19693.fb2 Лясная гісторыя - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 1

Лясная гісторыя - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 1

Перад світаннем, калі патухаюць зоры, калі неба робіцца бледна-зялёным, як недаспелае яблыка, і над ляснымі азёрамі разгараецца адзіная калючая зорка, – з лясных зараснікаў выходзіць да возера прыгожы гарбаносы звер. Доўгімі стальнымі нагамі ён асцярожна ступае па травах, і ніводная ламачына не хрумсне пад яго капытом. Звер асцярожна пасоўваецца наперад, і, быццам падпарадкоўваючыся невядомай і бязгучнай мове, з зараснікаў выплывае за ім другі звер, меншы. Яны падыходзяць да возера і, прымінаючы жоўтыя касачы, пачынаюць асцярожна цягнуць ваду праз ружовыя мяккія губы. Ласянё праганяе смагу хутчэй і пачынае дурэць: торкае маці храпай пад пахвіну. Яму добра і весела, ён чухае задняй ножкай за вухам, глядзіць на свет добрымі, вялікімі, як слівы, вачыма.

Але вось нейкае далёкае храбусценне, занадта яшчэ далёкае, каб быць небяспекай, насцярожвае ласіху. Вось яна стрыганула вушамі, вось наставіла прыгожую морду. І дзіцё заціхла. І яны рушылі след у след, яна – падобная на пачварна цыбатага каня, ён – на маленькую прыгожую цацку, у якой усё – як у вялікіх.

Зніклі, быццам і не было. Палымнее над люстэркамі азёр усход, салодкія прыемныя дрыжыкі прабягаюць па лістоце; раса, прадвесніца яснага дня, павольна збягае на зямлю. Лес стаў прыгажэйшым, ён гожы, як песня, але зусім пусты, быццам разам з жывёламі адышла і яго душа.

* * *

Ужо два тыдні мы ўтрох жылі ў вялікіх Багушэўскіх лясах. Здзічэлыя, аблепленыя павуціннем, галасістыя, як ішакі, мы перажывалі адзін з тых момантаў, з-за якіх, уласна кажучы, толькі і варта жыць. Мы начавалі ля вогнішча, накручвалі на лёску цэлыя ахапкі жабніку, збіралі першыя баравікі-“жытнічкі”, смажылі ўвечары рыбу, ляжалі на траве, расплываючыся пачуццямі па ўсім прыгожым свеце. Мы наладжвалі раніцою індзейскія скокі вакол вогнішча і наогул трымалі сябе як банда сентыментальных ідыётаў.

Нас было трое: я, Валька Лісоўскі і Зміцер Шчарбянок. Мы былі старымі сябрамі яшчэ па вясковай школе, але потым шляхі нашы разышліся: я паступіў у інстытут, Валька і Зміцер, якія былі маладзейшыя за мяне, яшчэ вучыліся ў дзесятым і дзевятым класах адпаведна. Валька хацеў паступіць рабочым у Надзеінскі заказнік, Шчарбянка дзядзька паабяцаў уладзіць аб’ездчыкам у лясніцтва, і ён не збіраўся ісці ў дзесяты клас. Яму “абрыдлі, як гнілая рыба”, алгебра і геаметрыя.

Шляхі разышліся, але па-ранейшаму кожнае лета я спяшаўся туды, у родны мой кут, ружовы ад верасу, блакітны ад бясконцых азёр. І зноў сустракалі мяне самыя верныя мае сябры. Можа, хто-небудзь скажа, што ў мяне будуць і лепшыя, але я зусім не веру ў гэта. Забываецца ўсё, акрамя зялёна-блакітных стагоў пад месяцам і гучання балабона ў ранішніх лугах. І яшчэ, акрамя ляманту друга, калі буйная рыба пачынала “вадзіць” і “цягнуць”. І яшчэ, акрамя таго выпадку, калі Зміцер, купаючыся, трапіў нагою ў забытую пастку, што паставіў нейкі баўдур на выдру. Пастка, відаць, сарвалася і стаяла зараз на такой глыбіні, што Зміцер амаль гадзіну стаяў у вадзе, высунуўшы на паверхню толькі твар. Мы ледзь адшукалі яго і пакляліся даць гэтаму браканьеру добрую лупцоўку, калі зловім.

