19319.fb2 Лісце каштанаў - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 10

Лісце каштанаў - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 10

- Дабрэча! Ну, мы ім пакажам пільнасць.

Узяўшы з-за памыйкі рыдлёўкі і лом, мы рушылі да месца дыверсіі, ломячы сухі бур'ян.

...Штаб-пячора была сапраўды на нашай палове схілу, прынамсі, мы так лічылі. Галоўнае, ніхто з нашых не бачыў, як і калі яны яе выкапалі: мабыць, тыя сачылі, калі нікога ў двары няма, пясок адносілі некуды далей, можа, працавалі начамі.

Што праўда, адтуліна-ўваход вышынёю ў палову метра была за адрожкам узгорка і хавалася ў дрымучым нечапаным пустазеллі - хітрыя чэрці! - так што ў трох метрах прайдзі і не заўважыш. Адкрылі яе хлопцы выпадкова і толькі таму, што "падвальныя" перамудрылі: надумалі ставіць непадалёк вартавога, які датуль стырчаў у нас на вачах, аж пакуль хлопцы не зацікавіліся гэтай акалічнасцю.

Мы ўпаўзлі ў пячору на жываце, і толькі там Карл запаліў нямецкі ліхтарык. Добры быў ліхтарык, з чырвоным і зялёнымі шкельцамі. Пры жаданні можна было пасылаць святло барвянае ці смарагдавае.

Пячора была досыць вялікая: метры тры на тры і вышынёю каля двух метраў. Столь умацаваная крапежам: аполкі, падпёртыя слупамі. Бярвенцы-лаўкі і стол-скрынка. У куце драўляныя карабіны, два самапалы і дзве нямецкія патронныя бляшанкі: адна сапраўды з патронамі, а другая з "макаронамі", нямецкім порахам.

- Угм, - сказаў Раланд. - Бач ты, да чаго яны ўжо дакаціліся. Самапалы ў ход пускаць думаюць. Гэта ж не сумленная бойка, не кулакі. Гэтак жа і вочы выпаліць чалавеку можна.

На сценцы вісеў груба намаляваны план нашага двара і самаробны плакат. На плане былі тры стралы, накіраваныя ў бок нашых дамоў і ніжняга двара. Стрэлы вялі праз памыйкі, штабелі дошак, дахі дрывотняў.

- План разраблялі, гады, - сказаў Карл.

На плакаце былі намаляваныя мы. Вядома, у пачварным выглядзе, так што здагадацца аб тым, хто ёсць хто, можна было толькі па вопратцы і па надпісах пад нагамі кожнай фігуры.

"Падлягаюць адплаце за злачынствы супраць мірных дзяржаў: Падвальнай, Пірагоўскай, Чкалава і іншых. Пасля немінучай перамогі будуць несці адказ перад народам. Крывавы дыктатар Раланд Дзмітрэнка - акунанне ў бочку для дажджавой вады (на задворках, за дрывотнямі) да непрытомнага стану з паследуючым выцверажэннем пры дапамозе хвастання крапівою і забаронаю на векі вечныя хадзіць вышэйпамянёнымі вуліцамі (якія складаюць неад'емную частку нашай дзяржавы), нават калі пашлюць за газай".

"Нямецка-фашысцкая морда Карл..." Далей ішлі пакаранні ўсім нам. Мне "суд народаў" прысудзіў туга напхаць крапівы ў порткі і звязаць рукі, каб не вызваліўся ад яе, аж пакуль не дабягу да людзей.

Ніжэй гэтых фігурак ішоў буйны надпіс:

"Наша справа справядлівая - перамога будзе за намі! Раздушым ніжнедворскую гадзіну ў яе ўласным бярлогу!"

- Бачылі? - спытаў Ролік.

Бледны як палатніна Карл здзёр са сценкі абодва аркушы. Скамячыў.

- Ну, гадаўё. Я ім "нямецка-фашысцкую морду" пакажу. Бач ты, што яны нам рыхтавалі. Сутаргава зглынуў нешта:

- Я, хлопцы, раней і не хацеў. Што, думаю, - дзіцячыя гульні! Недагулялі дзецьмі, то... Але думаў: несур'ёзная гэта справа. Кожны з нас пекла прайшоў. Але цяпер буду біць іх. Усур'ёз. Таму што дай такой свалоце волю... Гэта ж капо растуць, паліцаі пры зручным выпадку, дзярмо.

- То што? - спытаў Жэнька. - Развалім проста? Разбурым?

- Э, не, - падумаўшы, сказаў Ролік. - Цяпер, пасля такога, гэтага ўжо мала. Тут выбух патрэбен або хаця падабенства. Трэба ім феерверк учыніць. Навум, Карл - за мной. Да паваленага плота. Трэба трэскі, дошкі, пара бярвенняў. Васілько, лезь наверх і прабі пару дзірак.

