19762.fb2 Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 21

Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 21

Кароўеў адразу ж выхапiў блакнот i залiхвацка выпiсаў Мiканору Iванавiчу кантрамарачку на дзве асобы на першым радзе. I гэту кантрамарачку перакладнiк леваю рукою спрытна ўсунуў Мiканору Iванавiчу, а праваю ўклаў у руку старшынi тоўсты хрусткi пачак. Мiканор Iванавiч кiнуў на яго вокам, густа пачырванеў i пачаў адпiхаць ад сябе.

- Гэтага не паложана... - мармытаў ён.

- I слухаць не буду, - зашаптаў яму на вуха Кароўеў, - у нас не палагаецца, а за мяжой палагаецца. Вы пакрыўдзiце яго, Мiканор Iванавiч, а гэта няёмка. Вы працавалi...

- Строга праследуецца... - цiхенька прашаптаў старшыня i азiрнуўся.

- А сведкi дзе? - шапнуў на другое вуха Кароўеў. - Я ў вас пытаюся, дзе яны? Што вы?

I тут здарылася, як сцвярджаў потым старшыня, дзiва: пачак сам сабою ўпоўз яму ў партфель. Потым старшыня, нейкi расслаблены i нават разбiты, апынуўся на лесвiцы. Вiхор думак бушаваў у яго ў галаве. У iм круцiлiся i вiла ў Нiцы, i дрэсiраваны кот, i думка пра тое, што сведкаў сапраўды не было, i што Пелагея Антонаўна будзе рада кантрамарцы. Гэта былi блытаныя думкi, але ў цэлым прыемныя. I разам з тым нейкая iголачка ў самай глыбiнi душы паколвала старшыню. Гэта была iголачка трывогi. Акрамя ўсяго, тут, на лесвiцы, старшыню, як удар, працяла думка: "А як трапiў у кабiнет перакладнiк, калi на дзвярах была пячатка?! I як гэта ён, Мiканор Iванавiч, пра гэта не папытаўся?" Нейкi час старшыня, як баран, глядзеў на прыступкi лесвiцы, але потым вырашыў напляваць на ўсё гэта i не мучыць сябе непатрэбнымi пытаннямi...

Ледзь толькi старшыня выйшаў з кватэры, са спальнi даляцеў густы голас:

- Мне гэты Мiканор Iванавiч не спадабаўся. Ён абармот i ашуканец. Цi нельга зрабiць так, каб ён больш не прыходзiў сюды?

- Месiр, вам варта толькi загадаць!.. - адгукнуўся аднекуль Кароўеў, але не дрыготкiм, а чыстым i гучным голасам.

I адразу ж пракляты перакладнiк апынуўся ў пярэднiм пакоi, накруцiў там тэлефонны нумар i пачаў чамусьцi плаксiва гаварыць у слухаўку:

- Галё! Лiчу, што мой абавязак паведамiць, што наш старшыня жылтаварыства дома нумар трыста два-бiс на Садовай, Мiканор Iванавiч Босы, спекулюе валютаю. Зараз у яго ў кватэры нумар трыццаць пяць, у прыбiральнi, у газетнай паперы чатырыста даляраў. Гаворыць жыхар адзначанага дома з кватэры нумар адзiнаццаць Цiмафей Квасцоў. Але богам прашу трымаць маё прозвiшча ў тайне. Баюся помсты вышэйназванага старшынi.

I нягоднiк павесiў слухаўку.

Што далей адбывалася ў кватэры No 50 невядома, што ў кватэры Мiканора Iванавiча - вядома. Ён зашчапiўся дома ў прыбiральнi, дастаў з партфеля пачак, пераканаўся, што ў iм чатырыста рублёў. Гэты пачак Мiканор Iванавiч закруцiў у абрывак газеты i сунуў у вентыляцыйную адтулiну.

Праз пяць хвiлiн старшыня сядзеў за сталом у сваёй чысценькай маленькай сталоўцы. Жонка яго прынесла з кухнi акуратна парэзанага селядца, густа пасыпанага зялёнаю цыбуляю. Мiканор Iванавiч налiў у лафiтнiчак гарэлкi, выпiў, другi раз налiў, выпiў, падхапiў на вiдэлец тры кавалачкi селядца... i ў гэты час пазванiлi, а Пелагея Антонаўна прынесла рондаль, глянуўшы на якi абавязкова i адразу здагадаешся, што ў iм, у гушчы вогненнага баршчу, знаходзiцца тое, смачней за што няма на свеце, - мазгавая костка.

Мiканор Iванавiч скаўтнуў слiну i правурчаў, як сабака:

- А каб вы правалiлiся! Пад'есцi не дадуць. Не ўпускай нiкога, мяне няма дома. Наконт кватэры скажы, каб перасталi балбатаць. Праз тыдзень будзе паседжанне...

Жонка пабегла ў пярэднi пакой, а Мiканор Iванавiч апалонiкам павалок з вогненнага возера - яе, костку, трэснутую ўдоўжкi. Але ў гэтае iмгненне ў сталоўку ўвайшлi двое грамадзян, а за iмi чамусьцi спалатнелая Пелагея Антонаўна. Як толькi глянуў на грамадзян, адразу ж спалатнеў i Мiканор Iванавiч. I ўстаў.

- Дзе сарцiр? - заклапочана сказаў першы, якi быў у касаваротцы.

На стале нешта грукнула (гэта Мiканор Iванавiч упусцiў лыжку на стол).

- Тут, тут, - скоранька загаварыла Пелагея Антонаўна.

I прышлыя адразу ж памкнулiся ў калiдор.

- А што такое? - цiха спытаўся Мiканор Iванавiч, якi iшоў следам. - У нас нiчога такога ў кватэры быць не можа... а ў вас дакуменцiкi... я прашу прабачэння...

Першы на хаду паказаў Мiканору Iванавiчу дакуменцiкi, а другi ўжо стаяў на табурэтцы ў прыбiральнi з рукою ў вентыляцыйным ходзе. У вачах у Мiканора Iванавiча пацямнела. Газету разгарнулi, але ў ёй аказалiся не рублi, а невядомыя грошы, не то сiнiя, не то зялёныя, з партрэтам нейкага старога. Мiж iншым, усё гэта Мiканор Iванавiч бачыў ужо цьмяна, у вачах у яго плавалi нейкiя плямы, плямы.

- Даляры ў вентыляцыi, - задумлiва сказаў першы i спытаўся ў Мiканора Iванавiча ветлiва: - Ваш пакецiк?

- Не! - адказаў Мiканор Iванавiч страшным голасам. - Вораг падкiнуў!

- Гэта бывае, - згадзiўся той, першы, i зноў мякка дадаў: - Ну што ж, трэба здаваць i астатнiя.

- Няма ў мяне! Няма, богам клянуся, нiколi ў руках не трымаў! - адчайна ўскрыкнуў старшыня.

Ён кiнуўся да куфра, дастаў партфель i ўвесь час мармытаў незразумелае:

- Вось кантракт... перакладнiк-гад падкiнуў... Кароўеў у пенснэ!

Ён расшпiлiў партфель, зiрнуў у яго, усунуў руку, пасiнеў з твару, упусцiў партфель у боршч. У партфелi нiчога не было: нi Сцёпкавага пiсьма, нi кантракта, нi чужаземцавага пашпарта, нi грошай, нi кантрамаркi. Нiчога, словам, акрамя складнога метра.

- Таварышы! - дзiка закрычаў старшыня. - Трымайце iх! У нашым доме нячыстая сiла!

I тут зусiм невядома што здалося Пелагеi Антонаўне, але яна ўспляснула рукамi, ускрыкнула:

- Пакайся, Iванавiч! Табе скiдка выйдзе!

З набеглымi крывёй вачыма Мiканор Iванавiч падняў кулакi над жончынай галавою:

- У-у, дура праклятая!

Тут ён аслабеў i апусцiўся на крэсла, мабыць, вырашыў пакарыцца непазбежнаму.

У гэты час Цiмафей Кандратавiч Квасцоў на пляцоўцы прыпадаў да замочнае адтулiны старшынёвае кватэры то вухам, то вокам i канаў ад цiкаўнасцi.

Праз пяць хвiлiн жыхары дома, якiя былi ў двары, бачылi, як старшыня з двума чалавекамi пайшоў проста ў вароты дома. Расказвалi, што на Мiканору Iванавiчу i твару не было, што ён хiстаўся, як п'яны, i нешта мармытаў.

А яшчэ праз гадзiну невядомы грамадзянiн з'явiўся ў кватэру нумар адзiнаццаць, якраз у той час, калi Цiмафей Кандратавiч, захлёбваючыся ад задавальнення, расказваў iншым жыхарам пра тое, як замялi старшыню, пальцам паклiкаў Цiмафея Кандратавiча ў пярэднi пакой, нешта яму сказаў i знiк разам з iм.

Раздзел 10

ВЕСТКI З ЯЛТЫ

У гэты час, калi адбылося няшчасце з Мiканорам Iванавiчам, недалёка ад дома No 302-бiс, усё на той самай Садовай, у кабiнеце фiнансавага дырэктара Вар'етэ Рымскага знаходзiлiся двое: сам Рымскi i адмiнiстратар Вар'етэ Варэнуха.

Вялiкi кабiнет на другiм паверсе тэатра двума вокнамi выходзiў на Садовую, адным, якраз за плячыма ў фiндырэктара, якi сядзеў за пiсьмовым сталом, у летнi сад, на Вар'етэ, дзе размяшчалiся буфеты, цiр i адкрытая эстрада. Упрыгожвалi кабiнет, акрамя пiсьмовага стала, старыя афiшы, якiя вiселi на сцяне, маленькi столiк з графiнам вады, чатыры крэслы i падстаўка ў куце, на якой стаяў стары запылены макет нейкага вiдовiшча. Ну, i само сабой разумеецца, што, акрамя гэтага, была ў кабiнеце невялiкая аблупленая незгаральная каса, леваруч ад Рымскага, побач з пiсьмовым сталом.

Рымскi, якi сядзеў за сталом, зранку быў у дрэнным настроi, а Варэнуха, наадварот, быў ажыўлены, вясёлы i падазрона дзейсны. Але выйсця ягоная энергiя не знаходзiла.

Варэнуха хаваўся цяпер у кабiнеце фiндырэктара ад кантрамарачнiкаў, якiя не давалi яму продыху, асаблiва калi мянялася праграма. А сёння якраз i быў такi дзень.

Як толькi пачынаў звiнець тэлефон, Варэнуха браў слухаўку i хлусiў у яе:

- Хто? Варэнуха? Яго няма. Некуды пайшоў з тэатра.

- Патэлефануй ты, калi ласка, яшчэ раз Лiхадзееву, - раззлавана сказаў Рымскi.

- Ды няма яго дома. Я Карпава туды пасылаў. Нiкога няма ў кватэры.

- Халера ведае што творыцца, - шыпеў Рымскi i пстрыкаў лiчыльнаю машынкаю.