І не забыць яшчэ таго дня, калі Вальку ўкусіла гадзюка. Зміцер дзелавіта прыціснуў вялікую пярэстую гадзіну рагулькай да зямлі, проста перад мордай паклаў бутэльку з шырокім рыльцам і, калі троху адпусціў кій, змяя слізганула проста ў яе. Зміцер сур’ёзна і з перасцярогамі заторкнуў рыльца. Пасля плюнуў на шкло ў тым месцы, дзе гад намагаўся ўкусіць і дзе заставаліся жоўтыя бісерынкі атруты.

Нельга было чакаць, пакуль нага запухне і пасінее, а да бліжэйшай бальніцы было трыццаць вёрст, і Валька, той самы ціхі, ласкавы Валька, што больш за ўсё любіў слухаць казкі, як маленькі, – раптам сеў на зямлю, уціснуў нагу пад каленам паміж стваламі бярозкі-дваяшкі і амаль прасіпеў мне:

– Ну.

Я выцягнуў з кішэні нож. Валька вельмі баяўся болю, таму і замацаваў нагу, каб не перашкодзіць аперацыі. Зараз ён лёг і закрыў вочы. Я зрабіў глыбокі надрэз на тым месцы, дзе цямнелі маленькія кропкі, сляды зубоў. Кроў цякла і цякла, я выціскваў яе, але мне здавалася, што скура вакол ранкі ссінела. Я вельмі баяўся за хворы зуб у маёй верхняй сківіцы, але ўсё ж прынік да ранкі і пачаў высмоктваць яе. Я смактаў і смактаў, пакуль Зміцер не сказаў мне:

– Хопіць, дурубала.

Такі ўжо быў наш стыль размовы.

А Валька вызваліў нагу і вельмі спакойна паклаў на разрэз жарынку з вогнішча. Я даў яму ў патыліцу, і мы забінтавалі яму нагу. І ў яго і ў мяне была пад вечар лёгкая гарачка, але гэтым справа і абышлася.

Або… Але пра гэта хопіць. У мяне ніколі не будзе лепшых сяброў, паверце мне.

І вось у той вечар мы сядзелі ля зыркага вогнішча, пяклі бульбу і размаўлялі абы пра што. Калі вы не ведаеце яшчэ, што такое сапраўднае шчасце, – прыязджайце да нас, і мы вось так, з ціхаю размовай, пасядзім ля вогнішча і паглядзім на Кабечае возера ўначы.

Павольна сіпеў чайнік, выліваючы на вуглі з носіка збытак вады, вуглі на тым месцы, дзе вогнішча прыгарэла, здавалася, хутка-хутка мяняліся месцамі. Спіну прыемна халадзіў подых начнога возера. І, Божа мой, чаго толькі не адбывалася вакол! Салодка, нават сладастрасна пахнулі лугавыя гваздзікі, аддаючы з водарам дзённую цеплыню, ялейна пахнуў чабер. Здавалася, што ты раптам атрымаў сабачы нюх, столькі разнастайных, вызваленых пахаў лавіў нос.

Часам гучна біла на возеры вялікая рыба, патрывожаная, напэўна, нейкім недарэчным рыбіным сном. Цьмяныя кругі разбягаліся па вадзе.

Крычаў недзе пугач, жадаў напалохаць уласную смерць. І палёт кажана над змрочнай вадою быў ледзь прыкметным.

Лес жыў, але гэта жыццё, нават з удзелам нас, людзей, было нейкім незавершаным, няпоўным.

– А памятаеш лася? – спытаў Валька.

І нам прыпомніўся яшчэ адзін вечар, год таму , толькі тады справа была восенню. І ноч была паўнейшай, бо недзе за бліжэйшай грываю трубіў лось, выклікаючы на гон ласіху. Ноч была амаль срэбная ад халоднага па-асенняму месяца, ад паветра, прасякнутага ім. Уначы здарыўся лёгкі замаразак і лужыны ўзяліся з краёў лядком. І над гэтымі лужынамі, над серабрыстымі лясамі, над азёрамі, пад халодным вялізным месяцам гучэў крык лася:

– О-ох! О-ох!

