19694.fb2 Лясная песня (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 2

Лясная песня (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 2

- Э-э-х, ты... - уздыхнуў, - марнуеш сваю маладосць...

- Не я вiнавата... Скаламуцiлi жыццё бацькi, радня... Ну, бывайце, шчаслiвай вам дарогi... Баюся, каб хто ў хату не ўлез. Пабягу...

- А як цябе завуць?

- Мяне? Аксеня... Дземяновiч...

- Ну, бывай... Дзякую за ягады.

Разышлiся ў процiлеглыя бакi. Хомчык iшоў адзiн лясной дарогай задумёны. Часамi пацiраў сабе лоб i разважаў: "Праўда гэта ўсё было цi казка?" Здалёку данеслася песня. Хомчык стаў i паслухаў. "Так, тая самая песня"... - падумаў ён i пакруцiў галавою.

Група партызан - дзесяць падвод - ехала ў вёску памагчы сялянам заараць зямлю пад жыта. Сярод iх быў i Сцяпан Хомчык. У яго на возе нават ляжаў плуг. Калi толькi наблiзiлiся да вёскi, Хомчык у першага сустрэчнага хлопца-пастушка папытаўся, дзе жыве Аксеня Дземяновiч. Хлопец паказаў дарогу, i Хомчык зараз жа звярнуў направа краем лесу. Сама вёска засталася ад дарогi ўлева. Уехаў у малады сасоннiк i падумаў нават, можа хлопец яго ашукаў, бо некранутасць, гушчыня маладога сасоннiку нiяк не нагадвала таго, каб тут было якое-небудзь жыллё. Але сасоннiк скончыўся, i паказалася палянка. На ёй - агарод, абнесены плотам з жэрдак. Грушкi, слiвы, вiшнi стаялi пры травянiстай дарожцы, якая вяла на падворак. Тырчаў журавель студнi, а збоку хлевушок амаль што хаваўся ў сланечнiках. Злева ад яго хата з увагнутай саламянай страхою, маленькiмi аконцамi i шырокай прызбай. Гэта была не хата, а хатка, як з казкi, - на курыных ножках. Яе акенцы глядзелi праз агарод проста ў лес, якi шумеў тут жа за хлевушком. Па другi бок хаты, за яе глухою сцяною, адкрывалася поле. Супроць пярэдняй сцяны, дзе было толькi адно акно, стаяла старая разложыстая груша, а пад самым акном кветкi, збоку лапушыўся куст бэзу, а недалёка ад яго харашылася мальва. Збуцвелы плоцiк агароджваў гэты сцiшны гародчык аж па самую грушу.

Ля парога расла высокая бяроза, якая сваiм галлём завешвала амаль усю шырыню падворка. Сюды i пад'ехаў Хомчык. Дым вiўся з ледзь прыкметнага над страхою комiна. На бярозе i грушы шумела птаства. Блiшчэла раса на агароднiне: на агурках, гарбузах, моркве, на чырвоным маку.

З хаты выйшла Аксеня. Яна была ў саматканай сарочцы з вышытымi рукавамi вышэй локця i босая; белая хустка, завязаная наспех, спаўзала на патылiцу. Усё гаварыла за тое, што гаспадыня ўвiхаецца ля печы i спяшаецца.

- Добры дзень!.. - прамовiў Хомчык.

- Добры дзень... Куды ж гэта так рана? - спыталася Аксеня i зараз жа пальцамi памацала гузiкi на грудзях, правярала, цi зашпiлена сарочка. Аксеня была крыху збянтэжана. Вочы яе з бляскам бегалi пад густымi брывамi. Хомчыку не зусiм спадабалася такое пытанне - ну, як гэта яна не здагадаецца, чаго прыехаў?

- Зямля ў цябе ёсць? - спытаўся.

- Ёсць... - адказала.

- Араць яе трэба?

- Трэба, - кiўнула, i вусны расплылiся ва ўсмешцы.

- Ну, дык вось я i прыехаў араць, - сказаў Хомчык засмяяўшыся. Аксеня яшчэ больш зачырванелася.

- А божа, адкуль такое шчасце? Цi ж я спадзявалася? Злазьце з воза хутчэй, распрагайце конi, няхай папасуцца на падворку. - Яна кiнулася было распрагаць сама, але Хомчык ёй не даў.

- Распрагу сам. У цябе ёсць свая работа.

Распрогшы коней i прывязаўшы iх мiж слiвак i вiшань, Хомчык зайшоў у хату. За маленькаю адгародачкай была кухня. Праход у пярэднюю быў завешан кужэльнай занавессю. Туды папрасiла прайсцi Хомчыка Аксеня. Хомчык увайшоў у паўзмрочную таксама невялiчкую пярэднюю, чыста прыбраную i ўтульную. Насупраць на сцяне вiсела вялiкае люстра, за яго былi заткнуты пучкi сушаных кветак, перамешаных з каноплямi i лёнам. Збоку - фатаграфii ў рамках. У пярэднiм кутку над сталом невялiчкi абразок, прыбраны ручнiком. Пры сцяне жалезны ложак, засцелены саматканай коўдрай у светла-блакiтных колерах. Хомчык павесiў аўтамат на драўляны крук i, распрануўшыся, стаў перад люстрам прычэсвацца. Калi ён пачуў, як Аксеня на падворку клiкала курэй i ўбачыў, як яна мiльганула ў акно, выйшаў з хаты.

