18878.fb2 Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 78

Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 78

— Што трэба? — спытаў Стаўроў.

— Вазьмі назад сваю плётку, — сказаў Андрэй.

— А што, можа, будзеш біцца?

— Не пэцкай iмя жанчыны. Гэта занадта лёгка.

Стаўроў не слухаў.

— Чаго ж ты тады пры ўсіх мяне не біў?

— Маглі разбараніць, — проста сказаў Андрэй. — Дык бярэш назад свае словы?

— З'ясі ты, ведаеш чаго.

— Ты хлус, Стаўроў, - сказаў Андрэй. — Ты манюка, што ваюе з жанчынамі.

Стаўроў ужо стаяў перад Андрэем:

— Зараз ты возьмеш назад свае словы. Таму, што я казаў праўду пра гэтую…

Андрэй не даў яму скончыць. Гучны ляпас аддаўся ў пакоі.

— Я цябе знішчыць хачу, сволач, — у Андрэя дрыжалі ноздры. — Такія, як ты, усё гадзяць: каханне, зямлю, праўду. Усіх вас знішчаць трэба… Бяры назад словы, дрэнь гнілая…

Гаспадар, відаць, з цяжкасцю ўсведаміў тое, што яму далі поўху. Але ўсведаміў. Праз хвіліну Андрэй адляцеў і ўдарыўся спіною аб шкляную горку з керамікай. Зазвінела разбітае шкло.

У наступны момант Стаўроў мядзведзем насунуўся на Андрэя, і Грынкевіч літаральна знік пад ягонымі ўдарамі. Ён не лічыў, што шрамы і сінякі — украса ваякі, і таму імкнуўся толькі прыкрыць твар. Немагчыма было заўтра ісці да яе з абліччам, збітым, як горкі яблык.

Тройчы яшчэ адлятаў Андрэй, але злосць не ўтаймоўвалася, але нянавісць не пераходзіла — і не магла перайсці — у баязлівасць. Ён быў спакойны. Ён толькі чакаў. Ён ведаў, што ён слабейшы, і ведаў, што ён павінен правучыць гэтага звышчалавека з яго Авідзіем.

Стаўроў шалеў. Малаціў, як па гумавай грушы, адчуваючы сябе ў ярасці гаспадаром становішча. Гаспадар становішча не заўважаў, што разбіў суглобы сваіх пальцаў. Ён малаціў.

I тут у пакой нечакана ўварваўся Яніс. З рыкам ён кінуўся быў на дапамогу.

— Назад! — крыкнуў яму Андрэй. — Не лезь, іначай і табе перападзе.

Вочы яго былі такія гнеўныя, што Яніс адступіў; дрыжучы ад ярасці, стаў глядзець. Некаторы час у пакоі чулася толькі хрубасценне шкла, хрыплае дыханне Стаўрова ды гукі ўдараў: частыя — у гаспадара, рэдкія — у Андрэя.

Яніс не заўважаў, што Андрэй гэтымі рэдкімі ўдарамі паспеў ужо разбіць Стаўрову броў, што левае вока Стаўрова ледзь глядзіць праз шчыліну сіняка, што ў яго дрэнна рухаецца ад удару ў мускул пляча левая рука. Яніс не заўважаў, што твар Андрэя чысты.

— Ды ён заб'е цябе.

— Не руш, — дыханне Андрэя было глыбокім і спакойным. — Гэтага я сам.

Зноў удары і храбусценне. I раптам, якраз у тое імгненне, калі Стаўроў занёс кулак над галавою Грынкевіча, напаўсагнутая рука Андрэя слізнула ўгору. Яніс пачуў глухі ўдар. У наступны момант Стаўроў усім целам бразнуўся на падлогу.

Гэта не быў накаўт. Раз за разам, чатыры разы ўзнімаўся «звышчалавек», але ўдар кожны раз — ён не паспяваў нават стаць на калені — валіў яго на падлогу. Урэшце ён прымірыўся з ляжачым становішчам. Толькі вочы глядзелі востра, бы ў тхара.

— Бярэш назад словы? — спытаў Андрэй.

Стаўроў маўчаў.

— Ды што ён зрабіў, нарэшце? — спытаў Яніс.

— Зачапіў Яе, — сказаў Андрэй.

— Яе? — Яніс рушыў на гаспадара. — Чакай, Андрэйка, я яму яшчэ падкіну.

— Не пэцкай рук аб дзярмо. Адыдзі… А ты прасі прабачэння…

— Чакай, — з пагрозай сказаў ляжачы.

I тады Андрэй выбухнуў:

— Ты бруд… Ты — слабенькую… Ты — слабых… Вазьмі назад брахню, іначай я яе з языком тваім смярдзючым, г….м у глотку ўваб'ю.

— Чакай, — сказаў Яніс. — Я яго падыму, каб тваё сумленне спакойным было.

Андрэй сам узняў Стаўрова за грудзі і шпурнуў на руіны горкі. Дзіка забразгатала шкло.

— Д-добра, — сказаў Стаўроў. — Прашу прабачэння.

Толькі тут стала ясна, як ён здаў, як трэсліся ягоныя рукі.

— Кажы, зманіў?

— Зманіў. Але нічога, я ўсім вам… вясёлае жыццё… А табе, Яніс, асабліва будзе. На бюро прыйду…

— Прыходзь, — сказаў Яніс. — Мы табе тады ўсім складам бюро натаўчом карак. У нас там людзі сур'ёзныя, жартаваць не любяць. У трох разрады па боксу.

— А… бабе тваёй…

— Змоўч, — збялеў Андрэй.

Невядома, адкуль узяліся сілы, але ён адарваў Стаўрова ад падлогі збялелымі на касцяшках кулакамі і пусціў на дзверы шафы.

— Мы пойдзем, — сказаў Андрэй. — Але калі ты хоць слова — мы зноў прыйдзем. Калі зноў плётка, калі пра яе — тут будзем біць удвух.

…У пакоі Андрэя Яніс, сцягнуўшы з гаспадара падзёртую сарочку, разглядаў разнастайныя па якасці і колеру сінякі.

— М-да. Рыцарства! Шкада, што ў мяне бальзаму няма, — бурчаў ён. — Гэта нават горш, як мяне на вакзале жандары білі. Там што? Там я ціхутка лёг ды і гляджу, як яны мяне прасуюць. Надта ўжо цікавы працэс. А тут… тут, брат, проста чорт ведае што такое…

Грынкевіча раптам закалаціла.

— Яніс, — хрыпла сказаў ён, — за што ён яе, гадзюка?.. Я ведаю, яна не заўсёды добрая. Змучыла мяне… Год вар'ятам хаджу, на апошніх нервах. Ведаю — часам зменлівая. Ведаю — часам гуляе са мною… Але хто мае права заўважаць гэта… акрамя мяне?.. Ніхто.

Сціснуў скроні далонямі. Сказаў ужо спакойна: