19319.fb2
- Зноў ты тут, - з прыхаванай пагрозай сказаў Багдан. - Зноў вяжашся.
- І не да цябе. І зусім-зусім не да цябе. Мне унь на гэтага, пляменніка, зблізу паглядзець хочацца. А месца тут ты не купіў, не купіў, кажу.
Багдан цяжка ўздыхнуў. Хлопцы паціснулі плячамі, нібы пакарыліся лёсу. А яна села насупраць мяне, абхапіла падрапанымі рукамі падрапаныя каленкі і стала бессаромна разглядаць, схіляючы галаву то на адзін, то на другі бок. Засталася, відаць, збольшага задаволеная.
- Я Нонка Юніцкая.
Калі Ролік і Багдан гаварылі на гарадской украінскай, а Жэнька - на рускай мове, хаця і са значным украінскім акцэнтам, то ў гэтай была ўвогуле не мова, а чорт ведае што. Гэта быў той паўдзённы жаргон, на якім гамоняць вялікія чарнаморскія партовыя гарады. Я не маю ні сілы, ні ўмення, ні, шчыра кажучы, жадання перадаваць усе гэтыя тропы, ідыёмы, усю безліч жывых інтанацый. Ды гэта і немагчыма, таму што больш за словы гралі тут паўдзённыя жэсты, міміка, рухі ўсяго цела. Гэта было - жах як "па-малдаванску" і дзіўна, жах як прыгожа.
Дый тып яе, калі разабрацца, быў дзіўны. Тут табе і ўкраінская і малдаўская, а можа, і кропля цыганскай крыві (я пераканаўся ў гэтым, калі пазней убачыў, як яна танцавала).
- Гэты самы, замучыў ён цябе пытаннямі. - І з чыста дзявочай логікай адразу ж спытала: - Біцца ўмееш?
- Нонка, - пагрозліва ўзвысіў голас Раланд. - Глядзі-і. Хто тут атаман?
- Хе. Тэж мне, Раланд - атаманд.
- Цыц, - Ролік ліхаманкава стараўся ўтрымаць у руках свой скіпетр. - Тут я пытаю. Страляць, бегаць умееш?
- Угм.
- Плаваць?
- Збольшага.
- То ходзімо на Дніпро. - Ролік устаў, пакінуўшы, такім чынам, апошняе слова за сабой.
Мы ішлі вуліцамі пустога горада, і рэдкія прахожыя здзіўлена глядзелі на нас: цуд боскі, такая вялікая група падлеткаў. Мусіць, так, са здзіўленнем і лёгкім пабойваннем глядзелі мірныя жыхары Парыжа на вясёлых мушкецёраў, якія вярталіся з начной папойкі.
Усю гэтую мушкецёрскую баладу псавала толькі Нонка. Ніхто, вядома, і не падумаў узяць яе з сабою, але ніхто і не падумаў забараніць цягацца за намі. Гонару зашмат - звяртаць увагу на дзяўчо. І вось яна цягнулася за намі кроках у дзесяці і насвіствала нешта "старарэжымнае", накшталт: "Алёша, ша! Возьми полтоном ниже, к чему Одессу-маму вспоминать?"
Мяне заўсёды здзіўляла, адкуль Чарлі Чаплін узяў гэты матыў, каб на яго аснове стварыць музыку для сваіх "Агнёў вялікага горада"? Можа, ад нейкага п'янага марачка-адэсіта ў партовым шынку?
Мы не звярталі на Нонку ўвагі. Ролік усё яшчэ быў ва ўладзе сваіх цяжкіх думак:
- На фронт цяпер трапіць - і думаць няма чаго. Бацькі падымуць хай. Зловяць, адправяць назад пад цёплы радзінны дах. Гэта яны ўмеюць.
- То што?
- А вось, кажуць, банды ў Заходняй Украіне ходзяць. Вось уцячы б, ды ў "ястрабкі".
- Табе "ўцячы", а мне, відаць, так і так гэтым займацца давядзецца. У сябе. Там, - сказаў я.
- Дый тут не дужа ўцячэш, - уздыхнуў Дзмітрэнка. - Вернуць і адтуль, як з фронту.
- Так, - сказаў я, - абклалі, як мядзведзяў. Выхаду, бадай што, і няма.
- Чаму няма? - загадкава ўсміхнуўся Ролік. - Як пашукаць, то заўсёды яго знойдзеш, выхад.
