19359.fb2
...
Тэадор, - сказаў прафесар Вітэмбах, - падайце Мне, калі ласка, вунь той абкладзены пергаментам сшытак, на другой паліцы над пісьмовым сталом. Не, не гэты, а той маленькі, in octavo. Там усе мае дзённікавыя запісы за 1866 год, прынамсі, тыя, што дачытаць графа Шэмета.
Усе прыціхлі. Прафесар надзеў акуляры і прачытаў наступнае:
Калі ў Лондане быў выдадзены першы пераклад Святога пісання на літоўскую мову, я змясціў у кёнігсбергскай «Навукова-літаратурнай газеце» артыкул, дзе, аддаўшы належнае намаганням дасведчанага перакладчыка і пачцівым намерам Біблейскага таварыства, я ўсё ж звярнуў увагу на некаторыя дробныя памылкі, а таксама адзначыў, што гэты пераклад мог быць карысны не ўсяму літоўскаму насельніцтву, а толькі яго частцы. І сапраўды, выкарыстаны ў перакладзе дыялект з вялікай цяжкасцю зразумеюць жыхары таго краю, дзе гавораць па-жамойцку, ці, як яшчэ кажуць, па-жмудску. Я маю на ўвазе Жамойцкае староства. Мова гэтага краю стаіць яшчэ бліжэй да санскрыту, чым верхнелітоўская. Гэтая заўвага, нягледзячы на рэзкую крытыку з боку аднаго добра вядомага прафесара Дэрпцкага універсітэта, была з цікавасцю прынята шаноўнымі членамі праўлення Біблейскага таварыства, і яны не вагаючыся даслалі мне пачэсную прапанову рэдагаваць выданне Евангелля паводле Мацвея на жамойцкай мове. На той час я не мог узяцца за шырэйшую працу - пераклад усіх чатырох евангелляў, бо быў заняты даследаваннямі ва ўральскіх мовах. Мне прыйшлося адкласці шлюб з паннай Гертрудай Вебер і выехаць у Коўна, дзе я меўся сабраць усе, якія толькі магчыма, пісьмовыя помнікі на жамойцкай мове, як друкаваныя, гэтак і рукапісныя, не забываючыся, вядома, і пра народныя песні, дайны, апавяданні або легенды, пасакі, якія забяспечылі б мяне матэрыяламі да жамойцкага слоўніка, - працы, што мусіла папярэднічаць перакладу.
Я меў ліст да маладога графа Міхала Шэмета, бацьку якога, як мяне запэўнілі, некалі належаў вядомы Catechismus Saтogiticus айца Лявіцкага, такі рэдкі, што яго існаванне нават аспрэчвалася, асабліва згаданым ужо прафесарам з Дэрпта. У графавым кнігазборы, паводле звестак, захоўваўся стары збор дайнаў, а таксама вершаў на старажытнай прускай мове. Я напісаў графу Шэмету ліст, дзе вытлумачыў мэту майго візіту, і атрымаў ад яго найласкавейшае запрашэнне правесці ў ягоным замку ў Мядзінцілтасе гэтулькі часу, колькі запатрабуюць мае даследаванні. У канцы ліста ён асцярожна пахваліўся, што гаворыць па-жамойцку не горш за сялян і з прыемнасцю дапамог бы ў маёй працы, якая здаецца яму ўхвальнай і цікавай. Як і некаторыя іншыя найбагацейшыя літоўскія землеўласнікі, ён быў евангеліцкага веравызнання, святаром якога я маю гонар быць. Мяне папярэдзілі, што граф трохі дзівакаваты, але вельмі гасцінны, любіць навукі і зычліва ставіцца да навукоўцаў. І я паехаў у Мядзінцілтас.
Каля замкавага ганка мяне сустрэў графаў аканом. Ён адразу правёў мяне ў пакой, адмыслова для мяне падрыхтаваны.
- Пан граф, на жаль, не можа сёння абедаць з панам прафесарам, - сказаў аканом. - У яго прыступ мігрэні. Калі пан прафесар не хоча есці ў сваім пакоі, ён можа паабедаць з доктарам Фробэрам, лекарам пані графіні. Абед пададуць праз гадзіну, гарнітур не абавязковы. Калі пану прафесару што-кольвек спатрэбіцца, хай ён пазвоніць у гэты званочак.
Ён нізка пакланіўся і адышоў.
Пакой быў прасторны, багата абсталяваны, аздоблены люстрамі і залачэннем. З аднаго боку ён выходзіў на сад ці, хутчэй, замкавы парк, з другога - на вялікі парадны двор. Нягледзячы на папярэджанне: «Гарнітур не абавязковы», я палічыў патрэбным дастаць з куфра чорны фрак. Я пачаў разгортваць свае сціплыя пакункі, калі маю ўвагу прыцягнуў нейкі грукат, і я падышоў да акна, што выходзіла на двор. Да замка пад'ехала прыгожая карэта. Там сядзелі дама ў чорным, нейкі пан і жанчына, убраная, як літоўская сялянка, але такая высокая і мажная, што я быў прыняў яе за пераапранутага мужчыну. Яна выйшла першая. Дзве іншыя жанчыны, гэтакія ж дужыя з выгляду, ужо стаялі на ганку. Мужчына схіліўся да дамы ў чорным і, на маё вялікае здзіўленне, адшпіліў шырокі скураны пас, якім дама была прымацаваная да свайго месца ў карэце. У чорнай дамы былі доўгія раскудлачаныя сівыя валасы, а яе шырока расплюшчаныя вочы былі нібы пазбаўленыя жыцця, як у васковай фігуры. Адшпіліўшы даму, яе спадарожнік зняў капялюш і з вялікай павагай нешта ёй сказаў, але здавалася, што яна не звярнула на гэта ніякай увагі. Тады ён павярнуўся да чалядніц і кіўнуў ім галавой. Тры жанчыны ўраз падхапілі даму ў чорным і, не зважаючы на яе спробы ўчапіцца за карэту, узнялі яе, як пярынку, і панеслі ў замак. Сведкамі гэтага відовішча было некалькі чаляднікаў, і здавалася, што для іх у гэтым не было нічога незвычайнага.
Мужчына, які ўсім гэтым кіраваў, выняў гадзіннік і спытаўся, ці хутка пададуць абед.
- Праз чвэрць гадзіны, пане доктар, - адказалі яму.
Мне не цяжка было здагадацца, што гэта быў доктар Фробэр і што дама ў чорным была графіня. Мяркуючы па яе веку, яна была маці графа Шэмета, а асцярога, з якой да яе ставіліся, даводзіла, што розум у яе быў пашкоджаны.
Праз некалькі хвілін у мой пакой увайшоў сам доктар.
- Пан граф хворы, - сказаў ён, - і таму я мушу сам адрэкамендавацца пану прафесару. Доктар Фробэр, да вашых паслуг. Вельмі прыемна пазнаёміцца з вучоным, чые заслугі добра вядомыя ўсім, хто чытае кёнігсбергскую «Навукова-літаратурную газету». Вы не супраць, каб падалі абед?
Я адказаў як мага больш ветліва на ягонае прывітанне і дадаў, што, калі ўжо настаў час сесці за стол, я гатовы.
Калі мы ўвайшлі ў сталовую, старшы лёкай, згодна з паўночным звычаем, паднёс нам срэбную тацу з напоямі і нейкімі салёнымі і вельмі вострымі стравамі для смаку.
- Дазвольце, я як лекар параю вам пакаштаваць гэтую старку, - звярнуўся да мяне доктар. - Гэта сапраўдны каньяк саракагадовай вытрымкі, бацька ўсіх напояў. Пакаштуйце таксама дронтхаймскіх анчоўсаў - нішто лепш за іх не спрыяе страваванню... А цяпер - за стол. Мо давайце паразмаўляем па-нямецку? Вы з Кёнігсберга, я з Мемеля, але вучыўся ў Ене. Так нам будзе прасцей, дый чэлядзь нас не зразумее.
Спачатку мы елі моўчкі. Пасля, выпіўшы першы келіх мадэры, я спытаўся ў доктара, ці часта графа турбуе гэтая немач, якая пазбавіла нас сёння ягонага таварыства.
