20187.fb2
- Добра сказана, Маленькiя Рожкi! - правуркатала Багiра. - Калi Перамiр'е скончыцца, гэта будзе залiчана на тваю карысць. - I яна пiльна паглядзела ў цемень, каб пазнаць аленяня пры сустрэчы.
Паступова гамонка пайшла па ўсiм вадапоi, уверх i ўнiз па рацэ. Чуваць было, як пялёхкалiся i чмыхалi свiннi, прасiлi пацiснуцца; як рыкалi буйвалы, перагаворваючыся памiж сабой на пясчаных водмелях; як аленi расказвалi адзiн аднаму жаласлiвыя гiсторыi пра тое, што зусiм збiлiся з ног у пошуках харчу. Час ад часу яны пыталiся пра што-небудзь у драпежнiкаў, што стаялi на тым беразе, але навiны былi кепскiя, i гарачы вецер джунгляў з шумам праносiўся памiж скаламi i дрэвамi, засыпаў ваду пылам i галiнкамi.
- I людзi таксама памiраюць за плугам, - сказаў малады алень. - Ад захаду да цемры я бачыў трох. Яны ляжалi i не рухалiся, i iх буйвалы - побач з iмi. Хутка i мы таксама ляжам i не ўстанем больш.
- Рака памялела з учарашняй ночы, - сказаў Балу. - О Хатхi, цi даводзiлася табе бачыць засуху, падобную на гэту?
- Яна мiнецца, яна мiнецца, - адказаў Хатхi, палiваючы вадою з хобата спiну i бакi.
- У нас тут ёсць адзiн, якi не вытрымае доўга, - сказаў Балу i паглядзеў на хлопчыка, якога вельмi любiў.
- Я? - з абурэннем усклiкнуў Маўглi i сеў у вадзе. - У мяне няма доўгай поўсцi, што прыкрывае косцi, але калi б злупiць з цябе шкуру, Балу...
Хатхi ажно ўвесь закалацiўся ад смеху, а Балу строга сказаў:
- Дзiцяня, гэтак няможна гаварыць настаўнiку Закону! Мяне яшчэ нiхто не бачыў без шкуры.
- Ды не, я не хацеў сказаць нiчога крыўднага, Балу. Толькi тое, што ты падобны на какосавы арэх у шалупiннi, а я на той самы арэх без шалупiння. А калi гэтае тваё бурае шалупiнне...
Маўглi сядзеў, скрыжаваўшы ногi, i тлумачы, што ён хацеў сказаць, як звычайна засунуўшы палец у рот, але тут Багiра працягнула мяккую лапу i перакулiла яго ў ваду.
- Яшчэ чаго не хапала, - сказала чорная пантэра, калi хлопчык падняўся, пырхаючы ад вады. - То з Балу трэба злупiць шкуру, то Балу падобны на какосавы арэх. Глядзi, каб ён не зрабiў тое, што робяць какосавыя арэхi!
- А што? - спытаў Маўглi, забыўшы гэты адзiн з сама старых жартаў у джунглях.
- Каб не разбiў табе галаву, - спакойна адказала Багiра i зноў перакулiла хлопчыка ў ваду.
- Нядобра смяяцца са свайго настаўнiка, - сказаў мядзведзь, пасля таго як Маўглi акунуўся трэцi раз.
- Нядобра?! А чаго ж вы хочаце? Гэты безвалосы бегае па лесе i насмiхаецца, як малпа, з таго, хто быў калiсьцi добрым паляўнiчым, ды яшчэ дзеля пацехi тузае за вусы.
Гэта, чыкiльгаючы, спускаўся да ракi Шэр-Хан, кульгавы тыгр. Ён пачакаў крыху, цешачыся з перапуду, што ўзняўся сярод аленяў на тым беразе, пасля нагнуў да вады вусатую квадратную галаву i пачаў хлябтаць. Пры гэтым ён бурчаў:
- Джунглi цяпер логава для голых шчанюкоў! Зiрнi на мяне, чалавечае дзiцяняi
Маўглi зiрнуў на яго больш дакладна, паглядзеў прама ў вочы i вельмi смела, - i праз хвiлiну Шэр-Хан неспакойна адвярнуўся.
- Маўглi тое, Маўглi гэта! -прабурчаў ён i зноў пачаў хлябтаць ваду. - Ён не чалавек i не воўк, а то спалохаўся б. Праз год мне давядзецца прасiць у яго дазволу напiцца! Ух!
- Магчыма, i так, - сказала Багiра, пiльна пазiраючы тыгру ў вочы. Магчыма, i так... Фэ, Шэр-Хан! Што гэта за новае паскудства ты прынёс сюды?
Кульгавы тыгр апусцiў у ваду падбародак i шчокi, i цёмныя масленыя палосы паплылi ўнiз па рацэ.
- Гадзiну назад я забiў чалавека, - нахабна адказаў Шэр-Хан.
Ён не пераставаў хлябтаць ваду i ўсё вуркатаў i бурчаў сабе пад нос.
Шэрагi звяроў уздрыгнулi i захiсталiся, над iмi праляцеў шэпт, якi перайшоў у крык:
- Ён забiў чалавека! Забiў чалавека!
I ўсе паглядзелi на дзiкага слана Хатхi, але той, здавалася, нiчога не чуў. Хатхi нiколi не спяшаецца, таму ён i жыве гэтак доўга.
- У такую часiну забiваць чалавека! Хiба няма iншай дзiчыны ў джунглях? з пагардай сказала Багiра, выходзячы з апаганенай вады i па-кашэчаму атрасаючы адну лапу за другой.
- Я забiў яго не для яды, а таму, што мне так захацелася.
Зноў пачулiся спалоханыя нараканнi, i пiльныя белыя вочкi Хатхi сурова паглядзелi ў бок Шэр-Хана.
- Таму, што мне так хацелася, - працягла паўтарыў Шэр-Хан. - А цяпер я прыйшоў сюды, каб прагнаць смагу i ачысцiцца. Хто мне забаронiць?
Спiна Багiры выгнулася, як бамбук на моцным ветры, але Хатхi спакойна падняў свой хобат.
- Ты забiў таму, што табе так хацелася? - спытаў ён.
А калi Хатхi пра што-небудзь пытаецца, лепей адказваць.
- Вось iменна. Гэта было маё права i мая ноч. Ты гэта ведаеш, о Хатхi, адказаў Шэр-Хан амаль ветлiва.
- Так, я ведаю, - адказаў Хатхi i, крыху памаўчаўшы, спытаў: - Ты напiўся ўдосталь?
- На гэтую ноч - напiўся.
- Тады iдзi адсюль. Рака для таго, каб пiць, а не для таго, каб паганiць яе. Нiхто, апрача кульгавага тыгра, не выхваляўся б сваiм правам у такую часiну... у такую часiну, калi ўсе мы пакутуем разам - i чалавек i Народ Джунгляў. Чысты цi нячысты, iдзi ў сваю бярлогу, Шэр-Хан!
Апошнiя словы прагучалi, як сярэбраныя трубы. I тры сыны Хатхi гайданулiся ўперад на паўкроку, хоць у гэтым не было патрэбы. Шэр-Хан крадком падаўся прэч, не асмельваючыся нават бурчаць, бо ён ведаў тое, што вядома ўсiм: калi дойдзе да сутычкi, дык гаспадар джунгляў - Хатхi.
- Што гэта за права, пра якое гаварыў Шэр-Хан? - шапнуў Маўглi на вуха Багiры. - Забiваць чалавека заўсёды ганьба. Так сказана ў Законе. А як жа гэта Хатхi гаворыць...
- Спытай у яго сам. Я не ведаю, Маленькi Брат. Ёсць такое права цi няма, а я правучыла б як след Кульгавага Мяснiка, калi б не Хатхi. Прыйсцi да Скалы Мiру, толькi што забiўшы чалавека, ды яшчэ хвалiцца гэтым - выхадка, якой можа ганарыцца толькi шакал! Апрача таго, ён сапсаваў добрую ваду.
Маўглi памаўчаў з хвiлiну, набiраючыся смеласцi, бо ўсе ў джунглях пабойвалiся звяртацца непасрэдна да Хатхi, потым крыкнуў:
- Што гэта за права ў Шэр-Хана; о Хатхi?
Абодва берагi падхапiлi яго словы, бо Народ Джунгляў вельмi цiкаўны, а на вачах ва ўсiх адбылося нешта такое, чаго не разумеў нiхто, апрача Балу, якi зрабiў дужа глыбакадумны выгляд.
- Гэта старая гiсторыя, - сказаў Хатхi, - яна куды старэйшая за джунглi. Памаўчыце там, на берагах, i я раскажу яе вам.
Мiнулi хвiлiна цi дзве, пакуль буйвалы i дзiкi штурхалi i адпiхвалi адзiн аднаго, потым важакi статкаў паўтарылi адзiн за другiм:
- Мы чакаем!
I Хатхi зрабiў крок уперад i стаў па каленi ў вадзе пасярод затокi каля Скалы Мiру. Нягледзячы на худзiзну, маршчыны i жоўтыя бiўнi, адразу было вiдаць, што менавiта ён - гаспадар джунгляў.
- Вы ведаеце, дзецi мае, - пачаў ён, - што больш за ўсё на свеце вы баiцеся чалавека.