18878.fb2
Ён узяў яе разам з падушкай за плечы, быццам збіраўся люляць дзіцёнка. Яна прыстроіла твар на яго грудзях, паварочалася, каб было зручней, уздыхнула некалькі разоў па-дзіцячаму і заснула, бы ў гняздзе.
Трымаючы яе на руках, ён толькі тут адчуў раптам, што гэта не жанчына, роўная яму вопытам, а безабаронны дзіцёнак, адданы ў абарону яму, мацнейшаму. Лухтой было зведанне страшных дзён апалчэння, нястачы, крыўд і штодзённай барацьбы. Лухтой было тое, што не сёння-заўтра ў яе валасах з'явіцца першая срэбная ніць, што ім, нават у лепшым выпадку, застаецца якіх дзесяць — восем год маладосці. Усё гэта было лухтою ў параўнанні з гэтымі ўздыхамі, з гэтым даверлівым сном на яго руках,
Быццам не год нясцерпнага кахання звязаў іх, не месячныя іскры, не тая подлая ноч з люміналам, а гэтыя дні яе пакут, калі яна дзеля яго трымалася за жыццё. Гэты давер нельга было падмануць.
Быццам з глыбіні мінулага веку працягнулася моцная ніць і наканавана звязала праўнука расстралянага, праўнука жанчыны з цёмнымі азёрамі вачэй, і праўнучку чалавека, сэрца якога адкрылася насустрач дабрыні ў паромную, вераб'іную ноч. З веку подласці і здрады працягнулася яна ў век навальніц і надзеі, каб цягнуцца далей у нейкі новы век нязмернага шчасця, які прыйдзе, не можа не прыйсці, і да якога яны, напэўна, не дажывуць. Працягнулася і звязала повяззю неадрыўна-моцнай, амаль не жаночай ужо і не мужчынскай, а нейкай таварыскай, нейкай братняй любві.
…З гэтай хвіліны ён стаў па-мацярынску ўтрапёным у сваіх клопатах аб ёй. Шчасце было ў недасыпанні, у выдаткаванні ўсіх нервовых і фізічных сіл дзеля яе, у змардаванні, у вычарпанні ўсіх запасаў дасціпнасці і весялосці, у тым, што ён, нават заснуўшы, прачынаўся — ледзь толькі яе дыханне ставала няроўным, ледзь толькі яна паварочвалася на бок. Угаварыць яго хоць на дзень адмовіцца ад гэтага не мог нават Глінскі, і ён здаўся, пабачыўшы, якую асалоду знаходзіць Андрэй у гэтым адмаўленні ад сябе, загадаў, каб увесь цяжар пераклалі на плечы Грынкевіча, загадаў, каб сёстры заходзілі ў палату толькі па яго выкліку ды яшчэ падчас двух штодзённых абходаў.
— Ён робіць усё лепей за вас, вар'ят чортаў.
Пасля гэтага дзён не было. Было свядомае спусташэнне ў імя таго дня, калі яна ачуняе, вышэйшы нервовы пад'ём, які часам дазваляе чалавеку тыднямі амаль не спаць, сочачы за здароўем другога… Здавалася, давалі ежу; здавалася, заходзілі ўрачы; здавалася, рабілі аналізы.
Толькі часам, уначы, калі яна спакойна спала, ён, седзячы ў глыбокім крэсле, паглыбляўся ў дрымоту з адкрытымі вачыма. Гэта была дрымота, калі сон мяжуецца з явай, калі бязладныя малюнкі і сказы ніколі не прымушаюць забыць, што за акном ноч і дрыжачыя таполі, што Я н а кожную хвіліну можа прачнуцца, калі нават крэслы здаюцца нечым пачварным, тыграмі, што прыселі ад залішняй злосці на нізкія лапы.
Такое ж было і ў апошнюю ноч перад аперацыяй. Ён драмаў, і твар яго быў прасветлены, знясілены, змарнелы. Удзень ні яна, ні другія ніколі не маглі гэтага заўважыць. Уначы ён заўсёды нараджаўся з дрымоты для явы, не бясхмарна-трывожнай явы, явы замгленнай і чорнай.
На гэты раз яго заспелі.
Калі ён адкрыў вочы — яна глядзела на яго з-пад доўгіх вей. Глядзела сур'ёзна і ўважліва. На белым і ў белай хусцінцы, спакойны і вызвалены ад усяго, яе твар здаваўся тварам манахіні-царыцы з гістарычных фільмаў.
— Дык ты… вось так? — бязгучна спытала яна.
— Глупства, — шэптам сказаў ён.
— Табе трэба выспацца па-сапраўднаму, у ложку, — сказала яна. — Заўтра табе спатрэбяцца ўсе твае сілы.
— Глупства.
Зашапацелі дрэвы за акном.
— Не, — сказала яна, — не глупства. Бедны мой, бедны, што я з табою зрабiла?
I працягнула да яго руку:
— Кладзіся са мною.
— Табе нельга.
— Я ведаю. Ты проста паляжы… Выспіся.
— Табе будзе нязручна.
— З табою?
