19762.fb2
- Што, прыгожая? - моцна крыкнула ахрыплым голасам Маргарыта.
- Як гэта? - шаптала Наташа i адступалася назад. - Як вы гэта робiце, Маргарыта Мiкалаеўна?
- Гэта крэм! Крэм, крэм, - адказала Маргарыта, паказала на залатую каробачку i павярнулася перад люстрам.
Наташа забылася пра пакамечаныя сукенкi на падлозе, падбегла да трумо, прагнымi вачыма вытрашчылася на астаткi крэму. Вусны яе нешта шапталi. Яна зноў завярнулася да Маргарыты Мiкалаеўны i прамовiла з нейкiм утрапеннем:
- Скура! Скура, га? Маргарыта Мiкалаеўна, ваша скура ажно свецiцца. - Тут яна апамяталася, падбегла да адзення i пачала абтрэсваць яго.
- Кiньце! Кiньце! - крычала ёй Маргарыта. - На чорта яно, усё кiньце! Хаця не, бярыце яго сабе на памяць. Кажу, на памяць бярыце! Усё забiрайце, што тут ёсць!
Наташа аслупянела, глядзела на Маргарыту, потым павiсла ў яе на шыi, цалавала i крычала:
- Атласная! Свецiцца! Атласная! А бровы, бровы якiя!
- Бярыце ўсе анучы, бярыце духi i цягнiце да сябе ў куфэрак, хавайце, крычала Маргарыта, - але каштоўнасцей не бярыце, а то абвiнавацяць у кражы.
Наташа згрэбла ў клунак усё, што ёй трапляла пад руку - сукенкi, туфлi, панчохi, бялiзну, i вылецела прэч са спальнi.
У гэты час, аднекуль з другога боку завулка, з адчыненага акна вырваўся i паляцеў грамавы вiртуозны вальс, i пачулася пыхканне машыны, якая пад'ехала да варот.
- Хутка пазвонiць Азазела! - усклiкнула Маргарыта, слухаючы вальс з завулка. - Ён пазвонiць! Ён пазвонiць! А чужаземец не шкодны. Цяпер я разумею, што ад яго не будзе шкоды!
Машына зашумела, ад'ехала ад варот. Грукнулi варотцы, па плiтках на сцяжынцы пачулiся крокi.
"Гэта Мiкалай Iванавiч, па хадзе пазнаю, - падумала Маргарыта, - трэба зрабiць нешта на развiтанне смешнае i забаўнае".
Маргарыта махнула штору ўбок i села на падаконнiк бокам, абхапiла каленi рукамi. Месячнае святло лiзнула яе з правага боку. Маргарыта паглядзела ўгору на поўню i зрабiла твар задуменным i паэтычным. Крокi шухнулi яшчэ два разы i раптоўна зацiхлi. Маргарыта яшчэ палюбавалася на поўню, дзеля прылiку ўздыхнула, павярнула голаў у сад i сапраўды ўбачыла Мiкалая Iванавiча, якi жыў на першым паверсе ў гэтым самым асабняку. Поўня залiвала Мiкалая Iванавiча святлом. Ён сядзеў на лаўцы, i зразумела было, што апусцiўся на яе ён мiжволi. Пенснэ ў яго на твары неяк перакасiлася, а партфель ён сцiскаў у руцэ.
- А, добры вечар, Мiкалай Iванавiч, - з сумам у голасе сказала Маргарыта, - добры вечар! Вы з паседжання?
Мiкалай Iванавiч нiчога не адказаў.
- А я, - працягвала Маргарыта i ўсё больш высоўвалася з акна, - сяджу адна, бачыце, сумую, гляджу на поўню i слухаю вальс.
Левай рукой Маргарыта правяла па скронi, паправiла пасмачку валасоў, потым сказала сярдзiта:
- Ну, гэта няветлiва, Мiкалай Iванавiч! Усё ж я жанчына! Гэта хамства - не адказваць, калi з вамi гавораць!
Мiкалай Iванавiч, на якiм пры месячным святле вiдаць быў кожны гузiчак на шэрай камiзэльцы, кожны валасок у светлай бародцы клiнком, раптам усмiхнуўся дзiкаю ўсмешкаю, падхапiўся з лаўкi i, вiдаць, ад збянтэжанасцi, замест таго, каб зняць капялюш, махнуў партфелем убок i прысеў, нiбы збiраўся танцаваць упрысядку.
- Вой, якi вы зануда, Мiкалай Iванавiч, - працягвала Маргарыта, - наогул, вы ўсе мне гэтак абрыдзелi, што i сказаць немагчыма, i я такая шчаслiвая, што пакiдаю вас! Пайшлi вы к д'яблу!
