19319.fb2
Сёй-той з нас стаў на адзін бок, сёй-той - на другі. 3 такой цяжкасцю скляпаны "інтэрнацыянал" развальваўся на кавалкі, трашчаў па швах. І дзіўна, нам неацэнна дапамагла малая, слабенькая Лізка, якую ніхто з нас не браў усур'ёз.
Справа пачалася з таго, што запалы нашы, як выявілася, былі нікуды не вартыя. Тол быў, але толам, як вядома, можна хоць печку паліць. Адзін тол - глупства.
Мы не асабліва засмуціліся. Па нядзелях на яўбазе можна было купіць усё - ад рыбалоўнага кручка і ледзь не да буйнакалібернай гарматы. Мы ведалі там аднаго дзядзьку, у якога можна было дастаць і запалы, ён прадаваў іх на прадмет глушэння рыбы. Але грошы ў нас павінны былі з'явіцца толькі праз два тыдні (мы, нягледзячы на ўсю нашу пагарду да такіх людзей, памаглі аднаму "фраеру" перавезці ягонае багацюшчае абсталяванне, усю гэтую мэблю, карціны, бронзу на новую кватэру: старая яму, бачыце, не зусім падабалася, а кватэр у горадзе было - хоць носам жары). А чакаць два тыдні было нельга: "падвальныя" каапераваліся з Пірагоўскай вуліцай і пачалі падымаць хвост. Было вырашана іхнюю штаб-пячору проста разбурыць. А для гэтага трэба было ўзяць у Карла, праўдзівей, у кульгавага дзядзькі Тараса, у якога Карл быў на выхаванні, лом і дзве рыдлёўкі.
І вось калі мы праходзілі паўз Карлаў флігелёк, Лізка раптам сказала мне і Навуму:
- То зойдзем? Зойдзем - зойдзем. Ты што, Навуме, баішся?
Навум успыхнуў і рашуча пайшоў за намі.
...Два пакойчыкі былі абстаўлены вельмі сціпла, каб не сказаць бедна. Самаробныя тапчаны, табурэткі і стол (дзядзька Тарас быў і сталяр, і цесля, і шавец, і жнец, і ў дуду ігрэц). У кутку ля дзвярэй нізенькі столік, і на ім шавецкія нажы, капылы, тэксікі ў бляшанках і ўсё такое. А на сценах два ўпрыгожанні: маслам пісаная аблупленая карціна, відаць, вельмі старая, бо на ёй амаль нічога нельга было распазнаць, так нейкія рукі і ногі - і павялічаная фотка ў светлай рамцы. А на ёй светлавалосы хлопчык у вопратцы са "шмайсэрам" на шыі. А на ватоўцы два медалі. Нахмураны, значна больш дарослы, чым цяпер, Карл.
Мы стаялі крыху ашаломленыя. Лізка, што праўда, і раней спрабавала была заводзіць гаворку пра "партызанку", але Карл заўсёды яе перабіваў: "гэта не да справы", "змоўч, Ліза" або "гэта іх не датычыцца". Урэшце, што было дзівіцца? І я быў сувязным у атрадзе. І Ролік выконваў у горадзе сякія-такія даручэнні. Але тут...
- Што за медалі? - хаваючы вочы, спытаў Фінеес.
- "За адвагу", - нядбала сказаў Карл, выносячы нам "орудия труда".
І ён не прыкідваўся. Ён сапраўды сказаў гэта нядбала, як аб нечым не вартым асаблівай увагі. Мы выйшлі і, адышоўшыся крыху, селі ў бур'яне, як пабітыя сабакі.
- Расказвай, - сказаў я Лізцы.
- Я не дужа ведаю, - тоненька і вінавата сказала яна. - Ён аднекуль уцёк, прабраўся цераз фронт. Прыстаў да партызан... пашанцавала адшукаць. А пасля рэйд быў. І ён з гэтым рэйдам быў і ў тваёй Беларусі. А за што медалі далі - ён не расказвае...
- Пэўна ж, было за што, калі далі, - сказаў я.
- А пасля, як нашы прыйшлі, дзядзька Тарас узяў яго. У дзядзькі ўсю сям'ю немцы пабілі.
У мяне ў сэрцы накіпала злосць на Навума і, яшчэ больш, на самога сябе.
- Т-так, Навуме, - сказаў я.
Я рос у невялікім гарадку, і мы, дзеці, гулялі ўсе разам, і пры выпадку маглі ўзаемна перакінуцца сотняй-другой беларускіх, рускіх, татарскіх, яўрэйскіх слоў. У дзяцей гэта хутка. Акрамя таго, бацька ў аднаго з нашай банды быў калісь рабінам, але расчараваўся. І таму я, не ў змове стрымацца, сказаў:
- Ты ведаеш, што такое па-старагебрайску "фінеес". Гэта азначае "медны рот". Вось гэта якраз ты. Крычыш ні з пушчы, ні з поля, дурань маляваны.
Мы сядзелі ў сакрэце: Карл, Навум і я. Лета хілілася да восені, але ночы яшчэ былі цёплыя-цёплыя, можна без сарочкі хадзіць. І вось мы сядзелі ў зарослай варонцы ад снарада, і калені нашы сутыкаліся (я ведаў, што Раланд незнарок паслаў у сакрэт Карла і Навума, і мяне ў якасці згодніка; ён цяпер часта рабіў такое), а вакол утрапёна сакаталі конікі і цыкадкі, а над намі нябачна для вока каціліся сузор'і, якія зрэдку перакрэсліваў патаемны лёт кажана.
