19359.fb2 Локіс. Рукапіс прафэсара Вітэмбаха - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 7

Локіс. Рукапіс прафэсара Вітэмбаха - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 7

Калі я прачнуўся, замкавы гадзіннік прабіў тры ўдары.

Ноч была светлая, хоць месяц і быў ахінуты лёгкай смугой. Я паспрабаваў зноў заснуць, але не здолеў. Я хацеў, як я заўсёды раблю ў такіх выпадках, узяць кнігу, але не знайшоў пад рукой запалак. Я ўстаў і навобмацак пайшоў праз пакой, калі раптам нешта цёмнае, вялікае праляцела за акном і з глухім ударам упала ў садзе. Спачатку я падумаў, што гэта чалавек, відаць, нехта ўпіўся і выпаў з акна. Я адчыніў акно і паглядзеў: нічога не было відаць. Урэшце я запаліў свечку і пачаў перачытваць слоўнік, пакуль мне не прынеслі гарбату.

Каля адзінаццатай гадзіны я пайшоў у залу, дзе ўбачыў шмат падбітых вачэй і памятых твараў. Як я даведаўся, пачостка скончылася даволі позна. Ні граф, ні маладая графіня яшчэ не паяўляліся. А палове дванаццатай пасля безлічы злых жартаў пачаліся нараканні, спачатку ціха, а пасля і ўголас. Доктар Фробэр узяў на сябе смеласць паслаць графавага пакаёвага пагрукаць у дзверы свайго гаспадара. Праз чвэрць гадзіны пакаёвы, трошкі збянтэжаны, спусціўся і паведаміў доктару Фробэру, што грукаў разоў дванаццаць, але адказу не дачакаўся. Мы параіліся - пані Даўгяла, доктар і я. Трывога пакаёвага пераканала мяне. Мы ўтраіх падняліся разам з ім. Перад дзвярыма стаяла разгубленая графініна пакаёўка, яна цвердзіла, што здарылася нейкае няшчасце, бо акно ў пакоі ў пані былo расчынена насцеж. І я з жахам згадаў тое важкае цела, што ўпала ўначы перад маім акном. Мы пагрукалі. Ніякага адказу. Тады, урэшце, пакаёвы прынёс жалезную бэльку, і мы зламалі дзверы... Не! Мне не стае мужнасці, каб апісаць відовішча, што адкрылася нашым вачам. Маладая графіня ляжала мёртвая ў ложку, твар быў разадраны, горла перарэзанае, паўсюль была кроў. Граф знік, і больш ніхто пра яго ніколі не чуў.

Доктар агледзеў страшную рану жанчыны.

- Яе не зарэзалі! - закрычаў ён. - Яе загрызлі!..

...

* * *

Доктар загарнуў кнігу і задуменна паглядзеў на агонь.

- І гэта канец? - спыталася Адэлаіда.

- Канец! - змрочна адказаў прафесар.

- Але чаму вы назвалі апавяданне «Локіс»? Ніводзін з персанажаў так не завецца.

- Гэта не чалавечае імя, - адказаў прафесар. - Ану, Тэадор, ці разумееце вы, што значьщь «Локіс»?

- Ані блізка.

- Калі б вы добра засвоілі закон фанетычных адпаведнасцяў паміж санскрытам і літоўскай мовай, вы пазналі б у слове «lokis» санскрьщкае «arksa» ці «rksa». «Lokis» - так па-літоўску называецца звер, якога грэкі называлі «αρκτος», лаціняне «ursus», а немцы «Вär».

Цяпер вы разумееце сэнс эпіграфа:

Miszka su LokiuАbu du tokiu.

Вы ведаеце, што ў «Рамане аб лісе» мядзведзь завецца damp Вrun. Славяне называюць яго Міхал, па-літоўску Мішка, і гэтая мянушка амаль заўсёды замяняе родавую назву «lokis». Гэтаксама, як французы забылі новалацінскае слова «gorpil» і замянілі яго словам «renard». Магу прывесці і іншыя прыклады...

Але Адэлаіда заўважыла, што ўжо позна, і яны рассталіся.