18878.fb2 Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 8

Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 8

Юрый спыніўся. Вочы яго спакойна сустрэлі позірк вачэй Леановіча.

— Тут не прысяга. Вайсковы загад не можа датычыцца жанчыны, якая вязе літасць цара свайму мужу. І той не афіцэр, хто не дапаможа жанчыне ў такіх абставінах.

— Вы яшчэ хлопчык, капітан… I як лёгка яна вас акруціла.

— У яе загад графа Мураўёва.

— Святая нявіннасць… Стары хрэн проста не можа раўнадушна бачыць жаночае хараство.

— У яе загад. I нельга гуляць жыццём памiлаванага.

На вуснах Пора-Леановіча з'явілася ўсмешка.

— Вы лічыце, што наш граф так лёгка вьшускае з пятлі людзей?

— Н-не разумею вас.

— Яму проста апрыкралі жаночыя просьбы. Яму да слёз хочацца, каб яго лічылі высакародным, каб хоць адна прыгожая жанчына лічыла вылюдкам не яго, а Фільку.

— Што?

— Ён замяняе страту пажыццёвай катаргай і пасылае жанчыну. А за дзве гадзіны да гэтага, з губернатарскай поштай пасылае фельд'егера, каб на месцы паспяшаліся.

Гораў сцяў зубы.

— Калі гэта праўда, дык ён падлюга.

— Ён чалавек, — сказаў Леановiч, — чаго ад людзей чакаць?

— Што далей? — сурова спытаў Гораў.

— Жанчына, відаць, не шкадавала грошай; яна ехала, наступаючы яму на пяты. Як яна магла зрабіць такую дарогу за сорак восем гадзін — не ведаю. Гэта трэба быць жалезным чалавекам… I ўсё ж фельд'егер вырваўся з апошняй станцыі, узяўшы апошняга каня. Ён апярэдзіў яе не больш чым на дзве гадзіны…

Твар Горава быў белы як палатно.

— Не лічыце графа дурным, — раўнадушна сказаў Леановіч…

Ён памаўчаў хвіліну. Гораў не мог болей вытрымаць.

— Дзе той фельд'егер?

— Вы самі яго перавезлі праз Дняпро надвячоркам… Гэты улан прывёз мне загад: што б там ні было затрымаць гэтую жанчыну да трох гадзін раніцы. Хопіць, каб прыняў апошнюю літасць ад папа, памаліўся апошнюю ноч і дастатковы час пагайдаўся на шворцы.

— А ў яе вечныя пакуты сумлення, што спазнілася на паўгадзіны?

— Магчыма, — сказаў Леановіч.

— Ну што ж, — сказаў Гораў, - я парушыў ваш план, — яна ўсё ж паспее. I гэта дрэнна, тое, што вы зрабілі, гэта вельмі несумленна.

— Не мне ж іх шкадаваць. Як кажуць, воўк воўку-чалавек. А вы парушылі абавязак і гонар афіцэра.

— Гонар у афіцэра не ў тым, каб быць катам, — ускіпеў Гораў. — А жанчына паспее, яна не можа не паспець.

Леановіч не слухаў яго.

— Для самазаспакаення думайце, што гэты інсургент быў крыклівы кар'ерыст, а яго жонка — распусніца.

— Гэта ганебна, то, што вы кажаце.

- Ідзіце па трупах, дарагі Гораў, ідзіце па трупах… А пакуль што…

Ён пазяхнуў.

— …пакуль што ідзіце лепей выспіцеся… Бадай што, і я пайду.

Голас і ўся яго манера былі поўныя такой усеўладнай і лянівай сілы, што Гораў адразу звяў. Неўсвядомлена, нейкімі глыбінямі душы ён разумеў, што гэты чалавек падобны на сціснутую спячую спружыну, якую лёгка выпусціць з палону, і тады яна б'е — да смерці. Няварта было рызыкаваць, раз апошняе дзеянне ўсё ж засталося за ім, Горавым. Юрый як мага спакойней паглядзеў у яго лянівыя вочы, поўныя жахлівай пагарды да ўсяго і пустаты, на рэзкі шнар паўз брыво.

— Бадай што, ваша праўда, — сказаў ён, — я добра папрацаваў сёння ў тыя дзве гадзіны, што вы спалі. Трэба адпачыць.

I ён пайшоў угору, да хаткі паромшчыка, вельмі праменькі і ладны. Пора-Леановіч глядзеў яму ў плечы цяжкім, як ртуць, позіркам.

— Хлапчыска, — сказаў ён,

…Гораў спаў да дзесяці гадзін. Калі ён, умыты, ружовы ад сну і заспакоены, выйшаў з хаты на бераг, ён убачыў Леановіча ў той самай паставе, успёртага на парэнчы паромнага прычала. Сігарка дымела ў яго тонкіх спакойных губах, быццам не гадзіны прайшлі з іх ранішняй размовы, а толькі некалькі секунд. Юрый стаў ля парэнчаў у некалькіх кроках ад яго.

— Выспаліся? — спытаў Гораў.

— Анягож, — роўным тонам, быццам нічога паміж імі не адбылося, адказаў Леановіч.

— Ну вось і добра, — сказаў Гораў, - зараз снедаць будзем. Сымон ужо і гарэлку на стол паставіў… Чаму не пагаманіць пра месца чалавека на зямлі?

Леановіч пакасіўся на яго:

— Сумленне спакойнае, чаму і не пагаманіць.

Яны моўчкі стаялі амаль поруч. Леановіч паплёўваў ваду, Гораў абдзіраў луб з ліпавага прутка.

На процілеглым беразе, над адхонам, з'явілася параконная запрэжка ў лёгенькай брычцы. Фурман, асцярожна трымаючы коней за аброць, зводзіў яе да пераправы. Колы брычкі небяспечна падскоквалі па размытых байраках каляін. На заднім сядзенні сядзеў нехта ў вайсковай форме.

— Трэба будзе даслаць салдат, каб падправілі спуск, — абыякава сказаў Леановіч. — I каго гэта яшчэ нясе?..

Зрок у Горава быў не горшы, чым у сапсана.

— Учарашні улан едзе, — сказаў ён і не ўтрымаўся: — Мазалі, відаць, набіў на паўшар'ях, як пірагі.

— Гэ-эй, — пралунаў над ракою зычны голас.

Афіцэры стаялі моўчкі. Перад імі плыла імкліва-спакойная, скаламучаная плынь. Дзень раздумаў пагодзіцца, і светлаватыя хмары віселі над безжыццёвай ракой.