- І так, і не, - адказаў доктар. - Гэта залежыць ад таго, дзе ён гуляе.
- Як гэта?
- Калі ён адыходзіць, напрыклад, Расенскім шляхам, ён вяртаецца з мігрэнню і ў панурым настроі.
- Я сам ездзіў у Расені, але нічога падобнага са мною не здарылася.
- Гэта гаворыць за тое, пане прафесар, што вы не закаханы, - адказаў, усміхнуўшыся, доктар.
Я ўздыхнуў і падумаў пра панну Гертруду Вебер.
- Дык, значыць, нявеста пана графа жыве ў Расенях? - спытаўся я.
- Ну так, у ваколіцах. Але ці нявеста?.. Гэтага я ўжо не ведаю. Сапраўдная баламутка! Ён хутка праз яе звар'яцее, як яго маці.
- І праўда, мне здаецца, што графіня... хворая?
- Ды яна вар'ятка, дарагі пане, вар'ятка! Але найбольшы вар'ят - гэта я сам, бо прыехаў сюды.
- Будзем спадзявацца, што ваш пільны догляд верне ёй здароўе.
Доктар пакруціў галавой, падняў келіх з бардоскім віном і паглядзеў праз яго на святло, любуючыся густым колерам.
- Такі, якім вы мяне цяпер бачыце, пане прафесар, я служыў хірург-маёрам у Калужскім палку. У Севастопалі мы з раніцы да вечара рэзалі рукі і ногі, я ўжо не кажу пра бомбы, што лёталі вакол нас, як мухі вакол скалелага каня. Дык вось, хоць і без жытла, і без харчу, але ж я так не бедаваў тады, як цяпер тут, дзе я ем і п'ю як найлепей, дзе я жыву, як князь, дзе мне плацяць, як надворнаму лекару... Але ж свабода, дарагі пане!.. Уявіце сабе, што ад гэтай шайтанкі ў мяне не застаецца ніводнай хвілінкі вольнага часу!
- І ці даўно вам яе даручылі?
- Менш чым два гады таму. Але звар'яцела яна ўжо больш чым дваццаць сем год таму, яшчэ да нараджэння графа. Вам не казалі пра гэта ў Расенях ці ў Коўне? Ну дык слухайце, бо гэта выпадак, пра які я хачу напісаць аднойчы артыкул у «Санкт-Пецярбургскі медыцынскі часопіс». Яна звар'яцела ад жаху...
- Ад жаху? Ці гэта магчыма?
- Ад жаху, які яна аднойчы перажыла. Яна паходзіць з роду Кейстута... О! У гэтым родзе не бяруць шлюбу з няроўнымі. А мы паходзім ад Гедыміна... Дык вось, пане прафесар, праз тры... ці нават два дні пасля вяселля, якое святкавалася ў гэтым самым замку (за вашае здароўе!), граф, бацька цяперашняга, паехаў на паляванне. Нашы літоўскія жанчыны - амазонкі ад роду, як вы ведаеце. Графіня таксама паехала... Ці яна скакала ззаду, ці мо абагнала астатніх паляўнічых... я не ведаю... Але раптам да графа наўскачкі падлятае графінін пахолак, хлопец дванаццаці ці чатырнаццаці гадоў.
- Гаспадар, - кажа ён, - мядзведзь панёс графіню!
- Дзе? - пытаецца граф.
- Вунь там, - адказвае хлапец.
Усе паляўнічыя скачуць туды, дзе ён паказвае, - графіні ані следу! Ляжыць яе задушаны конь, побач - яе падраны на шматкі кажушок. Пачалі шукаць па ўсім лесе. Нарэшце адзін паляўнічы крычыць: «Мядзведзь!» І праўда, праз паляну ішоў мядзведзь і цягнуў з сабой графіню, напэўна, каб пасля спакойна з'есці яе ў гушчары, бо гэтыя звяры вялікія гурманы. Яны любяць, як манахі, паесці ў зацішку. Графа, які быў жанаты ўсяго другі дзень, ахапіў рыцарскі запал, ён хацеў кінуцца на мядзведзя з паляўнічым нажом. Але, дарагі пане, літоўскі мядзведзь не дасць пратнуць сябе, як нейкі там алень. На шчасце, графаў збраяносец, гультаяваты дзяцюк, які быў таго дня такі п'яны, што не адрозніў бы зайца ад казулі, стрэліў з карабіна болей чым за сто крокаў і нават не падбаў, куды пацэліць куля - у звера ці ў жанчыну...