Ён лёг. Яна прынікла да яго. Шэпт прагучаў ля яго вуха:
— А шкада, што нельга. Але ж у нас усё жыццё… Спі, мой родны, спі да раніцы, мой стомлены.
Паступова правальваючыся ў дрымоту, ён слухаў яе апошнія, кволыя, засынаючыя словы. Яны былі соннымі і цёплымі, як яе цела, гэтыя словы, і таму ім нічога не трэба было саромецца:
— Я благаслаўляю жыццё за тое, што яно звяло нас, дало хаця адно… шчасце… Як ты стаміўся… Спі… Да светлай раніцы…
Абняўшы яе апошнім рухам рукі, з радасцю адчуваючы, што яна тут, поруч, ён адчуў, як сон уладна лёг на яго… У наступную хвіліну яны спалі так, як не спалі ўсе гэтыя дні.
Шапацелі змрочныя таполі за адчыненым акном. Цішыня панавала над горадам. Яны ляжалі, як дзеці, і іхнія чыстыя подыхі, змешваючыся, бязважка блукалі па спячых, спакойных тварах.
Раніцаю яны прыйшлі да свядомасці адначасова. Яны не ведалі, што за гадзіну да гэтага ў палату заходзіў Глінскі. Нячутна зайшоў, прычыніўшы за сабою дзверы, і з хвіліну глядзеў на хлопца і жанчыну, што спалі ў той самай паставе, што і звечара, інстынктыўна кожны баючыся ў сне патрывожыць адзін аднаго: рука хлопца на яе плячы, рука жанчыны — на стане хлопца. Абліччы побач. Спакойныя, чыстыя паставы целаў.
"Пашкадавала, — з нечаканай для самога сябе пяшчотай падумаў стары. — Пасунулася і дала месца, каб адпачыў. Відаць, пабачыла нарэшце, як ён звёўся, як дрэмле, амаль не закрываючы вачэй".
I, толькі нячутна зачыніўшы за сабою дзверы, даў на хвіліну пачуццям авалодаць сабой. Таму што ніхто, акрамя яго, старога, спрактыкаванага "тыгра ад хірургіі", не прадчуваў цяжкасцей, якія чакалі сёння гэтае дзяўчо. Бедныя дзеці! Няхай ужо незваротна папсута яго жыццё, але за што такое ім?
А яны прачнуліся абое, разам, адразу адчуўшы, што прасынаецца другі. Андрэй адчуваў сябе такім свежым, бадзёрым і моцным, такім упэўненым у гэтым дні і ва ўсіх наступных днях, што яму хацелася спяваць.
Ды і яна, гледзячы ў ранішні парк з яго шчодрай, дымчата-вясёлкавай расой, з яго сцюдзёна-сінімі ценямі і сонечнай лістотай ля верхавін, сказала, шчасліва ўздыхнуўшы:
— Ніколі, здаецца, так не адпачывала.
— Ну вось і добра, — сказаў Андрэй, — а то мяне сумленне мучыла. Зараз я ўмыю цябе.
— Ведаеш, — з усмешкай сказала яна, — мне нават падабаецца быць хворай. Ты ўсё робіш са мною так пяшчотна, твае рукі лягчэй за тапалёвы пух.
— Ну што ж, калі хочаш, я заўсёды буду ўмываць цябе раніцай, расказваць казкі на сон і папраўляць тваю падушку.
— Што ж, — засмяялася яна. — Ты не думай, я не такая. Я магу хадзіць, як мужчыны, і плаваць, як яны. Калі ты будзеш блукаць па дарогах з рукзаком і кіем, я табе буду верным спадарожнікам.
Залікавала птушка ў росных дрэвах, быццам адчуўшы подых роснай свежасці з надрэчных шатаў.
— Май, — сказала яна. — Глядзі, якая раса. Будзе добры-добры, сонечны дзень.
— Гэта нічога не значыць, раса, — сказаў Андрэй. — Часам, вельмі рэдка, прыкметы не збываюцца. Сёння ўвечары збярэцца на дождж.
— Адкуль ведаеш?
— Памятаеш, я табе распавядаў, як той ачмураны хлопец з Заходняй рубануў мяне… Бедны… Ён і не думаў, што падарыў мне такі барометр. Рана часам ные на непагадзь.
— Ну і добра, што дождж, — сказала яна. (Дні сапраўды стаялі занадта спякотныя.) — Дождж абмые лістоту, яна ажыве… Ах, любы, любы мой. Якое гэта шчасце, дождж!
— Ну, вядома. Вось ты ачуняеш, і мы паедзем у Сухадол. Як там дождж бяжыць па рацэ! Набліжаецца, набліжаецца. Захапіў. Кроплі скачуць, як цвікі, потым пераходзяць у бурбалкі. Вада як закіпае. А ў нас над чаўном тэнт, а ў чаўне шмат сена, пульхнага, свежага… Галава дурэе.
— Я вельмi хачу ў твой Сухадол. Абавязкова. Мы з'ездзiм на месца, дзе быў паром.
— Так. Каб нашы, тыя, што былi, маглi бачыць гэта, як бы яны ўзрадавалiся.
Андрэй гладзіў яе валасы.