- Вось што, Аксеня, - у мяне конi i плуг. Ад цябе патрабуюцца пастронкi i ворчыкi.

- Знайду, усё знайду, - сказала яна прыпынiўшыся. - А вы адпачывайце, яшчэ маем час. Як паснедаем, тады...

- Не, не - давай зараз... Адпачываць мы, дарагая, адвучылiся.

Праз хвiлiн пяць Аксеня вынесла з хлява пастронкi з ворчыкамi. Хомчык пачаў рыхтаваць плуг.

На снеданне яна паставiла на стол салёныя агуркi з бульбай, потым сала з блiнамi, сырам i малаком. Прынесла з каморы бутэльку гарэлкi, настоенай на вiшнi.

Хомчык не хацеў адзiн есцi, пратэставаў, аж пакуль не прымусiў Аксеню снедаць разам.

- Ну, то добра, зараз сяду, зараз. - Яна выйшла ў сенцы i хутка вярнулася прыбраная па-святочнаму. I белая кофта з рукавамi па локцi, i чорная шарсцяная спаднiца, i белая хустка надавалi ёй прывабны выгляд. Села яна за стол, заружавелася, як кветка. Спачатку Хомчык не адважыўся ўзняць на яе вочы - быў неяк прыдаўлены яе прысутнасцю... З гэтага ўсяго.. заўзята рвануў чарку гарэлкi, чокнуўшыся з Аксеняй.

- А вы ешце, ешце... - запрашала яна.

- А ты мяне не завi на "вы", - сказаў Хомчык, - а проста, на "ты".

- Як жа... Я вас паважаю. Вы ж нашы i абаронцы i аратыя.

Хутка выехалi ў поле. Аксеня паказала, дзе араць. Хомчык закiнуў аўтамат за плечы i ўзяўся за плуг. Конi, адвыклыя ад плуга, сталi крывiць баразну.

- Давайце я буду паводзiць, - сказала Аксеня i ўзялася за павадкi аброцi. Плуг пайшоў роўна, адвальваючы скiбы цёплай, бурай зямлi. Аксеня, адвярнуўшыся, сказала: - Нашто ты стрэльбу павесiў на плечы? Гэта ж цяжка...

Сказаўшы "ты", яна крыху сумелася. Блiснула вачыма, усмiхнулася.

- Зброi нам кiдаць нельга. Вайна.

- То дай хоць я паднясу трохi...

- Каб ты ўмела страляць, даў бы, а так - не магу. Стрэльба, усмiхнуўся Хомчык, - мне не перашкаджае...

Конi ступалi бойка, а побач iшла Аксеня, iшла роўнаю, павольнаю хадою.

Вецер раздуваў грывы коней i свежым струменем плыў ля вушэй Хомчыка. Прад яго вачыма мiльгацеў белы фартушок Аксенi.

Шуршэла зямля пад плугам.

Хомчык, iдучы за гэтай жанчынай, мог бы i забыцца, што ён партызан, што на свеце вайна. Але плечы муляў аўтамат. Час ад часу даносiлася стралянiна: партызаны ў лагеры выпрабоўвалi зброю. Ззаду ў свежай баразне дзяўблi раллю вароны, вецер падуваў недзе, здаецца, з сiнявы нябёс. Цёмны лес атуляў поле высокаю сцяною. Здавалася, што гэта мiрны куточак зямлi, якi адрэзаны ад свету i жыве сваiмi законамi, сваёй штодзённай цiхаю плынню. Каб не далёкi недзе гул самалётаў, каб не праезды партызан, не стралянiна, можна было б сказаць, што на свеце ўсё iдзе цiха i мiрна.

Калi сонца паднялося высока над лесам i сагнала расу, верхам на канi аб'язджаў поле камiсар атрада - правяраў, як працуюць партызаны. Едучы ўскраiнай лесу, ён наблiзiўся да Хомчыка i Аксенi.

- Як працуецца, Хомчык?

- Добра, таварыш камiсар.

Камiсар глянуў на Аксеню i, усмiхнуўшыся, сказаў:

- Ну, я думаю, што добра... Маеш такую гаспадыню, што нi ў казцы сказаць, нi пяром апiсаць...

Аксеня пачырванела i адказала:

- Жартуеце, таварыш...

- Вось што, - зварочваючыся да Аксенi, сказаў камiсар сур'ёзна, - калi ён вам дрэнна будзе рабiць, прыдзеце i заявiце мне...

- Ды ў мяне i работы нямнога...

- Усё будзе як мае быць, таварыш камiсар.

- Ну, глядзi... - Камiсар сцебануў каня.