- І ён забіў мядзведзя?
- Насмерць. На такія стрэлы здатныя толькі п'яныя. Але бываюць таксама і замоўленыя кулі, пане прафесар. У нас тут ёсць ведзьмакі, што прадаюць іх за адпаведную плату... Графіня была моцна падрапаная, беспрытомная і з паламанай нагой. Яе вынеслі, яна апрытомнела, але розум ужо быў пакінуў яе. Яе вазілі ў Санкт-Пецярбург. Сур'ёзная кансультацыя, чатыры лекары, абвешаныя ўсімі ордэнамі. Яны сказалі: «Пані графіня цяжарная, і, магчыма, роды стануцца прычынай спрыяльнага крызісу. Трэба яе трымаць на чыстым паветры, у вёсцы, даваць ёй піць сыроватку, кадэін... » Лекарам далі па сто рублёў кожнаму. Праз дзевяць месяцаў у графіні нарадзіўся здаровы хлопчык. А дзе ж спрыяльны крызіс? Ніякага крызісу, вар'яцтва толькі абвастрылася. Граф паказаў ёй дзіця. Гэта заўсёды робіць моцнае ўражанне... у раманах. «Забіце яго! Забіце звера!» закрычала яна і ледзь не кінулася, каб перагрызці яму горла. З таго часу тупое вар'яцтва чаргуецца ў яе з шалёнай маніяй. Моцная схільнасць да самагубства. Прыходзіцца прывязваць яе падчас прагулак. Каб за ёй даглядаць, наймаюць трох дужых кабецін. Аднак, пане прафесар, заўважце яшчэ і вось што: калі я ўжо страціў цярпенне, але так і не прымусіў яе слухацца, я знайшоў адзін сродак, каб яе супакоіць. Я пагражаю ёй абрэзаць валасы. Думаю, што некалі яны былі вельмі прыгожыя. Какетлівасць! Вось апошняе чалавечае пачуццё, якое ў яе засталося. Дзіўна? Але калі б я мог абыходзіцца з ёй як хачу, можа, я б яе і вылечыў.
- Як?
- А дубцом. Я вылечыў гэткім чынам сорак сялянак у вёсцы, дзе лютавала шалёнае рускае вар'яцтва, што завецца «кликушество»: спачатку пачынае выць адна баба, за ёй яе сяброўка, а праз тры дні вые ўся вёска. Добра іх адсцябаўшы, я выгнаў з іх хваробу. (Пакаштуйце рабкоў вельмі смачныя.) Але граф ніколі не дазваляў мне паспрабаваць.
- Як! Вы хацелі, каб ён згадзіўся на гэткае жахлівае лячэнне?
- О! Ён так мала ведае сваю маці, але гэта нават і добра. Але скажыце мне, пане прафесар, ці б вы калі паверылі, што можна звар'яцець ад жаху?
- Становішча графініна было страшнае... Быць у кіпцюрах такога лютага звера!
- А вось сын да яе не падобны. Менш чым год таму ён трапіў у такое самае становішча і, дзякуючы сваёй вытрымцы, выдатна выкруціўся.
- З кіпцюроў мядзведзя?
- Мядзведзіцы, і самай вялікай, якую толькі бачылі ў апошнія гады. Граф хацеў напасці на яе з рагацінай. Куды там! Адным ударам яна выбіла рагаціну, схапіла графа і кінула яго на зямлю так проста, як бы я зараз перакуліў гэтую бутэльку. А ён, хітрун, прыкінуўся мёртвым... Мядзведзіца яго абнюхала і, замест таго каб раздзерці, лізнула яго. Яму хапіла розуму не варухнуцца, і яна пайшла сваёй дарогай.