20187.fb2 Маўглi (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 24

Маўглi (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 24

- Але ўсё-такi яны яшчэ шчаняты, а шчаня гатова ўтапiцца, абы толькi ўкусiць месяц у вадзе. Я вiнаваты, - сказаў Маўглi, - калi гаварыў так, нiбыта ведаю ўсё на свеце. Нiколi больш не прынясу ў джунглi тое, чаго не ведаю, хоць бы яно было прыгожае, як кветка. Гэта, - ён шпаркiм рухам схапiў анкус, вернецца назад да Прамацi Кобраў. Але спачатку нам трэба выспацца, а мы не можам легчы побач з гэтымi, што заснулi назаўсёды. Апрача таго, нам трэба закапаць гэтую пачвару, каб яна не ўцякла i не забiла яшчэ шасцёра. Выграбi яму вунь пад тым дрэвам.

- Але, Маленькi Брат, - сказала Багiра, падыходзячы да дрэва, - кажу табе, што крывапiўца не вiнаваты. Гэта ўсё людзi.

- Усё адно, - сказаў Маўглi. - Выграбi яму чым глыбей. Калi мы выспiмся, я вазьму яго i занясу назад.

На трэцюю ноч, калi белая кобра сядзела, бядуючы, у цемры падзямелля, зняслаўленая, абрабаваная i адзiнокая, бiрузовы анкус уляцеў у пралом сцяны i зазвiнеў, стукнуўшыся аб залатыя манеты, якiмi была засыпана падлога.

- Мацi Кобраў, - сказаў Маўглi (з асцярогi ён заставаўся з таго боку сцяны), - расстарайся знайсцi сабе маладую, поўную яду змяю твайго племенi, каб яна памагала табе пiльнаваць княжацкiя скарбы i каб нi адзiн чалавек больш не выйшаў адсюль жывы.

- Ах-ха! Значыцца, ён вярнуўся. Я казала, што гэта смерць! Як жа выйшла, што ты яшчэ жывы? - прашапацела старая кобра i любоўна абвiлася вакол ручкi анкуса.

- Клянуся буйвалам, якi выкупiў мяне, я i сам не ведаю! Гэтая пачвара забiла шасцёх за адну ноч. Не выпускай яе больш.

ДЗIКIЯ САБАКI

Сама прыемны час жыцця пачаўся для Маўглi пасля таго, як ён напусцiў на вёску джунглi. Сумленне ў яго было спакойнае, як i належыць пасля выплаты справядлiвага доўгу, i ўсе джунглi сябравалi з iм, бо ўсе джунглi баялiся яго. З таго, што ён бачыў, чуў i рабiў, вандруючы ад аднаго народа да другога са сваiмi чатырма спадарожнiкамi або без iх, атрымалася б вялiкае мноства апавяданняў, i кожнае апавяданне было б не карацейшае за гэтае. Так што вам не давядзецца пачуць пра тое, як ён уратаваўся ад шалёнага слана з Мандлы, якi забiў дваццаць два буйвалы, што цягнулi ў казначэйства адзiнаццаць вазоў серабра, i параскiдаў па пыльнай дарозе блiскучыя рупii; як ён бiўся доўгай ноччу з кракадзiлам Джакалам у балотах на поўначы i зламаў паляўнiчы нож аб яго спiнныя шчыткi; як ён знайшоў сабе новы нож, яшчэ даўжэйшы за стары, на шыi ў чалавека, якога забiў дзiк; як ён пагнаўся за гэтым дзiком i забiў яго, бо нож быў варты гэтага; як у час Вялiкага Голаду ён трапiў у статак аленяў, якi ўцякаў з гэтых мясцiн, i як яго ледзь не задушылi насмерць разгарачаныя аленi; як ён выратаваў Маўклiўца Хатхi з лоўчай ямы з калом на дне; як на другi дзень ён сам трапiў у хiтрую пастку для леапардаў i як Хатхi вызвалiў яго, разламаўшы тоўстыя драўляныя брусы; як ён даiў дзiкiх буйвалiц на балоце; як...

Аднак трэба расказваць пра што-небудзь адно.

Бацька i Мацi Ваўкi памерлi, i Маўглi, завалiўшы ўваход у пячору вялiкiм каменем, праспяваў над iмi Песню Смерцi. Балу зусiм састарыўся i ледзь рухаўся, i нават Багiра, у якой нервы былi стальныя, а мускулы жалезныя, ужо не так хутка забiвала здабычу.