Мы ведалі, што ласёў у нашых лясах, напэўна, толькі пара, хоць закон і ахоўваў іх. І адзін з іх быў той самы лось-самец, што трубіў зараз у ярасці, прасякнуты нечуванай цягай і жахам перад самотай. Ён выдзіраў з зямлі рагамі даволі вялікія дрэўцы (мы знаходзілі вываратні) і крычаў, крычаў, клікаў да сябе сваё каханне.

Ох, як жаласна трубіў тады лось, скардзячыся на бязмежную самоту, на тое, што знішчаны ягоны, калісьці вялікі і магутны народ, на тое, што астатніх аддалі на літасць людзей, у якіх няма літасці.

Дзе яна была, слава былая, былая ўсемагутнасць ласінага племя?

І мы слухалі і спачувалі яму, але што мы маглі зрабіць. Тады ў Багушэўскіх лясах, як амаль паўсюль на Беларусі, лютавалі браканьеры.

– Цягні, хлопцы, сячы, хлопцы, страляй, хлопцы. Хто ў лесе не злодзей, той дома не гаспадар.

І пад гэты акампанемент падалі дрэвы, якія маглі б радаваць вока праўнукам, як радавалі – прадзедам, перасыхалі слабенькія лясныя крынічкі і маладым ялінкам абпальвала слабыя, дзіцячыя рукі сонечнае святло. Яны гінулі за бацькамі. І пад гэты акампанемент браканьер за гадзіну рабіў рукамі, што калаціліся ад прагнасці, з дасканалага жывога звера – шкуру і пласты сала, што дыміліся на халодным паветры. І пасля ён на гэтыя грошы ванітаваў пад плотам.

Даўно знік у нашых лясах добры бабровы народ, рэдкім стаў гарнастай, мядзведзі залезлі ў сваю апошнюю цытадэль – лясы ў вярхоўях Бярозы. Хутка і там іх здрадніцкі выдалі ў рукі ворагу. І стрэлы гучэлі і гучэлі. І за кожную жывую шкурку звярынага дзіцяці некалькі пакамечаных рублёў пераходзіла з адных брудных рук у другія. Наш народ не насіў гэтых футраў. Іх падпольна, таемнай і подлай дарогай нажывы прадавалі тым, хто запускаў руку ў дзяржаўную кішэнь.

Божа, як мы ненавідзелі іх, гэтых сыраядцаў! Мы былі цвёрда ўпэўнены, што за гэта, як за чалавеказабойства, павінна быць адзіная кара – кара смерцю. У другіх краінах ёсць акіяны, ёсць высокія горы, ёсць уцёсы, якія робяць душу жыхароў гордай, вольналюбівай і прыгожай. А ў нас ёсць толькі раўніны і лясы, сябры нашы ў бядоце і радасці. Што будзе краіна наша, што будзе душа наша без лясоў, а значыцца, і без высакароднага, прыгожага, безабароннага, вышэйшым сумленнем жыцця адданага ў нашы рукі звяр’я?

Сябры мае, у той вечар мы яшчэ раз атрымалі горкі доказ таго, што прагнасць нічога не шкадуе. Крычаў лось, скардзіўся на самоту пад вялізным месяцам. І раптам цішыню прарэзаў далёкі-далёкі стрэл. І адразу стала цішыня, такая цішыня, як быццам памёрла нешта вельмі важлівае на зямлі.

Памёрла сумленне.

Мы ведалі ўжо на другі дзень, хто забіў старога лася. Гэта, вядома ж, быў той самы Пашка Ермалюга, што неяк выхваляўся забойствам дваццаці ласёў.

Гэта быў дрэнны чалавек, гнілы чалавечак, як кожны браканьер. Кожны, напэўна, згадзіцца са мною, што браканьер абавязкова здрадзіць на фронце, прадасць сяброў-партызан, будзе гандляваць уласнай жонкай – для яго няма святога.

Але Пашка нават і сярод браканьераў вызначаўся нейкай сапраўды нялюдскай жорсткасцю. Ён забіваў цельных коз, гэтага дастаткова.

