19695.fb2
- Чакай, брат, чакай. Ля таго дома, дзе яна пакой часова наняла, у нас вось Пятро дзяжурыў. Вырашыў хоць тыдзень сядзець. - Грабоўскі засмяяўся. - Але чакаць яму доўга не давялося. Гадзіны з тры прайшло, аж бач, ідзе галубчык, даверлівы, як цялятка. Нырнуў у яе пад'езд - Пятро чакае. Гадзіна мінула - Пятро чакае. Цікава, у якім выглядзе ён пабачыў старадаўнюю фею. Дала яна яму там, напэўна, чосу, як мне калісьці, таму што выйшаў ён стуль разгублены, як мыла з'еўшы. Ну, цi не смех гэта? А яна ўчора была на месцы здымак такая сур'ёзная, што проста жах бярэ. Не жадаў бы я быць на месцы Лявона.
Кампанія зарагатала. Моршч паківаў галавою.
- Свінні вы, - пераканальна заявіў ён. - Паршывыя свінні! Paзбiлi мару чалавеку. Яшчэ адной добрай ілюзіяй менш на зямлі.
Музыка заіграла вальс. Марыя нясмела сказала Лявону:
- Мо патанцуем трохі?
Лявон кіўнуў галавою, згаджаючыся. Хваля захаплення гэтым маленькім, цвёрдым дзяўчом абліла ягонае сэрца. Якой трэба было ёй быць цвёрдай, каб усе гэтыя гады так стаяць на сваім.
Ён вывеў яе пад руку з-за фікусаў, i яна нясмела паклала яму руку на плячо. Яна нават не глянула ў той бок, дзе сядзела кампанія.
- Чорт пабяры, - сказаў у захапленні Лявон. - Сапраўдная рэдкасць вы, вось што.
Ён паглядаў скоса на кампанію i бачыў, як яны вырачылі вочы, калі ён, дачакаўшы такта, вывеў дзяўчыну на сярэдзіну пляцоўкі. Валасы Марыі на паваротках ледзь адчувальна датыкаліся да яго шчакі.
І глядзела яна на яго з кранаючым даверам, такімі дзіцячымі, зачараванымі вачыма, што ў Лявона сэрца зайшлося ад радасці i жаху: а раптам ён не варты гэтага, не апраўдае гэты давер.
Ён бачыў, што i тыя, за сталом, заўважылі гэта. Грабоўскі заскроб шчаку кончыкамі пальцаў, i ў голасе яго адчулася небывалае здзіўленне:
- М-да.
- М-да, - у тон яму, але з'едліва працягнуў Моршч.
- Пажартавалі, - сказаў Грабоўскі.
Запанавала маўчанне. Пасля Моршч рэзка кінуў:
- Так, пажартавалі. Бачыце цяпер ці не? Права на казку прадалі, а гэты чакаў - i дачакаўся. Я ж казаў, што вы застанецеся ў дурнях нават i з практычнага боку.
I з'едліва:
- Вялікі сэрцазнаўца, рэжысёр. Не мог душы гэтай дзяўчыны разгледзець. A гэты, паэцік даверлівы, ёлуп у сардэчных справах - гэты разгледзеў. Варта было, бо гэта... ах, якая дзяўчына! "Купілі" што называецца чалавека, зрабілі яму горш сваім неразумным.жартам. Над кім, пытаюся я вас, будзе цяпер Мінск смяяцца, га?
Грабоўскі пачырванеў. Сядзеў, не зводзячы вачэй з танцуючай пары, на якую многія ў рэстаране пазіралі цяпер з адкрытым захапленнем.
- А глядзіць як, - сказаў ён, - вось каб на мяне...
- Рылам не выйшаў, - падкалоў крытык. - Не для цябе кармушку ставілі.
Калі яны адыходзілі з рэстарана, Грабоўскі спыніў Моршча i вельмі цixa сказаў яму:
- Даруй, Вінцук, я быў дурань i, шчыра кажу, свіння. Хочаш, я папрашу прабачэння ў Касачэўскага.
- Нашто? - прагудзеў Моршч. - Ты ж iм горш зрабіў. I не лезь ты да ix, iм зараз i без нашых храп добра.
Грабоўскі прамаўчаў i толькі пасля сказаў цixa i ўпэўнена:
- Трэба верыць.
А Марыя і Лявон даўно ўжо ішлі па беразе мора ўсё далей ад горада. Maўчaлi. Ён проста трымаў яе пад руку i ішоў далей i далей ля гэтага мора, што слаба ўздыхала пад бледным паўночным небам.
Толькі пасля сказаў:
- Дзякуй яму, гэтаму дурню.
- Дзякуй гэтаму "Лятучаму Галандцу", - сказала яна. - Такія вялікія гарады i так губляюцца ў ix людзі. І вось з карабля-прывіду прыйшоў ліст. Добрыя-добрыя старыя начоўкі.
- Вы зусім не такая сёння, - ціха сказаў ён. - Вы такая пакорлівая лёсу, і гэтаму небу, і мору.
- Так, - сказала яна. - Можна хоць тут апусціць рукі, адчуваць сябе звычайнай, слабай дзяўчынай.
Касачэўскі павярнуўся да яе, да любых стомленых вачэй у зорным сяйве небагатага неба.
- Марыя, - цвёрда i любоўна сказаў ён. - Мне не хочацца расставацца з вамі, Марыя. Мы ведаем адно аднаго не тры дні, а трыста год. Iсці другой вуліцай, не ведаць вас, забыць пра вас - гэта будзе няшчасцем.
Яна ў адказ апусціла вei i ледзь чутна абапёрлася на яго руку.
Непрыкметна ўздыхала спакойнае мора, коцячы з глыбінь на пясок ашчапкі янтарнага палаца, разбітага некалі з-за першага на зямлі моцнага кахання. У бірузовым тумане, у лёгкім вэлюме, што ўкрываў сонныя воды, імчаліся недзе ў моры караблі-прывіды.