19798.fb2
- Ты несправядлiвы, малыш, я ж не ўмею маляваць, хiба толькi ўдаваў звонку ды знутры.
- Нiчога. I так добра будзе, - супакоiў ён мяне, - дзецi зразумеюць.
Я ўзяў аловак i намаляваў напыснiчак. Сэрца маё сцiснулася, калi я аддаваў малюнак Маленькаму прынцу:
- Ты нешта ўтойваеш ад мяне...
Але ён адказаў:
- Ведаеш... заўтра будзе якраз гадавiна, як я трапiў да вас на Зямлю...
Ён змоўк. Потым дадаў:
- Я прызямлiўся побач, зусiм недалёка адгэтуль...
I пачырванеў.
I зноў, я сам не разумеў чаму, але мяне агарнула дзiўная туга. I ўсё ж я спытаў:
- Значыць, ты зусiм невыпадкова прагульваўся тут у дзень нашага знаёмства, тыдзень назад, такi адзiнокi, тут, за тысячу мiль ад людскога селiшча! Ты вяртаўся на тое месца, дзе прызямлiўся?
Маленькi прынц зноў пачырванеў.
- Мабыць таму, што спаўняецца год?.. - нерашуча працягваў я.
Маленькi прынц зноў пачырванеў. Ён нiколi не адказваў на пытаннi, але калi ён чырванеў, гэта значыла "так", цi ж няпраўда?
- Ах, - вырвалася ў мяне, - баюся, што...
Але ён не даў мне дагаварыць:
- Пара табе ўжо ўзяцца за работу. Iдзi да сваёй машыны. Я буду чакаць цябе тут. Вяртайся ўвечары.
Я вагаўся. Мне ўзгадаўся Лiс. Нялёгка стрымаць слёзы, калi дазволiш, каб цябе прыручылi...
ХХVI
Непадалёку ад калодзежа грувасцiлiся руiны старажытнай каменнай сцяны. На другi вечар я вяртаўся сюды ад самалёта i яшчэ здалёк заўважыў Маленькага прынца, якi сядзеў на сцяне i матляў нагамi. Да мяне данёсся яго голас:
- Хiба ты не памятаеш? - казаў ён. - Але не тут!
Нехта, безумоўна, падтрымаў гамонку, бо Маленькi прынц запярэчыў:
- Ну так, так! Гэта было роўна год назад, дзень у дзень, толькi ў iншым месцы...
Я наблiжаўся да сцяны. Як i раней, нiкога не бачыў i не чуў. Аднак Маленькi прынц зноў запярэчыў:
- Ну безумоўна. Ты знойдзеш мяне па слядах на пяску. Чакай. Сёння ўночы я прыйду туды.
Я быў за дваццаць метраў ад развалiн i па-ранейшаму нiкога не бачыў.
Маленькi прынц памаўчаў, потым спытаў:
- А ў цябе добрая атрута? Ты ўпэўнены, што я не буду доўга пакутаваць?
Я спынiўся як укопаны, сэрца маё сцiснулася, але я ўсё роўна нiчога не разумеў.
- А цяпер iдзi, - сказаў ён. - Я хачу злезцi!
Я апусцiў вочы долу i - аж адскочыў! Там, каля сцяны, выцягнуўшы да Маленькага прынца агiдную пляскатую галаву, пакалыхвалася ядавiтая змяя такiя змеi ў трыццаць секунд здольны адправiць чалавека на той свет. Я лiхаманкава сунуў руку ў кiшэню па рэвальвер i кiнуўся да яе, але на мой шум змяя мякка, нiбы памiраючы струмень вады, асунулася ў пясок i не надта паспешлiва, з лёгкiм металёвым шорхатам слiзганула пад каменне.
Я падбег да сцяны i падхапiў на рукi бледнага як палатно Маленькага прынца.
- Гэта яшчэ што прыйшло табе ў галаву?! Ты гутарыш са змяёй?!
Я разматаў яго вышываны золатам шалiк. Змачыў скронi вадой, даў папiць. Але я не мог болей нiчога выпытваць у яго. Ён сур'ёзна паглядзеў на мяне i абвiў маю шыю рукамi. Сэрца яго калацiлася, нiбы ў прыстрэленай птушкi.
- Я рады, што ты знайшоў непаладку ў сваёй машыне, - сказаў ён. - Цяпер ты зможаш вярнуцца на радзiму...
- Адкуль табе гэта вядома?!.
Я ж якраз iшоў паведамiць яму, што зусiм неспадзявана я адрамантаваў самалёт!..
Маленькi прынц нiчога не адказаў на маё пытанне, але дадаў:
- Сёння я таксама вярнуся дадому...
Потым, задуменна:
- Гэта значна далей... i значна цяжэй...
Усё было неяк незразумела-дзiўна. Я сцiскаў яго ў абдымках, нiбы малое дзiця, але мне здавалася, што ён выслiзгвае з маiх рук, правальваецца ў бездань, а я не магу яго ўтрымаць...
Ён задуменна глядзеў некуды далёка-далёка.
- У мяне застаецца твой баранчык. I напыснiчак...
I ён сумна ўсмiхнуўся.
Я доўга маўчаў. Ён нiбы зноў ажываў: я адчуваў, як ён паволi саграваўся.
- Хлапчанятка маё, як ты спалохаўся...
Вядома, ён спалохаўся! Але ён мякка засмяяўся:
- Сёння ўночы мне будзе яшчэ страшней...