19762.fb2 Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 49

Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 49

Вось злева - 82, справа - 83, яшчэ вышэй злева - 84. Вось i шыльдачка "А.Латунскi".

Маргарыта саскочыла са швабры, i гарачыя яе ступакi прыемна астудзiла мураваная пляцоўка. Маргарыта пазванiла раз, яшчэ раз. Але нiхто не адчыняў. Маргарыта пачала мацней цiснуць на званок i сама чула звон, якi стаяў у кватэры Латунскага. Сапраўды, да самае смерцi павiнен быць удзячны нябожчыку Берлiёзу гаспадар кватэры No 84 на восьмым паверсе за тое, што старшыня МАССАЛIТа трапiў пад трамвай i што жалобнае паседжанне прызначылi якраз у гэты вечар. Пад шчаслiваю зоркаю нарадзiўся крытык Латунскi. Яна выратавала яго ад сустрэчы з Маргарытай, якая ператварылася ў ведзьму ў гэтую пятнiцу.

Нiхто не адчыняў дзвярэй. Тады адным духам Маргарыта зляцела ўнiз, лiчачы паверхi, вырвалася на вулiцу, вылiчыла, якiя вокны кватэры Латунскага. Несумненна, гэта былi пяць цёмных вокнаў на рагу будынка на восьмым паверсе. Маргарыта пераканалася ў гэтым, узмыла ў паветра i праз некалькi секунд праз адчыненае акно заходзiла ў цёмны пакой, у якiм серабрылася толькi вузенькая палосачка ад поўнi. Маргарыта прабегла па ёй, намацала выключальнiк. Праз хвiлiну ўся кватэра была асветлена. Швабра стаяла ў куце. Маргарыта пераканалася, што дома няма нiкога, адамкнула дзверы i паглядзела на шыльдачку. Шыльдачка была на месцы. Маргарыта трапiла туды, куды ёй трэба было.

Ага, гавораць, што i дасюль крытык Латунскi палатнее з твару, калi ўспамiнае гэты страшны дзень, i да гэтага часу як святое вымаўляе Берлiёзава iмя. Нiкому невядома, якою б страшнаю i мярзотнаю крымiнальшчынаю быў бы пазначаны гэты вечар, - Маргарыта вярнулася з кухнi з вялiкiм малатком.

Голая i нябачная лятуха стрымлiвала i супакойвала сябе, рукi ў яе калацiлiся ад нецярпення. Маргарыта старанна прыцэлiлася i ўдарыла па клавiшах раяля, i па ўсёй кватэры пранеслася першае жаласнае завыванне. Ашалела выў нi ў чым не павiнны бекераўскi кабiнетны iнструмент. Клавiшы ў iм правалiлiся, касцяныя накладкi ляцелi ва ўсе бакi. Iнструмент гудзеў, выў, хрыпеў, звiнеў. Пад ударам малатка лопнула верхняя палiраваная дэка, быццам стрэлiлi з рэвальвера. Маргарыта жыўцом вырывала струны, задыхалася ад гэтае работы. Нарэшце стомлена бухнулася ў крэсла, каб аддыхацца.

У ванным пакоi страшна гудзела вада i на кухнi таксама. "Здаецца, ужо пацякло на падлогу..." - падумала Маргарыта i дадала ўголас:

- Аднак няма чаго расседжвацца.

З кухнi ў калiдор ужо цёк струмень. Маргарыта шлёпала босымi нагамi па вадзе, насiла ваду з кухнi i вёдрамi вылiвала ў кабiнеце ў шуфляды пiсьмовага стала крытыка. Потым разламала малатком дзверы шафы ў гэтым самым кабiнеце i кiнулася ў спальню. Пабiла шафу з люстрам, дастала з яе гарнiтур крытыка i ўтапiла яго ў ванне. Поўную чарнiлiцу з чарнiлам з кабiнета вылiла ў пышна засланы двухспальны ложак у спальнi. Рэзрух, якi яна тварыла, прыносiў вялiзнае задавальненне, але ўвесь час здавалася, што ўсяго гэтага мала, што гэта мiзер. Таму яна пачала рабiць абы-што. Бiла вазоны з фiкусамi ў тым пакоi, дзе стаяў раяль. Не скончыўшы гэтую работу, вярталася ў спальню i кухонным нажом паласавала прасцiны, бiла зашклёныя фотаздымкi. Стомленасцi не адчувала, i толькi пот з яе цёк раўчукамi.

У гэты час у кватэры No 82, пад кватэрай Латунскага, хатняя работнiца драматурга Кванта пiла гарбату на кухнi i не разумела, чаго зверху чуецца гэтакi грукат, бегатня i звон. Паглядзела ўгору i ўбачыла, што столь увачавiдкi з белай ператвараецца ў нейкую мярцвяцка-сiнюю. Пляма расла хутка, i раптам на ёй накiпелi кроплi. Хвiлiны дзве сядзела работнiца i дзiву давалася, пакуль са столi не палiў сапраўдны дождж i не зацупаў па паддозе. Тады яна падхапiлася, падставiла пад струменi мiску, але гэта нiчуць не дапамагло, бо дождж пабольшаў i пачаў залiваць i газавую плiту, i стол з посудам. Тады работнiца ўскрыкнула, выбегла на лесвiцу, i адразу ў кватэры ў Латунскага пачулiся званкi.

- Ну, зазванiлi... Пара выбiрацца, - сказала Маргарыта.

Яна асядлала швабру, прыслухалася да жаночага голасу, якi крычаў у замочную адтулiну.

- Адчынiце, адчынiце! Дуся, адчынi! Гэта ў вас вада цячэ? Нас залiло.

Маргарыта паднялася на метр угору i ўдарыла па люстры, лямпачкi лопнулi, i ва ўсе бакi паляцелi падвескi. Крыкi пад дзвярыма спынiлiся, на лесвiцы пачуўся тупат. Маргарыта выплыла ў акно, апынулася звонку, злёгку ўзмахнула i ўдарыла малатком па шкле. Яно ўсхлiпнула, i па аздобленай мармурам сцяне каскадам пасыпалiся ўнiз асколкi. Маргарыта паехала да наступнага акна. Далёка ўнiзе забегалi па ходнiках людзi, адна з дзвюх машын, якiя стаялi ўнiзе, загудзела i ад'ехала далей.

Маргарыта скончыла бiць вокны Латунскага, паплыла да суседняе кватэры. Удары пачулiся часцей, завулак напоўнiўся звонам i грукатам. З першага пад'езда выбег швейцар, паглядзеў угору, не адразу вырашыў, што яму рабiць, упхнуў у рот свiсток i ашалела засвiстаў. З асаблiвым задавальненнем пад гэты свiст Маргарыта размалацiла апошняе шкло на восьмым паверсе, спусцiлася на сёмы паверх i пачала грамiць шкло i там.

Змучаны доўгiм марным сядзеннем за шклянымi дзвярыма пад'езда, швейцар укладваў у свiст усю сваю душу, пры гэтым бегаў за Маргарытай, быццам акампанiраваў ёй. У паўзах, калi яна пералятала ад акна да акна, ён набiраўся духу, i пры кожным удары надзiмаў шчокi i залiваўся, свiдраваў начное паветра да самага неба.

Яго намаганнi ў суладдзi з намаганнямi раз'ятранай Маргарыты далi добры вынiк. У доме пачалася панiка. Цэлыя яшчэ вокны расчынялiся, у iх з'яўлялiся галовы людзей i адразу ж хавалiся, адчыненыя вокны, наадварот, зачынялiся. У супрацьлеглых дамах на асветленым фоне ўзнiкалi цёмныя постацi людзей, якiя старалiся зразумець, чаго гэта без дай прычыны лопаецца шкло ў новым будынку Драмлiта.

З завулка людзi беглi да дома Драмлiта, i ў iм самiм па лесвiцах людзi тупацелi i бегалi невядома чаго. Хатняя работнiца Кванта крычала, што iх залiло, да яе хутка далучылася i хатняя работнiца Хустава з кватэры No 80, якая была пад кватэрай Кванта. У Хуставых хлынула са столi на кухнi i ў прыбiральнi. Нарэшце ў Квантаў на кухнi адвалiўся вялiкi кавалак тынкоўкi, пабiў увесь непамыты посуд, пасля чаго хлынуў ужо сапраўдны лiвень: з клетак абвiслае мокрае дранкi плюхнула, як з вядра. Тады на лесвiцы на першым паверсе пачулiся крыкi. Маргарыта, калi пралятала паўз апошняе акно чацвёртага паверха, зазiрнула ў яго i ўбачыла там чалавека, якi з перапалоху ўспёр на твар процiвагаз. Маргарыта ўдарыла малатком па яго шкле, спалохала чалавека, i ён знiк з пакоя.