Аднойчы я сам бачыў, як ён прынёс у торбе ваўчыны вывыдак і выкінуў ваўчанят на траву. Справа ёсць справа, мы не бабы. Кожны мужчына разумее, што ёсць толькі два ворагі навек і да смерці: воўк і рысь. І кожны мужчына заб’е ваўка, нават яшчэ сляпога і слабага.

Але адвечны гонар мужчыны ў тым, каб забіваць нават ваўкоў без лішніх пакут. Яны ворагі, але без злоснага намеру. Проста так загадала маці-прырода. Таму – забі, але не здзекуйся. Ты – чалавек.

А Пашка ўзяў у хаце чайнік і метадычна, павольна абварыў задок кожнаму ваўчаняці струменем крутога кіпятку. Ваўчаняты папісквалі, не ведаючы, скуль узялася такая бяда.

У гэтую хвіліну я вельмі шкадаваў, што ў нас мала ваўкоў і што яны не зжэрлі Пашку пад час адной з яго браканьерскіх экскурсій. Увечары, на гулянцы, я прычапіўся да Пашкі і сунуў яму ў морду. Я не мог забыць, як ён амаль пяшчотна ўхмыльнуўся, абварваючы чарговае ваўчанятка. Ён ведаў, што рабіў: прэмію даюць не за шкуркі. Дастаткова, каб быў скальп.

Пашка жыў на ўскраіне сяла з маці, якая толькі што не вылізвала яго ўласным языком. Яму было дваццаць шэсць, больш як усім нам. Ён добра зарабляў, але хата была занядбаная, і сам ён большую частку дня хадзіў ледзь не ў лахманах. Затое на гулянкі апранаўся так, як ніхто ў вёсцы. Са школы выгналі за празмернае захапленне паляўнічымі справамі, дзякуючы чаму сядзеў чатыры гады ў пятым класе. Не вытрымала сэрца нават у самых заядлых паборнікаў усеагульнага навучання. І тут пачалася адысея Ермалюгі.

Ён быў добрым паляўнічым, у гэтым яму не адмаўлялі нават мы. Але гэтым ён быў і страшны. З д’ябальскай падступнасцю, хітрасцю, розумам ён пачаў праследаваць жыхароў пушчы. Ён страляў, ставіў пасткі, атручваў. Не грэбаваў нічым. Пасля знаёмства з ім я цвёрда пераканаўся, што ўсё ж ёсць людзі дрэнныя ледзь не з пялёнак. Ён рос сярод нас, спяваў тыя самыя песні, вучыўся па тых самых падручніках, што і мы. Напэўна, ён быў усё ж псіхічнахворы чалавек. Хто з нармальных, пачуўшы, што ў наваколлі з’явіўся аднекуль лось, паставіць перад сабою мэту неадменна, адразу ж знішчыць яго? А гэты ставіў.

– Я яго расцягну. Ужо я яго падвешу на прыруб, гадаўца.

І сапраўды, падвешваў і расцягваў і выбіў усіх ласёў.

Ён быў надзіва хітры і так умеў разабраць тушу звера і сплавіць яе нейкім гарадскім знаёмым, што яго проста немагчыма было спаймаць. Ды і хто б стаў лавіць?

Пашка быў гатовы на ўсё, рэдкія нашы палясоўшчыкі баяліся яго. Слабасць аховы, блытаніна з лясамі, распаўсюджанае лясное драпежніцтва рабілі тое, што ён адчуваў сябе каралём.

Дваццаць ласёў! Каб яму дваццаць куль у жывот!

Месяцы за два да гэтых падзей раптам амаль ва ўсіх мужыках вёскі загаварыла сумленне, праўдзівей кажучы, звычайны гаспадарскі інстынкт. Зямля ў нас бедная, ад чыгункі далёка. Паступова дадумаліся, што пры такой лясной гаспадарцы хутка давядзецца замест мяса і рыбы смактаць уласныя лапы. Таму стварылі групу з трох паляўнічых, што павінны былі дапамагаць палясоўшчыкам. Гэта дало пакуль што мала выгады. Частка браканьераў пакінула свае справы, але быў яшчэ Пашка. Ён толькі пасмейваўся:

– Вось добра. Здалі ўсё паляванне мне на водкуп. Ну, я ўжо папрацую. За пяцёх.

І ўсе ведалі, што гэты можа і ў спіну стрэльнуць.