Мае паехалі, Карл і Навум былі ўвогуле вольныя птушкі. І вось мы сядзелі і чакалі, каб у дзве гадзіны ночы, калі ўсе паснуць, свіснуць Роліку.
Падвальныя знялі сваю ахову ў гадзіну ночы, але ў вокнах у Дзмітрэнкаў усё яшчэ гарэла святло. Трэба было чакаць.
- Расказалі б што-небудзь, хлопцы, - сказаў я. - Ну хаця б ты, Навуме.
- А што мне расказваць? Звычайнае дзяцінства, пасля вайна, Бабін Яр...
Гэта была, сапраўды, звычайная гісторыя тысяч і тысяч ягоных аднапляменнікаў; расказваць яе - паўтарацца ў стотысячны раз. Мяне здзівіла толькі тое, што яму ўдалося ўцячы і нават сяк-так уладкавацца, але пасля ён зноў трапіў у гета. Яго апазнаў і выдаў немцам адзін тып з яўрэйскай паліцыі. Зноў тры месяцы пекла і зноў уцёкі. На гэты раз проста з месца пакарання смерцю.
- Я гэта ўсё на свае вочы бачыў. І акцыі, і як зямля варушылася. 3 таго часу ў мяне вочы настроены на тое, калі іншаму кепска. Хто, можа, і не заўважае, што камусьці кепска, а я - з першага позірку.
Я адчуваў у цемры, якія напружаныя Карлавы калені. Але не перабіваць жа шчырага і праўдзівага апавядання.
- Потым і іх туды ж павялі. І юдэнрат, і паліцыю, і таго гадаўца. Сам бачыў. Сволачы! Крывёй свайго народа купляць сабе... Ну і купілі... - І цалкам не лагічна дадаў: - А ўсё клятыя немцы. Фрыцы паганыя.
Гэтае слова сарвалася ў яго з языка міжволі. Ён проста забыў. Я ўпэўнены, што ў наступную хвіліну ён пашкадаваў аб ім. Але было позна.
- Хальт маўль,- сказаў Карл.- А па-нашаму "заторкніся".
- Ціха, хлопцы, ціха.
- Не, ты пачакай. Ты памятаеш, калі палонных вялі па Брэст-Літоўскай шашы.
Я ўспомніў. Сапраўды, бясконцая пыльная змяя, і апушчаныя вочы адных, і вочы другіх, у якіх пераважала не нянавісць, а грэблівая цікаўнасць.
- Хто тады ў іх каштаны і іншае кідаў? Адзінкі кідалі. Бо разумелі - не ўсе вінаватыя. Многія, але не ўсе. А думаеш, у кагосьці з іх меней, чым у цябе, было прычын ненавідзець? Чаму так рабіў гэты люд? А таму, голубе, што ў яго вялікая незласлівасць жыве ў сэрцы. Б'е да смерці, але таго, хто ўпаў - не б'е. Вось чаго мне сорам, а не таго, што я...
Навісла цяжкая паўза.
- Мне, думаеш, лёгка кожны дзень такое чуць? І нават не магчы растлумачыць, бо я тлумачыць - не хачу. Гонар губляць - тлумачыць - не хачу. Сволачы ўсякай тлумачыць - не хачу. Смешачкі чуць, усмешачкі бачыць - не хачу. Каб нават добрыя людзі шкадавалі - не хачу. "Ах, беднае дзіця. Такое малое, а ўжо немец". А я немец, немец! Немец, чуеш ты?!
Мы маўчалі. Цыкадкі і конікі нібы раздзіралі ноч.
- Вы, вядома, ведаеце, што нас высялялі, - глуха сказаў Карл. - Асцярога такая была, што вось Гітлер прыйдзе - і тут мы да яго ўсёй хеўрай перакінемся. А што нам было, большасці нашых, у гэтым аўстрыйскім недавучку-пэцкалі? У нас радзіма была. Іншая радзіма. Наша... Вязуць нас параходам...
- Чакай, - перабіў я. - Які параход! Не "Пугачоў"?
- Ён самы. А-а ты чаго?
- Так, нічога, кажы далей.
- А ўва мне злосць кіпіць. І вырашыў я: уцяку. Я не кацяня, каб мяне без дай прычыны куды хочаш можна везці. Я ім давяду. За ўсіх сумленных нашых, што ані сном, ані духам...
Мне пашанцавала. Уцёк. Фронт на трыбусе перапоўз, бо з нашага боку мне небяспечна было. Партызанаў знайшоў. І тыя ўзялі. Прозвішча нейтральнае, а месца нараджэння і прозвішча маці я вадой заліў ды пальцам расцёр. Дурань быў. Пасля ўсё адно расказаў, але тады, пакуль не давёў - нельга было.
...Я адчуў, што Карл варушыцца. Пасля ён надоўга змоўкнуў. А потым сказаў глуха:
- Ну, ты мне важлівае сказаў. Як пляму з усяго вартага сцёр. А то я ўсё тыя стрэлы забыць не мог.
- Агонь згас, - сказаў Фінеес. - Подаўна ўжо.
...Свіст наш аддаўся ў пустым двары. Пасля на трэцім паверсе бязгучна адчыніліся балконныя дзверы. Цень слізгануў па карнізе, і амаль адразу да нас данеслася ржавае крактанне рыны.
- Ну як? - Ролік адвязаў хатулёк, што вісеў на шыі
- Знялі пост. Дзве гадзіны таму.