19319.fb2 Лісце каштанаў - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 16

Лісце каштанаў - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 16

І сама выхапіла ў яго з-за пазухі бутэльку.

- Гэта чаго? - варожа і непаразумела спытаў Раланд.

- Наліўка вішнёвая. Сама яшчэ тады зрабіла, летам. Думала, перад дарогай, на шчасце. Вы ўсё ж хаця і шкодныя, і злосныя, і высакародства ў вас, прабачце, ніякага, хаця і кепскаватыя, а ўсё ж мужыкамі лічыцеся... будучымі. Што ж, давайце, піндзюры, так зробім: распіваем адвальную, а тады гаршчок аб гаршчок і... вы сваёй дарогай, Карл сваёй, а я - сваёй. Нічога, дарог шмат, кудысьці ды прыйдзем, а рукі паўсюль спатрэбяцца.

Карл зірнуў на яе. Нонка стаяла, прыхіліўшыся спінаю да ствала дзікай вішні, незалежна скрыжаваўшы падрапаныя ногі. Карл уздыхнуў, пайшоў да Раланда і працягнуў яму руку.

- Гэта яшчэ чаго? - Ролік глядзеў на яго сурова, спадылба.

- Мір, - проста сказаў Карл. - Мір, бо яна сказала, што дурні тыя, хто сварыцца. Мы з табой дурні... Бо яна...

- Гаваркія вы, мужыкі. Красамоўны вы народ, арлы вы нашы. Проста... як варэнікі. Глядзець люба, асабліва на Карла з Раландам. Усё дабіваліся: скажы ды скажы. І прыгожа так гаварылі: "3 кім дружыць хочаш?.." А я, калі хочаце ведаць, ні з кім з вас дружыць не хачу. Я з іншым дружыць хачу.

Усе сядзелі прыгаломшаныя.

- Ну, то што? Цяпер мір? Няма чаго вам адно на аднаго гыркаць. Мір? Падайце рукі адзін другому.

У Лізкі вочы былі на мокрым месцы. Цяпер - ад радасці.

- Раландзік, даражэнькі, ты ж добры. Кінь злавацца. Карлуша, ты ж такі - ну, самы найлепшы. Ну, няма ж прычыны. Ну, даруйце кожны другому. Ну, рукі... рукі. - Вочы яе малілі.

- Па-мойму, дык нават... дзеля карысці справы, - буркнуў Багдан.

Лізка кінулася Роліку на шыю. І тут я ўбачыў, што Фінеес часта-часта заміргаў.

- Мірыцеся, басякі, - сказаў ён дзіўным, такога я не чуў ад яго, глухім голасам. - Мірыцеся. Ну, падумаеш, ну, усім кепска. Каму, пытаюся я, на гэтай круглай зямлі добра? - І выбухнуў: - Падайце рукі, сволачы! Хаця б дзеля мужычай дружбы, залатаротцы вы.

Яму было нявесела: краёчак рота ўздрыгваў. Мне таксама было пагана.

- Ну, рукі. Усе - рукі, - сказаў я.

Рукі нашы сустрэліся.

- Ну вось, - сказала Нонка. - І каб ніколі не сварыцца.

Раланд разгроб жар і выкаціў адтуль абвугленыя скруткі. Зняў, здзьмухнуў спачатку голы чорны попел, потым чорную ломкую паперу. Потым карычневую. Потым разгарнуў белую.

Рыбы ляжалі там, нібы ў гняздзе, усе залітыя ўласным тлушчам, бронзава-чырвоныя, ільсняна-белыя на зломе. Парылі. Курэлі.

- Ешце, - сказаў Дзмітрэнка. - Карл. Нонка.

- Не лавіў, то чаго я есці буду? Не заслужыў.

- А ты горды, Карл. Гэта добра, што ты горды. - І вызверыўся: - Еш, тварына басурманская ты, а то так адпрасую, што...

Пасля гэтага выбуху яму палегчала. Расплюхаў гнеў. Карл усміхнуўся і ўзяў рыбіну. Бутэльку пусцілі па крузе. Кожны рабіў глыток з рыльца, і хутка ўсім стала весела, захацелася смяяцца і быць добрым да ўсіх. Мы ўпершыню пілі нешта мацнейшае за ваду. І ўсе вакол былі дужа смешныя і родныя.

- Што ж вы, хлопцы, мяне не пытаеце... а з кім я дружыць хачу? - сціснутьм нейкім голасам спытала Нонка. І раптам развесялілася. - Ну, хто ён, той... які...

- Хто? - з поўным ротам спытаў Багдан.

- Ды вы яго добра ведаеце. Ён мяне кахае.

- Дык хто? - з холадам у душы спытаў я.