Акела з сiвага зрабiўся малочна-белы, пахудзеў ад старасцi так, што вiдаць былi рэбры, i ледзьве хадзiў, быццам драўляны; для яго на паляванне выходзiў Маўглi. Затое маладыя ваўкi, дзецi рассеянай па наваколлi Сiянiйскай Чарады, мелi вялiкiя поспехi i памнажалiся. Калi iх набралася галоў сорак, свавольных, гладканогiх пяцiгадовых ваўкоў, якiя не ведалi важака, Акела параiў iм трымацца разам, захоўваць Закон i слухацца аднаго важака, як i належыць Вольнаму Народу.

У гэтым Маўглi не пажадаў быць дарадцам: ён ужо набiў сабе аскому i ведаў, на якiм дрэве растуць кiслыя плады. Але калi Пхао, сын Пхаоны (яго бацькам быў Шэры Следапыт, калi Акела вадзiў Чараду), заваяваў месца Важака Чарады, як таго патрабуе Закон Джунгляў, i зноў загучалi пад зоркамi старыя песнi i старыя поклiчы, Маўглi пачаў хадзiць на Скалу Рады ў памяць аб мiнулым i садзiўся побач з Акелам. Гэта быў час удалага палявання i моцнага сну. Нiводзiн чужынец не асмельваўся ўварвацца ва ўладаннi Народа Маўглi, як называлася цяпер Чарада; маладыя ваўкi сыцелi i набiралiся сiлы, i на кожны агляд ваўчыцы прыводзiлi шмат ваўчанят.

Маўглi заўсёды прыходзiў на агляд: ён не забыў яшчэ тую ноч, калi чорная пантэра ўвяла ў Чараду голае смуглае дзiцяня i ад працяглага поклiчу: "Глядзiце, глядзiце, о ваўкi!" - яго сэрца бiлася дзiўна i трывожна. Калi б не гэта, ён сышоў бы ў глыбiню джунгляў, каб зведаць i паспытаць, убачыць i пачуць новае.

Аднойчы прыцемкам, калi ён бег не спяшаючыся цераз горы i нёс Акелу палавiну забiтага iм аленя, а чацвёра ваўкоў беглi трушком за iм i жартам бiлiся i кулялiся адзiн цераз аднаго, радуючыся жыццю, ён пачуў выццё, якога яму не даводзiлася чуць з часоў Шэр-Хана. Гэта было тое, што ў джунглях называецца "пхiял", - так вые шакал, калi выходзiць на паляванне разам з тыграм, або калi пачынаецца вялiкае паляванне. Уявiце сабе нянавiсць, змяшаную з радасцю, страхам i роспаччу i працятую чымсьцi накшталт насмешкi, i вы будзеце мець уяўленне аб пхiяле, якi разлягаўся над Вайнгангай, узнiмаючыся i ападаючы, дрыжучы i замiраючы. Чацвёрка ваўкоў натапырылася i забурчала. Маўглi схапiўся за нож i замёр на месцы, быццам скамянеў.

- Нiводзiн Паласаты не смее выходзiць на паляванне тут, - сказаў ён нарэшце.

- Гэта не крык Прадвеснiка, - сказаў Шэры Брат. - Гэта нейкае вялiкае паляванне. Слухай!

Зноў пачулася выццё, напалову рыданне, напалову смех, як быццам у шакала былi мяккiя чалавечыя губы. Тут Маўглi перавёў дух i кiнуўся да Скалы Рады, апярэджваючы па дарозе ваўкоў, што спяшалiся туды.

Пхао i Акела ляжалi разам на скале, а нiжэй, напружыўшы кожны нерв, сядзелi астатнiя ваўкi. Маткi з ваўчанятамi прыпусцiлi бягом да пячораў: калi чуецца пхiял, слабыя павiнны сядзець дома.

Спачатку не чуваць было нiчога, апрача цурчання Вайнгангi ў цемры i начнога ветру ў вяршалiнах дрэў, як раптам за гарою завыў воўк. Гэта быў воўк не з Чарады, бо ўся Чарада сабралася на Скале Рады. Выццё перайшло ў працяглы, поўны роспачы брэх.

- Сабакi! - брахаў важак. - Дзiкiя Сабакi! Дзiкiя Сабакi!

Праз некалькi хвiлiн пачулiся стомленыя крокi па камянях, i хударлявы воўк, увесь спацелы, з плямамi крывi на баках i белай пенай каля рота, уварваўся ў круг i, падкурчваючы пярэднюю лапу i цяжка дыхаючы, кiнуўся да ног Маўглi.

- Добрага палявання! З чыёй ты чарады? -. паважна спытаў Пхао.

- Добрага палявання! Я Вантала, - быў адказ.

Гэта азначала, што ён воўк-адзiнец, якi сам здабывае ежу для сябе, сваёй сяброўкi i ваўчанят, жывучы ў адасобленай пячоры. "Вантала" i азначае "адзiнец" - той, хто жыве не ў чарадзе. Пры кожным уздыху вiдаць было, як ад штуршкоў сэрца яго кiдае то ўперад, то назад.

- Хто iдзе? - спытаў Пхао (пра гэта заўсёды пытаюцца ў джунглях пасля пхiяла).

- Дзiкiя Сабакi з Дэкана - рудыя сабакi, забойцы! Яны прыйшлi на поўнач з поўдня; кажуць, што ў Дэкане голад, i забiваюць усiх па дарозе. Калi нарадзiўся маладзiк, у мяне было чацвёра - мая сяброўка i трое ваўчанят. Мацi вучыла дзяцей паляваць у чыстым полi, вучыла хавацца, заганяючы аленя, як робiм мы, ваўкi раўнiн. Апоўначы я яшчэ чуў, як мае ваўчаняты вылi на поўны голас, iдучы па следзе. А калi ўзняўся перадсвiтальны вецер, я знайшоў усiх чацвярых у траве, i яны ўжо адубелi - а ўсе чацвёра былi жывыя, калi нарадзiўся маладзiк, о Вольны Народ! Тады я пачаў шукаць, каму адпомсцiць, i знайшоў рудых сабак.

- Колькi iх? - спытаў Маўглi, а ўся чарада глуха забурчала.

- Не ведаю. Трое з iх ужо не заб'юць больш нiкога, але пад канец яны гналi мяне, як аленя, гналi, i я ўцёк на трох нагах. Глядзi, Вольны Народ!

Ён выставiў уперад скалечаную лапу, цёмную ад засохлай крывi. Увесь бок знiзу быў у яго моцна пакусаны, а горла разадрана i пашматана.

- Еш! - сказаў Акела i адышоўся ад мяса, якое прынёс яму Маўглi.

Воўк-адзiнец з прагнасцю накiнуўся на яду.

- Гэта не прападзе, - сказаў ён цiха, прагнаўшы першы голад. - Дайце мне набрацца сiлы, i я таксама здолею забiваць! Апусцела мая бярлога, якая была поўная, калi нарадзiўся месяц, i Доўг Крывi яшчэ не ўвесь сплачаны.

Пхао, пачуўшы, як захрабусцела костка сцягна аленя на зубах Ванталы, з ухвалой забурчаў.

- Нам спатрэбяцца гэтыя скiвiцы, - сказаў ён. - З сабакамi былi iх шчаняты?

- Не, не, адны рудыя паляўнiчыя: толькi дарослыя псы з iх чарады, моцныя i дужыя.

Гэта азначала, што рудыя сабакi з Дэкана iдуць вайной, а ваўкi ведаюць вельмi добра, што нават тыгр уступае гэтым сабакам сваю здабычу. Яны бягуць напрасткi праз джунглi i ўсё, што трапляецца iм насустрач, збiваюць з ног i разрываюць на шматкi. Хоць Дзiкiя Сабакi не такiя вялiкiя i не такiя спрытныя, як ваўкi, яны вельмi дужыя, i iх бывае вельмi шмат. Дзiкiя Сабакi толькi тады называюць сябе Чарадой, калi iх набiраецца да сотнi, а мiж тым сорак ваўкоў гэта ўжо сапраўдная Чарада.

У час сваiх вандровак Маўглi пабываў на мяжы травянiстых нагор'яў Дэкана i бачыў, як гэтыя лютыя сабакi спалi, гулялi i капалiся сярод купiн i ямiн, што служылi iм замест логава. Ён пагарджаў Дзiкiмi Сабакамi i ненавiдзеў iх за тое, што ад iх пахла не так, як ад ваўкоў, i за тое, што яны жылi ў пячорах, а галоўнае, за тое, што ў iх памiж пальцамi расце поўсць, тады як у Маўглi i ў яго сяброў ногi гладкiя. Аднак ён ведаў, бо Хатхi расказаў яму пра гэта, якую страшную сiлу мае паляўнiчая зграя Дзiкiх Сабак. Хатхi i сам збочваў з iх дарогi, i пакуль усiх сабак не пераб'юць або дзiчыны не стане мала, яны бягуць уперад, а па дарозе забiваюць.

