19762.fb2 Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 14

Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 14

- Так, так, так, - сказаў доктар, завярнуўся да Iвана i дадаў: - Добры дзень!

- Добры дзень, шкоднiк! - злосна i гучна адказаў Iван.

Рохiн збянтэжыўся гэтак, што не адважваўся вочы падняць на ветлiвага доктара. Але той зусiм не пакрыўдзiўся, а звычна зняў акуляры, прыпадняў крысо халата, спрытным рухам схаваў iх у заднюю кiшэню штаноў, а потым спытаўся ў Iвана:

- Колькi вам гадоў?

- Пайшлi вы ўсе к чорту, дальбог! - груба крыкнуў Iван i адвярнуўся.

- Чаго вы злуяцеся? Хiба я сказаў вам хоць што-небудзь непрыемнае?

- Мне дваццаць тры гады, - узбуджана загаварыў Iван, - i я падам скаргу на вас усiх. А на цябе асаблiва, гнiда, - выдзелiў ён асобна Рохiна.

- I чаму вы будзеце скардзiцца?

- Таму, што мяне, здаровага чалавека, схапiлi i сiлком прывалаклi ў дурдом! - абурана адказаў Iван.

Тут Рохiн прыгледзеўся да Iвана i пахаладзеў: нiчога вар'яцкага не было ў Iванавых вачах. З каламутных, якiя былi ў Грыбаедаве, яны ператварылiся ў ясныя, ранейшыя.

"Браточкi, - спалохана падумаў Рохiн, - ды ён i сапраўды нармальны! Вось дурнота якая! Навошта ж мы тады, сапраўды, прывалаклi яго сюды? Нармальны, нармальны, толькi морда аблупленая..."

- Вы знаходзiцеся, - спакойна загаварыў доктар i сеў на белую табурэтку на блiскучай назе, - не ў вар'яцкiм доме, а ў клiнiцы, дзе вас нiхто не будзе затрымлiваць, калi няма патрэбы.

Iван Мiкалаевiч зiрнуў скоса i недаверлiва, але ўсё ж прабурчаў:

- Слава богу! Знайшоўся хоць адзiн нармальны сярод iдыётаў, найпершы з якiх - балбес i бездар Сашка!

- Хто гэта Сашка-бездар? - пацiкавiўся доктар.

- А вось ён, Рохiн! - адказаў Iван i тыцнуў брудным пальцам у Рохiна.

Той успыхнуў ад абурэння.

"Гэта ён мне заместа дзякуй, - горка падумаў ён, - за тое, што я рашыў дапамагчы яму! На самай справе брыдота!"

- Тыповы кулачок па сваёй псiхалогii, - загаварыў Iван Мiкалаевiч, якому прыспiчыла выкрыць Рохiна, - i прытым кулачок, якi старанна маскiруецца пад пралетарыя. Паглядзiце на яго посную фiзiяномiю i параўнайце з тымi крыклiвымi вершамi, якiя ён выдумляе да святаў! Хэ-хэ-хэ... "Узвейцеся!" ды "развейцеся!,"... а вы ў нутро яму зiрнiце - што ён там думае... вы ахнеце! i Iван Мiкалаевiч злавесна засмяяўся.

Рохiн цяжка соп, быў чырвоны i думаў толькi пра тое, што ён прыгрэў у сябе на грудзях змяю, што ён рашыў дапамагчы таму, хто напавер аказаўся лютым ворагам. I галоўнае, што нiчога не зробiш: не будзеш жа сварыцца з вар'ятам?!

- А чаму вас, скажыце, прывезлi да нас? - спытаўся доктар пасля таго, як уважлiва выслухаў выкрыццё.

- Ды чорт iх ведае, дурняў! Схапiлi, звязалi нейкiмi анучамi i павалаклi на грузавiку!

- Дазвольце спытацца, а чаму вы ў рэстарацыю прыйшлi ў адной бялiзне?

- А што тут такога, - адказаў Iван, - пайшоў я купацца на Маскву-раку, ну i свiснулi маё адзенне, а гэтыя рызманы пакiнулi! Не голым жа мне па Маскве iсцi? Надзеў, што было, таму што спяшаўся ў рэстарацыю да Грыбаедава.

Доктар запытальна паглядзеў на Рохiна, i той пахмура прамармытаў:

- Рэстарацыя гэтак называецца.

- Ага, - сказаў доктар, - а чаму вы спяшалiся? Спатканне якое?

- Кансультанта я лаўлю, - адказаў Iван Мiкалаевiч i трывожна азiрнуўся.

- Якога кансультанта?

- Вы Берлiёза ведаеце? - спытаўся Iван шматзначна.

- Гэта... кампазiтар? Iван засмуцiўся.

- Якi кампазiтар? А, ды не! Кампазiтар - гэта супадзенне з прозвiшчам Мiшы Берлiёза!

Рохiну не хацелася нiчога гаварыць, але даводзiлася тлумачыць.

- Сакратара МАССАЛIТа Берлiёза сёння вечарам зарэзала трамваем на Патрыярхавых.

- Не гавары пра тое, чаго не ведаеш! - раззлаваўся на Рохiна Iван. - Я, а не ты быў там! Ён яго знарок пад трамвай прыстроiў!

- Папхнуў?

- Ды пры чым тут "папхнуў"? - злаваўся на агульную бесталковасць Iван. Яму i папiхаць не трэба! Ён гэтакiя штукi можа вытварыць, што толькi трымайся! Ён зараней ведаў, што Берлiёз трапiць пад трамвай!

- А хто-небудзь, акрамя вас, бачыў гэтага кансультанта?

- Вось у тым i бяда, што толькi я i Берлiёз.

- Так. I якiя ж меры вы прынялi, каб затрымаць забойцу? - тут доктар завярнуўся i кiнуў позiрк на жанчыну ў белым халаце, якая сядзела збоч за столiкам. Тая дастала лiст з шуфлядкi i пачала запаўняць пустыя мясцiны ў графах.

- Меры вось якiя. Узяў я на кухнi свечачку...

- Вось гэту? - спытаўся доктар i паказаў на паломаную свечку, якая ляжала побач з iконкай на стале перад жанчынаю.

- Гэтую i...

- А навошта iконка?

- Ага, i iконка... - Iван пачырванеў, - iконка больш за ўсё i спалохала, ён зноў пальцам паказаў на Рохiна, - але справа ў тым, што ён, кансультант, ён, скажам шчыра... знаецца з нячыстаю сiлаю... i проста так яго не зловiш.

Санiтары чамусьцi выцягнулi рукi па швах i не спускалi вачэй з Iвана.

- Ага, - працягваў Iван, - знаецца! Тут факт бясспрэчны. Ён асабiста з Понцiем Пiлатам размаўляў. Ды не глядзiце вы гэтак на мяне! Праўду гавару! Усё бачыў - i балкон, i пальмы! Быў, адным словам, у Понцiя Пiлата, я ручаюся.

- Ну, ну...

- Ну, значыць, я iконку на грудзi прычапiў i пабег...I тут гадзiннiк ударыў двойчы.

- Эге, - усклiкнуў Iван i ўстаў з канапы, - дзве гадзiны, а я з вамi час марную! Я прашу прабачэння, дзе тэлефон?