- Хто? - Мне здалося, што яе вочы зусім не такія вясёлыя, што яны не смяюцца, што яны хутчэй... І калі гэта называецца смехам, то што тады такое плач? - Ды ты. Ты, дурань мой гаротны, небарака мой. Ты.

Здаецца, я страціў прытомнасць. Ад слова - першы і апошні раз у жыцці. Пасля я адчуў, што мяне трымаюць за плечы, што нехта торкае мне ў зубы рыльца... Калі я ўзняў веі, вочы мае сустрэліся з яе вачамі. Позірк гэтых вачэй быў насцярожаны, уважлівы і, нечакана, вельмі сур'ёзны. Глыбокі, дапытлівы, нібы яна ўпершыню бачыла мяне.

- Гэх ты, баба, - сказаў Багдан.

За глыбінёю, за шкадаваннем і дапытлівасцю я падсвядома адчуваў у гэтых вачах боль. Але нават каб гэтыя вочы адкрыта хлусілі - я б паверыў. Мне так хацелася верыць! А яна скаланула галавой, кінулася да агню і засакатала, як заўсёды:

- Ён мне сказаў пра гэта, - рука яе лягла на маю. - І, дурнік такі, не зразумеў, што я ж яму адказала, што я радуюся. Не магла ж я так проста адказаць: "Давай..." Ну, я і маўчала, думала і вось... Таму і вам не хацела нічога казаць. Усё думала, ён абдумаецца, яшчэ раз скажа. А ён, дурны, маўчыць, паверыў. Такі дурашны. Сам разумны, а галава дурна-ая.

Карл і Раланд пераглянуліся. Пасля Карл зарагатаў. Ролік глядзеў на яго непаразумела, нібы не верачы, і раптам прыяднаўся да сябра:

- Ну, гер Канецкі, - ён рагатаў да слёз. - Ну й доўбні.

- Ну, давай лапу, ці што... Ухажор... Аўтух з Чокалаўкі.

- Дый ты...

Але я не думаю, каб у гэтым нястрымным смеху не было ноткі горычы, і прыкрасці, і лёгкай пагарды да сябе.

А яе рука бязвольна ляжала ў маёй, як нежывая, і вочы былі па-ранейшаму не тое што халаднаватыя, а адлучаныя, і толькі калі яна пераводзіла іх на Карла ці на Раланда - ледзь бачна ўздрыгвалі веі. Але гэтага ніхто не мог бачыць, акрамя мяне. Яны не мелі майго зроку, абвостранага несамавітай любоўю і нясцерпньм болем.

Я нібы адразу пасталеў, нібы ў адну хвіліну стаў дарослым. І я зразумеў усё да самага дна ў гэтай дзяўчыне. Я зразумеў: адным ударам яна памірыла ворагаў, аднавіла кампанію і сваё месца ў ёй, месца нашай атаманшы і каралевы, уваскрасіла план, якім мы жылі, ды яшчэ адначасна, за адньм разам, ашчаслівіла мяне, здаровага боўдзілу, даўгалыгага дурнога дылду. Яно ўмела разлічваць, гэтае дзяўчо, і яно выбрала аптымальны варыянт, пакінуўшы дрэннае толькі адной сабе.

І хаця я ўсё гэта зразумеў і пагарджаў сабою і ёй - я ў глыбіні душы сапраўды быў шчаслівы і нават заспакоены. Гэткая жывёла!

...Абмеркавалі план заўтрашняга паходу. І таму, што ўрэшце рашыліся - неяк пуставата і трывожна было на душы. Нібы смактала нешта. Збіраліся было ўжо і разыходзіцца, але тут здарылася прыкрая, брыдкая гісторыя, якая канчаткова сапсула гэтую нашу апошнюю "мірную" бяседу.

Вогнішча дагарала ў сутонні. Цягнуўся над закінутым, нікому не патрэбным велатрэкам шызы дым. Вечарніца загарэлася, пачала пералівацца над спаленым кутнім домам.

- Старажытныя лічылі, што гэта не адна зорка, а дзве, - сказаў, як заўсёды не да месца, інтэлігентны Жэнька. - Тая, што раніцай, - гэта Венера, ранішняя зорка, а гэта вось там, - гэта Веспер.

- Ой, - сказаў Раланд, - адкасніся ты, Яўген, са сваім Весперам. Тут іншае мучыць.

Цёмныя вочы ягоныя ад пашыраных зрэнак яшчэ больш пацямнелі. Хмурыя, нейкія пакутліва-нядобрыя і... вінаватыя.

- Вельмі я вам непрыемную рэч сказаць хачу. Прабачце, хлопцы, але сказаць лепей зараз. І ты прабач, Ліза, даражэнькая...

- Што такое? - з яе твару збегла фарба.

Ролік, хаваючы вочы, сказаў. Не ёй, а нам.

- Лізу не трэба браць, хлопцы. Нельга.