18878.fb2 Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 77

Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 77

— А Янкі няма. Як за смерцю пайшоў. Пайшлі Вайвадса, а за ім другога… Во каб гэта ён дзверы адчыніў ды сказаў: "Вы яшчэ палайцеся. Я і зусім тады не пайду".

Але ніхто не засмяяўся. Усім было пякуча сорамна.

Андрэй сядзеў вонкава спакойны, але ўнутры ўсё ў ім высока трапятала, як на грані абрыву. Надыходзіў ягоны час. Трэба было толькі счакаць, каб не здагадаліся.

— Вып'ем, — бестурботна сказаў ён.

Усе загаманілі, чокаючыся. Усім стала трохі лягчэй. I тады Андрэй устаў:

— Пайду я насустрач гэтаму латышу, — сказаў ён. — Гэта ён, напэўна, за нешта палаяўся там,

Тон быў натуральны. Толькі Баранаўскас мог не паверыць. I таму, асабіста для яго, Андрэй сказаў:

— Ведаеш, Гінтас, як мы з ім вячэру здабывалі?

— Не.

— Гэта даўно было. Вярталіся позна, вячэраць не было чаго. Яніс тады яшчэ забываўся, што я па-латышску ведаю толькі «лудзу», "сірдс", «шняпс» ды яшчэ пачатак песні пра пеўніка: "Куды ты, маўляў, бяжыш, пеўнік?" А тут скандал. Перад святамі магазін павінен да дванаццаці гандляваць, шыльда адпаведная вісіць, а тут 11.15, а зачынены. Не пускаюць, Мы — выясняць гэта пытанце. Слова за слова — Яніс пачаў гарачыцца. Падыходзіць міліцыянер. Ну, думаю, дрэнна. А Яніс у гарачай вадзе купаны, пачынае лаяцца на латышскай мове. Ну, думаю, трэба падтрымаць кампанію. Развёў рукамі і тонам страшэннага абурэння пераказваю прозай пачатак песні: «Куртутэ-эцы». Яніс глядзіць квадратнымі вачыма. Потым разумее тактыку і, у той самай танальнасці: «Кур-ту-тэ-э-эсцы». А я яшчэ на дзве актавы вышэй, быццам у мяне на вачах дзіця пакрыўдзілі: "Га-ай-літ-ман". Міліцыянер бярэ пад казырок і кажа: "Прабачце, панове, я не ведаў, што вы англічане".

— Прапусцілі? — спытаў Баранаўскас.

— Прапусцілі.

— Брэшаш ты, як наняты.

— Чаму. Ты вось ідзі і спытай у чаргі па-літоўску: "Праўда, што ад віна галава баліць?" Адразу без чаргі пусцяць.

Кампанія нязлосна зарагатала.

— Уліп, — сказаў Баранаўскас са смехам.

Андрэй выйшаў.

— Добры хлопец, — сказаў Харунжы.

— А Янка, па-твойму, дрэнны? — спытаў Баранаўскас.

…"Добры хлопец" тым часам стаяў ужо ў пакоі Ліпскага.

— Што табе?

Варта было б даць яму, але Андрэй разумеў: гэта толькі падгалосак Стаўрова, Моська, якую можна перашыбіць саплёю.

— Ліпскі, прызнайся, што збрахаў.

— Ды я што, — чырвань плітамі папаўзла па лялечных шчаках Ліпскага. — Я… веру Стаўрову.

— Чаму? Авансы табе рабілі?

— Не зусім… але…

— Сумленне тваё дзе? Пэцкаць імя жанчыны. Брахаць.

Ён бачыў, што Ліпскі ачуньвае ад спуду і пачынае казырыцца. I тады Андрэй узяў яго за грудзі і, прыўзняўшы, пасадзіў на біла ложка.

— Ліпскі, - сказаў ён, — ты ведаеш, я гіджуся бойкі, мы не звяры дзікія. Але ўлічы, подласць б'юць. Сёння я стану біць твайго Стаўрова смяротным боем. За хлусню.

