18878.fb2 Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 96

Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 96

Бітва пры Рагнарадзі,

I чалавецтву старому

Прыйдзе паўсюль канец.

Нейкімі новымі, зусім не ранейшымі вачыма ён глядзеў за чорную раку, дзе нясмела пачыналі запальвацца першыя рэдкія агні. Ён не ведаў яшчэ, ці патрэбна ім яго крэда, яго новае «верую», гэтым агням.

Гэта будзе, напэўна,

Ранiцай яснага мая,

Тады з не крывёю паэты

Параўноўваць будуць зару.

Зброя не будзе патрэбнай —

I людзі яе зламаюць,

Героi не будуць патрэбны —

I ў бітве апошняй памруць.

I лёсам нашчадкаў будуць

Толькі кахання раны,

I толькі аднойчы мужчына

Пралье жыватворную кроў,

I шчасце будзе нясцерпным,

Бы ад сліцця з каханай,

Толькі не два імгненні,

А тысячы тысяч вякоў.

Ён усміхаўся ў цемры, а агні, пакуль яшчэ вельмі-вельмі рэдкія, шырыліся і шырыліся за ракой.

Пралескі спакойна будуць

Квітнець на светлым прадвесні,

А дзеці — гуляць жалудамі

Пасаджаных намі дубоў,

I людзям не будуць патрэбны

Мае iржавыя песнi,

I людзям не будуць патрэбны

Мой боль і мая любоў…

Думы мае загiнуць,

Думы гневу i радасцi,

Народжаныя ў пакутах

Тысяч бяссонных начэй.

. . . . . . . . . . .

Прыйдзi, маё Рагнарадзi,

Прыйдзi, маё Рагнарадзi,

Няхай забыццё, Рагнарадзi.

Прыходзь.

Наступай.

Хутчэй…

…Слёзы паліліся з вачэй адразу, нястрымна, цэлымі струменямі. I ён, без змогі стрымаць іх, упаў на траву і заплакаў так, як не плакаў ніколі ў жыцці. Ён ляжаў абліччам у траву і аплакваў свой лёс і лёс Ірыны, і яе пакуты, і чысціню яе вачэй, і рукі, якія песцілі яго валасы, і ўсё-ўсё, што магло быць і чаго ўжо не будзе: дарогі з ёю, музыку яе слоў, яе цеплыню поруч і яе радасць ад сонца, якога яна ніколі больш не пабачыць.

Потым, калі яму стала трошкі лягчэй, ён устаў. Трэба было ісці. Трэба было вярнуцца да яе, з якою не быў споўнены запавет продкаў. Трэба было супакоіць яе ў той зямлі, куды пойдзе і ён, скончыўшы шлях.

Гэты шлях толькі пачынаўся. На ім не было радасці. Была толькі праца, вайна, радкі… якім не было звароту да ранейшага.

Але на ім не было і хлусні, і абыякавасці, і боязі.

Баяцца больш не было чаго.

I ён пайшоў. Ён узышоў на гару і адтуль, з вышыні, пабачыў увесь абшар горада.

Гэты горад цяпер прачынаўся. Усё большала і большала агнёў на вуліцах. Кропля за кропляй, сотня за сотняй, яны ўзнікалі, успыхвалі, паступова адбіраючы зоры ў нябёс.

Зорнае неба сыходзіла на зямлю.

Горад прачынаўся.