19689.fb2 Лявон Бушмар (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 12

Лявон Бушмар (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 12

Сабака праводзiць старога да лесу, па лесе гулка ходзiць сабачы брэх.

II

Чаму так Вiнцэнты дзiўна думаў пра Галену? Не толькi ўпэўнены быў, што сына пажэнiць з ёю i сам заўладае Бушмаравым хутарам, але нават сам каля яе быў смелы: пачынаючы гаворку, не раз гэта ён, стары, клаў руку ёй на плечы. Ён i ўсе навокал пасмiхалiся адно, успамiнаючы Бушмарава вяселле. Пра Галену i ва ўсiх была пэўная думка - яна не пара сталаму чалавеку, а сталым быў тут Бушмар, сталым быў i Вiнцэнты! Сталых людзей тут шмат.

Пасмiхалiся, успамiнаючы, як Бушмар падхвацiў Галену.

Яму цяжка гаварыць з начальствам, нават i з сельсавецкiм - гэта для яго вялiкая пакута, а перад раённым начальствам ён хвалюецца, заiкаецца. Начальству яго лёгка збiць, ён блытаецца, усё выходзiць у яго не гэтак, як было, хоць яму i няма нiякай патрэбы гаварыць няпраўду, але затое, калi дзе давядзецца не гаварыць, а дзейнiчаць рукамi, хоць перад якiм сабе хочаш начальнiкам, дык тады Бушмара не пазнаць - ён спрытны тады i бязлiтасны. Свайго ён тады не перапусцiць.

Суд тады трашчаў ад рогату, не памагаў i злосны званок суддзi. Нават народныя заседачы ўсмiхалiся ў вусы - калi Бушмар выступаў перад судом. Рудая суконная бурка рабiла яго тонкiм i больш высокiм, шапку ён няспрытна трымаў у руках, у руках трымаў i стусiнавую пугу, пакуль яму не параiлi хоць пугу гэтую куды-небудзь паставiць у кут. Ён заiкаўся i хваляваўся страшна, пра Амiлю як пачаў гаварыць, дык каб траха, дагаварыўся б да паручнiка. Сыпаў паўсловамi, чырванеў i бялеў, угаворваў усё сюды, што не было тут патрэбна, i ўгаварыў сам сябе. Пра паручнiка не ўспомнiў, але не далёка было ўжо i да гэтага. I раптам усе зноў успомнiлi пра тое забойства. Усякi, хто памятаў тую справу, адразу падумаў - няйначай-такi гэта Бушмарава работа. Суд пацвердзiў патрабаванне Амiлi - Бушмару прысудзiлi даваць на дзiцянё i сплацiць Амiлi за ўвесь час яе работы на хутары. Так скончыўся гэты суд. Бушмар уночы ехаў адзiн дадому, разганяючы адзiноцтвам сваё судовае ўтрапенне. Паспакайнеўшы, ён пачаў думаць пра маладую жанчыну, справу якой ён, да свайго яшчэ выступлення, гэтак як i ўсе, з цiкавасцю выслухаў. Яна пажыла з мужам два месяцы i цяпер разлучалася; выявiлася, што муж хворы, а жыць з хворым яна не хацела. Яна пра ўсё спакойна расказвала суду, ад мужа яе было ўражанне вялiкай, але цiхай нездаволенасцi гэтакiм здарэннем, а яна гаварыла жорстка, вiнавацiла яго, што ён хворы жанiўся. Калi пасля выдзяляла яна сабе свой пасаг, выступалi сведкi - суседзi iх, вяскоўцы. Бушмар разам з усiмi слухаў справу, чакаючы сваёй чаргi, а жанчына, гаворачы, колькi разоў ненаўмысля глянула на яго. I гэты позiрк укалоў яго, пасля суду, ад'язджаючы дадому, ён убачыў яе на возе - чамусьцi яна яшчэ не паехала. Бацька яе завiхаўся каля воза.

- Бывайце, - з смуткам сказаў ёй Бушмар.

- Бывайце.

I яна ўсмiхнулася, можа, успомнiўшы, як ён апраўдваўся ў судзе, а ад яго гэтая ўсмешка адабрала спакой.

Наступныя днi ён усё думаў пра жанчыну, а праз некаторы час паехаў радзiцца да брата. Той яму даў параду такую, якая надала яму радаснай пэўнасцi. I ён з братам паехаў сватацца. Яму было патрэбна цяпер скончыць як найхутчэй усё ранейшае. Гады два прайшло, мусiць, з таго, як назаўсёды пайшла з яго хутара Амiля. I Галена застала тут вялiкi непарадак ва ўсiм тым, што не належала да зямлi i жывёлы. Навокал пачалi гаварыць пра Бушмараву жонку. Яе першае замуства пачало абростаць людскiмi выдумкамi, праз паўгода якога самы суд яе з першым мужам зрабiўся ў людскiх вуснах, можна сказаць, легендаю нейкаю, асаблiва старалiся каля гэтага хлопцы. I нават стары Вiнцэнты раз быў пусцiў брыдкую здагадку, што праз нейкi час, як i першы муж, Бушмар стане хворым i няўгодным ёй, але гэта не прышчапiлася да людской думкi - больш усяго цiкавiлiся Галенаю цяперашняю, а не заўтрашняю. Яна з хiтрым жартам дражнiла зiркам хлопцаў i мужчын. Святымi днямi хлопцы знаходзiлi прычыну зайсцi на Бушмараў хутар - патаргаваць насеннай канюшыны або садавiны. Галена калола iх вачыма, даводзiла iх да таго, што iм не хацелася iсцi адгэтуль, а сама, зiрнуўшы катораму з iх у вочы апошнi раз, жорстка гаварыла, што тут не саўгас, каб прадаваць канюшыну, i iшла ў хату. Хлопцы яшчэ тупалi каля Бушмаравай хаты, а Бушмар, як звер, паглядаў у акно, а пасля як бы ненарокам выпускаў з сянец сабаку. Хлапячы рогат i сабачы брэх доўга абуджвалi лясныя нетры, пасля гэтага Бушмар даходзiў ад Галены "праўды". Яна адказвала яму ласкава, але гэтак, што ён дрыжаў, каб не страцiць гэтай яе ласкi. Ледзьве яна з штучнаю абыякавасцю на яго гляне, ён, не думаючы, усхватваўся, патрабаваў, прасiў, выпрошваў ад яе сказаць "праўду", а яна, патрымаўшы яго крыху гэтакiм, упэўнiвала яго, што не ведае, чаго хлопцы валочацца сюды, i дакляроўвала другi раз сама адразу выпусцiць сабаку i не выходзiць да iх. Яна ўскiдала на яго вачыма гэтак, што ён пакорлiва змаўкаў i верыў. Усе так i гаварылi, што Бушмар пад бабскаю ўладаю, а ўлада гэтая нават i самому Бушмару дасць рады. "Гэта яму не Амiля!", а Бушмару было ўсё роўна, што i як пра яго гавораць. Людскою думкаю ён не цiкавiўся. Ён быў бы рад, калi нават чалавечая нага не ступала на яго хутар, каб нiводная жывая iстота, якая можа думаць i гаварыць, не з'яўлялася нiколi па гэты бок лесу.

Але гэтае ўтрапенне Бушмарава не цягнулася доўга. Зацяжарыўшы, яна стала iншаю. Яе пакiнула цягнуць на вёску, яна пакiнула скардзiцца на воўчую адзiноту ляснога хутара, часта ўсмiхалася сама сабе цiхаю ўсмешкаю, гэтакаю непадобнаю да той момантнай усмешкi, якая прыкоўвала да аднаго месца хлопцаў каля хаты, а Бушмара - у хаце. Бушмару было больш цяпер спакою, i яшчэ больш, здаецца, ён пачаў ненавiдзець кожнага, хто заходзiў калi-небудзь на хутар.

На той бок лесу iшла тады ўпартая работа, ад якой свет не мiл быў Вiнцэнтаму, але на хутар да Бушмара ён не прыходзiў больш радзiцца i даваць парады. Пачаў хадзiць ён сюды тады, калi бяда навалiлася на Бушмара. Сам Вiнцэнты памог гэтаму - у яго тады ўжо раджалася думка сiлаю засталявацца каля Бушмара. Ён пачаў варушыцца - стараўся ўсё падгадзiць начальства, каб, як будзе поўная абрэзка, далi яму кавалак Бушмаравай зямлi. I калi не ўдалося гэта, стаў прыглядацца да новай справы. Бушмара пацяглi тады ў суд за буйную высечку лесу: ён пачаў патроху спускаць хвоi i закладаць неўзаметкi разабраную сцяну ў гумне. Вiнцэнты адразу даглядзеў гэтай Бушмаравай работы. На Бушмара наклалi вялiкi штраф. Бушмар яго не выплацiў, таксама як i не аддаваў падатку. Хтосьцi прыехаў з раёна спагнаць з яго штраф. Бушмар захваляваўся, пачаў заiкацца, злаваць, а ў тыя днi штосьцi не паладзiлi яны з Галенаю, i ён тады хадзiў, як звер. Якраз здалося яму (цi, можа, гэтак i сапраўды было), што раённы начальнiк вельмi нешта прыглядацца пачаў на Галену, а тая не прагнала яго з хаты, што было патрэбна дзеля Бушмаравага спакою. I от на двары раённы службовец штосьцi пачаў гаварыць Галене, смеючыся гэтак, як смяюцца прыгожым жанчынам. Бушмар, сцiснуўшы зубы, схапiў службоўца за пояс, перамчаў упоперак цераз двор i кiнуў на той бок плота. Той ледзьве падняўся, доўга сядзеў на зямлi, пакуль сяк-так здолеў павалачыся ў вёску, а назаўтра Бушмара арыштавалi. Тут было ўсё - i нявыплата падатку, i лясныя высечкi, i калецтва раённага службоўца (той доўга ляжаў у больнiцы i ледзьве ачуняў), i Бушмара засудзiлi на два цi тры гады адседкi.

Выходзячы з двара, Бушмар нiчога не сказаў Галене. Яна з плачам правяла яго за лес, а ён нават не азiрнуўся. Гэта яе не ўкалола. Яна як бы чакала гэтага i ведала, што iначай з Бушмарам нельга.

Галена хутка разумець стала Бушмара. За кароткi час навучылася пазнаваць яна ўсю звераватую простасць яго характару. Яна сэрцам пазнавала ўсю яго чалавечую ўрачыстасць i прыгнечанасць. I застаўшыся адна, яна адразу зразумела, што гаварыла Бушмарава маўклiвасць на адвiтаннi i ссунутыя бровы. I яна стала берагчы тое абяцанне, якое дала б Бушмару, каб той не маўчаннем, а словамi развiтаўся з ёю. Яна адразу стала такою, што нiкому i на думку не ўзбягала мець якiя-небудзь iнтарэсы на Бушмаравым хутары. Не было Бушмара, не прадавалася тут i насенная канюшына. Толькi праз месяцаў два зайшоў быў сюды як бы ненарокам Вiнцэнты. Тады ўжо ў яго пачала фармавацца цвёрдая думка ажанiць дзе-небудзь малодшага сына i разам з iм перабрацца куды-небудзь так, каб дажыць свой век самому сабе панам. Жыццё гнала яго з уласнай хаты, ад слядоў былога. Цяпер ужо ён ненавiдзеў Бушмара гэтак, як i Амiлiнага брата: адзiн быў ворагам, якi не паддаваўся, а другi - якi наступаў.

Галена адразу i не чакала нiякiх вестак ад мужа. Яна разумела яго навылёт. I праўда, што Бушмар маўчаў месяцаў мо з тры, а пасля загаварыў раптам, адно за адным пайшлi ад яго лiсты: "глядзi сябе добра", "пiльнуй сябе ў сваёй хаце", "трымай усё, як мага, не збывай нiчога, а я доўга тут не буду..." Хтосьцi малапiсьменны, мусiць, допраўскi Бушмараў таварыш, выпiсваў прывiтаннi, пажаданнi, iмкненнi Бушмаравай душы, але Галена пазнала Бушмара толькi ў словах пра гаспадарскi набытак, пра "пiльнаванне сябе ў хаце". За гэтымi словамi i жыла Бушмарава душа, якая для Галены была яснаю i вядомаю i якая не патрабавала для выказванняў шматслоўя. Галена разгадала: поўны нечаканым утрапеннем, прыглушаны бядою, Бушмар спачатку не думаў нi пра што. Як бы ўсё ўжо было скончана, больш ужо нiчога не трэба на свеце чалавеку, але пасля з'яўляцца пачала абыкласць, незвычайнае стала набываць адзнакi звычайнасцi, i тады зноў чалавек стаяў на зямным грунце.

III

У хутарской адзiноце Галена нарадзiла сына. У той самы дзень Бушмараў брат ледзьве ўспеў прывесцi сваю жонку, а праз якi дзень Галена пачала брацца за работу.

Братава жонка паехала. Гэтай Бушмаравай раднi Галена не любiла.

Бушмараў сын удаўся ўвесь у матку. Бацькаўскi быў толькi колер вачэй. Гэта гаварылi ўсе, хто бачыў яго, а паглядзець на малога падыходзiлi людзi пад Галену, калi яна выносiла яго ў лес i за лес. Яна несла яго скрозь паўз сцяну лесу, думала толькi пра яго i гэтым адцягвала непатрэбны клопат свой ад непазбыўнага бязладдзя ў хаце. Бо як ты нi глядзi i нi клапацiся, аднымi рукамi нiчога не парадзiш. Як яна спачатку нi разрывалася за работаю i клопатам, усё роўна не ўтрымала парадку. Усё было не дагледжана, параскiдана. I яна прыняла гэта з лёгкiм сэрцам. У яе з'яўляцца пачала нуда па людзях, таму яе гэтак часта i цягнула за лес, а тады якраз адбылiся вялiкiя змены навокал. Бушмару пакiнулi толькi сялiбу i зямлi па норме на душу. На гэты бок лесу было ўжо калектыўнае поле. Яно цiснула сялiбу немiласэрна. Тады Галена першы раз за ўвесь час напiсала Бушмару праўду пра гаспадарку.

У тыя часы Вiнцэнты трапятаўся як падсмалены. Мусiць, дапякло чалавеку добра, калi не цураўся ўзяць на сынаву шыю Бушмарава дзiцянё, але пасля апошняга таго прыходу да Галены ён асеў як знясiлены. Ён толькi шаптацца пачаў з людзьмi i вохкаць.

Тады была трэцяя восень, як адышла Амiля з хутара. Пра Амiлю Бушмар нiколi не гаварыў Галене, яна i не дапытвалася, ведала толькi тое, што пачула была тады на Бушмаравым судзе.

Несучы малога паўз лес, яна бачыла людзей на полi. На яе прыглядалiся здалёк, як бы ненарокам падыходзiлi блiжэй. Яна сама пайшла да ўсiх. Дзiцянё разглядалi доўга, спачувалi, што яна адна з iм. Галена пагаварыла з людзьмi i пайшла назад. Гэта было пасля апошняга здарэння з Вiнцэнтым. Восень у той дзень прачнулася пагодлiваю, цвiлi паўз лес верасы, беразняк увесь зiхацеў ад сонца i лiсця. Лясы дыхалi спакоем, сумная радасць поўнiла iх. У бяздум'i Галена ўвайшла ў лес, на сваю дарогу. I тады пачула, што хтосьцi даганяў яе. Крокi былi лёгкiя i шпаркiя, Галена азiрнулася. Бегла жанчына. Галена пачакала яе, i от яны сышлiся.

- Я пагляджу вашага малога, - сказала жанчына.

Галена ўбачыла сумны спакой незнаёмага твару, незвычайную шпаркасць у рухах, здэтэнаванасць.

- Не падобен да Бушмара, - устрапянулася жанчына.

Штосьцi яшчэ яна хацела сказаць - Галена заўважыла гэта i чакала. Яны iшлi поплеч - тая першая рушыла праз лес. Галена здагадвацца пачала. Iсцi моўчкi iм было нядобра. Галена спакойна глядзела на дзiцянё i на ўсё, тая была неспакойнаю.

- Вы Амiля? - проста i звычайна сказала Галена.

- Я.

- Хадзем на хутар.

Сказала яна гэта так проста, што Амiля пайшла. Iшлi яны паволi. Амiля ўглядалася ўсё ў дзiцячы твар.

- Ён мог бы быць падобным да свайго брата...

- Да якога?

- Да майго малога, да другога Бушмаравага сына. Ён якраз мог бы быць гэтакiм...

Пасля яна падумала, што Галена магла пакрыўдзiцца за што, i глянула на яе, а тая iшла, як iшла. Толькi як бы не разумела гаворкi. З-за лесу Амiля пайшла назад:

- Не пайду далей. Нядобра мне iсцi туды.

- А я даўно хацела вас пабачыць.

Амiля iшла назад шпарчэй. Яна ж толькi хацела паглядзець на другога Бушмаравага сына, цi не падобен ён да яе сына! Гэта было б страшна! Тады яна магла б знелюбiць яго. Бо i прыйшоў ён на свет праз гэтакiя пакуты, якiя дарэшты выветрылi ўсе маладыя iмкненнi. Першы ж сын яе раней браў усю матчыну ласку! Не, яна пароўнi дзелiць цяпер гэтую ласку мiж абодвума сваiмi сынамi! Сынамi сваiмi!

Яна гнала ад сябе страшныя думкi.

"А яшчэ тая запрашае на хутар! На той самы хутар!"

Чамусьцi нейкую крыўду раптам пачула яна ў гэтым запрашэннi. Наўмысную знявагу да сябе. Нават, можа, кпiны.

Не думаючы, Амiля вярнулася. Галена паволi iшла сцежкаю на ржышчы.

- Я пайду на хутар.

- Добра... Я ж прасiла вас.

Галас пазнаў сваю ранейшую гаспадыню, стаў лашчыцца да Амiлi.

Вось тое самае месца, дзе яна была калiсьцi нагнулася завязваць чаравiк. Той самы дзядзiнец i сад...

Амiля ўвайшла ў хату следам за Галенаю.

- Не ўдалiся мне маладыя гады, - сказала Галена.

- А вы думаеце мне ўдалiся!

Амiля гэта аж крыкнула. Галена здэтэнавалася.

- ...I мне не ўдалiся! Вы ж тады (я добра заўважыла вас) былi на судзе, вы чулi ўсё, як жа вы гэта пайшлi за яго? Як вы не пабаялiся! Хiба не вiдаць было тады, што гэта за чалавек!..