19706.fb2 Мiхалка (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 3

Мiхалка (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 3

Чаляднiк узлаваўся.

- Iдзеш ты, сука, - крычаў ён, - цi не iдзеш?

- Як жа я пайду, калi яны не хочуць заплацiць? За рубля таго хоць спаднiцу якую купiла б!..

- Ну, дык цяпер, - гыркнуў чаляднiк, - на вочы мне не паказвайся, на парог мой не ступi, бо затаўку насмерць!..

I пайшоў у горад.

Увечары, як заўсёды, муляры разышлiся. У новым доме застаўся начаваць Мiхалка, а з iм - дзяўчына.

- Не пойдзеш? - спытаўся здзiўлены дзяцюк.

- Куды ж я пайду, калi ён сказаў, што прагонiць...

Толькi цяпер Мiхалка пачаў здагадвацца.

- Дык гэта ты з iм жыла? - спытаўся з крыўдай у голасе.

- Ага, - сарамлiва шапнула дзяўчына.

- I яму аддавала ўвесь заработак, хоць ён i бiў цябе?

- Але.

- А чаму ж ты так брыдка рабiла?..

- Бо любiла яго, - цiха адказала дзеўка, хаваючыся за слупы рыштавання.

Дзецюка нiбы хтосьцi нажом укалоў. Недарма людзi з яго смяялiся!..

Мiхалка падсунуўся да дзяўчыны.

- А цяпер не будзеш яго любiць? - спытаўся ён.

- Не, - адказала яна i пачала горка плакаць.

- Будзеш толькi мяне любiць?

- Але.

- Я не буду цябе бiць i грошай тваiх забiраць не буду.

- Вядома ж!

- Са мной табе будзе лепш!..

Дзеўка не адказала нiчога, а толькi плакала яшчэ шчырэй i ўся траслася.

Ноч была халодная i сырая.

- Холадна табе? - спытаўся дзяцюк.

- Холадна.

Яна плакала, а ён пасадзiў яе на горбе цэглы. Зняў сярмягу i атулiў дзяўчыну, а сам застаўся ў адной кашулi.

- Не плач!.. Не плач! - гаварыў. - Толькi адну ноч так прасядзiш. Ёсць жа ў цябе рубель, вось заўтра i ноймем кватэру, а спаднiцу я за свае табе куплю. Толькi не плач...

Аднак дзеўка не звяртала ўвагi на тое, што ён ёй гаварыў. Яна ўзняла галаву i прыслухоўвалася. Ёй здавалася, што з вулiцы чуваць знаёмую хаду.

Той хтосьцi наблiзiўся. Пачаў свiстаць i гукаць:

- Дахаты iдзi! Ты!.. Дзе ты там?

- Я тут! - адказала дзяўчына ўсхапiўшыся.

Выбегла на вулiцу, дзе стаяў чаляднiк.

- Я тут! - паўтарыла.

- А грошы ёсць? - спытаўся чаляднiк.

- Ёсць! Во яны... На! - сказала, падаючы яму рубель.

Чаляднiк схаваў рубель у кiшэню. Тады схапiў дзеўку за валасы i пачаў бiць, прыгаворваючы:

- Другiм разам слухайся, бо на парог не пушчу... Рублём не адкупiшся!.. Слухайся!.. Слухайся! - паўтараў ён, лупцуючы яе кулакамi.

- А божа ж мой!.. - крычала дзеўка.

- Слухай!.. Слухай, што я кажу...

Ды раптам ён пусцiў дзяўчыну, бо адчуў, што за карак яго ўчапiлася магутная рука. Сяк-так павярнуў галаву i ўбачыў Мiхалкавы раз'ятраныя вочы.

Чаляднiк быў хлопец хват, ён чарпануў Мiхалку кулаком па лабацiне, ажно ў таго ў вушах зазвiнела. Аднак чаляднiкаў карак не выпусцiў, нават сцiснуў яго мацней.

- Задушыш мяне, зладзюга ты... дык пабачыш тады! - хрыпата застагнаў чаляднiк.

- А ты не бi яе! - сказаў дзяцюк.

- Не буду, - мармытнуў той, высалапiўшы язык.

Мiхалка пусцiў руку, а чаляднiк ажно захiстаўся. Глытнуў разоў колькi паветра, а потым сказаў:

- Не хоча, каб я бiў яе, дык няхай са мною не ходзiць... Хоча любiць - хай любiць, але я б'ю, бо ўжо такi мой звычай!.. Што з тае дзеўкi, якую нельга бiць?.. Няхай iдзе да лiхаматары!

- I пойдзе... Падумаеш! - сказаў дзяцюк.