— Гэта яшчэ хто каго.

Заўвага была слушнай. Стаўроў быў відавочна больш узмацярэлы, чым Андрэй, важыў, нават на вока, кіло на дванаццаць больш. Сутыкніся яны проста так — ад Андрэя, магчыма, пер'е ляцела б. Але тут Андрэй ведаў, што б там ні было, ён наб'е Стаўрова, наб'е двух Стаўровых. Іначай — хоць і не жыві.

— Я стану біць яго смяротным боем… А ты, ты толькі скажы мне, ці любіш сваю маці?..

Ліпскі падумаў, што Андрэй успомніў маці не на дабро.

— Чаго ты мяне чапаеш?! Пры чым тут маці?!

— Я не аб тым. Скажы, каб пра тваю мацi, сястру, дачку сказалi нешта такое… Што б ты тады?..

Ліпскі апусціў вочы:

— Забіў бы, — глуха сказаў ён і дадаў пасля паўзы: — Я схлусіў. Я думаю, што схлусіў і Стаўроў… Пусці мяне.

Стаўшы на ногі, ён ціха падышоў да акна.

— Хочаш, я скажу хлопцам, што схлусіў? — гледзячы ў цемру, спытаў ён.

— Калі спатрэбіцца — скажаш.

…Пакой Стаўрова быў за павароткаю калідора. Андрэй пастукаў у дзверы. Магчыма, занадта гучна.

— Галавой, — сказаў раздражнёны голас.

Андрэй адчыніў дзверы. Стаўроў сядзеў на ложку ў трусах і ў майцы. Грудзі, зарослыя валасамі, былі шырокія, хаця і занадта атлусцелыя, але затое ногі, рэльефна ўкрытыя дробнымі і буйнымі мускуламі, былі застрашліва-дасканалыя.

"Калі пачне брыкацца, будзе дрэнна", — падумаў Андрэй.

Так, было ў гэтым чалавеку нешта ад звера, нягледзячы на акуляры, нягледзячы на непрыстойна прыгожае аблічча. I горш за ўсё было тое, што Андрэй аддаваў яму належнае: гэты мог мець поспех у жанчын. Гэта было дрэнна. Не таму, што Андрэй баяўся за Ірыну. Ён проста ведаў: калі хлусіць такі чалавек — яму могуць паверыць. Нават многія. Як многія вераць у яго вытанчанасць, бо вытанчаны да рафініраванага снабізму ягоны пакой.

Пакой, сапраўды, не адпавядаў паху дзікага звера, які ў ім стаяў. Забавак больш, чым у дзяўчыны. I рапіра над тахтой, зробленай з той самай сеткі, што ў другіх ляжыць на ложку.

Кола для "хула-хуп'а" (круціць кожная чарговая "дзяўчынка"), рэпрадукцыя "Гернікі", левая частка якой завешана, бо "там Пікаса парушыў унутраную дынамічнасць".

I на стале заўсёды назнарок раскрытая кніга. Месяц таму гэта былі «Метамарфозы» на лацінскай мове, вядома ж з малюнкамі. Андрэй тады паспрабаваў быў пагаварыць з гаспадаром кнігі на мове Авідзія і са здзіўленнем пераканаўся, што той цвёрда завучыў толькі два лацінскіх словы, ды і тыя — «прымус» і "аўтобус".

Андрэй не злаваўся б нi за кола, нi за Авiдзiя, каб гаспадар сумленна развiваў першым брушны прэс, а другiм — эстэтычную цягу да жанчын. Але ён на свае вушы чуў, як гэты чалавек аднойчы казаў аб "рускiм кiтаiзме", а на другi дзень распiнаўся ў любовi да радзiмы, ледзь не абараняючы баганоснасць яе людзей.

Увесь у выкрунтасах, а кнігі піша звычайныя: пра пабудову круглых цялятнікаў і іх перавагу над цялятнікамі трохкутнымі.