Неспадзявана дзiкi пагром спынiўся. Маргарыта слiзганула на трэцi паверх, зазiрнула ў акно, завешанае лёгенька цёмнаю фiранкаю. У пакойчыку гарэла слабенькая лямпачка пад абажурам. У маленькiм ложачку з сетачкамi з бакоў сядзеў хлопчык гадкоў чатырох i спалохана прыслухоўваўся. Дарослых не было ў пакоi. Мабыць, усе выбеглi з кватэры.

- Вокны б'юць, - сказаў хлопчык i паклiкаў: - Мама! Нiхто не адгукнуўся, i тады ён сказаў: - Мама, я баюся.

Маргарыта адхiлiла фiранку i ўляцела ў акно.

- Я баюся, - паўтарыў хлопчык i задрыжаў.

- Не бойся, не бойся, маленькi, - сказала Маргарыта, прыцiшыўшы свой асiплы ад ветру злачынны голас, - гэта дзецi вокны бiлi.

- З рагатак? - спытаўся хлопчык.

- З рагатак, з рагатак, - пацвердзiла Маргарыта, - а ты спi!

- Гэта Сiтнiк, - сказаў хлопчык, - у яго ёсць рагатка.

- Ну, вядома, ён!

Хлопчык хiтра зiрнуў некуды ўбок i спытаўся:

- А ты дзе, цёця?

- А мяне няма, - адказала Маргарыта, - я табе саснiлася.

- Я гэтак i думаў, - сказаў хлопчык.

- Ты кладзiся, - загадала Маргарыта, - пакладзi руку пад шчочку, а я табе буду снiцца.

- Ну, снiся, снiся, - згадзiўся хлопчык i адразу лёг, паклаў руку пад шчочку.

- Я табе казку раскажу, - загаварыла Маргарыта i паклала гарачую руку на астрыжаную галоўку. - Жыла на свеце адна цёця. Дзяцей у яе не было, i шчасця таксама не было. I вось яна спачатку доўга плакала, а потым зрабiлася злоснаю... - Маргарыта замоўкла, прыняла руку - хлопчык спаў.

Маргарыта цiхенька паклала малаток на падаконнiк i вылецела з акна. Вакол дома была неразбярыха. Па асфальтавых ходнiках, усланых бiтым шклом, бегалi i нешта крычалi людзi. Мiж iмi ўжо былi мiлiцыянеры. Раптоўна ўдарыў звон, i з Арбата ў завулак уехала чырвоная пажарная машына з лесвiцай...

Але гэта ўжо было не цiкава Маргарыце. Яна прыцэлiлася, каб не зачапiцца за якi-небудзь дрот, мацней асядлала швабру i iмгненна апынулася вышэй за няшчасны дом. Завулак пад ёй пахiлiўся i правалiўся ўнiз. Замест яго пад нагамi ў Маргарыты ўзнiкла скопiшча дахаў, перарэзанае зiхоткiмi сцяжынкамi. Усё гэта нечакана паехала ўбок, а ланцужкi агнёў размазалiся i злiлiся.

Маргарыта зрабiла яшчэ адзiн рывок, i тады ўсё збоiшча дахаў правалiлася скрозь зямлю, а замест яго з'явiлася ўнiзе цэлае возера мiгатлiвых электрычных агеньчыкаў, i гэтае возера раптам паўстала вертыкальна, а потым з'явiлася над галавой у Маргарыты, а пад нагамi блiснула поўня. Маргарыта зразумела, што перакулiлася, вярнулася ў нармальнае становiшча, азiрнулася, але i возера ўжо не было, яно засталося там, ззаду, засталося толькi ружовае зарыва над небакраем. I яно знiкла праз секунду, i Маргарыта ўбачыла, што яна сам-насам з поўняй, якая ляцела вышэй за яе i злева. Валасы ў Маргарыты даўно ператварылiся ў стог, а месячнае святло са свiстам абмывала яе цела. Па тым, як унiзе два рады рэдзенькiх агеньчыкаў злiлiся ў дзве суцэльныя лiнii, па тым, як хутка яны знiклi ззаду, Маргарыта здагадалася, з якою вар'яцкаю хуткасцю яна ляцiць, дзiвiлася, што не задыхаецца ад гэтага лёту.

Праз некалькi секунд далёка ўнiзе, у зямной чарнаце, успыхнула новае возера электрычнага святла i падкацiлася пад ногi на ляту, але яно адразу ж закружылася вiхрам i правалiлася ў зямлю. Яшчэ некалькi секунд - гэтакае ж самае вiдовiшча.

