19762.fb2 Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 47

Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 47

- Не скажу, - суха адказаў Азазела.

- А вы ведаеце хоць што-небудзь пра яго? - з мальбою зашаптала Маргарыта.

- Ну, няхай будзе ведаю.

- Малю вас: скажыце толькi адно - ён жывы? Не мучце мяне.

- Ну, жывы, жывы, - неахвотна адазваўся Азазела.

- Божачка!

- Калi ласка, не хвалюйцеся i не крычыце, - пахмура сказаў Азазела.

- Даруйце, даруйце, - мармытала пакорлiвая Маргарыта, - я, вядома, раззлавалася на вас. Але, пагадзiцеся, калi на вулiцы запрашаюць жанчыну некуды ў госцi... Я не старамодная, запэўнiваю вас, - Маргарыта нявесела ўсмiхнулася, - але я нiколi не сустракалася з чужаземцамi, i сустракацца ў мяне з iмi няма нiякае ахвоты... i, акрамя таго, мой муж... Мая драма ў тым, што я жыву з тым, каго не кахаю, але псаваць яму жыццё не хачу. Ад яго я нiчога не мела, акрамя дабра...

Азазела з паказным сумам слухаў гэтае блытанае мармытанне i сурова сказаў:

- Прашу вас, памаўчыце хвiлiнку.

Маргарыта пакорлiва замоўкла.

- Я запрашаю вас да чужаземца зусiм бяспечнага. I нiводная душа не будзе ведаць пра гэтае наведванне. Вось за гэта я магу паручыцца.

- А навошта я яму? - лiслiва спыталася Маргарыта.

- Пра гэта вы даведаецеся пазней.

- Разумею... Я павiнна буду аддацца яму, - сказала Маргарыта задумлiва.

У адказ на гэта Азазела пагардлiва хмыкнуў i адказаў:

- Любая жанчына ў свеце, магу запэўнiць вас, толькi i марыла б пра гэта, твар Азазелы скрывiўся ад смяшку, - але я расчарую вас, гэтага не будзе.

- I што гэта за чужаземец такi? - разгублена ўсклiкнула Маргарыта гэтак моцна, што на яе азiрнулiся мiнакi. - I што за iнтарэс мне iсцi да яго?

Азазела нахiлiўся да яе i шматзначна шапнуў:

- Ну, iнтарэс, скажам, вялiкi... Вы скарыстаеце выпадак...

- Што? - усклiкнула Маргарыта, i вочы ў яе зрабiлiся круглыя. - Калi я вас правiльна зразумела, вы намякаеце на тое, што я магу даведацца пра яго?

Азазела моўчкi кiўнуў галавой.

- Еду! - цвёрда ўсклiкнула Маргарыта i ўхапiла Азазелу за руку. - Еду куды хочаце!

Азазела з палёгкаю аддыхаўся, адкiнуўся да спiнкi, закрыў плячыма выразанае вялiкiмi лiтарамi "Нюра" i загаварыў iранiчна:

- Цяжкi народ гэтыя жанчыны! - ён усунуў рукi ў кiшэнi i далёка наперад выцягнуў ногi. - Нашто, напрыклад, мяне паслалi? Няхай бы Бегемот хадзiў, ён прыгожы, абаяльны...

Маргарыта загаварыла, кiсла i па-жабрачы ўсмiхаючыся:

- Досыць вам мучыць мяне мiстыфiкацыямi i загадкамi... Я чалавек i так няшчасны, а вы выкарыстоўваеце гэта. Улажу я ў нейкую дзiўную гiсторыю, але, клянуся, толькi таму, што вы спакусiлi мяне словамi пра яго! У мяне галава кругам iдзе ад усiх гэтых бед...

- Не драматызуйце, не драматызуйце, - адазваўся Азазела i скрывiў морду, мяне таксама зразумець трэба. Даць па мордзе адмiнiстратару, выгнаць дзядзьку з дома, альбо падстрэлiць каго-небудзь, цi яшчэ якую дробязь зрабiць, гэта мая непасрэдная спецыяльнасць, але размаўляць з закаханымi жанчынамi - злiтуйцеся. Я ўжо вас паўгадзiны ўломлiваю. Дык едзеце?