- Дзеля чаго?

- Дзеля цягі.

Я палез наверх і пачаў лупасіць ломам, выварочваць камяні, выграбаваць рыдлёўкай зямлю і жвір. Я працаваў і чуў, як хлопцы, сапучы, валакуць праз дзядоўнік, дурман і беляну бярвенні ад старога, чорт ведае колькі год назад паваленага плота. Лом ужо чатыры разы правальваўся ў пустату, і ўрэшце я вырашыў, што досыць.

Пасля мы насыпалі на падлогу пячоры трэсак, а на іх паклалі штабелем дошчачкі. Раланд развязаў хатулёк і высыпаў з яго дзесяткі тры цыліндрыкаў з тэрмітам (у нас асаблівым шыкам лічылася чыркаць запалкай менавіта аб тэрміт вось у такім бліскучым бардова-карычневым цыліндрыку, а не аб пачак).

- Каб гарэла зырчэй, - растлумачыў ён.

Паўзверх дошак мы нацягалі бярвенцаў.

- Патроны возьмем? - спытаў Навум.

- Патроны самі знойдзем, - адказаў Ролік.

- Правільна, - сказаў праз зубы Карл, - яшчэ рукі іхняй зброяй, поскуддзю гэткай, пэцкаць.

Мы клалі бярвенцы і на кожны новы іхні слой рассыпалі па некалькі жменяў пораху і патронаў.

- Слухайце, - сказаў Навум, калі скрынкі былі амаль апарожненыя, - тут яшчэ дзесяць... пятнаццаць... дваццаць чатыры ракеты.

- Валачы іх сюды, - сказаў Ролік.

Праз дзіркі, што прабіў я, мы засунулі ў штаб-пячору яшчэ некалькі пацурбалкаў і паленняў і туга ўвапхнулі між іх ракеты. Старчма. Капсулямі ўніз.

Пасля спусціліся да лазу, пхнулі ў яго паперы, паклалі на яе, разламіўшы, цыліндрыкі, буры тэрміт.

- Падпальваць, ці што? - спытаў Навум.

- Э, не, - сказаў Ролік і дастаў з кішэні мятровы кавалак шнура, - без бікфорда - гэта, хлопцы, будзе непарадак. Трэба з бікфордам. Каб усё, як у сур'ёзных людзей.

- Ну, а калі яны тут пасля ачысцяць? - спытаў я.

- Эге, палезуць яны на пузе, калі тут вуголле ды куродым будуць. Ручкі пашкадуюць. І потым невядома яшчэ, што з гэтага нашага пірага з начынкай будзе.

Ён адрэзаў кавалачак шнура даўжынёю сантыметраў у пяць і прысмаліў. Некаторы час здавалася, што шнур не гарыць, але потым з канца вырваўся накіраваны, нібы ў паяльнай лямпе, прагны язычок полымя.

- Парадак. Прыдатны.

Канец шнура падсунулі да тэрміту, абклалі ўсё гэта паперай і порахам, вывелі другі канец вонкі, і Ролік запаліў запалку.

- Ну, з богам.

Мы адышлі ў цёмны кут паміж трыма "шанхаямі", узлезлі на дах пуні і сталі чакаць. Спачатку нам здалося, што ўсё дарэмна, што тэрміт і папера не загарэліся, але вось з верхніх дзірак спачатку тонкімі струменьчыкамі, а пасля ўсё мацней, таўсцей паваліў белы нават у цемры дым.

- Пайшло, - са здавальненнем сказаў Ролік, - зараз як пачне пластаць.

"Пластаць", сапраўды, пачало. 3 бліжняй дзіркі вырваўся раптам слуп полымя, і ў тую ж хвіліну глуха ляснуў стрэл. За ім другі, трэці. А потым над узгоркам з шыпеннем узляцела невысокая ракета, заліўшы фасфарычным святлом узгорак, двор, дамы, зеленаватыя твары людзей у адчыненых вокнах.

- Нічога, хлопчыкі, нічога, - кідаў Ролік, - вось ім, вось.

Страляніна ўсё мацнела. На гэты раз стралялі пачкамі. 3 аддушын раўло і клубамі несла іскры. Мы заўважылі, што ля муроў з'явіліся людзі. Падыходзіць баяліся, але стаялі і глядзелі. Толькі некалькі чалавек насмеліліся падысці бліжэй. Я заўважыў чалавека ў белай сподняй сарочцы, расхрыстанай на грудзях. Трымаючы ў руцэ сякеру, ён стаяў і непаразумела глядзеў на агонь, на іскры, на ракеты, што часцей і часцей уздымаліся над узгоркам.

Непадалёк ад нас адчынілася адно акно, другое.

- Што такое? - спытаў старэчы голас.

- А чорт яго ведае, - адказаў бас. - Бандзюгі нейкія, пэўна. Мо не падзялілі чаго?