18878.fb2 Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 86

Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 86

— Хадзем, Яша, — сказаў ён.

— Хадзем.

Яны прайшлі раней і таму не бачылі, як з'явіўся Яніс і папрасіў у калідорнай паказаць яму прафесара Глінскага, калі той пройдзе да аперацыйнай. Ён чакаў не больш дзесяці хвілін.

— Унь, — сказала калiдорная.

Яніс заступіў дарогу.

— Што вам? — спытаў прафесар.

— Скажыце, ці дрэннае становішча ў Ірыны Горавай? Сёння ў вас быў мой друг.

— Так, — сказаў Глінскі. — Стан цяжкі.

Увесь інтэлігенцкі глянс спаў з аблічча Яніса. Разгублены, з дрыжачымі вуснамі, ён стаяў перад доктарам, трымаючы ў руках шапку. Такі выгляд быў, напэўна, у яго бацькі, калі той прасіў урача аб візіце да хворай жонкі.

— Доктар, — сказаў ён. — Уратуйце яе. Калі вы яе ўратуеце, я ўсё жыццё кнігі буду толькі вам прысвячаць… Я… сам да вас у парабкі пайду. Толькі ўратуйце яе.

Глінскі апусціў вочы і маўчаў.

— Добра, — глуха сказаў ён. — Калі тры чалавекі так любяць адзін аднаго — тут ужо нічога не зробіш. Тут трэба зрабіць… нават немагчымае.

Р а з д з е л XXX

Андрэй нiчога не сказаў ёй, бо тое, што ён бачыў, было велiчна i адначасова страшна, быццам рабiлася недазволенае, быццам нахабна глядзелi туды, куды нельга глядзець.

Яна згадзілася на аперацыю. Сама. Таго ж вечара яны перавезлі яе з кватэры ў маленькую палату на аднаго чалавека, дзе маглі змясціцца толькі ложак, тумбачка і стол, ды яшчэ крэсла для дзяжурнай медсястры.

Палата была на трэцім паверсе. Верхавіны паркавых дрэў молада і сонечна глядзелі ў акно. Парк цягнуўся далёка-далёка, фортачка была круглыя суткі адчынена, і таму паветра ў палаце было прыемным і свежым.

Размясціліся ў кватэры Ганны: тры сябры неяк насцярожана ставіліся да кватэры Ірыны, адчувалі сябе ў ёй няёмка, а што да Грынкевіча, дык таго гэты пакой, дзе ён пабачыў яе такой хворай і слабенькай, проста гнёў.

Ключ аддалі Ганне і ўсе ўтраіх пераехалі да яе. Грынкевіч і Вайвадс размясціліся ў майстэрні, заслалі кілімам падлогу ля ног гранітнага чалавека і спалі там. Абавязкі размеркавалі так, што Ганна рыхтавала перадачы, Вайвадс бегаў па справах, а Андрэй рабіў патроху тое ці іншае, але галоўным чынам сядзеў ля Ірыны.

Яны не тужылі, прынамсі, вонкава. Нават Ганна перастала плакаць. Ім трэба было працаваць, улагоджваць усё як мага лепш. Ім трэба было змагацца за яе жыццё. Ваяваць.

I толькі ўначы туга прыходзіла і захлёствала ўсё. Грынкевіч падоўгу ляжаў з заплюшчанымі вачыма, і калі ўжо добра ведаў, што Яніс не спіць, яны шэптам заводзілі свае бясконцыя размовы.

Часам да іх прыходзіла Ганна, сядзела ля іхніх ног і пачынала суцяшаць Андрэя, заўсёды неяк так, што пасяляла ў іх веру.

Андрэй кожны дзень хадзіў на спатканне. З Яшам яны пасябравалі, зменныя медсёстры ставіліся да Андрэя з Ірынай добра: старэйшыя — як да дзяцей, маладзейшыя — як да брата і сястры.

Нават Глінскі неяк мякчэў, гледзячы ў вочы Ірыны і сустракаючы неспакойны, заўсёды заклапочаны позірк Андрэя, накіраваны на яе, чуючы яго вечныя пытанні, ці не баліць, ці не трэба пакласці вышэй падушак, ці не трэба вады.