- Еду, - проста адказала Маргарыта Мiкалаеўна.

- Тады, калi ласка, трымайце, - Азазела дастаў з кiшэнi круглую залатую каробачку, падаў яе Маргарыце i сказаў: - Ды схавайце, а то мiнакi глядзяць. Яна вам спатрэбiцца, Маргарыта Мiкалаеўна. Вы вельмi пастарэлi ад гора за апошнiя паўгода. (Маргарыта ўспыхнула, але нiчога не сказала, а Азазела працягваў.) Сёння вечарам, роўна а палове дзесятай, майце ласку, раздзеўшыся дагала, нацерцi гэтай маззю твар i ўсё цела. Далей можаце рабiць што хочаце, але не адыходзьце ад тэлефона. У дзесяць я пазваню вам i скажу пра ўсё, што трэба. Вы не будзеце мець нiякага клопату, вас прывязуць куды патрэбна, i вам нiчога не зробяць благога. Зразумела?

Маргарыта памаўчала i сказала:

- Зразумела. Гэтая рэч з чыстага золата, адчуваецца на вагу. Ну што ж, я цудоўна разумею, што мяне купляюць i ўкручваюць у нейкую непрыстойную гiсторыю, за гэта я дорага заплачу.

- Ну, ды што ж гэта такое? Вы зноў за сваё? - амаль зашыпеў Азазела.

- Не, пачакайце!

- Аддайце назад памаду.

Маргарыта мацней сцiснула ў руцэ каробачку i працягвала:

- Не, пачакайце... Я ведаю, на што згаджаюся. Але згаджаюся з-за яго, таму болей спадзявацца няма на што ва ўсiм белым свеце. Але я хачу сказаць вам, што калi загубiце мяне, вам будзе сорамна! Сорамна! Я гiну з-за кахання! Маргарыта ўдарыла сябе ў сэрца i падняла вочы на сонца.

- Аддайце назад, - злосна шыпеў Азазела, - аддайце назад, i на д'ябла мне ўсё гэта. Няхай пасылаюць Бегемота.

- Э, не! - працягвала Маргарыта, мiнакi здзiўлена азiралiся на яе. - Я згодная на ўсё, згодная на гэту камедыю з намазваннем, згодная да чорта на рогi. Не аддам!

- Во! - раптоўна зароў Азазела, вытрашчыўся на садовую рашотку i паказаў пальцам.

Маргарыта павярнулася туды, куды паказваў Азазела, але нiчога там не заўважыла. Тады яна адвярнулася назад да Азазелы, каб растлумачыў сваё недарэчнае "Во!", але тлумачыць не было каму: таямнiчы субяседнiк Маргарыты Мiкалаеўны знiк. Маргарыта хуценька сунула руку ў сумачку, куды схавала каробачку, i пераканалася, што яна там. Тады Маргарыта Мiкалаеўна бяздумна пабегла прэч з Аляксандраўскага саду.

Раздзел 20

КРЭМ АЗАЗЕЛЫ

Поўня ў вячэрнiм чыстым небе вiсела, бачная скрозь кляновае голле. Лiпы i акацыi размалёўвалi зямлю стракатым плямiстым карункам. Акно было адчынена, завешана фiранкай, але свяцiлася шалёным электрычным святлом. У спальнi ў Маргарыты Мiкалаеўны гарэлi ўсе свяцiльнiкi i асвятлялi поўны рэзрух. На ложку на коўдры ляжалi сарочкi, панчохi, бялiзна, пакамечаная бялiзна валялася на падлозе побач з растаптаным у мiтуснi папяросным карабком. Туфлi стаялi на начным столiку, побач з недапiтым кубачкам кавы i попельнiцай, у якой дымiўся недакурак, на спiнцы крэсла вiсела чорная вячэрняя сукенка. У пакоi пахла духамi, акрамя гэтага, патыхала аднекуль нагрэтым прасам.

Маргарыта Мiкалаеўна сядзела перад трумо ў адным купальным халаце, ускiнутым на голае цела, у замшавых чорных туфлях. Залатая бранзалетка з гадзiннiкам ляжала перад Маргарытай Мiкалаеўнай, побач з каробачкаю, якую яна атрымала ад Азазелы, i Маргарыта не адводзiла вачэй ад цыферблата. Часам ёй пачынала мроiцца, што гадзiннiк зламаўся i стрэлкi спынiлiся. Але яны рухалiся, хаця i павольна, быццам прыклейвалiся, i нарэшце доўгая стрэлка легла на дваццаць дзевятую хвiлiну. Маргарыцiна сэрца моцна грукнула, гэтак, што яна не магла адразу ўзяцца за каробачку. Саўладала з сабою, адчынiла i ўбачыла ў каробачцы тлусты жаўтлявы крэм. Ёй здалося, што запахла балотнаю тванню. Кончыкам пальца Маргарыта паклала невялiкi мазок крэма на далоню, i адразу яшчэ мацней запахла балотнымi травамi i лесам, потым далонямi пачала расцiраць крэм па лбе, па шчоках. Крэм лёгка мазаўся i, як здалося Маргарыце, адразу i выпараўся. Пасля некалькiх расцiранняў Маргарыта зiрнула ў люстра i ўпусцiла каробачку проста на шкло гадзiннiка, i тое адразу пакрылася трэшчынамi. Маргарыта заплюшчыла вочы, потым зiрнула яшчэ раз i гучна засмяялася.

Вышчыпаныя па краях у нiтачку пiнцэтам бровы пагусцелi i чорнымi роўнымi дугамi леглi над зазелянелымi вачыма. Тонкая вертыкальная маршчынка над пераноссем, якая з'явiлася тады, у кастрычнiку, калi не стала майстра, знiкла бясследна. Знiклi i жоўтыя ценi ля скроняў, i дзве ледзь прыкметныя сетачкi маршчынак ля воч. Скура на шчоках налiлася роўным ружовым колерам, лоб зрабiўся белы i чысты, а завiўка рассыпалася. На трыццацiгадовую Маргарыту з люстра глядзела ад прыроды кучаравая чорнавалосая жанчына гадоў дваццацi, нястрымна рагатала, скалiла зубы.

Нарагатаўшыся, Маргарыта выскачыла з халата, адным махам зачарпнула лёгкi тлусты крэм i пругкiмi мазкамi пачала расцiраць яго па ўсiм целе. Яно адразу паружавела i загарэлася. Потым iмгненна, быццам з мазгоў выцягнулi iголку, сцiхла боль у скронi, якая не пакiдала ўвесь вечар пасля спаткання ў Аляксандраўскiм садзе, мускулы рук i ног памацнелi, а потым усё Маргарыцiна цела стала бязважкiм.

Яна падскочыла i павiсла ў паветры невысока над дываном, потым яе паволi пацягнула ўнiз i яна апусцiлася.

- Вось дык крэм! Вось дык крэм! - закрычала Маргарыта i кiнулася на крэсла.

Расцiранне змянiла яе не толькi знешне. Цяпер ва ўсёй ёй, у кожнай частачцы цела ўскiпала радасць, якую яна адчувала, як паветраныя бурбалачкi, якiя паколваюць па ўсiм целе. Маргарыта адчула сябе вольнай, вольнай ад усяго. Акрамя гэтага, яна даволi выразна зразумела, што здарылася якраз тое, пра што яшчэ зранку гаварыла прадчуванне, i што яна пакiдае гэты асабняк i гэтае жыццё назаўсёды. Але ад былога жыцця ўсё ж адкалолася адна думка пра тое, што трэба споўнiць адзiн апошнi абавязак перад пачаткам чагосьцi новага, незвычайнага, якое iмкнула ўгору, у паветра. I яна, голая, са спальнi перабегла ў мужаў кабiнет, запалiла святло, кiнулася да пiсьмовага стала. На вырваным з блакнота аркушы яна хутка, буйна i без памылак напiсала запiску: "Даруй мне i як мага хутчэй забудзь. Я пакiдаю цябе навек. Не шукай мяне, гэта будзе марна. Я стала ведзьмаю ад гора i бед, якiя абрынулiся на мяне. Мне час. Бывай. Маргарыта".