У гэты час за плячыма ў Маргарыты грымнуў тэлефон. Маргарыта сарвалася з падаконнiка, забылася пра Мiкалая Iванавiча, схапiла слухаўку.
- Гаворыць Азазела, - сказалi ў слухаўцы.
- Мiлы, мiлы Азазела! - усклiкнула Маргарыта.
- Пара! Вылятайце, - загаварыў Азазела, i па яго голасе адчувалася, што яму прыемны шчыры i радасны Маргарыцiн парыў, - калi будзеце пралятаць над варотамi, крыкнiце: "Нябачная!" Потым палятайце над горадам, каб прывыкнуць, а затым на поўдзень, прэч з горада, i адразу на рэчку. Вас чакаюць!
Маргарыта павесiла слухаўку, i тут у суседнiм пакоi нешта драўляна закульгала i пачало грукаць у дзверы. Маргарыта адчынiла iх, i швабра, якой мыюць падлогу, вехцем угору, прытанцоўваючы, уляцела ў спальню. Тронкам сваiм яна танцавала па падлозе, падбрыквала i рвалася ў акно. Маргарыта ажно вiскнула ад захаплення i ўскочыла на швабру верхам. I толькi тады ў амазонкi прамiльгнула думка, што забылася адзецца. Галопам падскочыла да ложка i схапiла блакiтную сарочку, якая першай трапiла пад руку. Узмахнула ёю, як штандарам, i вылецела ў акно. I вальс над садам загучаў яшчэ мацней.
З акна Маргарыта саслiзнула ўнiз i ўбачыла Мiкалая Iванавiча на лавачцы. Той акамянеў на ёй, зусiм ашалелы, прыслухоўваўся да крыкаў i грукату, якi чуўся са спальнi верхнiх жыльцоў.
- Бывайце, Мiкалай Iванавiч! - закрычала Маргарыта, прытанцоўваючы перад Мiкалаем Iванавiчам.
Той войкнуў i пасунуўся ўбок, сапхнуў на зямлю свой партфель.
- Бывайце навек! Я адлятаю, - крычала Маргарыта, заглушаючы вальс.
Тут яна здагадалася, што сарочка ёй наогул не патрэбна, зларадна рагатнула i накрыла ёю галаву Мiкалаю Iванавiчу. Аслеплены Мiкалай Iванавiч звалiўся з лаўкi на выкладзеную цэглай сцяжынку.
Маргарыта азiрнулася, каб апошнi раз убачыць асабняк, дзе яна гэтак доўга пакутавала, i ўгледзела ў палаючым святле не падобны на сябе здзiўлены Наташын твар.
- Бывай, Наташа! - крыкнула Маргарыта, iрванула швабру ўгору. - Нябачная, нябачная. - Яшчэ мацней крыкнула яна i мiж кляновых галiн, якiя хвасянулi па твары, пераляцела над варотамi, вырвалася ў завулак. I следам за ёй ляцеў ушчэнт звар'яцелы вальс.
Раздзел 21
ПАЛЁТ
Нябачная i вольная! Нябачная i вольная! Праляцела па сваiм завулку, трапiла ў наступны, якi перасякаў яго пад прамым вуглом. Гэты залаплены, стары, крывы i доўгi завулак з абвiслымi дзвярыма нафтакрамкi, у якой кубкамi прадаюць газу i вадкасць ад паразiтаў у флаконах, яна праляцела iмгненна i тады засвоiла, што нават калi ты нябачны i вольны, усё ж цешыцца трэба асцярожней. Дзякуючы толькi цуду, яна затармазiла i не разбiлася насмерць аб стары нахiлены лiхтарны слуп на перакрыжаваннi. Абмiнуўшы яго, Маргарыта мацней сцiснула швабру i паляцела павольней, прыглядаючыся да электрычных дратоў i да шыльдаў, якiя вiселi ўпоперак ходнiкаў.
Трэцi завулак вёў проста на Арбат. Цяпер Маргарыта зусiм асвойталася, як кiраваць швабрай, зразумела, што тая падпарадкуецца сама лёгкаму дотыку рук альбо ног, i што ў палёце над горадам трэба быць вельмi ўважлiвай i не шалець. Акрамя ўсяго, ужо ў завулку стала зразумела, што мiнакi лятуху не бачаць.
Нiхто не задзiраў галаву, нiхто не крычаў "глядзi, глядзi!", не шарахаўся ўбок, не вiшчаў i не трацiў прытомнасцi, не рагатаў дзiкiм рогатам.