— Я магу і сама. Я ніколі так добра сябе не адчувала. Пяць дзён не чую сэрца.

— А вы згаджайцеся, — буркнуў Глінскі. — Што з таго, што можаце? Хіба справа ў падушцы? Гэта прыемна яму, карысна вам. Ён на сёмым небе, калі можа зрабіць такое… Ганяйце, ганяйце яго — мацней кахаць будзе.

— Я вам так удзячна. I яму. Мне ўжо няма чаго жадаць… Вы ж ведаеце, як у нас усё адбылося?

— Ведаю. Мне гэты ваш латыш усё расказаў з таемным спадзяваннем, што я буду праяўляць максімум увагі… Скажу вам, што вы былі дрэннай маленькай жанчынай, якой не падушкі б папраўляць, а добра нашлёпаць.

— Прафесар, — з папрокам сказаў Андрэй.

— Нічога, — сказала яна, — прафесар гэта не ад злосці.

— Бачыце вы яго, — сказаў прафесар. — А зрэшты, хто ведае, як бы яно было, каб вы яго не мучылі?..

Узрушаны дабрынёй гэтага чалавека, дабрынёю ўсіх вакол, Андрэй заказаў па кошыку белых руж, вялізнаму, як клумба, і даслаў іх усім, хто лячыў Ірыну.

Сустрэўшы Акдрэя на наступны дзень, Глінскі ўзяў яго за вуха, як Напалеон маршала.

— Хабары, — з лютым гумарком буркнуў ён. — Хабарчыкі. А вы ведаеце, што хабарадаўца адказвае як і той, хто бярэ?

Засаромлены Андрэй пайшоў у палату Ірыны і ўбачыў, што адзін з яе куткоў завешаны прасціной, а за ім стаіць глыбокае мяккае крэсла.

— У чым справа? — спытаў ён у маладзенькай медсястры.

— Дзякуй за кветкі, Андруша… А гэта загадаў учора паставіць «стары». Сказаў, што вы можаце часам заставацца і сядзець колькі хочаце. Заставацца і на начныя дзяжурствы… I пасля аперацыі дазволіў дзяжурыць. Бо медсёстрам цяжка, яны не могуць увесь час быць поруч. А вы спраўляецеся не горш за кожную з нас. Нават больш уважліва.

— Што вы, Сашанька? Вы ўжо такая ўважлiвая.

Сашанька ўздыхнула:

— Прыемна бачыць такое. Нават трошкі зайздросна.

— Не трэба зайздрасцi, — сказала Iрына. — У яго жахлiвы характар. Ён эгаiст, iндывiдуалiст, абстрактны гуманiст, жонкалюб i спакусiцель чужых жонак…

— Ох, — сказала Сашанька.

- Ірына, — узмаліўся Андрэй. — Вы не верце ёй, Сашанька. Яна сама… У яе кіпцікі — ого!

— Ну вось, — усміхалася Ірына. — Не паспелі стаць поруч, як адразу папрокі.

Сашанька марудзіла ля дзвярэй.

— Толькі… дарэмна вы, Андруша, даслалі кветкі шэфу. З'явіўся сёння злосны. "Я, — грукоча, — яму дабро, а ён мне… Прэч гэтае крэсла. Каб следу не было".

Андрэй збялеў і ў адчаі пабег расшукваць Глінскага. Знайшоў яго ў кабінеце. Хірург паглядзеў на яго аблічча і памякчэў:

— Добра, добра, — сказаў ён, — усё застанецца. Гэта я так… Вы не думайце, Андруша, мне таксама прыемна… Шкадую, што напалохаў вас… Я ж таксама люблю кветкі. Асабліва ружы. I дзе вы іх здабылі? Масква недаравальна бедная на аранжарэі.

— З Рыгi знаёмы лётчык прывёз, — сказаў Андрэй. — Самалёт, пэўна, пахнуў, як кветнiк.

Прафесар аглядзеў Андрэя:

— Вар'ят. Жонка за вас возьмецца. Быць вам рабом да схiлу дзён. I не адчуваць рабства.

Устаў: