18878.fb2 Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 9

Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 9

— Гэ-эй, — крычалі з таго боку два галасы, — паро-ом, па-ром, паром!

Леановiч лянiва павярнуўся да Iвана. Iван стаяў над адхонам, свежанькi, быццам усю ноч хроп у стайнi.

— I чаго наддзіраюцца? — незадаволена сказаў ён. — Бяры, Іван, трох салдат і перавязі гэтых гарлапанаў сюды.

— Хто з афіцэраў паедзе, ваша высакароддзе?

— Ніхто, — сказаў Леановіч.

…Увесь час, пакуль паром пераплываў раку, афіцэры стаялі моўчкі. Няшчыра спакойнымі вачыма яны глядзелі, як адбітак зялёнага берага, разарваны рухам парома, ляніва калышацца ў вадзе, як дрыжачых коней узводзяць на паром, як замацоўваюць калодкамі колы, як паром павольна вырастае ў памерах, набліжаючыся да іх.

I толькі калі улан падышоў і адказыраў, Леановіч спакойна кінуў недакурак сігаркі ў раку і адразу ж закурыў новую.

Улан стаяў перад ім моцны, як Геркулес, кучаравы ("Ванька-ключнік", — падумалася Гораву), з румянымі вуснамі і нахабнымі светлымі вачыма,

— Паспеў? — спытаў Леановіч.

— Так точна.

— Што новага?

— Генерал Фікельмонт выказвае вам удзячнасць за дасканала выкананы загад.

— Што? — яшчэ нічога не разумеючы, спытаў Гораў.

Улан стаяў «струнка», але з той няўлоўнай вольнасцю, якая ўласціва фельд'егерам і дазваляе думаць аб лёгкай пагардзе да «пехтуры», хоць бы і афіцэраў.

— Папа клікаць не давялося, — усміхнуўся улан, — але апошні ліст напісаў.

— Дзе была страта? — спакойна спытаў Леановіч… — Стойце вольна.

Улан трошкі адставіў нагу.

— За абвахтай, — сказаў ён. — На конскіх могілках. А палове чацвёртай.

У Горава як абарвалася нешта ўсярэдзіне. Белы, як снег, ён спытаў:

— Жонку бачылі?.

— Так точна. Спазнілася хвілін на дзесяць. Я гэта бачыў, Яна амаль да абвахты падышла, а тут на задворках як каленкор ірванулі… То яна бегла, а тут пайшла, як сонная… А гэты, вядома, яшчэ цёплы быў.

— Плакала? — спытаў Гораў.

— Не, зусім не плакала. Толькі і сказала: "Божа, пакарай іх…" Не шкадавала. Я б такую бабу, што мужа не шкадуе, — кожны дзень лейцамі б па тым месцы, адкуль ногі растуць.

— У цябе тваёй думкі не пытаюць, — суха сказаў Леановіч.

— Дазвольце ісці?

- Ідзі.

Фельд'егер скочыў у брычку. Коні пацягнулі яе на адхон, склізгаючыся капытамі і ссоўваючы ўніз чырвоны, як кроў, глей…

Потым заляскаталі паўз хату, па паплаўцу за ёю, па беразе старыка.

А потым вазок знік.

Леановіч нахіліўся над вадой і спакойна сплюнуў у раку недакурак сігаркі.

Тонкі нясцерпны звон напоўніў вушы Горава. Ён мацнеў, мацнеў. Адчуваючы, што прытомнасць знікае кудысь, Гораў варухнуў непаслухмянымі вуснамі. Голас, на яго здзіўленне, быў моцны і звонкі,

I тады, ступіўшы крок наперад, Гораў выразна адчаканіў:

— Капітан Пора-Леановіч, вы нягоднік.

Леановіч рэзка павярнуў галаву, адарваўся ад парэнчаў. Яго халодныя вочы з цікавасцю разглядалі Горава.

— Гораў, вы забыліся на туз, — холадна сказаў ён.

— Вы падлюга і нягоднік, — сказаў Гораў.

— На тры крокі… - іранічна сказаў Леановіч. — Каб разбэшчаная знатнасць не абражала нявіннасці і чысціні.

I раптам пасур'ёзнеў, на гладка выгаленых шчоках набраклі каменныя жаўлакі.

— Што ж, гэтым рана ці позна павінна было скончыцца. Мы занадта перашкаджалі адзін аднаму… Зайдзіце ў хату, вазьміце стрэльбу і чакайце мяне на сцежцы ў Турск, ля вярбы. Я вас даганю… Раю ўлічыць: мы ідзём на сяброўскае паляванне. На качак.

I спакойна павярнуўся да Горава спіной. Нават не паглядзеў на яго, калі той накіраваўся да хаты…

…Яны ішлі поруч, як сябры. Ніхто, нават вартавы ля пераправы цераз старык, не мог бы падумаць, што гэта не ўчарашнія прыяцелі, а ворагі. Леановіч дружалюбна падтрымаў Горава, калі яны ішлі кладкай.

Хата паромшчыка знікла за густымі вербамі, пад якімі ляжаў старык. Хлюпаючы балотнымі ботамі, яны ішлі далей і далей у лугі. А над імі вісела шэрае нізкае неба.

— Пойдзем да Камарына. Там зручней.

Камарынам зваўся другі старык, другое старое рэчышча Дняпра — доўгае і вузкае возера ў лутах. Яго здалёк адзначалі цёмна-зялёныя шапкі дубоў. Гораву было ўсё адно, куды ісці, ён ведаў, што гэта яго апошняя дарога, і таму ён згодна кіўнуў галавой.

Пора-Леановіч са спакойнай усмешкай сказаў:

— Біцца будзем без секундантаў. На гонар. У ваенны час за такую справу, якой мы намераны заняцца, пагражае цытадэла. Таму — той, каму пашанцуе забіць другога, не павінен шматслоўна гаварыць пра дуэль, або, як казалі продкі, двабой. Забітага — на інсургентаў.

Гораў прагна дыхаў вільготным паветрам, тым паветрам, якое ў дні жніўня выразна прадчувае раскошную цёплую восень.

Крычалі кнігаўкі, малілі аб вадзе, хоць яе досыць было на залітых лугах. I іхні енк аддаваўся недзе глыбока пад сэрцам.

— Пі-іць, пі-ць, — крычала адна, але Гораву здавалася, што гэта яна ў смяротнай скрусе плача "жы-ыць, жы-ыць".

Няўжо можна проста хадзiць па лугах, не думаючы, што чакае смерць? Вось качка ўзнялася з сiтнягоў, паказала рабое брушка. Напэўна, сэрца яе ўпала ад жаху, калi яна ўбачыла за спiнамi людзей трубкi, што вывяргаюць полымя i смерць. Адкуль ёй было ведаць, што людзi занятыя больш важнай справай.