Маргарыта ляцела нячутна, паволi i невысока, прыкладна на ўзроўнi другога паверха. Але i пры павольным лёце, перад самым выхадам на зiхатлiва асветлены Арбат, яна крыху не патрапiла i ўдарылася плячом аб нейкi асветлены дыск, на якiм была намалявана страла. Гэта раззлавала Маргарыту. Яна спынiла паслухмяную швабру, адляцела ўбок, а потым рынулася на дыск раптоўна i канцом тронка разнесла яго ўшчэнт. З грукатам пасыпалiся асколкi, недзе засвiсталi, а Маргарыта пасля гэтага зусiм недарэчнага ўчынку разрагаталася. "На Арбаце трэба быць яшчэ асцярожней, - падумала Маргарыта, - тут гэтулькi ўсяго наблытана, што i не разбярэшся". I яна пачала ныраць памiж дратоў. Пад Маргарытай праплывалi дахi тралейбусаў, аўтобусаў, легкавых машын, а па ходнiках, як здавалася зверху, плылi цэлыя рэчкi шапак. Ад гэтых рэчак аддзялялiся ручайкi i ўлiвалiся ў вогненныя пасткi начных крамаў. "Фу, якое збоiшча! - сярдзiта падумала Маргарыта. - Тут i павярнуцца нават нельга". Яна перасекла Арбат, паднялася вышэй, да чацвёртых паверхаў, i паўз слiпуча зiхоткiя трубачкi на вуглавым будынку тэатра паплыла ў вузкi завулак з высокiмi дамамi. Усе вокны ў iх былi паадчыняныя, i ўсюды ў вокнах чуваць была радыёмузыка. З-за цiкаўнасцi Маргарыта зазiрнула ў адно з iх. Убачыла кухню. Два прымусы раўлi на плiце, каля iх стаялi дзве жанчыны з лыжкамi i гыркалiся.
- Свет пасля сябе трэба тушыць у прыбiральнi, вось што я вам скажу, Пелагея Пятроўна, - гаварыла тая жанчына, перад якой стаяў рондаль з нейкай стравай, з якога валiла пара, - а то мы вас пададзiм на высяленне!
- Сама не лепшая, - адказала другая.
- Абое рабое, - моцна сказала Маргарыта i перавалiлася цераз падаконнiк у кухню.
Абедзве завярнулiся на голас i замёрлi з бруднымi лыжкамi ў руках. Маргарыта асцярожна працягнула руку мiж iмi, пакруцiла краны i выключыла абодва прымусы. Жанчыны вохкнулi i разявiлi раты. Але Маргарыце ўжо надакучыла кухня, i яна вылецела ў завулак.
У самым канцы завулка ўвагу Маргарыты прыцягнула раскошная аграмадзiна васьмiпавярховага, мабыць, толькi нядаўна пабудаванага дома. Маргарыта спусцiлася ўнiз, прызямлiлася i ўбачыла, што фасад дома абкладзены чорным мармурам, што дзверы шырокiя, што за шклом iх вiдаць фуражка з залатым галуном i гузiкi швейцара i што над дзвярыма золатам выпiсана: "Дом Драмлiта".
Маргарыта прыплюшчылася на надпiс, думала, што магло абазначаць слова "Драмлiт". Узяла швабру пад паху, увайшла ў пад'езд, таўханула дзвярыма здзiўленага швейцара i ўбачыла побач з лiфтам на сцяне вялiзную чорную дошку, а на ёй выпiсаныя белымi лiчбамi i лiтарамi нумары кватэр i прозвiшчы жыхароў. Спiсак пад шыльдай "Дом Драматурга i Лiтаратара" прымусiў Маргарыту драпежна i хрыпла ўскрыкнуць. Яна паднялася вышэй, прагна пачала чытаць прозвiшчы: Хустаў, Двубрацкi, Квант, Бяскуднiкаў, Латунскi...
- Латунскi! - завiшчала Маргарыта. - Латунскi! Ды гэта ж ён! Гэта ён загубiў майстра!
Швейцар ля дзвярэй вытрашчыў вочы i ажно падскокваў ад здзiўлення, глядзеў на чорную дошку, спрабаваў зразумець: чаго гэта раптам вiшчыць спiс жыхароў. А Маргарыта тым часам ужо ляцела ўгору па лесвiцы i паўтарала чамусьцi з асалодаю:
- Латунскi - восемдзесят чатыры! Латунскi - восемдзесят чатыры!..