І раптам кінуў:
- Варочай, хлопцы, на Уладзімірскую. Пройдзем паўз універсітэт. - І толькі тут "звярнуў увагу" на Нонку. - Чаго ты цягнешся? Чаго цягнешся, кажу?
- А я не за вамі, сокіл ты мій, - Нонка ўсміхнулася краёчкам рота, паказаўшы некалькі снежных зубоў. - Я гуляю. Вуліца не твая. Куды хачу - туды іду.
Багдан шумна ўздыхнуў:
- Такая ўрэдная, зараза. Вось спаймаю неяк.
Нонка, відаць, слухала. Таму што амаль адразу пачала нешта ціха мармытаць, прыстукваць падэшвамі сандаляў, а потым перайшла на лёгкую, вельмі спрытную чачотку.
- Тожа мне півоня, - буркнуў Багдан. - Пустазелле ты. Піво-оня!
- Анягож!
- Ды кінь ты яе, хай хваліцца, - сказаў Жэнька.
І растлумачыла:
- Такія тоўстыя, лянівыя, белыя, бы ў смятане.
- Ой, вушы надзяру, - сказаў Ролік.
- А ты спачатку наздагані.
Я ачухацца не паспеў, як Ролік нечакана вертануўся і кінуўся на гэтае злашкоднае стварэнне. Гэта было так нечакана, так бліскавічна, што я раз і назаўсёды зразумеў, якая імгненная рэакцыя, які імпэт тояцца ў гэтым нязграбным на выгляд целе.
Ён ужо выцягнуў руку, каб схапіць, але Нонка таксама крутанулася, выслізнула, і тут яе нібы з цецівы спусцілі: ляцела стралой, вялізнымі скачкамі, закінуўшы галаву, выпнуўшы ледзь абазначаныя грудзі. Шакаладныя ногі мільгалі з такой хуткасцю, што рухі іхнія, здавалася, цяжка было заўважыць. І хаця Раланд таксама бег так, як рэдка бегаюць хлопцы - амаль адразу стала ясна, што гэтую казу яму не дагнаць. Урэшце ён гучна затупаў нагамі на месцы і пайшоў назад.
- Чорта яе дагоніш, - прысаромлена сказаў ён. - Ляціць як куля. І на Падвальную адна ходзіць, і на яўбаз. Не баіцца. І ніводнаму з тамтэйшых хлопцаў яе ані разу злапаць не ўдалося.
...У густых шатах каштанаў стаяў пахмуры бронзавы Тарас і глядзеў на чырвоную каробку універсітэта. Толькі каробка ад яго і засталася. Агонь злізаў месцамі новую даваенную фарбу, і з-пад яе праступала старая, "бычыная кроў", якой Мікола І калісьці загадаў пафарбаваць універсітэт "за мяцежны дух": яскрава-чырвоная, нібы мокрая, як кроў.
Праз пустыя вачніцы акон мірна і ласкава ззяла сіняе неба канца ліпеня.
Дзверы - правал дзвярэй - і вокны ніжняга паверха былі густа заплецены калючым дротам.
- Мы сюды прыйдзем міны шукаць. І бомбы, - сказаў Ролік. - Яны ўжо такія, без стабілізатараў, без усяго. Але корпус і іншае ёсць. Мы выбухоўку выплавім у кіпетні, сфармуем, запалы ёсць. Мы ім уначы, каб ахвяр не было, учынім лазню... Яны, гады, на нашым участку схілу сабе штаб-пячору выкапалі. Часавыя ўвесь дзень стаяць.
І тут мы пачулі ззаду тупат. Азірнуліся і ўбачылі Нонку, якая ва ўсе лапаткі лупіла ў бок бульвара. Пасля да нас даляцеў скрогат, дробны звон, нейкае брынчанне.
- Трамвай! - крыкнуў Жэнька. - Во пашанцавала!
Мы прыўдарылі за Нонкай. Сапраўды, злева, страшна гайдаючыся, калоцячыся дробнымі дрыжыкамі, надыходзіў брынклівы, аблуплены трамвай. Нонка ўжо стаяла ў тамбуры і, подлая, прадавала зубы.
Мы беглі за трамваем, наздаганяючы яго, хапаліся за парэнчу, набіралі хуткасць і скакалі на падножку. Апошняму, Багдану, давялося падмагаць, падцягваючы за каўнер.