчы. Ад яго. Ад сябе. Далёка.

— Куды ўцячэш?

— Спачатку ў Сухадол, да дзядзькі. Там чыста, там дабрыня людзей і дрэў. Бяжым. Калі вам цяжка браць развод, цяжка глядзець у вочы гэтаму чалавеку — абыдземся без яго.

У прысмерку ён не мог заўважыць яе вачэй, а твар вонкава быў спакойны.

— Потым, — глуха сказала яна. — Пасля сеанса. Хадзем… Зараз… пачнуць.

Яны сядзелі, не вельмі сочачы за экранам. За іх спінамі ўздымалася сцяна наступнага яруса, ствараючы ўражанне іхняй самоты ў гэтай зале. Ды хоць бы яе і не было — што было Андрэю да іншых?

Ішла нейкая французская камедыя пра вайну, хоць вайна, вядома, зусім не камедыя. Куражыўся прыдурак-эсэсавец; пад нацыянальным французскім сцягам адплываў у эвакуацыю, не жадаючы здавацца на літасць ворага, гераічны вясёлы дом.

Андрэй нічога гэтага не заўважаў. Яна, напэўна, заўважала не больш. Узяўшы ў цемры яе руку ў карункавай пальчатцы, ён, схіліўшыся да яе галавою, абсыпаў яе пацалункамі, увесь калоцячыся ад цягі і адчаю і непапраўнасці таго, што мелася быць заўтра.

Толькі тут, упершыню за вечар, з плыні абыякавых слоў вырвалася:

— Так любіш мяне? — і голас гучаў адчайна нават у шэпце.

Спалоханая тонам, ведаючы, што выдала сябе, аддала сябе яму ў рукі, яна адразу ж сказала:

— I вам яшчэ не абрыдла гэтая пальчатка? — але голас, зрываючыся, казаў зусім не тое, і гэта прагучала, як "вазьмі мяне адсюль".

…Над паркам вiсела кароткая, на дзве салаўiныя песнi ноч. Бэз распасцёр над галовамi цьмянае i загадкавае лiсце.

Шчоўкнуў непадалёк, выпрабоўваючы голас, салоўка. Потым, наўздалёк, пусціў калена яшчэ адзін, яшчэ, яшчэ. Першы адказаў — быццам крыштальная вада падала на срэбра. Забулькацела радасць яшчэ ў адным маленькім горле. А потым усе яны, забыўшыся на ўсё, аддаліся спеву.

— Я ўсё скажу табе ў Маскве… Адразу… Слова маё… Толькі не пакутуй так… Куды спяшацца, калі ўвесь… увесь свет наш…

Цяпер ужо сад звінеў.

…Калі яны ішлі начным горадам, ён казаў ёй:

— Буду чакаць. Толькі не падманіце мяне… Нельга…

Вялізным лукам павіснуў над імкліва-спакойнаю ракою мост. Агні адбіваліся ў вадзе, і Ленінград спаў над вадою, як здань, а крокі гучалі… гучалі… гучалі.

— Мы адны не спім у горадзе, — сказала яна. — Як хлапчукі… Як маладосць… Як жыццё спачатку… Даверлівыя шэрыя вочы глядзелі на Андрэя.

— Прачытай мне вершы, дарагі… Ты вельмі даўно не чытаў мне вершаў…

— Памятаеш, быў такі Іксіён? — пасля паўзы спытаў Андрэй. — Закахаўся ў Геру, жонку Зеўса. Яго вырашылі злавіць і падсунулі яму воблака, надаўшы яму вобраз Геры. Ён выдаў сябе, абдымаючы воблака, і яго навекі прывязалі да кола, якое круцілася.

— Ну, — шэптам сказала яна.

Голас пачаў чытаць прыглушана, у тон гэтай ночы і ракі, што шапацела пад быкамі моста.

Я позабыл начало всего.

Мне неведом конец.

Молот вырвав нз рук моих,

Слепая кует судьба.

Теплой весной, прошедшей весной

Я увидел во тьме,

В дебрях ночных, в мерцании звезд

Смертоносной прелести лик.

Гера, Гера, любовь моя!

Ветви в зеленых огнях.

Тень, как отдыхающий лев,