19695.fb2 Лятучы Галандзец - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 3

Лятучы Галандзец - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 3

Голас зазвінеў тугою. Такая маладая, моцная горыч была ў iм, такі боль, што ў Касачэўскага зашчымела ў горле.

І дна марскога нежывыя ценіСхавалі ад мяне i ад бацькоўАдвагу іх, ix ярасць i сумленне,I да радзімы верную любоў.

А голас пытаў, клікаў. Слёзы чуліся ў ім. А пасля ярасць:

Дзе ён, каханы? О, як сэрца ные.Зірнуць бы ў вочы родныя яго,Арліныя, халодныя, стальныя,Жахлівыя для лютых варагоў.Хто памятае ix? О божа, божа!Палае ўсё, i гінe наш народ.

Такой задушэўнасцю гучаў гэты невядомы голас, што ў Касачэўскага слёзы прасіліся на вочы. Што гэта было? Казка?

Я не аддам яму кахання руту.О дарагі мой, мой няшчасны край,Я паміраю. Вось яна, атрута.Бывай, зямля. Каханы мой, бывай.

Голас сарваўся ад хвалявання, ад відавочнага болю.

О, як пячэ! Каханы мой, мой любы.Хутчэй сюды праз хвалі ўcix марэй.Цалуй мяне ў мярцвеючыя губы.Канец... канец...

Голас заміраў. Адначасова пачулася шапаценне i стук ад падзення цела. Не памятаючы сябе, Касачэўскі кінуўся ў пакой:

- Што вы робіце?! Супыніцеся!

І асекся, разумеючы, што зрабіў вялікае глупства і недалікатнасць.

У пакоі на падлозе ляжала дзяўчына. Касачэўскі не паспеў заўважыць, прыгожая яна цi не. Ён заўважыў толькі яе ўбор, аксамітную вішнёвую сукню старажытнага крою i сярэбраны, тканы "караблік" на доўгіх косах.

Дзяўчына павольна ўстала з падлогі.

- Што гэта такое?

Ніхто не мог бы сказаць гэта больш годным тонам, i Касачэўскі мармытнуў:

- Прабачце, я стукаў. Але вы не адказалі. Пасля я пачуў... і кінуўся...

- Я зyсiм яшчэ не збіраюся паміраць.

Касачэўскі быў гатовы праваліцца праз зямлю. Ён стаяў нязграбны, вялікі, пераступаў з нагі на нагу. Бялявыя валасы, як страха, падалі ў яго на сінія, як неба, вочы.

- Даруйце, я проста не ведаю, у якое стагоддзе я трапіў.

Яна замест адказу сказала горка, наступаючы на яго:

Пакіньце гэты дом, шаноўны пане.Чакаюць коні вас. Грыміць труба.А тут жалоба, слёзы на світанні,I па забітых вечная журба.

Лявон не заўважыў дзіўнага агеньчыка ў яе вачах i збянтэжана пакланіўся. Пасля падаўся задам да дзвярэй.

- Д-добра. Я... пайду. Прабачце. Я перашкодзіў з гэтай атрутай...

I тут яна разрагаталася.

- Чакайце, куды вы? Раз вы зайшлі, дык растлумачце хоць, нашто я вам.

I тут Касачэўскі выпаліў:

- Слухайце, калі вы пакінеце дурыць мне галаву? Што тут, уласна кажучы, адбываецца? Ці, можа, усе людзі звар'яцелі, ці я адзін вар'ят? Дзе я, нарэшце?

Яна зноў стала сур'ёзнай.

- Вядома, у... наццатым стагоддзі. Чуеце, коні грукаюць капытамі. Бачыце, у гэтым пакоі адна толькі люстра; а там, за сцяной, зала і зброя на сценах... І мой жаніх загінуў у моры.

Касачэўскі зажмурыў вочы i скалануў галавою:

- Хто ж вы, нарэшце? Марыя?

- Так. Нашто завітаў сюды вандроўны рыцар? Я сапраўды Марыя.

- Тады гэта вам, - сказаў Лявон, канчаткова адмаўляючыся зразумець што-небудзь у гэтай фантасмагорыі.

Яна ўзяла ліст i пачала чытаць. Вочы яе сталі вялікімі.

- Прабачце, я дрэнна ведаю нямецкую мову. Адкуль у вас гэта? Можа, я не так зразумела?

Касачэўскі пераклаў.

- Адкуль? Што гэта такое?

- Я сёння атрымаў гэты ліст непасрэдна з "Лятучага Галандца", у моры.

Настала яе чарга аслупянець.

- Што гэта, жарты? Хіба гэта магчыма?

- Нічуць не больш, чым у цэнтры сучаснага города сустрэць здань, якой амаль трыста год, жывую здань.

Яна задумалася, пасля цixa сказала:

- Так, гэта не менш дзіўна. Гэта... як лёс. I ўсё ж гэта толькі непаразуменне.

Касачэўскі толькі тут разгледзеў яе твар. Добры прамы нос, рот цвёрды, з гумарыстычнай складкаю, у агромністых шэрых вачах скачуць вясёлыя чорцікі. Вейкі доўгія, загнутыя бровы стрэламі, свае, нявышчыпаныя. І гордая пасадка галавы. Відаць, што дзяўчына з характарам. Дзіўна толькі, чаму такі знаёмы-знаёмы твар, такія да апошняга знаёмыя прыгожыя pyхi.

- Недзе я вас бачыў... І ведаю, што не знаёмы.

- Напэўна, у мінулым жыцці.

Касачэўскі пакрыўдзіўся. У яго таксама быў характар, хоць сам ён выгляд меў вельмі вясковы, немудрагелісты, - як рубель для сена.

Магчыма, гэта i прывяло да наступнага. Адчуваючы, што жарты завялі надта далёка, яна сказала:

- Там вы біліся за мяне на турніры.

- Які ў мяне тады, быў, аднак, дрэнны густ, - злосна сказаў Касачэўскі.

- Oгo! Гэта пачынае мяне цікавіць. - Яна нахіліла набок галаву. I раптам дадала вельмі проста i шчыра:

- Ведаеце што, раз ужо так атрымалася, дык пасядзіце тут. Мне хочацца выявіць усё да канца. Я зараз

згатую чай.

Касачэўскі зняможана сеў на крэсла ля стала. Яна выйшла. Чортава асоба! Штохвілінна новы характар, новы чалавек. Глупства, вядома, сядзець тут і пасля такой прэлюдыі папіваць чаёк, але ж цікава ведаць, чым гэта скончыцца.

За чаем яна тым самым спакойным i даверлівым тонам спытала: