19762.fb2
- А, - заiкаючыся, прамовiў ён, - а калi яны зноў...
- Гм... - задумаўся артыст, - ну тады прыходзьце да нас яшчэ. Калi ласка! Рады быў пазнаёмiцца.
Адразу ж выскачыў з кабiнета Кароўеў, ухапiў буфетчыка за руку, пачаў трэсцi яе i прасiць Андрэя Фокавiча ўсiм, усiм перадаваць прывiтаннi. Буфетчык нiчога ўжо не цямiў i рушыў з пакоя.
- Гела, правядзi! - крычаў Кароўеў.
Зноў гэтая рыжая i голая ў пярэднiм пакоi! Буфетчык працiснуўся ў дзверы, пiскнуў "да пабачэння" i, як п'яны, пайшоў унiз па лесвiцы. Потым ён спынiўся, сеў на прыступку, дастаў пакет, праверыў - чырвонцы былi на месцы.
Якраз з кватэры, якая выходзiла на пляцоўку, паказалася жанчына з зялёнаю сумкаю. Угледзела чалавека, якi сядзеў на прыступцы i тупа глядзеў на чырвонцы, усмiхнулася i сказала задумёна:
- Што ў нас за дом! З самай ранiцы п'яныя. Зноў шкло выбiлi на лесвiцы, прыгледзелася ўважлiва да буфетчыка i дадала: - Во, ды ў вас, грамадзянiн, грошай як трэсак. Даў бы мне крыху! Га?
- Адчапiся ад мяне, богам прашу, - спалохаўся буфетчык i хуценька схаваў грошы. Жанчына засмяялася:
- Ну цябе к чорту, скнара! Пажартавала я, - i пайшла ўнiз.
Буфетчык паволi ўстаў, падняў руку, каб паправiць капялюш, i пераканаўся, што яго няма на галаве. Жахлiва не хацелася вяртацца, але капелюша шкода было. Ён памуляўся крыху i вярнуўся ўсё ж, пазванiў.
- Чаго яшчэ? - спыталася праклятая Гела.
- Капялюшык я забыў, - шапнуў буфетчык i тыцнуў сябе ў лысiну.
Гела завярнулася, буфетчык у думках плюнуў, заплюшчыў вочы. Калi расплюшчыў iх, убачыў, што Гела падае яму яго капялюш i шпагу з цёмнаю ручкаю.
- Не маё, - шапнуў буфетчык, адапхнуў шпагу i хуценька надзеў капялюш.
- А хiба вы без шпагi прыйшлi? - здзiвiлася Гела.
Буфетчык штосьцi мармынуў i заспяшаўся ўнiз. Але галаве было чамусьцi нязручна i залiшне горача ў капелюшы; ён зняў яго i ажно падскочыў ад перапалоху, цiхенька ўскрыкнуў. У руках у яго быў аксамiтны берэт з пеўневым пакамечаным пяром. Буфетчык перахрысцiўся. I ў тое ж самае iмгненне берэт мяўкнуў, ператварыўся ў чорнае кацянё i ўскочыў назад на голаў Андрэю Фокавiчу, усiмi кiпцюрамi ўпiўся ў лысiну. Буфетчык адчайна залямантаваў i бегма кiнуўся ўнiз, а кацянё звалiлася з галавы i кiнулася ўгору па прыступках.
Вырваўшыся на свежае паветра, буфетчык подбегам i назаўсёды пакiнуў гэты д'ябальскi дом No 302-бiс.
Добра вядома, што з iм адбылося потым. Як толькi вырваўся за падваротню, буфетчык шалёна азiрнуўся, нiбы штосьцi шукаў. Праз хвiлiну ён быў на другiм баку вулiцы ў аптэцы. Не ўспеў ён прамовiць: "Скажыце, калi ласка..." - як жанчына за прылаўкам усклiкнула:
- Грамадзянiн! У вас ўся галава парэзана!..
Праз хвiлiн пяць буфетчык быў перабiнтаваны марляю, Даведаўся, што лепшымi спецыялiстамi па хваробах печанi з'яўляюцца прафесары Бернадскi i Кузьмiн, спытаўся, хто блiжэйшы, засвяцiўся ад радасцi, калi даведаўся, што Кузьмiн жыве лiтаральна цераз двор, у маленькiм беленькiм асабнячку, i праз дзве хвiлiны быў у гэтым асабнячку. Памяшканне было старое, але вельмi ўтульнае. Запомнiў буфетчык, што першай трапiлася насустрач старэнькая нянька, якая хацела ўзяць у яго капялюш, але капелюша не было, нянька пайшла кудысьцi, шамкаючы бяззубым ротам.
Замест яе з'явiлася побач з люстрам i, здаецца, пад нейкаю нават аркаю, жанчына сярэдняга ўзросту i адразу сказала, што запiсацца можна толькi на дзевятнаццатае, не раней. Буфетчык адразу змiкiцiў, у чым выратаванне. Зiрнуў патухлым вокам за арку, дзе ў прыхожым пакоi чакалi чалавекi тры, шапнуў:
- Смяротна хворы...
Жанчына здзiўлена паглядзела на забiнтаваную галаву буфетчыка, падумала i сказала:
- Ну што ж... - i прапусцiла буфетчыка за арку.
У тое самае iмгненне супрацьлеглыя дзверы адчынiлiся, у iх блiснула залатое пенснэ, жанчына ў халаце сказала:
- Грамадзяне, гэты чалавек пойдзе без чаргi...
I не паспеў буфетчык аглянуцца, як ён апынуўся ў кабiнеце прафесара Кузьмiна. Нiчога страшнага, урачыстага i медыцынскага не было ў гэтым прадаўгаватым пакоi.
- Што ў вас? - спытаўся прыемным голасам прафесар Кузьмiн i з трывогай зiрнуў на забiнтаваную галаву.
- Толькi што дакладна даведаўся, - адказаў буфетчык i здзiчэла паглядзеў на нейкую фатаграфiчную групу за шклом, - што ў лютым наступнага года памру ад рака печанi. Прашу спынiць.
Прафесар Кузьмiн як сядзеў, гэтак i адкiнуўся да высокае гатычнае спiнкi крэсла.
- Прабачце, не разумею вас... вы што, у доктара былi? Чаму ў вас галава забiнтаваная?
- У якога доктара?.. Бачылi б вы таго доктара! - зубы ў яго раптоўна заляскалi. - А на голаў не звяртайце ўвагi, не мае дачынення, - адказаў буфетчык, - на галаву плюньце, яна тут нi пры чым. Рак печанi прашу спынiць.
- Выбачайце, але хто вам гэта сказаў?
- Яму трэба верыць, - палка папрасiў буфетчык, - ён ведае!
- Нiчога не разумею, - прафесар пацiснуў плячыма i разам з крэслам ад'ехаў ад стала. - Як гэта ён можа ведаць, калi вы памраце? Болей таго, ён не доктар!
- У чацвёртай палаце, - адказаў буфетчык.
I тут прафесар паглядзеў на свайго пацыента, на яго голаў, на яго вiльготныя штаны i падумаў: "Вось яшчэ не хапала! Вар'ят!" Спытаўся:
- Вы п'яце гарэлку?
- Нiколi i ў рот не браў, - адказаў буфетчык.
Праз хвiлiну ён быў распрануты, ляжаў на халоднай цыратавай канапе, i прафесар цiскаў яму жывот. Тут трэба сказаць, што наш буфетчык павесялеў. Прафесар катэгарычна сцвярджаў, што зараз, у крайнiм выпадку, на гэты момант, нiякiх прыкметаў раку ў яго няма. Але калi атрымалася, што нейкi прайдзiсвет яго напалохаў i ён баiцца, то трэба зрабiць усе аналiзы... Прафесар шпарыў па паперках, тлумачыў, куды пайсцi i што аднесцi. Акрамя таго, ён даў запiску да прафесара-неўрапатолага Бурэ, растлумачыў буфетчыку, што нервы ў яго зусiм дрэнныя.
- Колькi вам заплацiць, прафесар? - пяшчотным i трапяткiм голасам спытаўся буфетчык i дастаў тоўсты кашалёк.
- Колькi хочаце, - коратка i суха адказаў прафесар.
Буфетчык дастаў трыццаць рублёў i паклаў iх на стол, а потым нечакана мякка, як быццам кашачаю лапкаю, паклаў наверх чырвонцаў слупок, якi металiчна дзынкнуў.
- А гэта што? - спытаўся Кузьмiн i падкруцiў вусы.
- Не грэбуйце, грамадзянiн прафесар, - прашаптаў буфетчык, - малю вас спынiце рак.
- Забярыце зараз жа ваша золата, - сказаў прафесар з гонарам за сябе самога, - вы лепш пра нервы свае падумалi б. Заўтра аддайце мачу на аналiз, не пiце многа гарбаты i ешце зусiм без солi.
- Нават суп не салiць? - спытаўся буфетчык.
- Нiчога не салiць, - загадаў Кузьмiн.
- Эх!.. - сумна ўсклiкнуў буфетчык, замiлавана паглядзеў на прафесара, забраў дзесяткi i задам адступiў да дзвярэй.