19762.fb2 Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 63

Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 63

- Скажыце... а пiтво iм давалi перад тым, як распяць на слупах?

- Давалi. Але ён, - тут госць заплюшчыў вочы, - адмовiўся яго выпiць.

- Хто? - спытаўся Пiлат.

- Даруйце, iгемон! - усклiкнуў госць. - Я не сказаў? Ноцры.

- Вар'ят! - сказаў Пiлат i зморшчыўся. Пад левым вокам у яго заторгалася жылка. - Памiраць ад сонечнае спякоты? Чаму ён адмовiўся ад таго, што належыць па законе? Як ён адмаўляўся?

- Ён сказаў, - госць зноў заплюшчыў вочы, - што дзякуе i не вiнавацiць за тое, што ў яго адабралi жыццё.

- Каго? - глухiм голасам спытаўся Пiлат.

- Гэтага ён, iгемон, не сказаў.

- Цi не спрабаваў ён што-небудзь прапаведаваць салдатам?

- Не, iгемон, ён цяпер быў маўклiвы. Адзiнае, што ён сказаў, што з усiх шматлiкiх недахопаў чалавечых цяпер лiчыць галоўным баязлiвасць.

- Чаму гэта было сказана? - пачуў госць голас, якi неспадзявана надламаўся.

- Гэтага нельга было зразумець. Ён наогул паводзiў сябе дзiўна, як, дарэчы, i заўсёды.

- Што дзiўнае было?

- Ён увесь час спрабаваў паглядзець у вочы то аднаму, то другому i ўвесь час неяк разгублена ўсмiхаўся.

- I болей нiчога? - спытаўся ахрыплы голас.

Пракуратар грукнуў чашаю, налiў сабе вiна. Ён апаражнiў яе да дна i загаварыў:

- Справа ў тым: хаця мы i не можам выявiць цяпер, прынамсi, якiх-небудзь прыхiльнiкаў альбо прадаўжальнiкаў, але нельга паручыцца, што iх няма зусiм, нельга.

Госць нахiлiў галаву i ўважлiва слухаў.

- I каб не здарылася якiх-небудзь сюрпрызаў, - працягваў пракуратар, - я прашу вас неадкладна i цiха прыбраць з зямлi целы ўсiх трох пакараных i пахаваць iх таемна, каб не засталося нi слыху нi дыху.

- Слухаю, iгемон, - сказаў госць i ўстаў. - Калi справа гэтакая складаная i адказная, дазвольце мне ехаць тэрмiнова.

- Не, прысядзьце, - Пiлат рухам рукi спынiў госця, - ёсць яшчэ два пытаннi. Другое - вашы вялiкiя заслугi на сама цяжкай пасадзе начальнiка сакрэтнае службы пры пракуратары Юдэi даюць мне прыемную магчымасць далажыць пра гэта ў Рыме.

Госцеў твар у гэты час паружавеў, ён устаў i пакланiўся пракуратару.

- Я толькi выконваю свой абавязак на iмператарскай службе!

- Але я хацеў бы папрасiць, каб вы, калi вам прапануюць перавод па службе адсюль з павышэннем, адмовiлiся i засталiся тут. Мне нiзавошта не хацелася б разлучацца з вамi. Няхай вас неяк iнакш узнагародзяць.

- Я шчаслiвы, што служу пад вашым кiраўнiцтвам, iгемон.

- Мне прыемна гэта. Цяпер трэцяе пытанне. Яно пра гэтага, як яго... Юду з Карыяфа.

Госць стрэльнуў у пракуратара сваiм адметным позiркам i адразу патушыў яго.

- Кажуць, што ён, - працягваў пракуратар цiшэй, - быццам бы атрымаў грошы за тое, што гэтак прыязна частаваў звар'яцелага фiлосафа.

- Атрымае, - цiха паправiў пракуратара Пiлата начальнiк сакрэтнае службы.

- Многа грошай?

- Гэтага нiхто не ведае, iгемон.

- Нават вы? - сваiм здзiўленнем iгемон пахвалiў.

- Нават я, - спакойна адказаў госць. - Але тое, што ён атрымае гэтыя грошы сёння вечарам, гэта я ведаю. Сёння яго выклiкаюць у палац да Каiфы.

- Ах, прагны стары з Карыяфа, - з усмешкаю сказаў пракуратар. - Ён жа стары?

- Пракуратар нiколi не памыляецца, але цяпер ён памылiўся, - ветлiва запярэчыў госць, - чалавек з Карыяфа малады.

- Праўда? Ахарактарызаваць яго можаце? Фанатык?

- Ды не, пракуратар.

- Ага. Яшчэ што-небудзь?

- Вельмi прыгожы.

- Яшчэ? Магчыма, мае да нечага вялiкую схiльнасць?

- Цяжка пра гэта даведацца ў такiм вялiкiм горадзе, пракуратар...

- Э, не, не, Афранiй! Не прымяншай сваiх заслуг.

- Ёсць у яго адна схiльнасць, пракуратар. - Госць на долю секунды прымоўк. - Ён прагны да грошай.

- Чым ён займаецца?

Афранiй паглядзеў угору, падумаў i адказаў:

- Ён працуе мянялам у лаўцы ў свайго сваяка.

- А, вунь яно што, - пракуратар замоўк, азiрнуўся, цi няма каго на балконе i потым цiха прамовiў: - Вось у чым справа - я маю звесткi, што яго сёння ноччу зарэжуць.

У гэты час госць не толькi кiнуў свой позiрк на пракуратара, але i затрымаў яго на iм, а потым адказаў:

- Вы, пракуратар, занадта добрае думкi пра мяне. Я, мабыць, не заслугоўваю, каб вы дакладвалi пра мяне. Я не маю гэтакiх звестак.

- Вы заслугоўваеце сама высокае ўзнагароды. Але звесткi такiя ёсць, адказаў пракуратар.