18878.fb2
Андрэй вагаўся:
— А можа?..
— I не трэба, каб ведаў, - нечакана цвёрда сказала яна. — Не трэба, каб ведаў.
Вусны яе задрыжалі:
— Хіба не ты мой муж?
Гладзіла яго руку:
— Я хачу хоць памерцi пры табе, бедны хлопчык.
Вочы Андрэя сталі разгублена-дзікімі.
— Пакінь, — сказаў ён. — Я цябе вырву… я не дам.
— Што не дасі, - сказала яна, — тут ужо і з войскам не вырвеш. Пройдзе праз яго і возьме, калі ўжо суджана так.
— Маўчы, — сказаў ён, — я хачу, каб ты жыла. Мне без цябе будзе вельмі дрэнна. Мне без цябе нельга.
— Сапраўды так? — быццам здзіўлена спытала яна.
— Сапраўды, — сказаў ён. — Для мяне зараз добры снег толькі таму, што яго можна стрэсваць на цябе. Месяц толькі таму, што — памятаеш? — ехалі з Загорска і ты была поруч, а месяц, як на вадзе, праклаў на лёдзе сцежку, і былі вербы, і беглі пад імі цені… Нашто я сабе, калі цябе няма поруч?.Нашто мне рукі, калі я не магу абдымаць цябе? Нашто вочы, калі не магу імі глядзець у твае вочы?
Ён казаў гэта, не чуючы сам уласных слоў, не ведаючы іхняга сэнсу:
— Хохлік мой з ліхтарыкам, птушка мая сініца, агеньчык мой у ледзяную ноч, заяц мой.
Яна слухала моўчкі, з закрытымі вачыма. Потым сказала ледзь чутна:
— Добра. Відаць, тады трэба біцца. Тут ужо нічога не зробіш. Трэба.
I дадала:
— Заўтра пойдзеш у інстытут грудной хірургіі. Пастарайся неяк, можа, нават паглядзець на аперацыю на сэрцы. Скажаш потым, згодзен ці не.
— А твой стан як?
— Ты ж ведаеш, гэты асколак зарубцаваўся ў капсулу. Працэс ідзе далей. Парушэнне праводнасці — сэрцабіцце, мленне.
— Тады я кажу адразу. Аперацыя.
— I ўсё ж не спяшайся. Схадзі заўтра.
— Сёння, — сказаў Андрэй, — скора пачне днець. Зараз.
— Транспарт не ходзіць.
— Дайду пехатою. А ты спі. Табе трэба спаць.
Ён казаў гэта назнарок уладна. Трэба было пераканаць яе ў тым, што ўсё будзе добра. Чужая моцная воля павінна была зрабіць гэта. Яго, Андрэя, воля.
— Я сапраўды, бадай, засну, — сказала яна. — Я спакойная зараз.
Пацалаваўшы яе, Андрэй выйшаў. Ганна цягнула ад дзвярэй чорнага сабаку.
— Непакоіцца, — сказала яна. — Так і ладзіць вырвацца да яе дзвярэй.
— Сябра ў няшчасці, - сумна ўсміхнуўся Андрэй. — Што, гэта сапраўды можа скончыцца кепска, Ганна?
— Гэта можа скончыцца вельмі кепска, — проста сказала яна, і ў вачах яе Андрэй пабачыў слёзы.
— Ну-ну, — сказаў ён. — Не трэба. I вось яшчэ што, Ганна. Я буду ў клініцы, мне не будзе часу. Пазваніце Вайвадсу. Ён будзе поруч, калі што спатрэбіцца.
Ён выйшаў на вуліцу, напоеную свежым водарам майскай раніцы. Вуліцы былі пустыя. Толькі рэдкія дворнікі шоргалі мётламі па асфальце.
Горад пагасіў агні, і таму над ім на хвіліну з'явіліся зоры.
Ветрык часам уздыхаў, несучы аднекуль з парку водар расы і кветак.
Зоркі, самыя буйныя, чэзлі. Андрэй ішоў пад імі, і вадкае зеленаватае неба вісела над яго галавой.
Чамусьці ён успомніў магільную пліту ў старым Мядзелі, сярэдневяковую пліту. Тады беларусы любілі строіць кепікі са смерці, іранічна ставіліся да яе, не баючыся быццам ні бога, ні д'ябла. На пліце быў выразаны чалавек з шырокім разумным тварам, у вольных, відаць, тканых, адзеннях. Пад галавою яго была выразана сулея, пры баку — меч, у нагах — маленькі сабачка, падобны на карлікавага льва. Чалавек уіміхаўся быццам тым словам, што былі выразаны ніжэй сабачкі:
Тут ляжыць Іван Сямяшка.
Ў галавах гарэлкi пляшка.
Пры баку востры меч ляжыць,
У ног верны сабачка тужыць.
Ого-го, ого-го,
Што каму да таго?
Сапраўды, што каму да таго? Продкі любілі пасмейвацца са смерці. Але смерць, але прадчуванне яе — гэта зусім не смешна. Гэта агідна, брыдка, гэта варожа. З гэтым не можа прымірыцца сэрца… Леаніды адзначылі шлях прадзеда, і хоць гэтым святлейшая была ноч перад яго стратай. Іх няма зараз. Яны рэдка прылятаюць, і мы чакаем іх, такія самотныя ў цемры.
Яго, Андрэя, таксама прысудзілі да страты. Калісь. Даўно. Прысудзіла вайна, ад якой усё яшчэ часам паміраюць людзі, з якой яны ўсё яшчэ, задыхаючыся, уступаюць у адзінаборства такімі вось зеленаватымі, свежымі раніцамі мая.
Божа, пакарай іх, калі ты ёсць. Пакарай расстрэлы, пакарай атакі, пакарай іх за асколкі ў сэрцы, пакарай за слабенькія, як пялёсткі кветак, пальцы кволых жанчын, якія дрыжаць, чапляючыся за жыццё.
Божа, пакарай іх!
А калі ты смяешся там, над намі, смяешся смехам старога ідыёта, які ўзрадаваны мукамі пароды людской, яе слабасцю, слабасцю гэтых вуснаў, якія ловяць паветра, — тады сцеражыся! Сцеражыся тады, бо гэта ўжо за-над-та.