18878.fb2 Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 84

Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 84

Пасур'ёзнеў:

— Ну, вернемся да нашай тэмы. Хворая — ваша супруга?

— Яна не супруга, — сказаў Андрэй. — Яна ўсё існаванне маё.

Прафесар прыкрыў далонню вочы, а калі апусціў яе, нічога не засталося ў іх ад тых калючых жорсткіх вачэй, якімі яны былі на пачатку размовы.

— Дык, значыць, Кай хоча дапамагчы маленькай Гердзе выплакаць з сэрца асколак люстра?

— Так, — сказаў Андрэй.

У голасе Глінскага з'явілася раптам такая ўважлівая нота, што Андрэй зразумеў: з гэтага імгнення ён, Андрэй, пагарджае сабою за слепату.

— Што ж, — сказаў прафесар, — вязіце яе. Сем — дзесяць дзён мы будзем падрыхтоўваць яе.

— Што гэта такое?

— Гэта аналізы крыві, - добразычліва, як маленькаму, тлумачыў Глінскі, - рэнтген, здымкі ў розных праекцыях, замеры хуткасці кроваплыні, вянознага ціску… Ну, потым электракардыяграма.

— Што гэта?

— Запіс біятокаў сэрца. I яшчэ фонакардыяграма, запіс шумаў сэрца… Калі ёсць застоі і ацёкі, тады…

— Гэтага няма, — сказаў Андрэй.

— Ну вось, — усміхнуўся Глінскі, - усё не так страшна. Як вы хацелі б, каб яе паклалі?

— А як можна?

— Звычайна ў нас чатыры чалавекі ў палаце. Але ёсць і па адным. Па стану. Ну і часам ствараем лепшыя ўмовы. Зноў жа псіхіка. Некаторым лепей разам, некатораму калі ён адзін.

— Адну, — сказаў Андрэй. — Калi трэба, я заплачу.

Стары паглядзеў на яго здзіўлена:

— У людзях не разбіраецеся, юнача. А таму абражаеце медыцыну… Хто вы хочаце, каб рабіў аперацыю?

— Вы, — сказаў Андрэй.

— Добра. Значыцца, тыдзень падрыхтоўкi i аперацыя, ну, скажам, у чацвер вечарам.

— Дзякую вам, — сказаў Андрэй.

Ён амаль ужо выйшаў, але спыніўся ля дзвярэй:

— Прафесар, дазвольце мне на свае вочы пабачыць нейкую адпаведную аперацыю.

— Нашто вам гэта?

— Не ведаю. Але мне гэта чамусьці вельмі трэба… Я павінен ведаць.

— Я не магу гэтага дазволіць. Каб усе сваякі…

— А вы дайце мне гэтую магчымасць не як сваяку, а як журналісту.

Прафесар уважліва разглядаў Андрэя;

— Хочаце самi бачыць ступень небяспекi?

— Так.

— Добра, — з ранейшай суровасцю сказаў Глінскі. — Не магу толькі зразумець, жорсткі вы або бязмежна чуллівы. Але вы маеце рацыю, небяспеку трэба ведаць, небяспеку трэба сустракаць у твар. Відушчым. Не страусам, што хавае галаву… Крыві не баіцёся?

— Эх, прафесар, бачыў я яе. Столькі давялося бачыць!..

— Добра. Пагуляйце зараз у парку. Можаце паснедаць дзе-небудзь…

— Хіба я магу…

— А вы не распускайцеся. Яны вам яшчэ спатрэбяцца, сілы!.. А ў дзве гадзіны чакайце ў вестыбюлі. За вамі прыйдуць.

I сказаў ранейшым сталёвым голасам:

— Я дам вам магчымасць глядзець на гэта не па тэлевізары, не праз купал. Будзеце стаяць поруч з усімі… I крый вас бог траціць прытомнасць.

Памаўчаў, паціраючы свае рукі:

— А каб вам было лягчэй верыць мне — я паабяцаю вам зрабіць усё, што толькі даступна сілам чалавечым.

— Чаму вы даяце мне такое абяцанне? — ціха спытаў Андрэй.

— Я ўдавец, — ненатуральна абыякавым тонам сказаў Глінскі. — Я застаўся вельмі малады ўдаўцом. Быў урачом медсанбата недзе на тым участку, дзе параніла вашу каханую. Жонка была ў мяне медсястрой. Было гэта напярэдадні пятнаццатага кастрычніка… Бедныя апалчэнцы!.. Героі!.. Колькі іх прайшло праз мае рукі… I колькі было падобных раненняў… Магла і ваша дзяўчына прайсці калі не праз мае рукі, дык праз рукі суседа… А мы ўсе былі аднолькавыя. Усе не маглі.

Глінскі закурыў, гледзячы ў аліўкава-зялёны парк:

— Вядома, за кожнага такога, уражанага ў сэрца, кожны з нас перажываў, але неяк адхiлена. Сэрца на вайне чарсцвее, i нельга перажываць за кожнага, як за свайго… Потым прыйшлi сiбiракi… А на другi дзень пасля iхняга прыходу снарад разарваўся… А, што там… Раненне жонкi, вiдаць, было больш цяжкае, чым у вашай… Яна пражыла суткi. А я — не мог. I гэтую слабасць сваю я не забываў усё жыццё.

З сілаю прыціснуў папяросу:

— Цяпер бы я мог выратаваць яе даволі лёгка, хаця і зараз людзі паміраюць. Мы "нядрэнна пасунуліся ў гэтым пытанні…"

— Я разумею вас

- Ідзіце, — сказаў Глінскі. — Чакайце.

…Андрэй выйшаў і перш за ўсё таксама закурыў. Курыць у кабінеце ён саромеўся. Ён ішоў і думаў.

…Так, відаць, трэба было згаджацца. Глінскі — выдатны хірург. Гэта кажуць усе. Да таго ж, нясцерпна будзе бачыць павольнае згасанне Ірыны. Але ён не будзе казаць свайго слова. Ён проста раскажа ўсё, што бачыў.