19694.fb2
- Адпачнём, Аксеня, вось пад гэтым дубком, закурым, хай конi перадыхнуць, - i ўзяўшы Аксеню пад руку, ён павёў яе ў цянёк. Яны селi.
- Ты бойкая песнi спяваць, а вось мужчын баiшся...
- Дый такi баюся...
- Ты вырасла, як дзiчка ў лесе... Яна i цвiце i калючая...
- Не, я не калючая...
Скруцiўшы папяросу, Хомчык стаў красаць агонь. Яна склала паперу i завязвала яго кашпук.
- Нехарошы ў цябе капшук...
- Гэты капшук, як маё жыццё... Бачыш, не нажыў сабе яшчэ нiякай Аксенi, каб пашыла лепшы...
- Ой, у вас можа многа было гэтых Аксеняў...
- Клянуся, галубка, што не... Не было часу. То навука, то ваенная служба, то вайна вось... Так i памрэш без Аксенi.
- Ну, яно можа быць i так, але штосьцi не верыцца.
- Вер не вер, а гэта так... Вось скончым вайну, тады ажанюся.
Аксеня аглянулася ў лес i сказала:
- Трэба iсцi чабру, сунiчнiку назбiраць, увечары чаю наварым.
- А цукру дзе возьмеш?..
Аксеня ўскiнула вачыма на Хомчыка i хутка iх адвяла ўбок.
- Для цябе знойдзецца, - сказала гуллiва i скочыла з месца. Хомчык ляжаў i курыў. I зноў, як тады, данеслася песня. Хомчык заварушыўся i азiрнуўся на лес. Чамусьцi пацягнуў шапку за казырок, i, нацiснуўшы цясней на лоб, устаў i падаўся на песню. Зноў спалохаў Аксеню, як тады. Але цяпер абое рассмяялiся.
- Прыйшоў памагчы табе рваць... Не пярэчыш?
Яна прадаўжала песню:
Ой, за лесам, за ракою,
Там Марыся жыта жала,
У правай ручцы серп дзяржала...
Хомчык, забегшы за куст, трапiў на шырокую купiну чабру i стаў iрваць яго спрытна.
Хутка нарваў цэлае бярэмя.
- На, бачыш, як скора...
- Ой, цi ж так iрвуць? Цэлае бярэмя з травою.
- Нiчога, дома перабярэш. Хадзем да коней... Давай бягом, хто хутчэй...
Аксеня зiрнула, адвярнуўшыся, на Хомчыка i з месца шуганула праз кусты. Хомчык за ёю. Перад вачыма мiльганула ў лiсцi белая хустка. Хомчык прыбавiў ходу i, даганяючы Аксеню, абхапiў яе рукамi. Яна ўскрыкнула i затрапяталася, як вялiкая птушка, у дужых руках Хомчыка...
Увечары, калi над лесам i над хаткай застыў статак хмар, Аксеня падала Хомчыку чыстую бялiзну. На каўняры сарочкi i на грудзях цягнулiся стужачкi вышывак. Прынесла яму чыстыя, мяккiя анучы на ногi. Запрасiла памыцца ля студнi.
- Або, як хочаш, iдзi ў крынiцу. Тут у лесе ёсць брод недалёка... Але цяпер камароў многа, так што мыйся тут.
Памылася i сама. Хомчык бачыў, як яна распусцiла свае багатыя валасы, якiя закрывалi спiну. Расчасала iх у просты радок, сабраўшы на патылiцы ў вялiкi скрутак. Хадзiла без хусткi.
Распалiлi агонь на падворку i варылi вячэру, седзячы пад грушай-дзiчкай ля плота.
- Ну, як мог цябе не шанаваць твой муж? - сказаў Хомчык. - Я яго застрэлiў бы, нягоднiка.
- Мой муж - гэта было цэлае няшчасце. Такi гультай i раўнiвы... Не жыў, а гнiў... I мяне хацеў згнаiць. Я ўцякала ад яго...
У цэбры ля студнi мокла лаза. Хомчык узяўся абрэзваць яе, раўняць i плесцi лапцi.
Рабiў ён гэта хутка i спрытна. Аксеня аж здзiвiлася:
- Хутка робiш, хутка... Рукi твае ўвiшныя...
- Дай памеру, - сказаў Хомчык i прымерыў ёй лапаць да нагi.
- Ой, не чапайся! - крыкнула Аксеня.
- Што з табо-о-ю? - працягнуў Хомчык у нос.
Яна патузала яго за вуха:
- А казаў, што нiякiх Аксеняў не меў...
- Не меў, даю слова, не меў, - сур'ёзна глянуў на Аксеню Хомчык.
...Так прайшло некалькi дзён. Аксеня звала Хомчыка ўжо не Сцяпанам, а Сцяпанкам. "Можа, табе, Сцяпанка, тое, можа, другое. Хадзi сюды, сядзь, адпачнi трохi. Ух, як жа ты ўспацеў..." - i абцiрала яму твар сваiм фартухом. А Сцяпанка, узараўшы поле Аксенi i яшчэ тром сем'ям, стаў хадзiць з ёю на касьбу. Касiлi недалёка ад хаты. Там Хомчык пабудаваў шалаш. Дома агледзеў хлевушок, паправiў комiн у хаце, дзе што прыгарадзiў. Калi Аксеня, напрыклад, мыла бялiзну, ён рыхтаваў ёй ваду. Нават грады палолi разам i тачок зрабiлi на падворку для малацьбы, абгарадзiўшы яго дошкамi. Адзiн раз Аксеня сказала:
- Сцяпанка, зрабi дзве грабёнкi на ягады - мне адну i сабе.
- Што за грабёнкi? Не ведаю... У нас ягады збiраюць проста рукамi.
- А ў нас робяць i грабёнкi. Я табе пакажу як.
Ён зрабiў дзве грабёнкi, i яны аднойчы ранiцай пайшлi па ягады.
Сонца плыло яшчэ за лесам. Яно прасочвала свае праменнi праз гушчыню i пырскала iх на росныя травы.