- Гарады! Гарады! - закрычала Маргарыта.

Пасля гэтага яна разы два цi тры бачыла пад сабою цьмяна адсвечаныя нейкiя шаблi, якiя ляжалi ў расчыненых чорных похвах, i яна здагадалася, што гэта рэкi.

Лятуха задзiрала галаву ўгору i ўлева, любавалася тым, што поўня iмчыцца за ёю, як звар'яцелая, назад у Маскву i адначасова нейкiм дзiўным чынам стаiць на адным месцы, гэтак, што выразна бачны на ёй нейкi загадкавы, цёмны - цi то дракон, цi канёк-гарбунок, востраю мордачкаю завернуты да пакiнутага горада.

Тут Маргарыта падумала, што на самай справе яна дарэмна гэтак гонiць швабру, пазбаўляе сябе асалоды разгледзець што-небудзь як след, нацешыцца палётам. Ёй нешта падказвала, што там, куды яна ляцiць, яе пачакаюць i што няма патрэбы сумаваць ёй ад гэтакае шалёнае хуткасцi i вышынi.

Маргарыта нахiлiла швабру вехцем наперад, гэтак, што тронак падняўся ўгору, запаволiла ход i пайшла ўнiз, да зямлi. I гэтае iмчанне, быццам на паветраных саначках, прынесла найвялiкшую асалоду. Зямля падалася да яе, i з незразумелай да гэтага чорнае гушчы паказалiся яе таямнiцы i прыгажосць у месячную ноч. Зямля iшла насустрач Маргарыце, i Маргарыту ўжо абвявала водарам зялёных лясоў. Маргарыта ляцела над самым туманам роснага луга, потым над сажалкай. Пад Маргарытаю хорам спявалi жабы, а недзе ўдалечынi хваляваў сэрца, шумеў цягнiк. Маргарыта хутка ўбачыла яго. Ён поўз павольна, як вусень, пыхкаў у паветра iскрамi. Маргарыта абагнала яго, праляцела яшчэ над адным водным люстэркам, у якiм праплыла пад нагамi другая поўня, яшчэ больш апусцiлася ўнiз i паплыла, ледзь не кранаючыся нагамi вершалiн векавых сосен.

Цяжкi шум распоратага паветра пачуўся ззаду i пачаў даганяць Маргарыту. Пакрысе да гэтага шуму чагосьцi лятучага, як снарад, далучыўся жаночы рогат. Маргарыта азiрнулася i ўбачыла, што яе даганяе нейкi дзiўны цёмны прадмет. Ён даганяў Маргарыту i ўсё болей абазначаўся, можна было пазнаць, што нехта ляцiць вершкi. Нарэшце ён i зусiм абазначыўся: запаволiўшую хуткасць Маргарыту дагнала Наташа.

Яна, зусiм голая, з растрапанымi на ветры валасамi, ляцела верхам на тоўстым япруку, якi ў пярэднiх капыцiках трымаў партфель, а заднiмi люта перабiраў у паветры. Пенснэ яго ляцела побач на шнурку, зрэдку паблiсквала пры месяцы i патухала, а капялюш увесь час спаўзаў япруку на вочы. Маргарыта прыгледзелася i пазнала ў япруку Мiкалая Iванавiча, i тады рогат яе загрымеў над лесам, змяшаўся з Наташыным рогатам.

- Наташка! - пранiзлiва закрычала Маргарыта. -I ты намазалася крэмам?

- Галубка мая! - будзiла сваiм лямантам у адказ сасновы бор Наташа. Каралева мая французская, ды я намазала лысiну i яму!

- Прынцэса! - плаксiва зароў япрук i галопам панёс далей Наташу.

- Галубка мая, Маргарыта Мiкалаеўна! - крычала Наташа i iмчала побач з Маргарытаю. - Прызнаюся, узяла крэм! I мы ж таксама хочам жыць i лётаць! Даруйце мне, уладарка мая, а я не вярнуся, нiзашто не вярнуся! Вой, як добра, Маргарыта Мiкалаеўна!.. Сватаўся да мяне, - Наташа пачала тыкаць пальцам у шыю збянтэжанаму япруку, - сватаўся! Ты як мяне называў, га? - крычала яна на вуха япруку.

- Багiня! - завываў той. - Не магу я гэтак хутка ляцець! Я паперы важныя магу пагубiць. Наталля Пракопаўна, я пратэстую!

- Пайшоў ты к д'яблу са сваiмi паперамi! - дзёрзка рагатала i крычала Наташа.