19762.fb2 Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 62

Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 62

Калi б не шум вады, не грамавыя ўдары, якiя, здавалася, гатовы разбiць дах палаца, калi б не грукат граду, якi малацiў па прыступках балкона, тады можна было б пачуць, што пракуратар нешта мармыча, размаўляе сам з сабою. I калi б гарэла пастаяннае святло, а не гэтае навальнiчнае, назiральнiк убачыў бы, што на пракуратаравым твары з пачырванелымi ад бяссоння i ад вiна вачыма вiдаць нецярплiвасць, што пракуратар не толькi глядзiць на дзве белыя ружы, якiя патанулi ў чырвонай лужыне, але i ўвесь час паварочвае твар у сад насустрач вадзяному пылу i пяску, што ён кагосьцi чакае, вельмi чакае.

Прайшло крыху часу, i вадзяная сцяна перад пракуратаравымi вачыма пасвятлела. Як не лютаваў ураган, i ён пачаў слабець. Галлё болей не трашчала i не падала долу. Грукат грому i ўсплёскi маланкi зацiхалi. Над Ершалаiмам плыла ўжо не фiялетавая з белаю аблямоўкаю коўдра, а звычайная шэрая ар'ергардная хмара. Навальнiцу адганяла да Мёртвага мора.

Цяпер асобна чуўся i дажджавы пошум, i шум вады ў жалабах i па прыступках тае лесвiцы, па якой пракуратар iшоў удзень аб'яўляць прысуд на плошчы. Нарэшце пачуўся i заглушаны дасюль фантан. Святлела. У шэрай заслоне, якая адступала на ўсход, з'явiлiся сiнiя вокны.

I ў гэты час здалёк, прарываючыся скрозь пошум слабенькага дажджу, данеслiся да пракуратаравага слыху гук труб i стракатанне соцень конскiх капытоў. Пракуратар пачуў гэта, варухнуўся, i твар яго ажыў. Ала вярталася з Лысае Гары. Калi меркаваць па гуку, яна праязджала па той самай плошчы, дзе быў аб'яўлены прысуд.

Нарэшце пачуў пракуратар i доўгачаканыя крокi, i шлёпанне па лесвiцы, якая вяла на верхнюю пляцоўку саду перад балконам. Пракуратар выцягнуў шыю, вочы яго радасна заблiшчалi.

Памiж мармуровых iльвоў паказалася спачатку галава ў башлыку, а потым i ўшчэнт мокры чалавек у прылiплым да цела плашчы. Гэта быў той самы чалавек, што перад прысудам шаптаўся з пракуратарам у цёмным пакоi палаца i якi сядзеў на трохногай табурэтцы ў час пакарання i забаўляўся з дубчыкам.

Чалавек, не зважаючы на лужыны, перайшоў садовую пляцоўку, ступiў на мазаiчны балкон i, падняўшы руку, сказаў зычным голасам:

- Пракуратару здароўя i радасцi! - Прышэлец гаварыў па-латынi.

- Багi! - усклiкнуў пракуратар Пiлат. - На вас няма сухой нiткi! Якi ўраган! Прашу вас да мяне. Змянiце адзенне, зрабiце ласку.

Прышэлец зняў башлык з мокрае, з прылiплымi да лба валасамi, галавы, усмешка з'явiлася на яго паголеным твары, i ён пачаў адмаўляцца ад пераадзявання, пераконваў, што дожджык яму не пашкодзiць.

- Не хачу i слухаць нават, - адказаў Пiлат i пляснуў у ладкi.

Гэта ён выклiкаў слугу i загадаў яму паклапацiцца аб прышэльцу, а потым падаваць гарачую страву. Каб пераапрануцца, высушыць валасы, пераабуцца, прышэльцу спатрэбiлася няшмат часу, i хутка ён з'явiўся на балконе ў сухiх сандалях, у сухiм барвовым вайсковым плашчы i з расчэсанымi валасамi.

У гэты час сонца вярнулася ў Ершалаiм i, перш чым нырнуць у Мiжземнае мора, слала апошнiя промнi на зямлю ненавiснага пракуратару горада i залацiла прыступкi балкона. Фантан канчаткова ажыў i заспяваў на поўную моц, галубы вылецелi на пясок, гулькалi, пераскоквалi цераз абламаныя галiнкi, нешта клявалi ў мокрым пяску. Чырвоную лужыну прыбралi, сабралi чарапкi, на стале дымiлася мяса.

- Я слухаю загад пракуратара, - сказаў прышэлец, калi падыходзiў да стала.

- Загаду не будзе, пакуль вы не сядзеце за стол i не вып'еце вiна, зычлiва сказаў пракуратар Пiлат i паказаў на другое ложа.

Прышэлец прылёг, слуга налiў яму ў чашу густога чырвонага вiна. Другi слуга асцярожна нахiлiўся над Пiлатавым плячом, налiў вiна яму. Пасля гэтага пракуратар махнуў рукою, каб слугi знiклi.

Пакуль прышэлец пiў i еў, пракуратар пацягваў пакрысе вiно i прыплюшчана глядзеў на госця. Чалавек, якi прыйшоў да Пiлата, быў сярэдняга веку, з прыемным, круглым, дагледжаным тварам, мясiстым носам. Валасы невядома якога колеру. Яны высыхалi i святлелi. Нацыянальнасць прышэльца было цяжка вызначыць. Асноўнай прыкметай твару было хутчэй за ўсё дабрадушша, якое, мiж iншым, парушалi вочы, нават не самi вочы, а тое, як глядзеў прышэлец на субяседнiка. Звычайна маленькiя свае вочы прышэлец хаваў пад прыплюшчанымi, крыху незвычайнымi, нiбы прыпухлымi, павекамi. I ў шчылiнках гэтых вачэй свяцiлася нязлосная хiтрынка. Трэба думаць, што пракуратараў госць разумеў гумар. Але часам гэты гумар знiкаў з прыплюшчаных вачэй, пракуратараў госць расплюшчваў вочы i глядзеў на свайго субяседнiка нечакана проста ў твар, нiбыта хацеў лепей разгледзець нейкую непрыкметную плямку на носе ў субяседнiка. Гэта займала адно iмгненне, потым павекi апускалiся, i з-пад iх зноў свяцiлася дабрадушша i дасцiпны розум.

Прышэлец не адмовiўся ад другое чашы вiна, з задавальненнем з'еў некалькi вустрыц, варанай гароднiны, кавалак мяса.

Пасля таго як пад'еў, ён пахвалiў вiно:

- Цудоўная лаза, пракуратар, але гэта не "Фалерна".

- "Цэкуба", трыццацiгадовае, - ветлiва адазваўся пракуратар.

Госць прытулiў руку да сэрца, адмовiўся болей есцi. Тады Пiлат налiў у сваю чашу, госць зрабiў тое самае. Абодва адлiлi са сваiх чаш у мiсу з мясам, i пракуратар прамовiў гучна з паднятаю чашаю:

- За цябе, кесар, бацька рымлян, сама дарагi i найлепшы з усiх людзей!

Пасля гэтага дапiлi вiно, i афрыканцы прыбралi са стала страву, пакiнуўшы толькi садавiну i збаны. Зноў узмахам рукi пракуратар адправiў слуг i застаўся са сваiм госцем адзiн пад каланадай.

- Ну, - загаварыў Пiлат цiха, - што вы можаце сказаць пра настрой у гэтым горадзе?

Ён мiжволi зiрнуў туды, дзе за садовымi тэрасамi, унiзе, дагаралi i каланады, i пляскатыя дахi, пазалочаныя апошнiмi сонечнымi промнямi.

- Я думаю, пракуратар, - адказаў госць, - што настрой людзей у Ершалаiме зараз здавальняючы.

- Можна ручацца, што бунтаў болей не будзе?

- Ручацца можна, - адказаў госць, ласкава пазiраючы на пракуратара, - за адно толькi ў свеце - за магутнасць вялiкага кесара.

- Няхай багi даруюць яму доўгае жыццё, - адразу ж падхапiў Пiлат, - i агульны мiр. - Ён памаўчаў i працягваў: - Вы мяркуеце, што цяпер можна вывесцi войска?

- Думаю, што кагорта Маланкавага можа пайсцi, - адказаў госць i дадаў: Добра было б, каб перад выхадам яна прайшла па горадзе.

- Слушная думка, - адобрыў пракуратар, - паслязаўтра я яе адпушчу i сам паеду, i - клянуся вам пiрам дванаццацi багоў, ларамi клянуся - я многа аддаў бы, каб мог зрабiць гэта сёння!

- Пракуратар не любiць Ершалаiм? - дабрадушна спытаўся госць.

- Злiтуйцеся, - усмiхаючыся, усклiкнуў пракуратар, - няма горшага месца на зямлi. Я не кажу нават пра прыроду! Я кожны раз хварэю, калi мне даводзiцца сюды прыязджаць. Ды гэта паўбяды. Але гэтыя святы - магi, чараўнiкi, цудатворцы, гэтыя чароды багамольцаў... Фанатыкi, фанатыкi! Чаго варты адзiн гэты месiя, якога яны пачалi раптам чакаць у гэтым годзе! Кожную хвiлiну думаеш, што станеш сведкам непрыемнага кровапралiцця. Увесь час перамяшчаць войскi, чытаць даносы i паклёпы, палавiна якiх напiсана на цябе самога! Пагадзiцеся, што гэта сумная работа. О, калi б не служба iмператару!..

- Сапраўды, святы тут цяжкiя, - пагадзiўся госць.

- Усёй душою жадаю, каб яны як мага хутчэй скончылiся, - энергiчна дадаў Пiлат. - Тады я змагу, нарэшце, вярнуцца ў Кесарыю. Паверце, гэтае вар'яцкае Iрадава збудаванне, - пракуратар махнуў рукой уздоўж каланады, i стала зразумела, што ён гаворыць пра палац, - канчаткова зробiць мяне вар'ятам. Я не магу начаваць у iм. Свет не ведаў гэтакае недарэчнае архiтэктуры! Але вернемся да справы. Першае, гэты пракляты Вар-раван вас не турбуе?

Вось у гэты час госць i зiрнуў сваiм незвычайным позiркам на пракуратараву шчаку. Але той сумнымi вачыма глядзеў удалечыню, пагардлiва моршчыўся, аглядаў частку горада, якая прасцiралася ў яго пад нагамi i патанала ў надвячорку. Патух i госцеў позiрк, i павекi яго заплюшчылiся.

- Трэба думаць, што Вар цяпер зрабiўся як ягня, - загаварыў госць, i маршчынкi з'явiлiся на круглым твары. - Яму няёмка цяпер бунтаваць.

- Занадта знакамiты? - з усмешкаю спытаўся Пiлат.

- Пракуратар, як i заўсёды, тонка разумее пытанне!

- Усё роўна, - заклапочана сказаў пракуратар, i доўгi палец з чорным камянём у пярсцёнку падняўся ўгору, - трэба будзе...

- Пракуратар можа быць спакойны, пакуль я ў Юдэi, Вар не ступiць i кроку, каб за iм не iшлi па пятах.

- Цяпер я спакойны, як i заўсёды спакойны, калi вы тут.

- Пракуратар занадта добры!

- А цяпер прашу мне паведамiць пра пакаранне, - сказаў пракуратар.

- Што канкрэтна цiкавiць пракуратара?

- Натоўп не спрабаваў выказваць абурэнне? Гэта, вядома, галоўнае.

- Зусiм не, - адказаў госць.

- Вельмi добра. Вы самi пераканалiся, што яны былi мёртвыя?

- Пракуратар можа быць упэўнены.