19762.fb2 Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 56

Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 56

- Ты глядзi! - адказаў Воланд.

- Я пажартаваў, - пакорлiва адказаў кот, - а што датычыць тыграў, то я загадаю, каб iх зарэзалi i засмажылi.

- Тыграў не ядуць, - сказала Гела.

- Вы так думаеце? Тады прашу выслухаць, - адазваўся кот, заплюшчыўся ад задавальнення, i расказаў, як аднойчы ён блукаў па пустынi дзевятнаццаць дзён i адзiнае, чым харчаваўся, гэта было мяса забiтага iм тыгра. Усе з цiкавасцю слухалi гэты займальны расказ, а калi кот скончыў, усе хорам ускрыкнулi:

- Хлусня!

- I што сама цiкавае ў гэтай хлуснi, - сказаў Воланд, - што яна - хлусня ад першага да апошняга слова.

- Ага, хлусня? - ускрыкнуў кот, i ўсе падумалi, што ён пачне пярэчыць, але ён толькi цiха сказаў: - Гiсторыя рассудзiць нас.

- А скажыце, - звярнулася да Азазелы Марго, якая ажыла пасля спiрту, - вы застрэлiлi яго, гэтага былога барона?

- Вядома, - адказаў Азазела, - як яго не застрэлiць? Яго абавязкова трэба застрэлiць.

- Я гэтак хвалявалася! - усклiкнула Маргарыта. - Гэта здарылася неспадзявана.

- Нiчога нечаканага не было, - запярэчыў Азазела, а Кароўеў завыў i занэндзiў:

- Як тут не хвалявацца? У мяне ў самога лыткi затрэслiся! Бух! Раз! Барон на бок!

- У мяне ледзь не iстэрыка была, - дадаў кот i аблiзаў лыжку з iкрою.

- Мне вось што не зразумела, - гаварыла Маргарыта, i залатыя iскаркi ад крышталю ззялi ў яе ў вачах, - няўжо звонку не чуваць было музыкi i наогул грукату ад гэтага балю?

- Вядома, не было чуваць, каралева, - растлумачыў Кароўеў, - гэта трэба рабiць так, каб не было чуваць. Гэта акуратненька трэба рабiць.

- Вядома, вядома... Справа ў тым, што гэты чалавек на лесвiцы... Калi мы iшлi з Азазелам... I другi ля пад'езда... Я думаю, што ён цiкаваў за вашай кватэрай...

- Правiльна, правiльна!.. - крычаў Кароўеў. - Правiльна, дарагая Маргарыта Мiкалаеўна! Вы пацвярджаеце мае падазрэннi! Сапраўды, ён вёў назiранне. Я сам спачатку падумаў, што гэта якi-небудзь прыват-дацэнт цi закаханы, якi чакае на лесвiцы. Але не, не! Нешта трывожыла маё сэрца! Ён вёў назiранне! I другi ля пад'езда таксама! I той, што ў падваротнi, таксама!

- Вось цiкава, калi вас прыйдуць арыштоўваць? - сказала Маргарыта.

- Абавязкова прыйдуць, чароўная каралева, абавязкова! - адказаў Кароўеў. Сэрцам чую, што прыйдуць. Не цяпер, вядома, у свой час прыйдуць. Але думаю, што нiчога цiкавага не атрымаецца.

- Вой, як я расхвалявалася, калi гэты барон упаў, - гаварыла Маргарыта, i вiдаць было, што яна дасюль перажывае забойства, якое бачыла ўпершыню ў жыццi. - Вы, мабыць, добра страляеце?

- Нармалёва, - адказаў Азазела.

- А на колькi крокаў? - задала Маргарыта Азазелу не зусiм зразумелае пытанне.

- А гэта, калi глядзець, у што, -справядлiва адказаў Азазела, - адно трапiць малатком у шкло крытыку Латунскаму, другое - яму ў сэрца трапiць.

- У сэрца! - усклiкнула Маргарыта i схапiлася за сваё. - У сэрца! паўтарыла яна глухiм голасам.

- Што гэта за крытык Латунскi? - спытаўся Воланд i прымружана паглядзеў на Маргарыту.

Азазела, Кароўеў i Бегемот неяк сарамлiва апусцiлi вочы, а Маргарыта адказала:

- Ёсць адзiн такi крытык. Сёння вечарам я разнесла яму кватэру.

- Вось табе i маеш! А за што?

- Ён, месiр, - растлумачыла Маргарыта, - загубiў аднаго майстра.

- А навошта было самой старацца? - спытаўся Воланд.

- Дазвольце мне, месiр! - ускрыкнуў кот радасна i ўсхапiўся.

- Ды сядзi ты, - буркнуў Азазела i ўстаў, - я сам зараз з'езджу...

- Не! - усклiкнула Маргарыта. - Не, прашу вас, не трэба гэтага, месiр!

- Як хочаце, як хочаце, - адказаў Воланд, а Азазела сеў на сваё месца.

- Дык дзе мы спынiлiся, дарагая каралева Марго? - гаварыў Кароўеў. - Ага, сэрца. У сэрца ён трапiць, - Кароўеў паказаў сваiм доўгiм пальцам на Азазелу, - на выбар, у любое перадсэрдзе цi ў любы жалудачак.

Маргарыта не адразу зразумела, а калi да яе дайшло, ускрыкнула:

- Дык iх не вiдаць!

- Дарагая, - трашчаў Кароўеў, - у тым увесь i цымус, што iх не вiдаць! А ў адкрыты прадмет кожны можа трапiць!

Кароўеў дастаў з шуфлядкi стала пiкавую сямёрку, падаў Маргарыце, папрасiў адзначыць пазногцем адно з ачкоў. Маргарыта пазначыла верхняе правае. Гела схавала карту пад падушку i крыкнула:

- Гатова!

Азазела, якi сядзеў задам да падушкi, дастаў з кiшэнi фрачных штаноў аўтаматычны пiсталет, паклаў дула на плячо i стрэлiў, не адварочваючыся да падушкi, чым весела спалохаў Маргарыту. З-пад прастрэленае падушкi дасталi карту. Пазначанае Маргарытаю ачко было прабiта.

- Не хацелася б сустракацца з вамi, калi ў вас у руках рэвальвер, гуллiва паглядаючы на Азазелу, сказала Маргарыта. Яна любiла людзей, якiя ўмеюць рабiць што-небудзь па-сапраўднаму.

- Дарагая мая каралева, - пiшчаў Кароўеў, - я нiкому не раiў i не раю сустракацца з iм, нават калi ў яго не будзе нiякага рэвальвера ў руках! Клянуся гонарам былога рэгента i запявалы, што нiхто не павiншаваў бы гэтага сустрэчнага.

Кот насуплена сядзеў, пакуль адбываўся вопыт са стралянiнай, i раптам аб'явiў:

- Бяруся перакрыць рэкорд з сямёркай!

Азазела ў адказ штосьцi прабурчаў. Але кот быў упэўнены i запатрабаваў адразу два рэвальверы. Азазела дастаў другi рэвальвер з другое задняе кiшэнi, пагардлiва скрывiў рот i разам з першым перадаў хвальку. Пазначылi два ачкi на сямёрцы. Кот доўга меркаваўся, адвярнуўшыся ад падушкi. Маргарыта заткнула вушы пальцамi, сядзела i глядзела на саву, якая драмала на камiннай палiцы. Кот стрэлiў з абодвух рэвальвераў, пасля гэтага адразу вiскнула Гела, забiтая сава ўпала з камiна, i спынiўся пабiты гадзiннiк. Гела, у якой адна рука была акрываўленая, завыла i ўпiлася кату ў поўсць, а ён ёй у валасы, i яны клубком пакацiлiся па падлозе. Адзiн з келiхаў упаў са стала i пабiўся.

- Адцягнiце ад мяне гэтую ашалелую ведзьму! - завываў кот i адбiваўся ад Гелы, якая сядзела верхам на iм.

Забiяк разнялi, Кароўеў падзьмухаў на прастрэлены Гелiн палец, i той загаiўся.

- Я не магу страляць, калi гавораць пад руку! - крычаў Бегемот i стараўся прымайстраваць на ранейшае месца вылуплены на спiне вялiзны камяк поўсцi.

- Магу паспрачацца, - сказаў Воланд i ўсмiхнуўся Маргарыце, - што гэтую штуку ён усмалiў знарок. Ён страляе даволi няблага.