Акела таксама ведаў сёе-тое пра Дзiкiх Сабак. Ён спакойна сказаў Маўглi:

- Лепш памерцi ў Чарадзе, чым без важака i аднаму. Гэта будзе слаўнае паляванне, а для мяне - апошняе. Але ты - чалавек, i ў цябе яшчэ шмат начэй i дзён наперадзе, Маленькi Брат. Iдзi на поўнач, заляж там, i калi хто з ваўкоў застанецца жывы пасля таго, як пойдуць адсюль сабакi, ён прынясе табе вестку пра бiтву.

- Ага, не ведаю толькi, - сказаў Маўглi без усмешкi, - цi пайсцi мне ў балота лавiць там дробную рыбу i спаць на дрэве, цi прасiць дапамогi ў малпаў i грызцi арэхi, пакуль Чарада будзе бiцца ўнiзе.

- Гэта не на жыццё, а на смерць, - сказаў Акела. - Ты яшчэ не ведаеш гэтых рудых забойцаў. Нават Паласаты...

- Аова! Аова! - пакрыўджана крыкнуў Маўглi. - Адну паласатую малпу я забiў. Цяпер паслухай: жылi-былi Воўк, мой бацька, i Ваўчыха, мая мацi, а яшчэ жыў-быў стары шэры Воўк (не надта мудры: ён цяпер пасiвеў), якi быў для мяне бацькам i мацi. I таму, - ён узвысiў голас, - я кажу: як прыйдуць сабакi, калi толькi яны прыйдуць, Маўглi i Вольны Народ будуць заадно ў гэтым паляваннi. Я кажу - клянуся буйвалам, што выкупiў мяне, буйвалам, што аддала за мяне Багiра ў тыя днi, пра якiя вы ў Чарадзе забылi, - я кажу, i няхай чуюць мае словы рака i дрэвы i запомняць iх, калi я забудуся, - я кажу, што вось гэты мой нож будзе зубам Чарады. Па-мойму, ён яшчэ не прытупiўся. Вось маё Слова, i я яго сказаў!

- Ты не ведаеш сабак, чалавек з воўчай мовай! - крыкнуў Вантала. - Я хачу толькi заплацiць iм Доўг Крывi, перш чым яны разарвуць мяне. Яны рухаюцца павольна i знiшчаюць усё на сваiм шляху, але праз два днi ў мяне прыбавiцца сiлы, i я пачну плацiць iм Доўг Крывi. А вам, Вольны Народ, раю ўцякаць на поўнач i жыць галаднавата да таго часу, пакуль не пойдуць адсюль рудыя сабакi.

- Паслухайце Адзiнца! - усклiкнуў Маўглi са смехам. - Вольны Народ, мы павiнны ўцякаць на поўнач, харчавацца яшчаркамi i пацукамi з водмеляў, каб як-небудзь не сустрэцца з сабакамi. Яны спустошаць усе нашы лясы, а мы будзем хавацца на поўначы да таго часу, пакуль яны не надумаюцца аддаць нам наша дабро! Яны сабакi, i сабачыя дзецi - рудыя, жаўтапузыя, бяздомныя, у iх поўсць расце памiж пальцамi. Так, вядома, мы, Вольны Народ, павiнны ўцякаць адсюль i выпрошваць у народаў поўначы аб'едкi i розную падлу. Выбiрайце ж, выбiрайце. Слаўнае будзе паляванне! За Чараду, за ўсю Чараду, за ваўчыц i ваўчанят у логаве i на волi, за сяброўку, якая гонiць лань, за сама маленькае ваўчаня ў пячоры мы прымаем бой!

Чарада адказала кароткiм аглушальным брэхам, якi прагрымеў у цемры, нiбы трэск падаючага дрэва.

- Мы прымаем бой! - прабрахалi ваўкi.

- Заставайцеся тут, - сказаў Маўглi сваёй чацвёрцы. - Нам спатрэбiцца кожны зуб. А Пхао з Акелам няхай рыхтуюцца да бою. Я iду лiчыць сабак.

- Гэта смерць! - крыкнуў Вантала i прыўзняўся. - Што можа зрабiць гэткае галышаня супраць рудых сабак? Нават Паласаты i той...

- Ты i праўда чужынец, - адгукнуўся Маўглi. - Але мы яшчэ пагаворым, калi сабакi будуць перабiты. Добрага палявання ўсiм вам!