18878.fb2 Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 81

Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 81

— У парк!

Андрэй торкаў яму скамечаныя грошы.

— Чалавек ты ці хто?

— А ты чалавек? Лезе пад колы! Засыпаю за рулём. Дзве змены адгрукаў… Кожны затрымлівае. Тры гадзіны таму змена другая скончылася.

У Грынкевіча калаціліся зубы.

— Я кажу табе, чуеш… Я ведаю, з ёю нешта здарылася…

Шафёр паглядзеў на яго зблытаныя валасы і па-вар'яцку спакойныя вочы. Уздыхнуў:

— Валі поруч са мной. Хрэн з табою.

— Толькі хутчэй! Хутчэй!

Машына рванула з месца. Шафёру, відаць, перадалася трывога пасажыра, таму што ён, зрэдку кідаючы на Андрэя косыя неспакойныя позіркі, гнаў «Волгу» так, што дамы ледзь не зліваліся ў шэрую смугу.

Ля дома Ірыны, калі Грынкевіч сунуў яму грошы, поўны камяк, ён асцярожна аддзяліў адну паперку.

— Хопіць.

I дадаў нечакана мяккім для такой морды голасам:

— Бывае, брат… Ты — трымайся…

Самым нясцерпным быў гук званка. Толькі націснуўшы кнопку, Андрэй зразумеў, што ўсё гэта — вар'яцтва, што зараз выбухне страшэнны скандал. Зразумеў, але пайсці не здолеў, бо сэрца ад трывогі аж выскоквала з грудзей.

Пачуліся крокі. Дзверы адчыніліся. Перад Андрэем стаяла Ганна ў лёгкім халаціку колеру асенніх лісцяў. Даючы яму дарогу, яна сказала, быццам не было нічога дзіўнага ў яго прыходзе:

— Праходзь. Яна чакала цябе.

— Што з ёю? — аднымі вуснамі спытаў Андрэй.

— Надзвычай моцны сардэчны прыпадак. Нават цэлая серыя. Я званіла табе, але цябе не было.

— Калі гэта?

— Сёння… А ты адкуль даведаўся?

— Адтуль. Яна ж таксама ведае, што я прыйду. Калі адзін увесь час думае — другі не можа не адчуць.

— Распранайся, — сказала Ганна.

— А яна не спіць?

— Яна не спіць звечара. Трывожыцца.

Андрэй зайшоў у пакой. Асветлены хворым святлом начной лямпы, вымалёўваўся на светлай падушцы закінуты твар Ірыны з цёмнымі, раскінутымі валасамі. Упершыню ён бачыў іх не складзенымі ў вузел ці начную прычоску, — і гэтая нязначная акалічнасць асабліва балюча разанула Андрэя па сэрцы. Быццам толькі тут зразумеў памеры бяды.

Ганна моўчкі выйшла. У глухой цішыні пакоя Андрэй, стоячы, глядзеў на апушчаныя веі жанчыны. Бяскроўны твар быў спакойны, і на яго глядзелі са сцен, як праз цёмную ваду, задумлівыя вочы людзей на карцінах.

Па вуліцы, відаць, прайшла нейкая асабліва цяжкая машына — нячутным, камарыным звонам адказала ёй лыжачка ў пустой шклянцы.

Усё было такім, як і ў той вечар. Толькі не было марознай папараці на шыбах. Тыя ж лікі на іконах, той жа спакой, тое ж чырванаватае святло. I тахта была тая самая.

Усё было такім самым і зусім не такім.

— Сядай, — сказала яна. — Дай мне тваю руку.

Зусім блізка ён убачыў яе распасцёртае цела, прасціну, няўлоўна ўзнятую на грудзях, бяздонныя шэрыя вочы і стомлены велікаваты рот. I гэты рот сказаў, з цяжкасцю склаўшы вусны ў сумную ўсмешку:

— Слухай. Я хачу апраўдацца перад табой.

— Нашто? — спытаў ён.

— Не ведаю, ці можна мне дараваць за ўсё гэта? I ўсё ж я прашу: даруй мне тыя словы. Даруй мне сотні такіх слоў.

— Не трэба, — сказаў ён. — Ты ж мне казала і сотні іншых слоў. Я памятаю толькі іх.

— Не, ты слухай… Не ведаю, як растлумачыць… Але я прадчувала сённяшні дзень… Мне здалося на хвіліну, што табе будзе лягчэй, калі ты будзеш успамінаць мяне з нянавісцю, а не з вечным болем… У той дзень я ўпершыню па-сапраўднаму пачула набліжэнне… Я думала, як мацней абразіць цябе…

Працягнула руку. Паклала яе на яго калена.

— Я зрабіла гэта. Але тут я ўбачыла твой твар. Бог ты мой, табе быццам нажом пад сэрца ўдарылі… Так бывае, калі паміраюць.

Павекі апусціліся.

— Я зразумела, што абразіла лепшае, што было ў мяне на зямлі… Але разумееш, я проста не верыла, што каханне можа быць і гэткім… Вось-вось, менавіта не верыла… А тут паверыла, адразу. I зразумела, што я нарабіла, што я толькі нарабіла… Пасля ўсяго, што было, такая хлуслівая здрада, такая няшчырая, дробна-жаночая подласць.

Ён нахіліўся і прыпаў ротам да яе вуснаў.

— Пацалуй мяне яшчэ, — сказала яна. — Яшчэ раз, любы. Ну вось, а цяпер слухай далей.

Перарывіста ўздыхнула:

— Я зразумела і вырашыла выкупіць усё. Мне каштавала вялікіх цяжкасцей удаваць з сябе цалкам здаровую. Ведаеш, сэрцабіцце, млоснасць. Але я прыкінулася, я ведала: іначай ён будзе шкадаваць мяне і не пакіне… Я пайшла дадому і сказала яму, што больш не магу, што канчаткова вырашыла — без гэтага кахання мне не жыць. Сказала, што пайду адсюль. Ён за апошні час усё дараваў мне. Ён баяўся страціць мяне.

Плечы яе здрыгануліся:

— Мне было вельмі шкада яго — усё ж многа і добрага было, — але я сказала, што гэта маё апошняе слова… Ён тады сказаў, ён сказаў гэта спакойна, але я ведала ўсю меру яго пакут. "Пераможаны, — сказаў ён, — што ўжо тут. Я, пэўна, паеду сам". — "Ідзі, - сказала я, — з табой больш нельга. Сумленне не дазваляе". — "Заставайся тут, калі хочаш". — "Не, ён не захоча". — "Добра, тады я дачакаюся, пакуль ён не забярэ цябе з сабою". I ён паехаў апоўдні.

— Ён мужны чалавек, — сказаў Андрэй.

— А вечарам мяне скруціла, — сказала яна.

— Куды ён паехаў?